Абвяшчэнне віленскай радай Вінярскага універсала Т. Касцюшкі ад 2 мая

З пляцоўкі Вікікрыніцы
15 мая. Абвяшчэнне віленскай радай Вінярскага універсала Т. Касцюшкі ад 2 мая
Аўтар: Рэч Паспалітая
Крыніца: http://pravo.by/pravovaya-informatsiya/pomniki-gistoryi-prava-belarusi/kanstytutsyynae-prava-belarusi/akty-rechy-paspalitay/akty-pa-stannya-i-vayny-1794-goda/15-maya-abvyashchenne-vilenskay-raday-vinyarskaga-universala-t-kastsyushki-ad-2-maya/

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




15 мая. Абвяшчэнне віленскай радай Вінярскага універсала Т. Касцюшкі ад 2 мая

№ 12 ад Найвышэйшай рады.

Рада тымчасовая літоўскага народа пад начальствам збройнай сілы абодвух народаў начальніка Тадэвуша Касцюшкі, імкнучыся прыстасаваць усе свае справы да мэтаў і распараджэнняў, прадпрынятых Найвышэйшым начальнікам, так і з нагоды атрымання радай ад таго ж Найвышэйшага начальніка ўніверсала, выдадзенага 2 мая бягучага года ў абозе пад Вінярамі з наступнымі словамі: «Тадэвуш Касцюшка, найвышэйшы начальнік нарадовай збройнай сілы».

Ніколі палякам не была б страшнай зброя іх ворага, калі б яны самі ў згодзе паміж сабой ведалі сваю сілу і ўсю тую сілу ўмелі ўжыць. Ніколі, кажу, палякаў не перамагчы зброяй, калі б хітры вораг не знішчаў жадання і сродкаў адпора сваім каварствам, здрадай і падманамі. Увесь час маскоўскай тыраніі ў Польшчы даказвае, да якой ступені гэты прымус распараджаўся нашым лёсам, ужываючы шлях падману, здрадніцкіх абяцанняў, патурання забабонам, адабрэння страху, падбухторвання адных супраць другіх, ачарнення перад светам, словам, усяго, што толькі здольна выдумаць пякельная злоба з адборнейшай хітрасцю. Пры шматлікіх здарэннях, якім палякі пакліканы супраціўляцца са зброяй, ці можна сапраўды паканаць з тым родам разбойнікаў, калі канец польскай смеласці заўсёды быў той, што пераможаны вораг вяртаў на каркі пераможцаў часова ўскладзенае ярмо? Адкуль бярэцца такі абарот польскіх спраў? Чаму той народ енчыў без спробы выблытацца?

А тое з таго, што мацней зброі хітрасць маскоўскіх інтрыг заўжды губіла палякаў самімі ж палякамі. Звыш таго, няшчасных палякаў дзялілі ўрадавыя погляды і адносіны да правілаў, на якіх засноўвалася вольнасць і арганізацыя народа, а нявінную розніцу думак мяшаў выпіраючы дух уладных і прыватных амбіцый, супраціўленне, валакіта, схільнасць вязацца з іншаземцамі і потым ім нізка рабалепнічаць. Надышоў прыспешаны мерай няшчасцяў і цярпення час выканання, час апошні польскага лёсу, які адной мэтай, адзіным бясспрэчным намерам павінен аб’яднаць сэрцы і задумы, не пакідаючы па-за агульным саюзам нікога з палякаў, акрамя хіба толькі вядомых здраднікаў, або баязлівых і не мыслячых самастойна абывацеляў.

Цяперашняе паўстанне народа хоча вярнуць Польшчы вольнасць і незалежнасць, пакідаючы прыдатнаму часу і на волю народа вызначыць якога ён жадае ўрада. Адпіхнем на час розніцу поглядаў, няхай святая і ясная мэта кіруе сэрцамі і збірае ў грамаду нават тых, хто дагэтуль не разумеў прычын. Трэба з вялікай заўзятасцю схапіць гэты час або яго момант, інакш вораг скарыстае ўсю сваю моц, каб перашкодзіць скарыстацца той парой. Ужывем зброю, каб менш хвалявацца ад перавагі яго зброі, супраць купы ўстрывожаных ужо нявольнікаў паставім магутную масу свабодных жыхароў, якія ў змаганні за сваё шчасце не могуць прамінуць перамогу. А тое, чым нас дагэтуль перамагалі, тую зброю з’едлівага маўчання нягоднікаў, той агідны макіавалізм хітрасці пераможа наша пільнасць, дбайнасць пачцівых абывацеляў і грозны меч справядлівасці, які дасягне ўсюды, дзе толькі народ угледзіць здраду або згубнае каварства. Толькі тады польскі лёс будзе залежыць ад таго, што мы самі скрушым падвоеную сілу нашых ворагаў, гэта значыць сілу зброі і сілу інтрыгі.

Павінен пры тым паведаміць народу, што маскалі ў пошуках сродкаў нацкаваць супраць нас вясковы люд выстаўляюць яму ўладарнасць нашых паноў і даўнюю яго нястачу і, нарэшце, вынаходніцтва маскоўскай дапамогі ў мінулым. Гаворачы тое, яны заахвочваюць і дапускаюць вясковы люд да паўсюднага рабунка фальваркаў. У часта непатрэбнай прастаце ён можа сесці, і сапраўды трапляе ў іх сёдлы і нават ёсць сведчанні таго, што зведзеных або ўзятых гвалтам убіраюць у свае мундзіры. Лічу сваім абавязкам вызначыць сродак пазбегнуць гэтага, які па справядлівасці ўласцівы цудоўнаму народу, мілы чулым душам, і каштуе асабістаму інтарэсу нязначнай стратай. Затым загадваю Часовай намесніцкай радзе ў Варшаве і парадкавым камісіям зямель і ваяводстваў ва ўсім краі зараз жа выдаць наказы ўсім зямельным уласнікам, пасэсарам і замяняючым іх радцаў падараваць кожнаму кантаністу, ідучаму ў войска, не менш як адзін дзень паншчыны у тыдзень (у чым кожны валадар можа асобна вольна і шчодра вызначацца), а грамады ў паспалітым рушанні якія і праводзяць аблавы на ворага вызваліць ад паншчыны на час іх знаходжання ў абозе, прынімаючы асаблівы клопат аб пакінутых у хатах жанчынах, жонках і дзецях абаронцаў супольнай Айчыны. Гэта есць спосаб прывязаць люд да публічнай справы і адвесці яго ад непрыяцельскіх сёдлаў.

Даны ў абозе пад Вінярамі дня 2 месяца мая 1794 года. Тадэвуш Касцюшка;

(Віленская рада —  Я. А.) абавязвае цывільна-вайсковыя камісіі ў адпаведнасці з вышэйзгаданым патрабаваннем загадаць усім наогул уласнікам, пасэсарам і іх намеснікам неадкладна вызваліць ад аднаго дня паншчыны кожнага кантаніста, а там жа, дзе земляробы выконваюць не паншчыну, а замест яе плоцяць чынш, там уласнікам і пасэсарам уладанняу трэба зараз жа разлічыць прапорцыю тых чыншоў. Няхай жыхар вольнай зямлі без перашкоды ўмоў, на якіх дагэтуль грунтуюцца ягоныя забабоны, адчуе, як удзячная свайму абаронцу Айчына жадае ўцешыць яго лес і як гэта адрозніваецца ад лёса салдацтва нікчэмнага дэспата, якое для таго ім узброена, каб памножыць колькасць нявольнікаў і каб зямля зведвала толькі самыя найдзічэйшыя зверствы тырана.

А каб цяперашняе распараджэнне, падобна усяму, што рада будзе чыніць са свайго ураду, магло выразней, хутчэй і надзейней дайсці да ўсіх ваяводстваў, паветаў і іх жыхароў, усім цывільна-вайсковым камісіям загадваецца як мага хутчэй устанавіць крэс не толькі да Вільна, але і па ўсіх прыватных трактах, у чым памежныя цывільна-вайсковыя камісіі павінны хутка знесціся паміж сабой, каб тыя крэсы былі рэгулярнымі. Уласнікаў жа і рознага роду пасэсараў рада міласцю агульнага дабра абавязвае старанна садзейнічаць поспеху ў тым наказаў парадкавых камісій. А паколькі ж рада мае паведамленні, што ўжо выдадзеныя ёю ўніверсалы дагэтуль яшчэ не абвешчаны, што небяспечна замяшаннямі, то рада загадвае цывільна-вайсковым камісіям па зносінах з плябанамі і генерал-маёрамі ў месцах сваёй юрысдыкцыі, а ў далёкіх парафіях з дапамогай генерал-маёраў і ротмістраў, пільна дагледзіць за публікацыяй усіх наказаў рады і ўсіх краёвых улад для таго, каб акрамя ўпэўненасці ва ўсеагульным натхненні жыхароў на вернасць люду, завераную прысягай, мацней злучаць іх на агульную абарону. Рада абавязвае ўсе цывільна-вайсковыя камісіі, каб люд, натхнёны сваімі плябанамі ў святыя дні павучаннямі, выканаў наступнага зместа прысягу: Я, такі-то, прысягаю ўсемагутнаму і адзінаму ў святой троіцы богу, што па кожнаму закліку вярхоўнай улады буду бараніць жыццём, крывёю і ўласнай маёмасцю дамы, жонак, дзяцей, уласнасць нашу і ўсяе Айчыны супраць нашага непрыяцеля, слухацца сваіх кіраўнікоў, смела і адважна змагацца, не змаўляцца ні з непрыяцелем края, ні з ніводным здраднікам Айчыны, ужываць сваю зброю толькі на абарону Айчыны, на чым сумленна прысягаю і ў чым ды паможа мне пан бог і нявінная мука яго сына. Каб гэты ўніверсал надзейна дайшоў да ведама кожнага, рада загадвае абвясціць у парафіях, а дагледзіць тое даручаецца цывільна-вайсковым камісіям і генерал-маёрам ваяводстваў і паветаў.

Даны ў Вільна на сесіі рады 15 мая 1794 года.

Шыман Вішнеўскі, падкаморы Прэнскага павета, старшыня

Дамінік Нарбут, войскі лідскі

Юзаф Кушалеўскі, дэлегат Віленскага павета

Леанард Эйдзятовіч

Бенедыкт Гаціскі, дэлегат навагрудскі

Юзаф Лапа, асэсар ВКЛ

Юзаф Несялоўскі, ваявода навагрудскі

Эжы Альбрэхт Гарабурда, дэлегат г. Навагрудка

Вінцэнт Мінкоўскі, далегат г. Вільна

Маурыцы Францішак Карп

Эжы Белапятровіч, экспісар

Самуэль Корсак

Міхаіл Агінскі

Юзаф Нарбут, сакратар літоўскай нарадовай рады

АЗПРІ, ф. 79, воп. 6, с. 1837, л. 209—214.

Пераклад з польск. рэд-ра.

Анішчанка, Я. К. Збор твораў: у 6 т. / Яўген Канстанцінавіч Анішчанка. — Мінск: В. Хурсік, 2004.

Т.2: Імем Айчыны: Дакументы паўстання 1794 г. у Літоўскай правінцыі. — 2004. —  С. 39—44.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі (а таксама ў ЗША), бо, паводле беларускага заканадаўства, афіцыйныя дакументы (законы, судовыя рашэнні, іншыя тэксты заканадаўчага, адміністрацыйнага і судовага характару), а таксама іх афіцыйныя пераклады, дзяржаўныя знакі (сцяг, герб, гімн, ордэны, грашовыя і іншыя знакі), не з’яўляюцца аб’ектамі аўтарскіх правоў (арт. 7 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 года № 262-З «Пра аўтарскае права і сумежныя правы»).


Падрабязней гл. у дакументацыі.