Інквізіцыя (Астапенка)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Інквізіцыя
Аўтар: Зьмітрок Астапенка
1930
Крыніца: http://vershy.ru/content/inkvizitsyya

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З гішпанскаю ночкай чатыры сьцяны
Здружыліся моцна і слаўна…
Апоўначы ціха прыходзяць яны —
Кожны ў чорнай сутане.
Прыходзяць як здані, як сны уначы,
У муры гарацешнай цямніцы…
З малітваю дзынкнуць чатыры ключы —
Сант-інквізіцыя…
Таемныя маскі і сьвет ліхтароў,
І складзены вусны ў гімне…
А заўтра на полымя боскіх кастроў
Пацягнуць ў Мадрыдзе, у Рыме…
— У славу Марыі, у славу Хрыста,
У вечную боскую памяць!…
Трагічныя бляскі жывога кастра
Зямлю і стагодзьдзі заплямяць.
Тут Гуса запаляць, Джардано Бруно,
Тут сотня жанчын спапялее…
Тут згасне, згарыць за варожай сьцяной
Вялікі уздым Галілея.
Жыцьцё на стагодзьдзі павернуць назад,
Асудзяць народы, краіны
На чорны застой, на глухі заняпад,
На аўто-да-фэ, на загіны…
Тут розум зьняволяць і возьмуць ў палон,
Зальлюць непавіннаю кроўю,
І кроўю запішуць ў гісторыю дзён —
«Сярэднявякоўе»…
Тут пройдуць вялікія папы чаргой,
З распустай пад чорнай сутанай…
Пральлюць акіянам рабочую кроў
Фашысты ля сцен Вацікану.
У гэтых жа масках на зьдзекі, на гвалт
Людзей павядуць ў камяніцы…
Апоўначы прыдзе ў рабочы квартал
Фашыо-інквізіцыя…
Задушаць за той жа варожай сьцяной
Парывы, узьлёты паўстаньня
І ноч кардыналам паўстане ізноў
У чорнай манашай сутане.
І пройдзе, як шпег праз рабочы квартал,
Прасочыць… Наскочыць нястрымна…
А заўтра пацягнуць на зьдзекі, на гвалт
Ў Мадрыдзе, Вэнэцыі, ў Рыме…

1930