Перайсці да зместу

Ічэ (1931)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ічэ
Апавяданьне
Аўтар: Хвядос Шынклер
1931 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ічэ (Шынклер).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ХВ.ШЫНКЛЕР / ЯВАР /

ІЧЭ


БДВ 1931

Хв. ШЫНКЛЕР (ЯВАР)


ІЧЭ


АПАВЯДАНЬНЕ


ВЫДАНЬНЕ ДРУГОЕ


БЕЛАРУСКАЕ ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА

МЕНСК — 1931

Вокладка мастака Ліўшыца Х.



Заказ № 941.

12.000 экз.(VII) (1½ арк.).

Галоўлітбел № 597.


Друкарня імя Сталіна

Далёка, ледзь чутна, заляскатала машына чыгуначнай электрастанцыі. Пазапальваліся, замігацелі сотні ясных зорак — электрычных лямпак на калеях чыгуначных, праразаючы джгаламі-променчыкамі гушчэчу змрочную паволі ахінаючага зямлю вечара.

У пакоі пацямнела — цяжка чытаць, як ні муруж воды, як ні напружвай зрок.

Іцка адклаў кніжку, уздыхнуў і падняўся з рыплага крэсла.

Вось, колькі часу, як прагна цягнецца ён да таемнай, так вабячай да сябе, такой цікаўнай, абяцаючай шмат цудоўных магчымасьцяй, навукі аб электрычнасьці. Колькі кніжак, пачынаючы ад фізыкі ад популярных брошурак „занятная электрамэханіка“, „электрамэханік-самавук“ паперачытваў ён! Колькі ўразумеў, на зубок вывучыў, а колькі яшчэ хацелася-б ведаць? Нязьлічоная плойма ведаў яшчэ не дасягнута, безьліч працы было-б магчыма каб… Э! ды што казаць… Мары, усё гэта мары… Калі вывучаеш, так сквапна глытаеш цікаўныя, цудоўныя веды, а няма нават дзе паглядзець на ўсе гэтыя цудоўныя прылады, ня тое што мець іх у руках, на справе азнаёміцца з імі, папрацаваць, прымусіць іх выконваць тую працу, якую пажадае ён, забіты яўрэйчык Іцка Рабіновіч, якога яшчэ і дагэтуль, як і іншых аднапляменьнікаў, жыхароў невялічкага мястэчка пры даволі буйнай і жвавай чыгуначнай станцыі, часта за чалавека лічыць ня хочуць.

Яўрэй… Вось і ўсё! Нібы і не чалавек…

А так хочацца авалодаць усімі ведамі, усёй гэтай прынаднай навукай!

Ды куды там… Калі ў хаце нават лямпачкі электрычнай няма, каб на яе хоць паглядзець, яе мяккім і такім яркім сьвятлом пакарыстацца пры чытаньні кніжак. Дзе там лямпачка… Як марыць аб электрычнасьці, калі стары бацька, кравец Рабіновіч, ледзь-ледзь можа адкалупнуць грошай з свайго мізэрнага заработку на невялічкую газьнічку. Дый з ёй так ашчадзіць прыходзіцца — не набярэшся газы…

З панадворку пацягнула вячэрняй вільгацю. Зачыніў Іцка акно і паціху падыбаў у суседні пакой.

На вялікім кравецкім сталу сьвяцілася маленькая газьнічка, недалёка ад яе, на тым-жа сталу, сядзеў, падабраўшы пад сябе па турэцку ногі, стары Абрам і, нахіліўшыся над швівам, хуценька торкаў голкай — завіхаўся, сьпяшаўся скончыць к тэрміну працу, ушываў гузікі ў галіфэ.

Убогі, пусты і голы пакой беднага краўца. Па пакоі мітусіцца нейкі туман, — ці то ад газьнічкі, ці то ад праса, што цэлы дзень стаіць нагрэтым або падаграецца ў спэцыяльнай пячурцы, забруджанай ад вугальля. На падлозе вялікі, разбэрсаны мех з вугальлем; калі кладуць вугальле ў прас, рассыпаецца яно, потым растоптваецца, разносіцца дробнымі кавалкамі, пылінкамі па ўсім пакоі...

Брудна ў пакоі. І паветра нейкае гідкае: гаркаваты пах падсмаленай матэрыі, зьмешаны з гострым духам сьліны падскваранай, якую шчодра ўжывае стары Абрам, спрабуючы гарачыню праса. Плюне на пальцы, потым — мэц па прасу — шкварчыць. А па шквартаньню гэтаму здольны Абрам тонка ўгадаць — ці можна прасаваць швіва, а мо‘ пачакаць крыху.

Ад паху няпрыемнага, ад чаду, трывалага твар старога Абрама дачасна пашарэў, стаў празрыстым нейкім, тонкім, змучаным.

Шнуруе ніткаю Абрам, мармыча пад нос сабе песьню дзядоўскую, сумную, жалобную, а ў галаве носяцца думкі зачэпныя.

Невясёлыя думкі… Як і ўсё жыцьцё старога краўца.

Адбіўся ад рук старэйшы сын Іцка. Спадзяваўся на ягоную дапамогу Абрам, бо стары ўжо стаў, сьпіна баліць усё болей ды болей, не дае запамятаваць на старасьць, што нечакана, няпрыкметна прыйшла. Дый вочы глядзяць ня так войстра, рукі спрацаваныя дрыжаць...

Вучыў свайму рамяству старэйшага сына, думалася: падмога на старасьць расьце, будзе лягчэй крыху, будзе каму дагледзець малодшых Бэнцэля і Рыву. Аж на! Адбіўся хлапец ад рук! Нейкія кніжкі чытае, цэлыя дні над імі сядзіць. Яно, праўда, кніжкі ня шкодныя, кніжкі карысныя, але не для яўрэя яны пісаны. Куды беднаму яўрэю марыць пра навуку?

Захацелася вунь Іцку пайсьці служыць на чыгунку. Прыйшло-ж гэткае ў галаву! Так вось узялі ды прынялі, ашчаперылі аберуч: „Хадзі, любы мой Іцка Абрамавіч Рабіновіч, працуй з намі!“ Дадумаўся-ж!..

Узьняў галаву Абрам.

— Ну, начытаўся? — з горкасьцю кінуў сыну. — Хутка павесіш ужо бацьку лямпачку электрычную, каб лягчэй было старому працаваць? Ха-ха-ха...

— Тата...

— Што тата?

— Я хачу ўсё-ткі схадзіць да загадчыка... А можа і прымуць...

І з надзеяй глядзіць на старога Іцка. А той яшчэ ніжэй нахіліўся над галіфэ, яшчэ шпарчэй цягае нітку.

Даўно ўжо думае стары пра тое, што сказаў цяпер Іцка. Так хацелася-б пабачыць сына ў лепшых абставінах, у лепшым жыцьці, чым вось даводзіцца яму старому, нядужаму Абраму. Але як цяжка дайсьці, дабіцца гэтага... Як цяжка працерабіць шлях.

„Ці варта паспытаць удачы?“..

Так думае стары. А Іцка стаіць, чакае адказу.

Адарваўся стары ад думак, перакусіў нітку, адкінуў скончанае галіфэ.

— Схадзі, паспрабуй... Але памятай: як ня прымуць, каб болей ня бачыў я кніжак гэтых!..

Праказаў, адвярнуўся.

А ў дзьвярах стаіць старая Сара. Стоючы тут, ля дзьвярэй, чула яна ўсю гутарку. І занепакоілася сэрца старой, сьціснулася болем.

Абрам, зьвар‘яцеў ты, ці што? Ты-ж падумай: ці можна яму працаваць на чыгунцы? Калі гэта было, каб яўрэй працаваў чыгуначнікам? Абрам.. — Ціха, малючым голасам гаворыць Сара.

— Годзі! Няма чаго гаварыць. Хай сходзіць, хай паспрабуе шчасьця. Даволі думаюць яму і мне, даволі яўрэю ламаць галаву над шкоднымі марамі, ад якіх карысьці няма аніякай…

— І пабег Іцка з хаты.

— Бацька дазволіў.. А загадчык? Ці прыме?..


∗     ∗

Чым бліжэй падыходзіць Іцка да кватэры загадчыка электрастанцыі, тым болей і болей сьцішае крокі. Шпарчэй, трывожней калоціцца сэрца.

Двохпавярховы дом, тыпу звычайных чыгуначных дамоў, заселеных службоўцамі, двома радамі вачэй-вокан холадна і цьмяна пазірае на Іцку праз фіранкі, позіркамі сваімі халодзіць мозаг, скоўвае дыханьне.

Спыніўся Іцка ля вэранды, густа аплеценай дзікім вінаградам. Перадыхнуў.

— Вось цяпер уся ўпэўненасьць, прагнасьць, да мэты як быццам пакідае. Здававалася — усё залежала толькі ад таго, што трэба пайсьці да загадчыка электрастанцыі, авось на табе! Прышоў — і боязна зайсьці ў кватэру...

Аднак ісьці трэба. Не абмінеш гэтага ніяк. І Іцка рашуча ўвайшоў на вэранду, узяўся за клямку, адчыніў дзьверы і апынуўся ў моцна асьветленым электрычнасьцю пакоі. Па сярэдзіне пакою, на крэсьле, сядзела надзьмутая пані — жонка загадчыка. Побач з ёю стаяла другое, вольнае крэсла, а на нейкай падстаўцы прымайстравана была электрычная лямпа, якая кідала неймаверна яркае сьвятло на твар пані.

„Мусіць на шэсьцьсот сьвечак“, прамільгнула ў Іцкавай галаве.

Недалёка ад пані сам загадчык электрастанцыі Пшыбыльскі ўвіхаўся ля вялікай скрынкі з круглым пукатым шклом наперадзе, што стаяла на трыногах. Пан Пшыбыльскі пакруціў з трэскам нейкую ручку, потым борзьдзенька адскочыў, сеў побач з жонкай і, таксама як і яна, надзьмуўся і закамянеў.

„Фотографічны апарат“ здагадаўся Іцка і, забыўшыся на тое, дзе ён, пачаў прыглядацца: розныя апараты, прылады — слабасьць Іцкі, так ня часта прыходзіцца бачыць іх!

У скрынцы нешта шпокнула. Загадчык ускочыў, паволі паднялася з крэсла загадчыца.

Прыкмеціўшы прысутнасьць нечаканага госьця, Пшыбыльскі схапіў у рукі лямпу і накіраваўся з ёй да Іцкі. Ад накіраванага проста ў вочы сьвятла Іцка адразу зьвярнуўся да рачаіснасьці, зжаўся, уцягнуў галаву ў плечы. І ізноў закалацілася сэрца, апанавала нерашучасьць.

— Уцячы? Не — позна…

Далей разважаць Іцку ня даў Пшыбыльскі.

— Што вы скажаце? Што вам трэба? Але, дарэчы! Перш-на-перш заўважу, малады чалавек, м-м, м-м — прыемнага выгляду, — насьміхаўся Пшыбыльскі, — прыдасца вам у далейшым жыць, бо вы ‘шчэ я бачу, малады. Дык вось, заўважце сабе, — калі вы прыходзіце да каго, дык трэба сьпярша лагодненька, ветлівенька паляпаць скурчаным пальцам у дзьверы. Вам на гэта адкажуць: „Калі ласка, заходзьце!“ — вось тады вы толькі можаце адчыніць дзьверы і заходзіць. А то, на табе — у-су-нуў-ся…

— Пакінь, Вацік! Каму ты чытаеш нотацыі! — нездаволена прабурчэла пані загадчыца.

— Не, не, Алёізанька, трэба маладых людзей навучаць, а то хто-ж, як ня мы, спрактыкаваныя, выхаваныя людзі, зробіць гэта? На нас ляжыць абавязак…

— Ізноў ты, Вацік! — перабіла яго больш рашуча пані і, напыжыўшыся, пакрочыла з пакою.

— Даруй, Алёізанька! Я так толькі… — усьлед ёй затараторыў Пшыбыльскі і зьвярнуўся ізноў да Рабіновіча, суха прамовіўшы:

— Ну, дык што вам трэба, малады чалавек?

Маленькая спрэчка паміж загадчыкам і загадчыцай дала час Іцку супакоіцца, больш-менш асвойтацца з становішчам. Ён змог ужо спакойна. роўным голасам, выразна выкласьці перад загадчыкам мэту свайго прыходу.

На твары Пшыбыльскага зьявілася адзнака недаўменьня. Намуружыліся бровы, натапыршчыліся тараканавыя вусікі, на лобе сабраліся зморшчынкі і маленькія шкляныя вочкі ўпіліся ў Іцку. Іцка ўважліва сачыў за тварам Пшыбыльскага.

„Прапала“, — думалася яму, — „нічога з маіх мараў ня будзе“…

Схілілася галава Іцкава. Тужліва чакаў ён няўхільнага адмаўленьня.

З насьмешкай у голасе спытаў Пшыбыльскі:

— Ці ведаеце вы, малады чалавек, як цяжка прыстроіцца на чыгунку яўрэю? Вы бачыце, бадай, што на нашай станцыі ані вод нага служачага з вашай нацыі няма? Не прызвычаіліся чыгуначнікі бачыць вас побач з сабой на правы… І ніхто з яўрэяў не адважваецца ісьці на чыгунку. Вы думалі пра гэта, калі падаваліся на чыгунку малады чалавек?

— Думаў, але… — прашаптаў Іцка.

Тут твар Пшыбыльскага раптам пасьвятлеў. І зазьзяла на ім далікатная, ветлівая ўхмылка, згладзіліся зморшчыкі, выпрасталіся вусы.

— Так, так! Я разумею вас: прагнасьць да ведаў па ўлюбёнай навуцы цягне вас магнэсам! Разумею і шчыра спачуваю. Я сам быў такім у маладосьці. Ведаеце, да нас, палякаў раней…

— В-а-а-а-цік… — пачулася папярэджваюча з-за дзьвярэй.

Пшыбыльскі вельмі любіў пышныя выразы, пекна пабудаваныя сказы; захапляючыся імі, ён пачынаў гаварыць тое, чаго і ня сьлед было-б выказваць. Тут заўсёды на дапамогу зьяўлялася пані Алёіза, якая, ведаючы слабасьць мужа, заўсёды пільна сачыла за ім.

Пшыбыльскі нэрвова заварушыўся і застракатаў:

— Ну, але так, мой любы малады чалавек — купіш ня купіш, а патаргавацца варта! Мы зробім вось што: вы будзеце займацца са мной у мяне на кватэры два разы на тыдзень, а там будзем бачыць: мо‘ зможам прыстроіць вас працаваць і на электрычнай станцыі, паспрабуем… А пакуль хадземце ў мой габінэт, я накажу вам свае ўласныя прылады. Для вас гэта пэўна будзе цікава…

Увесь габінэт Пшыбыльскага быў застаўлены рознастайнымі струмантамі і прыладамі. Яны мясьціліся на стале, на крэслах, проста на падлозе — сапраўдная лябораторыя!

Некаторыя з прыладаў, як элемэнты Мэйндынгера, вольтмэтр, акумулятары, рубільнікі, тэлефонавы індуктар, былі ўжо знаёмы Іцку па падручніках, што чытаў ён, шмат чаго ён бачыў у першы раз.

Пан Пшыбыльскі пачаў знаёміць Іцку з прызначэньнем кожнай прылады, відаць сам захоплены, замілаваны імі.

Раптам у суседнім пакоі бразнула на падлогу перакуленае крэсла. Пшыбыльскі ізноў затараторыў, заскакаў па пакоі і пасьпяшыў скончыць.

— Ну, досі, малады чалавек. Заняткі мы з вамі пачнем з панядзелку, Прыходзьце а гадзіне... ну так восьмай! А пакуль — усяго найлепшага, малады чалавек!

Не пасьпеў схавацца Іцка за дзьвярыма, яку пакой ускочыла разьюшаная, як фурыя, пані Пшыбыльская:

— Цо то ест, Вацік? Навошта ты згадзіўся займацца з гэтым пархачом? Хто дазволіў табе глупства такое? — засыпала пані пытаньнямі. — Гэта-ж трэба дадумацца да такога...

— Не гаранцуйся, каханая мая Алёізанька! Паслухай, што мне у голаў прыйшло...

— Апрача глупства рознага нічога ў тваю голаў прыйсьці ня можа!—адрэзала пані Пшыбыльская.

— Ды не-ж, паслухай-жа, радасьць мая, якая геніяльная ідэя зьявілася ў мяне

І пачаў Пшыбыльскі выкладаць пані Алёізе сваю ідэю.

— Паменташ, кохана, як хацелася нам у часе ўлады найшаноўнага пана комэнданта Юзэфа Пілсудзкага зьехаць з тых паскудных крэсаў, ды толькі абавязак сумленных дзяцей Жэчы Посполітай затрымаў нас тут? Паменташ, як не ўдалося нам выехаць адсюль у часе адходу нашага войска, калі бальшавіцкая зграя перарэзала шляхі чыгуначныя… І засталіся мы з табой, Алёізанька, у гэтай абрыдлай большэвіі… Гэта-ж так нядаўна было — году яшчэ няма нават… Бачыш, як скоса паглядаюць на нас, як цяжка жыць нам тут…

— Ды ведаю я ўсе гэта, — нецярпліва перабіла пані Алёіза.

— Враз, враз, кохана! Вось гэты жыдэк дапаможа нам палацьвіць сваё становішча. Гэта-ж, падвучыўшы яго, прыстроіўшы на службу, выканаю я „сьвятыя прынцыпы нацыянальнай політыкі“ большэвіі! Ну, а — значыць — буду зусім лёяльным да ўлады савецкай!..

І Пшыбыльскі заліўся дробненькім, візглівым сьмехам.

Пяшчотная ўхмылка расплылася па твары пані Алёізы. Яна ўрачыста працягнула свайму мужу пульхную руку, у якую той і пасьпяшыў цмокнуць.

Пані зразумела геніяльную ідэю свайго мужа, дала ёй свае міласьлівае прызнаньне, ухвалу.


∗     ∗

Не адчуваючы ног, ня бачачы нічога вакол, натыкаючыся на дрэвы і плот, паімчаўся Іцка дахаты.

З зьзяючым тварам, засопшыся, як вар‘ят, уляцеў у пакой.

— Згадзіўся! — пракрычаў ён да бацькоў.

Тыя і так ужо бачылі вынікі клопатаў Іцкавых.

— Вось бачыш, Абрам, ці-ж не казала я табе раней? — праказала Сара, запаленая вясёласьцю, радасьцю любага Іцхока.

Насьмешліва ўзьняў угару вочы Абрам:

— О, каб я ведаў раней, што мая жонка ведае пазьней — якім-бы разумнікам быў я тады.

Праказаў і змоўк. Сёньня яму не хацелася ўзьнімаць спрэчкі, даводзіць Сары беспадстаўны захоп ягоных думак…


∗     ∗

Так нечакана спраўдзіліся мары Іцкі Рабіновіча.

Акуратна, два разы на тыдзень ходзіць ён да загадчыка электрастанцыі Пшыбыльскага. Старанна выконвае ўсе ягоныя загады.

Шмат, шмат, чаго разумее ўжо Іцка.

Умее ўжо абыходзіцца з некаторымі прыладамі, дапамагае Пшыбыльскаму заражаць акумулятары, якія патрэбны таму для досьледаў, практыкаваньняў, а таксама для лепшага асьвятленьня ўласных пакояў.

— Дапамагае Іцка электрыфікацыі хатняй гаспадаркі Пшыбыльскага. Мае Пшыбыльскі, казу, вяпручка. Козяе малако патрэбна Пшыбыльскаму для падтрыманьня здароўя — сухотны ён. А вяпручок — ну, вядома, добра-ж мець уласную вандліну, капчоную грудзінку, сала! А каб ня скралі маемасьць гэтую — да хлявушка працягнуты дрот, а ў кватэры — званок электрычны Адчыніць хто дзьверы ў хлявушку, а званок заліваецца, галосіць дз-з-з-ынь… Хітрая штука! Пры дапамозе электрычнага току можна пекныя рэчы мэталёвыя рабіць, барэльефы і іншае — Іцка вывучае на практыцы гальванаплястыку, а Пшыбыльскі мае дармовыя, старанныя, акуратныя рукі.

Хітрая штука, электрычнасьць! — Ого!

Сам Пшыбыльскі вельмі любіць розныя экспэрымэнты, — і ня толькі ў галіне электрычнасьці, захапляецца імі. Гадзіньнікавы завод да фотоапарату — яго вынаходка.

Цяпер розныя дэталі, лёгкія, але і марудныя працы ён даручае Іцку.

Іцка не шкадуе часу і ня трымаецца вызначанага ліку заняткаў — два разы на тыдні. Калі трэба рабіць якую тэрміновую працу — Іцка прыходзіць і ў іншыя дні, як загадае Пшыбыльскі.

Працуе Іцка, захапляецца. Так цікава ўсё гэта! І ня марылася яму, ня думалася, што так гэта ўсё проста, ясна, зразумела. Не лятуцеў ён ніколі, што ўся гэтая прамудрасьць будзе ў ягоных руках, падуладна яму…

Загадчык электрастанцыі Пшыбыльскі мае пэўныя настаўніцкія здольнасьці.

З курсам навук не сьпяшаецца. „Пасьпееце, малады чалавек,“ — кажа. „Усё ў свой час. Трэба добра праштудаваць пачатковыя веды!“ Адгорне кніжку, чыркане алоўкам — „адсюль і дасюль“ засадзіць Іцку чытаць, а сам пойдзе да да пані Алёізы.

Чытае Іцка і хочацца, ды як яшчэ хочацца паглядзець хоць адным вокам — што далей, якія рысункі, пра што гаворыць кніжка! Адгорне колькі аркушоў — зірк! Аж тут праз расчыненыя дзьверы крычыць Пшыбыльскі:

— Малады чалавек, няпекна! Ой як няпекна пад сукенку заглядаць!

Засаромеецца Іцка. Адкіне забароненыя аркушы, што хаваюць вабячыя таямніцы ведаў, і ізноў паглыбляецца ў чытаньне.

Так вучыцца і працуе Іцка Рабіновіч.

Давольны сваім вучнем і загадчык электрастанцыі. Давольна і жонка ягоная.

Пані Алёіза вялікая мастачка. Яна цалюткімі днямі сядзіць за пекным зграбным мольбэртам, малюе акварэльлю розныя пэйзажыкі, этуды, а не — то тушшу штрыхуе у японскім стылі. Пекныя рэчы выходзяць з-пад яе пульхных ручак. Пэйзажамі і этудамі пазавешаны ўсе сьцены невялічкай залі. Той самай залі, у якую нечакана, без папярэджаньня, трапіў калісьці Іцка. Ад малюнкаў пакоў выглядае пекна, багата прыбраным. А разам з невялічкімі, пакрытымі аксамітам, пуфамі і крэсьліцамі, такога-ж колеру порт‘ерамі, тонкімі празрыстымі гардынамі — ён робіць уражаньне цудоўнага гнязьдзечка.

Захапляецца мастацкімі здольнасьцямі сваёй жонкі Пшыбьільскі. Кліча часта і Іцку паглядзець Іцка робіць гэта неахвотна. Ён ня ўмее далікатна абыходзіцца з дамамі, ветліва гаварыць, па выхаванаму кланяцца. Ён глядзіць ваўчанём.

Шчупленькі, хударлявы чарнявы хлапчына з арліным носам, які падкрэсьлівае нацыянальную прыналежнасьць яго — так не дарэчы ў гэтым пекным гнязьдзечку, так дысоніруе з яго абстаноўкай!

І пані Алёіза пацяшаецца з яго, ад душы сьмяецца з нязграбнага, вуглаватага „жыдэка“. Праўда, яна так ня кажа, так яна толькі думае. Уголас яна гаворыць іначай; „Іцка Абрамавіч“, „шаноўны Іцка Абрамавіч“.

Пані Алёіза таксама вялікая мастачка пячы і смажыць розныя пернікі, конфітуры. Калі яна частуе імі Іцку, пан Пшыбыльскі вучыць яго дзякаваць, цалаваць пані ручку.

Іцка саромеецца. Пані сьмяецца. Пан давольны.

— Які сьмешны, які забаўны гэты Іцка Абрамавіч!

Бачыць Іцка, разумее адносіны да сябе. Бачыць насьмешлівыя позіркі, якімі моўчкі, але выразна перакідаюцца Пшыбыльскія. Адчувае і тую грэблівасьць да яго, яўрэя, якая хаваецца за ветлівымі, глянсаванымі сказамі. Гостра адчувае, але маўчыць. Сьцяўшы зубы, замкнуўшыся ў сябе, пераносіць.

Трэба вучыцца, трэба настойна ісьці да мэты…

І вучыцца Іцка, шпарка пасоўваецца ў навуцы наперад. Вось ужо ўсе прылады, што меліся ў габінэце Пшыбыльскага, вядомы яму. Трэба, вывучаючы па кнігах азнаёміцца на практыцы яшчэ шмат з чым. А як, дзе? Непакоіць гэта Іцку; прымушае, відаць, падумаць і Пшыбыльскага.

— Ведаеце, Іцка, — зьвярнуўся аднойчы да яго Пшыбыльскі, — заўтра ў нас на станцыі будзе разборка і рапараваньне дынамо-машыны. Вам ужо даўно трэба азнаёміцца з ёй. Я надумаўся ўзяць вас з сабой на станцыю!

Нечаканае парашэньне Пшыбыльскага аглушыла Іцку.

Пабачыць дынамо-машыну, сапраўды азнаёміцца з яе пабудовай! Гэтакае шчасьце!

Ад радасьці, зьдзіўлены, зьбянтэжаны Іцка не знаходзіў слоў, выразаў як аддзякаваць Пшыбыльскаму.

Той пасьміхаўся ў свае тараканавыя русы.


∗     ∗

Дачакацца ня мог Іцка гэтага „заўтра“. Так марудна ідзе-цягнецца гідкі час! Так доўга ахутвае ноч… А спаць зусім ня хочацца. Дзе там…

Але вось і „заўтра“.

З заміраючым сэрцам ідзе за Пшыбыльскім Іцка.

Ляскатам малаткоў, перазвонам кавадлаў, гулам машын і трансмісій сустрэла Іцку дэпо. За варштатамі поркаюцца замурзаныя ў мазуту рабочыя. Цьвірчаць такарныя варштаты, гудзяць моторы. Як усё гэта ашаломлівае, давіць сваёй складанасьцю, размахам!

Але Пшыбыльскі абмінае варштаты, шпарка праходзіць майстэрні, ідзе да электрастанцыі — асобнага цэху дэпо. Ледзь пасьпявае за ім Іцка, нязвычны да шоламу рознагалосага, награмаджэньня варштатаў, трансмісій, жалезных частак машын, паравозаў.

Вось і электрастанцыя. Нерашуча пераступіў Іцка парог гэтага будынку.

— Сьмялей, сьмялей! — сьмяецца Пшыбыльскі.

— Што гэта, таварыш Пшыбыльскі, — асыстэнт у вас? — сьмяючыся, кінуў замурзаны здаравенны дзяцюк, узьняўшыся ад раскіданых па пакрытай гумовымі лістамі падлозе бліскучых мядзяных частак.

— Але, асыстэнт! Вучань мой, — растлумачыў Пшыбыльскі. — Вось пакажэце, хлопцы, яму дынамо. Дужа цікавіцца хлапчына. Па кнізе ўсё праглынуў, а на справе ня бачыў ‘шчэ…

— Можна, гэта можна, — адказаў вясёлы дзяцюк.

А другі, старэйшы, што поркаўся ля нафтавага рухача, злосна прабурчэў:

— Бач… Абрыдала Абрамаваму Іцку гузікі прышываць, дык у мэханікі лезьці ўздумаў! Ішоў-бы лепш гандляваць… І навукі ня трэба, прыраджоную здольнасьць мець павінен…

— Пакінь Максім! — кінуў маладзейшы. — ня ўсім-жа гандляваць! Трэба вучыцца і працаваць. Гэта наша дасягненьне, што далі мы магчымасьць усім прыгнечаным нацыям стаць на людзкі шлях, прыняць чалавечае аблічча. З царызмам скінулі мы брыдкую нацыянальную варожасьць, роўнымі людзьмі ўсіх парабілілі…

— Эт! панёс комсамол… — прабурчэў Максім і зьвярнуўся ізноў да рухача…

А малады электраправодчык Базыль, перакідаючы, перачышчаючы часткі дынамо, старанна тлумачыў Іцку прызначэньне, вартасьць для працы машыны кожнай з іх. Паглыбіўся ў дэталі, уважліва слухае Іцка. Пазабыў на ўсё наўкольнае, пазабыў і абразу, незаслужана атрыманую ад Максіма.

Зьнянацку чыясь рука дакранулася да яго пляча. Азірнуўся самавіты, поўны мужчына ў тэхнічнай шапцы недаўменна глядзіць на яго.—Сам начальнік дэпо.

— Гэта адкуль такі? — густа, як з бочкі, прамовіў.

— Гэта… гэта мой вучань, таварыш начальнік… — падскочыў Пшыбыльскі.

— Якія тут могуць быць вучні?! Ня вучань, а староньняя асоба, — прабубніў начальнік і пахмурны пайшоў з станцыі.

Замітусіўся, застракатаў Пшыбыльскі:

— Ідзеце, ідзеце адсюль, таварыш Рабіновіч, начальнік дэпо, бачыце, нездаволены. І як гэта мы яго ня прыкмецілі… Калі ён трапіў ў майстэрню?..

Максім гугнява захлябаўся ўсьлед Іцку, які панура пайшоў з майстэрні:

— Ідзі, браток, лепш гешэфт мах… Хі хі-хі…


∗     ∗

— Ну, і дурны-ж ты хлапец, як я пагляджу… Хоць табе ўжо і семнаццаць гадоў, як ты кажаш, ёсьць Гэта-ж трэба галава зварыла, пайшоў да Пшыбыльскага ў паслугачы! Што ты ў яго за паслугача толькі, дык гэта ясна, як апэльцын. Будзеш сядзець у яго над кнігамі і, апрача дзюркі ў нагавіцах, нічога ня выседзіш. А Пшыбыльскі тваімі рукамі будзе сабе розныя цацкі вырабляць. І ён яшчэ ўдзячны яму за ласку такую?! Бачылі такога дурня! Ну і ну…

Ужо з паўгадзіны, як адчытвае Іцку Базыль электраправодчык, спаткаўшыся, калі Іцка ішоў на заняткі да Пшыбыльскага.

— Ці-ж так на працу паступаць трэба? Малады хлапец, а ні чорта ня ведае. З месяца зваліўся, ці што? Трэба-ж у мясцком пайсьці, а то да нас — у комсамольскую ячэйку. Тут раз-раз, справа наладжана і Іцка вучнем на электрастанцыі. Вось як! А то марнуе восем месяцаў на паслугацтва пану Пшыбыльскаму. Цьфу! — зусім раззлаваўся Базыль.

— Ну, але-ж хоць і дурань ты, ды шкада дурня мне. Айда ў мясцком!

— Пачакай, Базыль, а як жа з Пшыбыльскім? Ня пекна-ж так... Ён вучыў, абяцаў сам прыстроіць на працу, а тут... Як-жа я на вочы яму пакажуся? Сорам неяк зьбегчы ад яго, не сказаць яму нічога...

— Скажам, чаму не сказаць? Скажам! Але-ж ня зараз. Мы, брат, зробім усё, а потым і скажам шаноўнаму загадчыку. Ну, айда!

І пацяг Базыль Іцку ў мясцком.

У мясцкоме Базыль расштурхаў рабочых, што прыйшлі таксама па справах, а то і проста пасядзець, пагутарыць, маючы час вольны, і луналі ў хвалях тутуновага дыму.

— Расступіся, хлопцы! Тут у мяне нацыянальнае пытаньне вырашаецца! Слухай, старшыня, — падцяг ён Іцку да стала. — Вось хлопец сьпіць і ўва сьне бачыць электрастанцыю. Ды ня ідзе на яе простым шляхам-, а ў Пшыбыльскага за парабка з год працуе, фіглі-міглі яму рабіць пасабляе, рабочы стаж на яго кватэры зашыбае Дык вось — скрабані паперыну ў кантору дэпо, каб гэта яго па простаму шляху на электрастанцыю завесьці — вучнем зрабіць. У нас цяпер якраз нікога няма, а падвучаць заўсёды варта хлапца якога. А гэты якраз падходзіць.

Базыля ў мясцкоме, відаць, добра ведалі. Паперку яму далі ў рукі ўраз.

А з паперай той у канторы дэпо толькі формальнасьці адбылі — па кнігах пазапісвалі: калі мясцком накіроўвае — значыць, ведае каго!

І стаўся Іцка вучнем на электрастанцыі, ды нават з невялічкай грашовай аплатай.

— Ну, вось, бачыў? А то… Ну і ну… Галава твая, галава! Такой комэрцыі ня вылічыла. Дурань пасьля таго і Максім, што гандляваць табе раіў, — сьмяяўся Базыль.

— Ну, а цяпер можна і к Пшыбыльскаму.

— „Як-то там будзе?..“ — мігцела ў галаве Іцкавай Радаснае адчуваньне таго, што нарэшце дабіўся ён даўно чаканага — сапраўды робіцца вучнем на электрастанцыі, неяк стушоўвалася пры думцы аб надыходзячым спатканьні з Пшыбыльскім.


∗     ∗

Узышоўшы на вэранду, Базыль паляпаў у дзьверы, скрывіўшы сьмешную міну ў Іцкаў бок. Відаць ведаў і ён хатні этыкет Пшыбыльскіх.

Пшыбыльскі зьдзіўлена пазіраў на зьяўленьне Іцкі разам з Базылём.

— Дзень добры. Вацлаў Адольфавіч! Ведаеце якая штука? — Ня даў яму доўга разважаць Базыль. — шанцуе вашаму Іцку. Ну і шанцуе ж! Тэта мы надоечы гутарылі, галовы ламалі ў мясцкоме — каго-б то прыладзіць на электрастанцыю вучнем, а тут якраз вось пад рукой хлапчына ёмкі. Я тут р-раз, у мясцком, ды за яго слова. Гатова! Справа наладжана, згадзіліся Тут — паперу ў кантору дэпо, і ваш Рабіновіч можа спакойна замацоўваць на практыцы веды, атрыманыя ад вас. Сурпрыз для вас і Іцкі адкалоў! Вось пашанцавала, дык пашанцавала… Скачы брат, Іцка шчасьлівы ты брат у нас…

— Ну, і прыткі вы, Базыль! Толькі зьбіраўся я пасьля таго няпрыемнага выпадку аформіць справу з вучнёўствам таварыша Рабіновіча, аж вы і падасьпелі! Ну і спрытны… Дужа спрытны… Ведама: малады, жвавы Хі хі хі… Ну, і добра… Дзякую, дзякую! І сапраўды шанцуе вам, Іцка Абрамавіч. Вам спачуваюць, дапамагаюць… — ветліва пасьміхаўся Пшыбыльскі.

Але ў вачох ягоных мільгалі злосныя аганькі.

Толькі-толькі павінна была яскрава выявіцца яго лёяльнасьць, заслуга перад большэвіяй як справу вырваў з ягоных рук комсамолец Базыль.

Чаканы трыумф геніяльнай ідэі пана Пшыбыльскага быў зусім нечакана разьбіты.

— Ну, што? Лоўка я падвёў? І сена цэла, і козы сыты! — сьмяяўся Базыль, сходзячы з вэранды.

Заспакоіўся Іцка, цалкам аддаўся перажываньню радасьці, асалоды новага свайго становішча, мэрам аб далейшай працы вучобе.


∗     ∗

Пачалася новая паласа Іцкавага вучнёўства. Ня два разы на тыдні, а штодня ходзіць ён на электрастанцыю. Не сядзіць за кнігамі, праходзіць вучобу на практыцы, ходзіць з электраправодчыкамі, часьцей за ўсё з Базылём, на праводку новых ліній, на хатнія праводкі асьвятленьня. Вучыцца на практыцы прыстасоўваць тыя веды, што набыў. Дапамагае разьбіраць, перачышчаць дынамо, нафтавы рухавік. Каб быць добрым працаўніком, трэба шмат чаго навучыцца рабіць.

І старанна працуе Іцка. Стараннасьць, адданасьць улюбёнай справе — добрая адзнака Іцкі. І вялікія посьпехі ў вучобе выказвае ён.

Праз якія паўгода скончылася — вучнёўства. З дапамогай мясцкому атрымаў ён пасаду электраправодчыка. Стаў роўным на працы з Базылём. І рады гэтаму Базыль. Рады за таго, каму паказаў просты шлях на вытворчасьць на працу.

І ўсё б добра. Каб не адно толькі… Каб не перашкоды. А яны ёсьць у Іцкавай працы. Перашкоды, якія атручваюць усе лепшыя адчуваньні, якія дае праца, навука.

Максім, а за ім і яшчэ некаторыя з несьвядомых рабочых дэпо так і глядзяць, каб чым назаліць, дапячы Іцку. Ніяк ня могуць асвойтацца, згадзіцца з тым, што яўрэй прышоў на вытворчасьць, хоча заняць на ім месца. Не ўкладаецца гэта ў іхніх галовах, прызвычаеных да старога парадку нацыянальнай абмежаванасьці чыгункі.

— Гандляваць — вось гэта так, на тое яўрэй і створаны! А то на вытворчасьць лезе…

Ня бачаць яны стараннасьці Іцкавай, здольнасьці яго да абранай ім профэсіі.

Ня хочуць бачыць, не прызнаюць

Паглыбіцца гэта Іцка ў працу, ззаду падкрадзецца хто, шпоры з паперы прычэпіць, а то пакульля за пояс заткне. Пойдзе потым куды Іцка — сьмяюцца ўсе.

На пракладцы новай лініі, як першы раз прышлося лезьці Іцку на высачэзны слуп, з непрызвычайнасьці закружылася галава, спыніўся ён, не дабраўшыся да верху, да правадоў. А зьнізу крычаць:

— Злазь! Не табе, брат, па слупох лазіць! Табе-б гандляваць толькі!

Сплюшчыў вочы. Палез. І дабраўся… Потым лазіў ужо сьмела, рухава. Ня з ім толькі так было, — з кожным здараецца, калі лезе на слуп упяршыню. Але ж чаму толькі з яго кпінкі строяць?

Праз майстэрню ідзе — падножку, так і глядзі, паставяць, спаткнецца — рагочуць. І ізноў гавораць:

— Ішоў-бы ты, брат, кравецтвам займацца, ці гандляваць, — ня месца табе тут!

Шчыміць, баліць сэрца Іцкава.

„Ну, чым я вінаваты, што я яўрэй? Чым я горш за ўсіх? Чаму толькі ім можа быць месца на вытворчасьці, на чыгунцы?“ Думкі такія сьвідруюць мозаг Іцкаў, мітрэнжаць, атручваюць жыцьцё...

Ізноў закапваецца Іцка ў працу, у ёй знаходзіць збавеньне, забывае на ўсе няпрыемнасьці. Добра яшчэ, што ёсьць спачуваючыя сэрцы: Базыль, ды яшчэ некаторыя з сталых, сьвядомых рабочых:

— Плюнь, Іцка, перамелецца — мука будзе! Любяць нашы хлопцы языкі пачасаць, напалі на новага хлопца — высьмяхаюцца, а з‘ахвоцяцца — пакінуць, — падбадзёрваюць яны Іцку.

А самі на кожным кроку даводзяць усім стараннасьць і здольнасьць яго, немажлівасьць, недапушчальнасьць бязглуздага зьдзеку над хлапцом.

Стараецца Іцка, на справе даводзіць, што не дарма ён заняў месца на станцыі. Як атрымае сваю пэнсію — з гордасьцю аднясе большую частку старой Сары, а на рэшту грошай купіць кніжак. Кожную вольную хвіліну праводзіць за кнігай. Удасканальвае, пашырае веды свае. Расьце, шпарка пасоўваецца наперад. У ведах сваіх даўно перагнаў ён старых спрактыкаваных рабочых. Але ня выказвае гэтага, не вытыркае ведаў сваіх. Маўчыць і працуе.

Трэба на працы, на справе авалодаць увагай, прызнаньнем.


∗     ∗

Вось ужо тыдзень, як на электрычнай станцыі сумятня, разладзіца.

Пераабстаўлёўваюць, павялічваюць магутнасьць электрычнай станцыі. Устанаўляюць другую машыну. Будзе больш працы пры дзьвёх дынамо, павялічыцца штат. Будзе магчымасьць даць асьвятленьне ня толькі ў станцыйныя будынкі, але і мястэчку.

Робяцца новыя падмуркі пад машыны. Панацягана цэглы, цэманту. Забрудзілі, запэцкалі ўсё памяшканьне.

Скончылі з падмуркамі. І пачалася самая адказная праца. Носяць часткі машын. Зьбіраюць, складаюць. Народу багата, цесната неймаверная. Для падмогі ўзялі рабочых з іншых цэхаў.

Кіпіць работа! Весела ўсім, перакідаюцца жартамі. Пашырэньнем, павялічэньнем працы кожны давольны, узрадаваны.

Скончана. Стаяць дзьве красуні дынамо, два бліскучых — толькі з рамонту — рухавікі.

Любуючыся, аглядаюць рабочыя зробленую працу — паслухмяных рабочая руцэ мэталёвых асілкаў.

— Ну, і зажывём жа цяпер, хлопцы! Станцыя — хоць куды. Першага разраду проста!... Любата папрацаваць!

Скончылі падрыхтоўку. Яшчэ раз агледзелі, праверылі. Пусьцілі рухавікі. Запорскалі машыны, пабеглі ў бясконцым кругабезе навюткія скураныя пасы, завярцеліся дынамо.

— Ну, час і ток даваць!

Пайшоў стары Максім да разьмеркавальнага шчыта, уключае. З-пад рубільнікаў сыплюцца зоркі-іскры... Дала сьвятло першая дынамо.

— Даёш другую!

— Даю!..

Схапіў рубільнік Максім, націскае. Вось-вось уключыць.

З зьбялелым тварам падскочыў Іцка.

— Што робіш… — прыдушана выціснуў, моцным напорыстым рухам адкінуў з рубільніка руку Максімаву.

— Ці-ж гэтым рубільнікам?.. — ціха, перадыхнуўшы, прамовіў:

І зразумеў Максім: не падскоч Іцка, прамарудзь адну сэкунду — закруцілася-б другая дынамо ў процілеглы бок, стаўшыся простым моторам — прыдаткам да першай.

Першая дынамо ўступіла-б у няроўны бой з рухавіком другой пары — хто каго пераможа, хто ў свой бок пакруціць другую дынамо.

Ды ня доўга працягвалася-б страшнае выпярэдніцтва — перагарэла-б дынамо, або зламаўся-б рухавік…

Усё гэта зразумеў Максім, калі ўклічыў Іцка патрэбны рубільнік, калі супольна і роўна пачалі працаваць дынамо, складна і паслухмяна выконваючы загаданую чалавекам працу.

Не азнаёміўшыся як сьлед з новым разьмеркаваньнем правадоў і рубільнікаў з новай схэмай шчыта, нарабіў-бы Максім катастрофы, разбурыў-бы ўсю наладжаную, стройнуюпо будову.

∗     ∗

Ніколі ўжо Максім ня кпіў з Іцкі. Памятаў заўсёды, што каб ня ён — папсуў, пакалечыў-бы машыну.

І сорам нейкі адчуваў Максім пры спатканьні з ім. Сорам за мінулае, за зьдзекі свае з стараннага ціхага хлапца.

Пра выпадак дынамо даведаліся і іншыя, даведаліся і тыя, хто кпіў з Іцкі. Відаць і іх выпадак той прымусіў зьмяніць свой погляд на Іцку. Ня чуваць ужо кпінак, сьціхлі жарты грубыя, няўмесныя. Іначай глядзяць на хлапца. У позірках іхніх можна бачыць ужо і адзнаку пашаны.

— Так, так, Ічэ! Так, брат. Крой! На справе, брат, лепей давядзеш, цьвярдзей станеш на ногі, — радуецца Базыль — мы, брат, маладыя, месца свае заваюем!

Час ідзе. З кожным днём зьмяняецца жыцьцё, згладжваюцца былыя шурпатасьці, няпрыемнасьці, няпрыкметна зьяўляецца новае, добрае, лепшае.

Так і ў Іцкавым жыцьці. Былой варожасьці да яго з боку рабочых ня відаць. Убачылі, чаго варты хлапец, што па праву займае ён месца сваё.

Няпрыкметна пакінуў замкнёнасьць сваю і Іцка. Пасьмялеў, стаў гаваркім, таварыскім. Рад дапамагчы кожнаму парадай, падзяліцца ведамі сваімі. Ня мсьцівы, не злапомны. Ведае ён, што тое, што было — гэта гора, бяда рабочых, злобу якіх, параджоную клясавай няроўнасьцю — злоўмысна пераключалі паслугачы царызму на рэйкі нацыянальнай адмежаванасьці, варожасьці.

Зьмяняецца жыцьцё, адыходзіць і векавая агідная варожасьць.

Любяць паслухаць рабочыя разумныя словы Рабіновіча. Неяк сталася, што ласкальна паменшылі імя яго, кажуць — „Ічэ“. Нават і тыя, хто калісьці так варожа адносіўся да маладога, шчуплага яўрэйчыка, што не захацеў прышываць гузікі, што не захацеў гандляваць а захацеў знайсьці сабе мейсца на вытворчасьці.

— Ого, Ічэ, — галава з мазгамі. Клёк у хлопца ёсьць!

Пачынае Іцка заглядаць і ў грамадзкую працу. І тут яго ў „людзі выводзіць“ Базыль, найлепшы прыяцель Ічэ. Урачыстым днём для Базыля быў той дзень, калі праводзілі Ічэ ў комсамол.

— Мой выхаванец, — горда казаў ён усім. Ганарыўся Базыль Ічэ і паважаў яго. Бо і сам ужо мог шмат чаму навучыцца ў свайго „выхаванца“.

— Разам з Ічэ працуе Базыль над радыё-ўстаноўкай у клюбе. Разам з ім тлумачыць усім карыснасьць гэтага новага дасягненьня ў багатай магчымасьцямі, цікавай навуцы аб электрычнасьці.

Усюды яны разам, усюды яны неразлучны — маленькі хударлявы, чарнявы, заўсёды сур‘ёзны Ічэ, і высокі, дужы, бялявы, заўсёды сьмяшлівы Базыль.

— Спрагліся хлопцы, — пасьміхаюцца старыя рабочыя. — Малайцы! З маладых, даць, толк будзе. Паболей-бы такіх!

∗     ∗

Працерабіў такі Ічэ сабе шлях на чыгунку, перамог усе цяжкасьці, перашкоды. Сабе працерабіў шлях і другім прачысьціў, зрабіў вольным.

За Іцкай яшчэ некалькі яўрэяў пайшло на чыгунку. Есьць яны і ў дэпо, і ў рамонце, і ў кандуктарох. І нядзівіць гэта нікога, не падбівае на варожасьць, на кпінкі.

Над кравецкім сталом старога Абрама вісіць электрычная лямпа. Але ня часта карыстаецца ёй стары: працуе ўжо мала, проста па звычцы — для сябе, для сыноў шые што. Няма асаблівай патрэбы ў яго старых адпрацаваўшых сваю меру, руках: Ічэ корміць, утрымлівае сям‘ю.

Сьвятам, лепшым днём у жыцьці старых Абрама і Сары быў той дзень, калі сапраўды ўжо скончыў Ічэ свой „курс навук“, калі атрымаў годнасьць кваліфікаванага рабочага — дынамо-машыністага.

Зьзяюць твары старых. І сьлёзы радасьці засьцілаюць вочы Абрама.

Калісьці, калі Іцку было трынаццаць гадоў, выканаў Абрам закон спрадвечны, набожна сказаўшы „Борух шапатраін мізэ“[1]. Але далёка неспакойна было сэрца Абрама. Няпрыстроены сын малы быў — хто ведаў, што і як будзе з ім… І ў законе, звычаю спрадвечным, адчувалася нейкая зьмярцьвеласьць, сухая, недарэчная, нікому не патрэбная формальнасьць…

Вось цяпер то можна было-б спакойна, упэўнена сказаць гэты звычаёвы сказ. Але ці варта? Ці ж „тварэц нябесны“ дапамог тут? Ці-ж дапаможа ён комсамольцу Ічэ? І нязручна неяк дзякаваць богу за комсамольца. А можа і зусім яго няма, як даводзіць упарта старым Ічэ?..

— О, каб я ведаў раней, што мая жонка будзе ведаць пазьней — якім-бы разумным быў тады я…

І, як некалісь, пачынае Сара:

— Ці-ж не казала я табе, Абрам, што будзе чалавекам наш Іцка?

Асіпавічы 1929 г.



  1. „Блаславёны аслабаніўшы мяне ад гэтага“ — па-яўрэйску. Гаворыцца звычайна ў выпадках, калі шчасна канчаецца якая-небудзь цяжкая справа, а таксама, калі сын дасягае трынаццацігадовага ўзросту (рэлігійнага поўналецьця — робіцца „самстойным“, сталым (Увага аўтара).

ЦАНА 15 кап.



Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.