Аборт
Выгляд
Аборт Верш Аўтар: Юрка Лявонны 1931 |
Калі ішла — гарэлі блікі
На скрыжаваньнях шэрых пліт,
І так хацелася паклікаць
Таго, хто болем
Ў сэрца ўліп.
Было звычайна ўсё і проста
Ў абломках чэрвеньскага дня.
І не было каго на ростань
Ні прыгалубіць,
Ні абняць…
І сьцены душнае бальніцы
Схавалі нерашучы крок.
Гарэлі ў сонцы камяніцы,
І ад чаканьня
Стыгла кроў.
А як на поўдзень
Сталі цені
І спахмурнеў бальнічны сад —
Дрыжэлі вузкія калені
І пакаёвы далягляд…
І зьнікла радасная мэта, —
Маўклівы доктар
Яе сьцёр.
І бляск халоднага пінцэта
На міг запаланіў жыцьцё.
Было забойства эпілёгам.
Пасьля яго — ня йдуць назад…
І толькі сонца
Дзесь за логам
Кідала золата ў закат.