Інтэрнацыянал (Пацье/Александровіч)
Інтэрнацыянал Верш Аўтар: Эжэн Пацье Пераклад: Андрэй Александровіч Крыніца: Літаратура і мастацтва. — 1957. — №35 (1154). — ст. 1 |
Іншыя пераклады гэтага твора: Інтэрнацыянал. |
1.
Паўстань, з’еднаны сілай грознай,
Працоўны люд усіх краёў!
Бурліць абураны наш розум
І весці ў гнеўны бой гатоў.
Агнём зруйнуем да асновы
Свет лютых здзекаў, а затым —
Мы наш, мы свет збудуем новы:
Хто быў нічым, той стане ўсім.
2.
Ніхто дабром не дасць збаўлення —
Ні бог, ні цар і не герой.
Даб’емся самі вызвалення
Сваёй уласнаю рукой.
Каб скінуць з плеч прыгнёт умела,
Нанесці свой смяротны ўдар, —
Жалеза ў кузні куйце смела,
Пакуль іскрыцца ў горне жар.
3.
Закон — мана і здзек дзяржавы,
Падаткам жывяцца паны.
А наша моц і наша слава
Закуты ў ёрмы-кайданы.
Далоў атруту панскай ласкі,
Закон аб роўнасці — далоў!
«Няма правоў без абавязкаў
І абавязкаў без правоў!»
4.
З нарабаваным час расстацца,
Заводаў, шахт гаспадары
Даволі весці гандаль працай,
Крывёй народнай, гандляры.
У вашых банках захаваны
Здабыткі працы векавой.
Паўстань супроць магната-пана,
Агнём бяры здабытак свой.
5.
Каб нас няволіць, нам вяроўкі
Плятуць цары і каралі.
Салдаты справяць забастоўкі,
Штыкі павернуць да зямлі.
Мы з рук не выпусцім аружжа,
Як кінуць нас за панства ў бой.
Вайна вайне! Мы выйдзем дружна
На зброд драпежніцкі вайной!
6.
Мы ўсе, гартованыя працай,
Сусветнай арміі сыны,
Зямлёю будзем карыстацца,—
Правы — у нас, далоў — паны!
Калі-ж расплатай загрукоча
Над прыгнятальнікамі гром,—
Нам будзе сонца жыватворча
Сваім праменным ззяць агнём.
Гэта бой наш апошні,
Наш рашучы паход,
Інтэрнацыяналам
З’еднаем людскі род.