Іржавец (Шаўчэнка/Клімковіч)
Іржавец Верш Аўтар: Тарас Шаўчэнка Пераклад: Міхась Клімковіч Крыніца: Кабзар — с. 152—153 |
Нарабілі калісь шведы
Вялікае славы:
Уцякалі з Мазепаю
Ў Бендэры з Палтавы.
А за імі й Гардзіенка[…
Парадзіла маці,
Як пшаніцу жаць, так лёгка
Палтаву дастаці.
Ой пажалі б, як бы дружна
За адно ўсе сталі,
Ды з Хвастоўскім палкоўнікам
Гетмана ядналі.
Не хавалі б пік у стрэсе
У Пятра у свата
І з Хорціцы б не ўцякалі
У свет небажаты.
Не спыняў бы іх Прылуцкі
Палкоўнік паганы…[
Не плакала б божжа маці
Ў Крыму за Украйну.
Як пакідалі маці-Сеч
І Луг вялікі запарожцы
І з родных земляў ішлі прэч,
З сабою ўзялі маці божжу,
А больш нічога не ўзялі,
І ў Крым да хана паняслі
На ліха-гора Запарожжа.
Хмару белую закрыла
Ды чорная хмара.
Панам стаў над запарожцам
Паганы татарын.
Хоць дазволіў на пясках хан
Новым коштам стаці,
Ды не даў ён запарожцам
Цэркаў збудаваці.
У шатры тайком змясцілі
Образ прасвятое
І маліліся украдкам…
Божа мой з табою!
Мой краю, прыгожы, раскошны, багаты,
Хто цябе не мучыў? Як-бы расказаць
Пра якога-небудзь аднаго магната
Гісторыю-праўду, то перапужаць
Само б пекла можна. А ў Данта старога
Здзекам мог поўпанак, хоць які, здзівіць,
І ўсё тое ліха, усё кажуць ад бога!
Няўжо яму люба людзям зло тварыць?
Няўжо яму люба мучыць Украіну?
Што яна зрабіла? За што яна гіне?
За што люд Украйны ў кайданах маўчыць?
Расказалі кабзары нам
Пра войны, пажары,
Пра цяжкое ліхалецце,
Пра лютыя кары,
Што пракляты лях прыносіў,
Пра ўсё расказалі.
Што ж рабілі пасля шведаў!
Тое й іх спужала,
Анямелі з таго страху
Кабзары сляпыя.
Гэтак яе ваяводы
Пятровы ліхія
Рвалі, грызлі… І здалёку
Запарожцы чулі,
Як у Глухаве званілі,
З гарматы раўнулі.
Як пагналі на балота
Горад будаваці.
Як па дзецях галасіла
Старэнькая маці.
Як дзетачкі на Орэлі
Лінію капалі
І ў далёкай Фінляндыі
Ў снягах прападалі.
Чулі, чулі запарожцы
З далёкага Крыма,
Як канае гетманшчына,
Нявінная гіне.
Чулі, чулі небажаты
Чулі, ды маўчалі,
Бо над імі на чужыне
Мурзы лютавалі.
Мардаваліся казакі,
Плакалі, а з імі
Заплакала божжа маці
Слязамі святымі.
Заплакала яна горка,
Быццам-бы па сыне.
І дайшлі да бога слёзы,
Прачыстыя слёзы!
Пабіў Пятра, пабіў ката
На гладкай дарозе.
Вярнуліся запарожцы,
Прынеслі з сабою
Ў гетманшчыну той цудоўны
Образ прасвятое.
Паставілі ў тым Іржаўцы
У мураваным храме.
Там яна й дагэтуль плача
Разам з казакамі.
Орская крэпасць 1847