Перайсці да зместу

Абдзіраловіч і Барыка: Літаратурная паралель

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Абдзіраловіч і Барыка: Літаратурная паралель
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1939
Крыніца: Калосьсе. 1939. № 1,

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У той час, калі ў Расеі валіўся стары лад і пачыналася будаваньне новага жыцьця, — для людзей, што ўзрасьлі ў атмасфэры старога ладу і псыхікай сваей былі зь ім крэпка зьвязаны, ня лёгка было «самавызначыцца» і знайсьці належны шлях паступаньня.

Шмат было розных прычын дзеля гэтага, перашкаджаўшых «самавызначыцца» нават тым, хто быў у сваей сьвядомасьці ворагам старога ладу. Рэвалюцыя — гэта быў «скок у няведамае», і гэтага няведамага баяліся нават шчырыя і гарачыя барацьбіты за волю, папросту ня верыўшыя ў здольнасьць зрэвалюцыянаваных масаў да працы канструктыўнай. Хто ведае, ці не адыгралі тутака ролі і тыя думкі-разважаньні, якія гэтак ярка выказаў у маленечкім, чатырохрадковым вершыку сваім Адам Міцкевіч ды якія на пачатку сацыяльнае рэвалюцыі ў Расеі апраўдаліся гэтак трагічна, прыкладам, у адносінах да Шынгарова і Какошкіна, прамотараў Лютавае рэвалюцыі:

Rкce, za lud walcz№ce, sam lud poobcina;

Imion, miіych ludowi, lud — pozapomina...

Wszystko przejdzie! Po huku, po szumie, po trudzie

Weџm№ dziedzictwo cisi, ciemni, mali ludzie.

Безумоўна, у гэтым хістаньні, у гэтай баязьні «скокнуць у няведамае» былі і іншыя прычыны. «A la guerre comme а 1а guerre!» — падчас змаганьня сілай патрэбны людзі, гатовыя на ўсё, пазбаўленыя ўсякіх «скрупулаў», далёкія ад гуманітарызму, каторы ў рашаючы мамэнт можа паўстрымаць руку ад жорсткага, але неабходнага ўдару. Ня кожны пачуваўся здольным да гэтага. Апрача гэтага, падчас расейскае рэвалюцыі сярод староньнікаў перавароту бачым падзел: адны з учасьнікаў рэвалюцыі, скінуўшы царскую ўладу, каб не дапусьціць да далейшага праліцьця крыві, хацелі захаваць у нязьменным стане ўвесь стары сацыяльны лад, хацелі адбудоўваць паруханае вайной жыцьцё вялізарнае краіны так, каб і капіталіст, і абшарнік аднавілі свае «варштаты працы» на падставе даўнейшага вызыску працоўных масаў, на падставе паняволеньня сьвету працы — капіталам. Гэты стары сацыяльны лад быў такі прывычны, шляхі да змаганьня за палепшаньне быту работніка і селяніна ў рамках гэтага ладу былі гэтак добра распрацаваны, што тварцы Лютавае рэвалюцыі гатовы былі ўсімі спосабамі бараніць гэты лад ад атэнтатаў5 на яго, робленых у імя «няведамага заўтра»... У магчымасьць будаваньня новага сацыяльнага ладу яны ня верылі!

Паверыла ў гэту магчымасьць толькі малая жменя фанатыкаў ідэі сацыяльнае рэвалюцыі. Але, нягледзячы на сваю малую лічэбнасьць і беднасьць інтэлектуальнымі сіламі, здольнымі да будаваньня новага дзяржаўнага і сацыяльнага ладу, іменна гэтая малая жменя людзей зь Ленінам і Троцкім на чале перамагла гэткую ную, на пагляд, расейскую дэмакратыю, якая не адважылася ўзысьці на шлях сацыяльнае рэвалюцыі. Перамагла, бо за ёй пайшлі народныя масы, ня меўшыя ніякіх «гуманітарных скрупулаў» інтэлігенцыі, не баяўшыяся «скоку ў няведамае». Сталася тое, чаго ніхто не спадзяваўся. І калі нават сягоньня — праз дваццаць адзін год пасьля таго, як у Расеі пачалося будаваньне новага сацыяльнага ладу, — калі нават і цяпер дэмакратычная інтэлігенцыя расейская верыць у магчымасьць хуткага павароту старога рэжыму, — дык можна сабе лёгка прадставіць, як тая ж інтэлігенцыя мусіла глядзець на ход выпадкаў беспасярэдня пасьля кастрычнікавага перавароту, як ей трудна было пагадзіцца з фактам такое глыбокае, такое ўсебаковае перабудовы старога грамадзкага жыцьця.

Тое ж, што перажывала расейская дэмакратычная інтэлігенцыя ў Расеі пасьля перамогі камуністаў, перажывалі — mutatіs mutandіs — прадстаўнікі сацыяльнага радыкалізму ў Польшчы, калі — дзякуючы баечнай для палякаў міжнароднай кан’юнктуры, пры якой Польшч атрымала дзяржаўную незалежнасьць, — перад грамадзянствам узьнялося пытаньне: якую ж Польшчу трэба будаваць? І ў Польшчы толькі малая жменя людзей летуцела аб новай Польшчы — Польшчы сялян і работнікаў як аб краіне сацыяльнае справядлівасьці, краіне, у якой ня будзе паняволеньня працы капіталам. Але тут на шлях адбудовы Польшчы капіталістычнае пайшлі нават у большасьці сваей нацыяналістычна і клерыкальна настроеныя сялянскія ды ў значнай меры й работніцкія масы. Чароўны зык словаў: «незалежная Польшча» засланіў сабой пытаньне аб унутраным зьмесьце адбудаванае дзяржавы, аб сацыяльным ладзе ў ёй. Нацыянальная ідэя засланіла сабой сацыяльную. А гэта вырашыла пытаньне аб будучыні Польшчы на доўгія гады... Польскі народ збудаваў для сябе свой нацыянальны дом, поўнасьцю захаваўшы капіталістычны лад і рашуча супрацівіўшыся рэвалюцыі сацыяльнай. І нават польскія сацыялісты, меўшыя ў першы мамэнт уладу ў сваіх руках (урад Марачэўскага!), не адважыліся пачаць адбудовы сваей бацькаўшчыны на новых сацыяльных падставах.

Зусім натуральна, што сярод радыкальна настроеных элемэнтаў у Польшчы мусіла адбыцца пэўная ідэалягічная ломка, што ня кожнага аднолькава можа зачараваць адна толькі дзяржаўная незалежнасьць... Як у пасьлякастрычнікавай Расеі большасьць дэмакратычнае інтэлігенцыі не магла пайсьці нага ў нагу з тварцамі новага — сацыялістычнага ладу, так у Польшчы, адроджанае дзяржаўна, радыкальная меншасьць не магла знайсьці для сябе месца для актыўнае творчае працы ў рамках дзяржаўнага будаўніцтва на старых сацыяльных падставах. І шмат хто пэўне ж вельмі балюча перажываў немагчымасьць датарнавацца да створаных тамака варункаў жыцьця, шмат хто ня мог «самавызначыцца», знайсьці адпавядаючы ягонай ідэалёгіі жыцьцёвы шлях.

Гэтую сытуацыю, якую — разам з расейскай і польскай радыкальнай дэмакратыяй — перажывала й перажывае такжа дэмакратыя беларуская, адтварылі ў мастацкіх абразох — у форме повесьці — два пісьменьнікі: беларускі Гарэцкі ў повесьці «Дзьве душы» і польскі Жаромскі ў повесьці «Przedwioњnie». Гарэцкі пісаў сваю повесьць у Вільні ў 1919—20 гг.; Жаромскі — недзе ў Польшчы ў 1924 годзе. Беспасярэдняга ўзаемнага ўплыву тут быць не магло. Але тэма папросту «вісела ў паветры» і, відаць, лішне балюча ўражала душы абодвых пісьменьнікаў, каб яны маглі не зарэагаваць на яе. І яны далі творы, якія шмат у чым вельмі падобны да сябе, якія разьвязваюць тую ж праблему, хоць і ў розным асяродзьдзі, аналягічна.

Пачнём разгляд абодвых твораў з повесьці Гарэцкага «Дзьве душы». «Двудушнасьць» галоўнага героя Гарэцкага, прапаршчыка Абдзіраловіча, гэта ёсьць той духовы разлад, які паўстаў у яго ў сувязі з сацыяльнай рэвалюцыяй у Расеі. Абдзіраловіч быў да выбуху сусьветнае вайны студэнтам і працаваў у сацыялістычных арганізацыях. Дык рэч зусім зразумелая, што «кераншчына» не магла яго здаволіць: яна ж якраз ахоўвала стары сацыяльны лад, яна — так трагічна для сябе — імкнулася да непапулярнае далейшае вайны — «да пабеднага канца», колькі б крыві народнае гэтая вайна ні вымагала. Незадоўга да бальшавіцкага перавароту Абдзіраловіч едзе лячыцца ад сваей раны на Каўказ і тутака пападае ў асяродзьдзе бежанцаў-беларусаў. Абмаскоўлены беларускі магнат, гвардзейскі афіцэр князь Гальшанскі, — відаць, прадчуваючы магчымасьць сацыяльнага перавароту, — распачынае сярод гэтых бежанцаў акцыю, маючы на мэце прынамся ў Беларусі, дзе ляжаць ягоныя маёнткі, не дапусьціць да завастрэньня клясавае барацьбы. Гальшанскі склікае мітынг бежанцаў-беларусаў і ў бліскучай прамове, спрытна жанглюючы нацыянальнымі лёзунгамі, стараецца пераканаць сваіх слухачоў, што ў беларусаў няма сацыяльнае барацьбы, што ўсіх — і абшарнікаў, якія раптам сталіся «тоже белорусами», і сялян, і работнікаў — мусіць аб’яднаць пачуцьцё прыналежнасьці да аднае беларускае нацыі. Нацыянальны салідарызм (хоць у даным выпадку ён быў ілжывы, бо Гальшанскі па духу — маскаль!) павінен перамагчы ідэю сацыяльнае барацьбы і сацыяльнае рэвалюцыі.

Ілжывасьць гэтае канцэпцыі гэткая відочная, што Абдзіраловіч дае вострую рэпліку князю і зусім шчыра выказываецца на карысьць сацыяльнае рэвалюцыі.

Аднак, калі камуністы пасьля гэтае прамовы зварачаюцца да Абдзіраловіча, як да свайго аднадумца, і прапануюць супрацоўніцтва зь імі, Абдзіраловіч б’ець адбой: ён кажа, што як афіцэр, верны сваім абавязкам, ён будзе бараніць існуючы цяпер законны лад...

Калі Абдзіраловіч пасьля сваей сэрцавай драмы пакідае Каўказ і пападае ў Маскву, там якраз ідуць баі паміж «белымі» і «чырвонымі». Сымпатыі яго ізноў як быццам на старане чырвоных, але ён ніяк ня можа «самавызначыцца» на іх карысьць. Ён усьцяж хістаецца. Шмат што злучае яго і зь «белымі». Але і да іх ён ня йдзе. Жорсткасьці адных і другіх падчас аружнага змаганьня адпіхаюць Абдзіраловіча і ад адных, і ад другіх.

Абдзіраловіч едзе на правінцыю. Адведвае свайго старога прыяцеля — народнага настаўніка, беларускага адраджэнца. Спатыкаецца з сваей старой сымпатыяй, вучыцелькай Ірай Сакавічанкай, гэтаксама чыннай працаўніцай на беларускай ніве. Бачыць і іншых сьведамых беларусаў, знаёміцца зь іх ідэаламі, імкненьнямі, работай. На адзін мамэнт здаецца, што вось-вось ён урэшце «самавызначыцца» як беларускі нацыяналіст. Але і да гэтага не даходзіць. Абдзіраловіч да нікога ня можа прыстаць, хоць у крытычныя мамэнты робіць услугі і «белым», і «чырвоным», і беларускім адраджэнцам. Выбіты ходам выпадкаў з прывычнае каляіны, герой Гарэцкага ня можа вярнуць сабе ўтрачанае духовае раўнавагі і пайсьці рашуча й кансэквэнтна па тым ці іншым шляху. На гэта ён — лішне слабы.

Такіх хістаючыхся, расхлябаных духова інтэлігентаў было шмат падчас перастройкі сацыяльнага ладу і ў Расеі, і ў Беларусі. І зьявішча гэтае — настолькі натуральнае, настолькі аб’ектыўна зразумелае, што няма патрэбы шукаць прычыны яго ў нейкіх асаблівых, чыста індывідуальных тайнікох душы Абдзіраловіча. Гарэцкі зрабіў бясспрэчна абмылку, шукаючы вытлумачэньня факту хістлявасьці свайго героя ў тым, што яшчэ ў люльцы ён, сын сялянкі-мамкі, быў заменены на панскае дзіця. Гарэцкі сугеруе думку, што «двудушнасьць» Абдзіраловіча, а мо лепш — «трохдушнасьць» яго! — гэта вынік узгадаваньня сялянскага дзіцяці ў чужой для яго сацыяльна панскай атмасфэры. Але гэтага ён нічым не даказвае. Бо ж і тая акалічнасьць, што Абдзіраловіч, быўшы студэнтам, разышоўся з сваім псэўдабацькам на грунце разьбежнасьці сацыяльных паглядаў (стары Абдзіраловіч — абшарнік, цалкам прасякнены сьветапаглядам сваей сфэры), — нічога не даказвае: у гісторыі рэвалюцыйнага руху ў Расеі выпадкі ўчасьця ў рэвалюцыйнай працы сыноў арыстакратычных сямей не такія ўжо рэдкія. Дык лепш было б, калі б Гарэцкі ня сіліўся даказаць, што «двудушнасьць» Абдзіраловіча ёсьць вынік «прышчэпкі» мужыцкага дзічка да панскага дрэва: бачаныя Абдзіраловічам падзеі былі такога роду, што іх хапала, каб разьбіць слабую ад прыроды духовую арганізацыю Абдзіраловіча.

Жаромскі пайшоў больш натуральным шляхам і пабудаваў свой твор іменна на тым, што Гарэцкаму здавалася недастатачным: на ўплыве на маладога Барыку перажыванага мамэнту, тых страшэнных часта падзеяў, сьведкай якіх давялося яму быць.

Маладога Барыку сацыяльная рэвалюцыя захапіла на Каўказе — тым самым Каўказе, на якім бачылі мы першую спробу актывізацыі Абдзіраловіча. Рэвалюцыя робіць на маладога Барыку вялізарнае ўражаньне. Ён гэтак захоплены ёю, гэтак горача імкнецца прылажыць і сваю руку да будаваньня новага сацыяльнага ладу, што аддае рэвалюцыйнай уладзе захаваны ў склепе Барыкай-бацькам скарб: 200 тысяч рублёў золатам. Ён прыносіць у ахвяру рэвалюцыі — ці правільней: свайму наіўнаму пагляду на рэвалюцыю — сваю родную матку, якую шчыра кахае, але ня можа зразумець. Але яго балюча б’юць па нэрвах бачаныя страшэнствы рэвалюцыйнае барацьбы. А йшчэ больш — страшная армянска-татарская разьня, у якой пагіблі на ягоных вачох тысячы ні ў чым невінаватых армянаў. Гэта выклікае ў яго варожыя адносіны да нацыяналізму, падгатаўляючы такія ж адносіны і да нацыяналізму польскага, з каторым малады Барыка спаткаецца пазьней у незалежнай ужо Польшчы.

Калі Барыка, пабуджаны да гэтага паміраючым бацькам і расказанай яму апошнім фантазіяй аб «шкляных дамох», едзе ў Польшчу, у яго ў душы шмат засьцярог у адносінах да адбудаванае на старых капіталістычных падставах бацькаўшчыны. «Шкляных дамоў» для работнікаў і сялян ён не знайшоў у Польшчы. Але польскія працоўныя масы гэтак заварожаны фактам дзяржаўнае незалежнасьці Польшчы, што, калі на Варшаву наступаюць бальшавікі, каб завясьці ў Польшчы новы сацыяльны лад, гэтыя масы хапаюцца за аружжа і з энтузіязмам ідуць выганяць чужынцаўнаезднікаў. Нацыянальная ідэя, ідэя нацыянальнага салідарызму аказваецца ў той мамэнт дужэйшай за ідэю сацыяльнае рэвалюцыі. Агульнаму настрою паддаецца і Барыка, які таксама йдзе ў армію і памагае перамагчы бальшавікоў. Але беспасярэдня пасьля ваеннае перамогі Барыка пападае ў багаты панскі двор, дзе ў працягу некалькіх месяцаў жыве жыцьцём абшарніцтва — у дастатках і раскошы, знаёміцца зь няведамым яму дагэтуль буржуазным сьветам, пазнае яго мараль, ілжывасьць, крывадушнасьць... Назоў гэтага двара — Наўлаць — стаецца для яго імем агульным, азначаючым нешта агіднае. І здавалася, што вось-вось Барыка пойдзе на шлях камуністычнае працы, на які яго заклікае ягоны таварыш Люлек — фанатык ідэі камунізму. Люлек вельмі добра ацэньвае Барыку як чалавека хістлявага, псыхіку якога абцяжаюць «naleciaіoњci burїuazyjne». Дык стараецца сыстэматычна на ўсе спосабы хаяць Польшчу і пануючы ў ёй буржуазны лад, часта нават перацягваючы струну і выклікаючы неспадзявана рэзкія рэплікі ў Барыкі. Калі ж урэшце Люлек, пэўны ў сваей перамозе над Барыкай, вядзе яго на патайны камуністычны сход, на якім партыйныя прамоўцы пачалі востра бэсьціць адроджаную Польшчу, — падсьведамае нацыянальнае пачуцьцё гэтак збунтавалася ў Барыкі, што ён, — даўшы вострую, хоць слаба абаснаваную рэпліку камуністычным прамоўцам, — пакідае іх сход.

«Zaprzeczaі jednym, zaprzeczaі drugim, a swojej wіasnej drogi nie miaі pod stopami», — кажа аб ім Жаромскі. — «Odzywa siк we mnie, — паўтарае за Платонам Барыка, — gіos jakiњ wewnкtrzny, ktуry, ilekroж siк odzywa, odwodzi miк zawsze od tego, cokolwiek w danej chwili zamierzam czyniж, sam jednak nie pobudza miк do niczego». Аднак аргумэнты, якія дае рэальнае жыцьцё Польшчы, выклікалі глыбокі фэрмэнт у душы «двудушнага» Барыкі. І вось — пасьля доўгіх хістаньняў, якіх ромскі ня мог ці мо не хацеў раскрыць перад чытачамі, Барыка ўрэшце «самавызначаецца»: на апошняй бачыне повесьці Жаромскага мы бачым яго ў першым радзе з’арганізаванае камуністамі дэманстрацыі, якая йдзе пад Бельвэдэр — насупраць наведзеных на яе салдацкіх вінтовак...

Барыка, пасьля доўгага хістаньня, — такога ж, якое перажываў і Абдзіраловіч, — урэшце выбраў свой шлях, на якім мо й загінуў: хаця Жаромскі накінуў заслону на тое, што мусіла стацца пад Бельвэдэрам пры сустрэчы дэманстрантаў з войскам, лёгіка прымушае думаць, што першыя кулі польскіх жаўнераў не мінулі Барыкі... Герой Гарэцкага да такога канца не дайшоў: на гэта патрэбна была тая чыста стыхійная сіла, якую меў Барыка ды якое не хапала Абдзіраловічу.

Усё ж такі між Б-ай і Аб-ам існуе глыбокая аналёгія. Яна вынікае з супольнае асноўнае ідэі повесьці Гарэцкага і повесьці Жаромскага. Але цікаўна, што і ў фактуры «Дзьвюх душ» і «Przedwіoњnіa» кідаецца ў вочы цэлы рад аналягічных мамэнтаў, тым больш дзіўных, што, як сказана на пачатку, беспасярэдняга ўзаемнага ўплыву ў аўтараў гэтых повесьцяў быць не магло. Затрымаемся на гэтых мамэнтах.

Перад усім, як ужо было ўспомнена, першыя крокі абодва героі ў разгляданы пэрыяд свайго жыцьця робяць на Каўказе. Чаму? Што было прычынай такое зьбежнасьці, такое каінцыдэнцыі? Здаецца, што не памылімся, калі скажам, што і Гарэцкі, і Жаромскі перанесьлі акцыю на Каўказ з тэй мэтай, каб апраўдаць варожасьць абодвух герояў да нацыянальнае ідэі.

Запраўды ж: Абдзіраловіч першы раз сустракаецца зь беларускай нацыянальнай праблемай на сходзе бежанцаў-беларусаў, на якім абмаскоўлены беларускі абшарнік спэкулюе на нацыянальным пачуцьці бежанцаў дзеля выкарыстаньня яго для барацьбы з насьпяваўшым выбухам сацыяльнае рэвалюцыі. Абдзіраловіч гэта зразумеў і прыпомніў тыя балючыя для кожнага сына беларускае вёскі адносіны, якія да вайны існавалі паміж вёскай і панскім дваром. Абдзіраловіч папсаваў Гальшанскаму спэкуляцыю на нацыянальнай ідэі. Але, пазнаёміўшыся зь беларускай нацыянальнай ідэяй у інтэрпрэтацыі беларускага рэнэгата і сьведамага спэкулянта на ёй, Абдзіраловіч, ясна ж, ня мог ёю захапіцца, ня мог ані пагадзіць яе з барацьбой за сацыяльнае вызваленьне беларускіх сялянскіх масаў, ані — тым балей — ня мог паставіць гэту ідэю вышэй за ідэю сацыяльнае рэвалюцыі.

Барыка, далёкі ад жыцьця Польшчы і яе даўгалетняе барацьбы за нацыянальнасьць і дзяржаўнасьць, на тым жа Каўказе знаёміцца з нацыянальным пытаньнем у яго найбольш жахлівай і агіднай пастаці: у пастаці дзікога шавінізму, страшнае нянавісьці людзей аднае нацыі да людзей другое, якая даводзіць да забойстваў бязьвінных ахвяраў нацыяналістычнага шалу, да ўзаемнага зьніштажэньня. Барыка перажыў армянскую разьню ў Тыфлісе, учыненую татарамі. І Жаромскі хіба ж сьведама малюе гэтак па-мастацку бачаныя Барыкай страшэнствы, каб вытлумачыць і апраўдаць варожыя адносіны свайго героя да кожнага нацыяналізму, у тым ліку і да нацыяналізму польскага.

Другая незвычайна яркая аналёгія ў фактуры повесьцяў Гарэцкага і Жаромскага — гэта тыпы галоўных дзеючых асобаў. Побач з парай: Абдзіраловіч — Барыка, маем тут яшчэ тры пары аналягічных тыпаў: кн. Гальшанскі — і Барвіцкі, Аля — і Ляўра, Іра Сакавічанка — і Караліна Шарлатавічанка. Прыгледзімся да іх бліжэй. І Гальшанскі, і Барвіцкі — гэта тыпы «сытых буржуяў». Іх вонкавы выгляд, іх спосаб паступаньня, іх самапэўнасьць і пачуцьцё вышэйшасьці над усімі, якое дае матэрыяльнае багацьце нават вельмі бедным духова адзінкам, — усё гэта падана абыдвума аўтарамі зусім аднолькава. І аднолькава — толькі дзякуючы свайму багацьцю — Гальшанскі адбівае Алю ў Абдзіраловіча, а Барвіцкі вырывае Ляўру ў Барыкі, хоць і адна, і другая шчыра любіць «таго другога». Хвароба Алі пасьля разрыву з Абдзіраловічам, апошняе спатканьне Ляўры з Барыкай у Варшаве ўнасьцю гэта пацьвярджаюць.

Між Аляй і Ляўрай ёсьць розьніца ў адным: у веку і ў дасьпеласьці. Аля — гэта красачка, якая толькі расьцьвітае. Ляўра — краска расьцьвіўшая, якая сваей красой заварожывае Барыку таксама, як Аля заваражыла Абдзіраловіча. І адна, і другая — тое найхарашэйшае, найбольш вартаснае, што вырастае ў буржуазным жыцьці: ідэя жаноцкага хараства. Але і адна, і другая маюць на сваіх душах кляймо, якое фальшывая маральнасьць на іх налажыла. Гэтае кляймо і ёсьць прычынай разрыву Алі з Абдзіраловічам, Ляўры з Барыкай: і тут, і там шчырая, глыбокая любоў прыносіцца ў ахвяру імкненьню да матэрыяльнага дабрабыту, сытасьці, панскага жыцьця.

Трэцяя пара аналягічных тыпаў, мо крыху менш да сябе падобных з увагі на жыцьцёвыя абставіны, гэта Іpa і Караліна. Абедзьве — вельмі нармальныя, жыцьцярадасныя, веручыя ў магчымасьць шчасьця для іх маладыя дзяўчаты, адзначаючыяся высокім маральным роўнем і асаблівай чуткасьцяй у адносінах да свайго любага. Але варункі жыцьця вясковае настаўніцы і дачкі абшарніцкае сям’і — розныя. І ідэалы жыцьцёвыя — розныя: Іра мае ідэалы грамадзкія — нацыянальныя, дзеля якіх не захістаецца ахвяраваць і асабістае шчасьце, і сваё жыцьцё, Караліна ніякіх пазытыўных грамадзкіх ідэалаў ня мае, а яе нянавісьць да зруйнаваўшых дабрабыт яе бальшавікоў — гэта ж ёсьць толькі нэгацыя.

Сярод жаноцкіх пэрсанажаў з маладога пакаленьня бачым у Жаромскага йшчэ трэці, адпаведнага якому ў Гарэцкага няма. Гэта ёсьць Ванда Апачынская, яшчэ як быццам падростак, але зь пераростам перадчаснага эратызму, каторы дзіўна ўжываецца з артызмам яе як высока ўталентаванае піяністкі. Такіх тыпаў, такога пэрвэрзійнага вытвару сучаснае цывілізацыі Гарэцкі ў сваім грамадзянстве, пэўне ж, ня мог бачыць. Эратызм у беларускай літаратуры наагул выяўляецца даволі слаба дый калі выяўляецца, дык у зусім нармальных праявах — далёкі ад усякай пэрвэрзіі.

Параўнаньне гэтых твораў Гарэцкага і Жаромскага выклікае такое ўражаньне, што некаторыя літаратурныя тэмы ў пэўныя гістарычныя мамэнты запраўды ж як быццам «вісяць у паветры». Дый яно так і мусіць быць: бо тэмы, распрацаваныя ў повесьцях «Дзьве душы» і «Przedwіoњnіe», гэта ёсьць найбольш істотны зьмест грамадзкага жыцьця і СССР, і БССР, і Польшчы ў часе пісаньня гэтых повесьцяў. Дык каінцыдэнцыя ў літаратурнай апрацоўцы тае самае асноўнае тэмы Гарэцкім і Жаромскім не прадстаўляе нічога дзіўнага. Яна толькі паказвае, што абодва аўтары — беларускі і польскі, — хоць талент пачынаўшага толькі тады пісаць Гарэцкага і дасьпелага ўжо зусім у 1924 г. Жаромскага трэба мерыць рознай мерай, выявілі аднолькавую чуткасьць у адносінах да перажываньняў грамадзянства і аднолькава правільна намалявалі нам абраз духовага разладу ў гэтым грамадзянстве, катораму гэтак трудна было «самавызначыцца» ў пераломны мамэнт жыцьця роднага краю.