Абразкі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Абразкі
Аўтар: Пётра Просты
Крыніца: http://pdf.kamunikat.org/download.php?item=25644-1.pdf


Ахвяруецца Якубу Коласу

Я чуў, як мой брат-беларус спяваў свае песні.

Божа! Колькі мукі і енкаў у ягоным голасе, колькі скаргі страшнай у гэтай песні, што выходзіла з яго грудзей і смутна і нудна лілася па полі, аддавалася гулка ў лесе і падымалася вышэй і вышэй — аж да сіняга неба!

За сэрца хапала гэтая песня — песня мужыка-нявольніка.

Загудзелі ў душы ўсе струны, з грудзей вырваўся енк, і на вачах закруціліся слёзы...

Бедны, бяздольны народ; слязьмі і потам залітая зямелька.

  • * *

Вот вёска, дзе жывуць мае браты.

Дрэнненькія хацёнкі прыляпіліся адна да аднэй; абапал стаяць хлявы і паветкі; дзе-нідзе ўгледзіш садок. Толькі рабіна, што плача чырвонымі слязьмі, ды кудравая бяроза, ды хвойка век-вечны глядзяць на тваю, беларус, нядолю...

Як смутна!..

А кругом раскінулася шырокае поле. Як мурашкі, высыпаліся туды мужычкі і, сагнуўшыся над цяжкімі сохамі, аруць усохшую зямельку. Тут уся іх надзея, усё іх багацце, усё іх шчасце...

  • * *

У беднай, курнай хатцы, на канцы вёскі, гарыць лучына, уткнёная ў сцяну. На скрыпучай жэрдцы вісіць калыска, а ў ёй ляжыць галоднае дзіцятка. Над ім, сагнуўшыся, стаіць маці і пяе песню — нудную, смутную песню, а ў тэй песні столькі енкаў, столькі нявыплаканых слёзаў, што самому хочацца разам з ёю плакаць і крычаць на ўвесь свет: «Ратунку! Падмогі!..»

А там, у куце, на лаве, варушыцца нешта пад кажухом. Гэта хворы мужык-гаспадар хоча падняцца, каб напіцца вады, — і не можа. Яго кінулі сілы: цяжкая непамерная праца падтачыла яго здароўе, і вось ён ляжыць, бядак, звесіўшы мазалістую руку, і спёкшыміся губамі шэпча: «Піць», а пасля доўга-доўга кашляе…

Відаць, што ўжо апошнія свае дні дажывае мужык. Гэта канец гаротнага жыцця...

  • * *

Вот могільнік, дзе ляжаць косці нашых дзядоў і бацькоў. Некалькі хвоек, ліп і бярозак, з паўсотні згніўшых крыжоў — і ўсё...

Як ціха, як смутна.

Нішто не парушае вечнага сну нябожчыкаў, — іх адпачынку па цяжкім, бяздольным жыццю. Толькі часам закрычыць сава, што звіла сабе тут гняздо ў дупле старой ліпы, закаркае варона, закукуе-загалосіць зязюлька над мужыцкай нядоляй. Заўтуруюць ёй сваім шумам хвойкі і бярозы — і ізноў усё сціхне, засне...

Вось ты які, мой родны край!

Смутак вее ад тваіх вёсак, ад палёў тваіх і лясоў, ад рэк і азёраў і ад тых крыжоў, што стаяць пры дарогах. Смутак чуваць у тваіх песнях-скаргах, мужык беларускі; смутак і надзея ў тваіх малітвах, што да Бога шлеш.

Смутак і скарга...

Люблю цябе, мая родная старонка, мая матка-Беларусь! Ты выгадавала мяне, ты мне паказала нядолю і слёзы маіх братоў.

Віджу — усходзяць над табой зоркі ясныя. Усё святлей робіцца ў табе...

Веру — устане сонца, пашле яно нам свой свет, разгоніць туман, што спавіў цябе, Беларусь!

Прыйдуць для цябе лепшыя часы...

Для сыноў тваіх зачнецца новае жыццё — вольнае, светлае! Стануць яны ўрад са старэйшымі сваімі братамі і дружна возьмуцца да агульнай працы, а ты, маці, падымеш спанявераную дагэтуль галаву і смела будзеш паглядаць у ясную будучыню, што нясе тваім дзяцём лепшую долю, лепшую славу!