Аб беларускім нацыянальным адраджэнні
Аб беларускім нацыянальным адраджэнні Артыкул Аўтар: Аляксандр Уласаў 1909 Крыніца: [1] |
Вось скончыліся ўжо тры гады, як нарадзілася беларуская газета. Тры гады друкаванае беларускае слова нясе ва ўсе куты нашае старонкі думкі аб адраджэнні забытага ўсімі народа, паказвае беларусу, што ён такі самы чалавек і грамадзянін свайго краю, як усе іншыя, што мова яго і ўсё нацыянальнае багацце мае вялікую цану, дый беларускі народ, пакрыўджаны гісторыяй і людзьмі, павінен заняць пачэснае месца ў сям’і братніх нацый. Газета асвятляе гэтае жыццё мужыка-хлебароба, і ў гэтай рабоце ёй памагаюць самі беларускія сяляне: усё болей павялічваецца грамада супрацоўнікаў і карэспандэнтаў газеты, і таму ў ёй, як у люстры, бачым жыццё краю.
Але не самае друкаванае слова, не сама газета робіць адраджэнне 8-мільённага народа, бо ёй гэта і не пад сілу: яна толькі кіруе яго, яна раздзьмухвае тыя іскры нацыянальнай свядомасці, што бліснулі ў часы завірухі, каторая ад краю да краю ўскалыхнула ўсё расійскае гасударства.
Праўда, яшчэ перад гэтай завірухай бачым (бадай, праз цэлы XIX век) пробы збудзіць беларусаў: адзін за адным з’яўляюцца беларускія песняры-паэты, каторыя сваімі вершамі і песнямі кідалі зярняты любові да бацькаўшчыны, да ўсяго, што сваё, роднае. Але ў той век цемнаты і паняверкі народа беларускага (яшчэ за паншчынай) гэтыя зярняты не даходзілі да нашай вёскі, а калі і даходзілі, то падалі на неўраджайную глебу і не ўсходзілі. Мы не будзем пералічваць першых твораў у беларускай мове, каторыя з’яўляліся ў прошлым сталецці: яны паказаны ў бібліяграфіі. Скажам толькі, што найшчаслівейшымі спаміж паэтаў таго часу былі Багушэвіч (Мацей Бурачок) і Янка Лучына (Неслухоўскі): іх творы друкаваліся ў 90-х гадах XIX в. і пайшлі глыбока ў народ, але і то толькі тады, як у Беларусі з’явіліся нацыянальныя арганізацыі.
Гэтыя арганізацыі нарадзіліся на мяжы XIX і XX сталеццяў — спачатку ў Мінску, Вільні і іншых гарадох нашага краю, пазней у Пецярбургу, Рызе. Невялікія грамадкі школьнай моладзі, студэнтаў, дый сталых людзей пачалі дружна шырыць між беларусамі свет навукі ў іх роднай мове. Але пры тадышніх варунках жыцця чыста культурная праца гэтых арганізацый мела вельмі многа перашкод і таварыствы пашырэння прасветы не шмат здолелі зрабіць.
Адной з прычын упадку першых культурна-нацыянальных беларускіх арганізацый было і тое, што рэвалюцыйная завіруха захапіла ўсю нашу моладзь. Усе інтэлігентныя сілы краю заняліся адной толькі палітыкай. Тады залажыліся першыя беларускія палітычныя арганізацыі — партыі.
Аб тым, што рабілася ў расійскіх губернях і па вялікшых гарадох, беларускі мужык чуў толькі няясныя весткі. Не разумеючы добра, чаму і адкуль пайшла тамака завіруха, наш селянін пачаў разглядацца навакол, пачаў думаць аб сваім жыцці і долі сваёй, аб прычынах усяго злога, аб сваім палажэнні між іншымі станамі і народамі. Гэтыя думкі, каторыя і разбіраліся і ў друкаваным, і ў жывым беларускім слове, давялі нашага хлебароба да пазнання таго, што ён такі ж чалавек, як усе, дый у такім прыпадку і ўсё яго роднае, як мова, думкі, песні, звычаі і г. д., не горшыя за чужаземныя. Раз пазнаўшы гэта, беларус падняў свой голас, дамагаючыся сабе грамадзянскіх правоў, жадаючы шацунку для сваёй мовы і дапушчэння роднага слова ў школу. Да гэтага жадання прылучылася вялікая частка народнай інтэлігенцыі — вучыцеляў народных.
Тады — у 1906 годзе — адкрылася першая выдаўніцкая суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца» ў Пецярбургу; яна надрукавала першыя кніжкі да навукі па-беларуску (лемантар, першае чытанне і іншыя), а таксама пачала выдаваць творы песняроў нашых даўнейшых і новых. У канцы 1906 года ў Вільні выйшла ў свет і першая беларуская газета «Наша доля»: народ жадаў, каб яму асвятлялі ўсё тое новае жыццё, каторага ён не разумеў, і таму газета адразу знайшла многа тысяч чытацеляў між сялянамі. Але «Наша доля» пажыла нядоўга. Яшчэ перад смерцю яе ў Вільні адкрылася новая беларуская газета «Наша ніва», каторая на першым месцы паставіла культурна-нацыянальную работу, якую вядзе і цяпер.
Праз тры гады жыцця беларуская газета паспела ўсё ж такі зрабіць нямала. «Наша ніва» выклікала грамаду супрацоўнікаўсялян і гэтак зрабілася народным дзелам — народнай уласнасцю. На яе клік паадкрываліся новыя беларускія культурна-нацыянальныя арганізацыі — суполкі «Мінчук», «Наша хата» і г. д., ды ўсе яны шчыра працуюць, каб узбагаціць родную літаратуру і даць беларусам можнасць вучыцца з кніжак, пісаных мовай бацькоў іх. Пры «Нашай ніве» ўзрасла і расце чарада нашых песняроў-паэтаў і пісацеляў, каторыя выйшлі з курнай мужыцкай хаты і ў пекным слове малююць душу нашага народа, малююць яго жыццё, яго долю-нядолю, яго звычаі, думкі, жаданні.