Перайсці да зместу

Абнімаецца вецер з бярозай…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Абнімаецца вецер з бярозай…
Верш
Аўтар: Алесь Гурло
1926
Крыніца: Полымя. – 1927. – № 1. – С. 86–87

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Абнімаецца вецер з бярозай,
Абнімаецца, быццам каханак,
І ўцірае з вачэй яе слёзы,
Яны капаюць срэбрам на ганак.

Залаціста-ружовыя косы
Апусціла бяроза долу.
Многа думак навеяла восень —
І вясёлых і невясёлых.

Яна рада, што ў новым убранні
І што вецер больш неяк прыхільны,
А не рада, што золата ў твані
Рассыпаецца, мокне і стыне.

Ах, бяроза, бяроза-красуня!
Не сумуй па сваёй лістоце,
Бо твой сум адаб’ецца на струнах
І застыне ў маёй істоце.

(1926)