Імбрыя
Імбрыя Проза Аўтар: Язэп Драздовіч |
Бачыў у сыстэматычным шляхавым парадку цэлыя мілі краявідаў з высокімі стромкасьцяністымі чорнымі гарамі, з глыбокімі пустыннымі пласкадоннымі далінамі, са страшна глыбокімі, бяздоннымі, як ад землетрасеньня, лопаўкамі скаліста-чорнага дна некаторых з гэтых далін, якія цягнуліся цэлымі мілямі. Бачыў прасторныя даліны і цэлыя палі раўнядзяў, якія былі пакрыты таўстымі сівымі слаямі нейкай перасохшай патрэсканай у дробныя пакрыжованыя лопаўкі і лопавачкі сьветла-папеляцістай гразі. Бачыў у гарах глыбокія падскальныя гроты з выплываючымі зь іх вадападзістымі руччамі і рэкамі ляніва цякучай крынічнай вады. Бачыў цэлыя рэкі ў далінах між гор цякучай вады, з адмелістымі чарназемнымі ды камяністымі берагамі. Бачыў таксама ў некаторых далінах дзе кустамі, а дзе цэлымі парасьнікамі тамтэйшую расьліннасьць, якая ў большасьці сваей складалася найболей зь мясісталістых, як нешта ў родзе нашых агаў ды альвасаў. Бачыў і пааддзельныя рыжакорыя дрэўцы са звычайналісьцястых лістазьменных, якія прыпаміналі па форме свайго агульнага выгляду нашыя вішні.
Але ня бачыў я там ані якіх жывёл, ані якіх жывучых істот, а перадусім тамтэйшага высокакультурнага жыхара-чалавека, праца рук якога напатыкалася мне чуць што ні на кожным кроку. Але, на вялікі жаль, у запусьцелым, знаць, акінутым, апушчаным, зруйнаваным выглядзе, як у вымершым сьвеце.
Бачыў штучна абладжаныя наскрозь скал гротавыя праходы.
Бачыў штучна праложаныя тэрасістыя сьцегі-дарогі ў горных далінах, — але ўсе яны пазапярэкаваны мейсцамі абваламі скал і пазастаюцца так нерасчышчанымі, бо ўжо некаму, як відаць, хаджаваць.
Бачыў высокія вялічэзныя муры, якія можна назваць хіба толькі дварцамі, і ўсе яны апушчаны, акінуты людзьмі, пустуюць, руйнуюцца, абрастаючы плясьнівага колеру мохам ды папеляцістым зельлем.
Бачыў вялічэзны і маляўнічы ў прасторнай даліне, асьветленай сонцам, беламармурны з ружаватымі водценямі горад з кубавастых плазкаверхіх муроў, сярод якімі ўзвышалася высокая ружаватая вежа, якая калісь, як відаць, упрыгажала сваею маляўнічаю веліччу цэлае места. А цяпер на ёй, як і на бальшыні рэшта будоўлі гэтага маляўнічага места, рысаваліся сьляды руйнуючай старасьці і пусткі.
Магільнік, які бачыў я ў гэтай чужасьветнай таямнічай краіне, — гэта цэлае поле беласьнежнай скульптуры. Галерэя мастацкай працы рук тамтэйшага чалавека. Ці аглядаець там цяпер хто яе?
Ці ёсьць каму там яе аглядаць?.. Магчыма, што ёсьць… Бо бачыў, як нейкі мастак, знаць, вандроўнік, турыст, самабытны тыпічнарасавы лунід зь ветаховай паўкулі, маляваў тут, у гэтай краіне, таўстасьценную браму старадаўнейшага нейкага муру замчышча.
І
Два разы бачыў тут, у гэтай краіне, вялічэзную, прасторную, як у некалькі вёрст, паволі схонавастую ў бок да земнасьвету плошчу, усеяную, усаджаную бязьлікай множасьцьцю беласьнежных мармуровых фігур чалавечых.
У першы раз на жаданьне маё зьведаць: “Ці ёсьць там якое-небудзь жыцьцё або хоць бы якія-небудзь па ім прызнакі”, — і я ўбачыў пры чорным начным небе і ясным серабрыстым земнасьветным сьвятле ўстаўленае беласьнежнымі асобамі людзей цёмна-шэрае поле.
Асобы гэтыя мелі выгляд не аднолькавы — і большыя, і меншыя, і найболей у стаячай позе.
А распакладаліся яны досыць рэдкавата, але ў пэўным парадку.
І кожная з гэтых беласьнежных асоб, судзячы па пахілу галоў, як відалася, была зьвернута тварам у бок нашай зямлі, у бок земнасьвету.
У другі ж раз, у наступны, на пажаданьне маё пабачыць на Месяцы самыя найбольшыя, калясальныя працы рук тамтэйшага чалавека — і я ўбачыў вялічэзную цёмна-карычневую мураваную абгародную бязьвежную сьцяну, якая абгараджавала сабою вялікі абшар нейкага пласкаватага схону адгор’я.
А па-за гэтаю сьцяною, у абгародцы апошняй відалася ўстаўленае беласьнежнымі незварушнымі асобамі людзей прасторнае пахілястае ў бок нашай зямлі, у бок земнасьвету, загадкавае поле скульптуры. І кожная з гэтых, знаць, разьбаваных зь беласьнежнага мармуру асоб была зьвернута перадам таксама ў бок нашай зямлі, у бок земнасьвету.
Па агульнаму ўражаньню ўсё гэтае поле, якое прадстаўляла зь сябе ў гэтым надземным зь бязвоблачным небам міры вялічэзную галерэю мастацкай працы рук тамтэйшага чалавека, як прызнаку высокай культуры і здольнасьцяў тамтэйшай людзкасьці, было ня чым іншым, як нейкім патрыярхальным магільнікам. А разьбованыя асобы людзей, зь якіх, на вялікі жаль, ані адну зь іх не давялося падробна зблізку разгледзець, магчыма, што прадстаўлялі зь сябе партрэты адыйшоўшых на вечны супакой на ўласных іхніх жа магілках, — як памятнікі.
Па агульнаму выгляду здалёку — тут было, відалася не прымітыўнае, а запраўднае, удасканаленае разьбярскае мастацтва, якім маглі абладаць старадаўнейшыя грэкі.
ІІ
Бачыў тут, у гэтай вялікай прасторнай краіне суседняга нам сьвету, вялічэзныя шэрыя сьцены зруйнаваных муроў, нейкай шырачэзна-прасторнай і высокай будоўлі, прыпамінаючай безваконную абваленую сьцяну нейкай крэпасьці бязь вежаў. Вуглавыя часьці гэтай будоўлі былі зруйнаваны дашчэнту. А ад самога аснаўнога чатырохкутнага корпусу яе пазаставаліся толькі адны высокія і таўстыя безваконныя шчыты бакавых сьцен на раўнядзі нейкага цёмна-шэрага поля.
ІІІ
Бачыў таксама ў гэтай жа самай таямнічай краіне, з нутра нейкага прасторнага чатырохкутнага панадвор’я, вялічэзныя роўнасьценныя чатырохстольныя папелятага колеру муры, якія замыкалі ў сабе гэтае панадвор’е, прыпамінаючы сабою муры нашых зямных старадаўнейшых кляштараў.
Агромністыя прастакутныя прабоіны вокан гэтых муроў, якія выхадзілі, як відалася, толькі ў нутро, на заросшы нізкаватарослымі таўстымі шэрымі пухавацісталістымі дрэвамі дзядзінец, былі прыгожа, па-мастацку ашалёваны з арнамэнтаванымі формамі контураў гладкім белым мармурам, які прыгожа выдзяляўся на папеляцістым фоне роўных і гладкіх сьцен высокага муру. Хоць па выгляду як папелятыя сьцены, так і абрамоўка вакон былі гладкі і цэлы, аднак жа ад іх веяла нейкімі таямніча-загадкавымі пусткамі.
У вокнах не відалася ані шкла, ані рам, ані якіх заслон, а замейсц усяго гэтага зіяла толькі чорная цьмяран пусткуючых нутроў муру.
Нанізе па падсьценьню замейсц сьцежак-дарожак ляжалі цэлыя крушні ці то каменнага, ці то шэрацэглянага грузаўя.
А на самым версе, на грыве вяночнай сьцяны, рысаваліся беспарадкавымі зубцамі руйнація верхніх паверхаў.
А з па-над зруйнаваных уверсе гэтых высокіх шэрых сьцен відаўся дзесь наводдалі чырванаватаю акругляста-пірамідальнаю плямай сымэтрычнаконтурны шчыт яшчэ вышэйшага за гэтыя сьцены нейкага высокаўзносістага муру.
ІV
Бачу і адчуваю, што я знахаджуся пры ясным серабрыстым дзённым сьвятле на дзядзінцы нейкага магутнасьценнага старадаўнейшага замчышча. Зьлева і справа ценевацелі высокія папелятыя зьнізу таўсьцейшыя, а ўгору цянейшыя шырокаадкосістыя сьцены безваконнага муру.
А насупраць магутнасьценная чатырохкутная брамавая вежа з глыбокім круглаватаскляпеністым брамавым тунэлем, зьнізу, як бытцам высечаным ня ў штучна ўзьведзенай вежы, а ў нейкай прыроднай сівавата-папелятай скале.
А на асяродку дзядзінца гэтага замчышча стаяў чалавек невысокага, але моцнага складу. Плячысты, грудзісты, з буйным пацяглаватым загарнага колеру тварам. З высокім выпуклястым чалом. Зь нешырока займаючай на галаве цьмянай шэвэлюрай. З густымі растучымі наўперад броўмі. З глыбакавата засеўшымі цёмнымі веямі. З пацяглаватым роўным і неканцястым носам. З шыракаватымі пацяглаватымі данізу паўнаватымі шчокамі і з пацяглаватым да грудзей падбародкам, творучымі абрыс твару ў профіль пад лінію дрэўца стралецкага луку або маладзіковага серпа.
Апранут ён быў, як відалася, у даўгую, паніжэй калень, белую зь сіваватым водценем палатняную кашулю. А цераз плячо зьвісала, як нешта ў родзе тогі, таксама белая палатняная тканіна.
Ён стаяў і, павяртаючы твар і зрок свой то ў бок гэнае брамы, то перад сабою пад праворна-рухлівыя рукі, якімі, як відалася, нешта рабіў на нейкай мэталічна-серабрыстага колеру ценкай дошцы.
Відавочна, што гэта быў нейкі турыст, вандроўнік і мастак, які заносіў на малюнак у свой падарожніцкі альбом гэную масіўную манумэнтальную старасьвецкага выгляду браму замчышча.
А ў ягоным здаровым цьмяназагарным з буйнымі авальнымі рысамі твару сьвяцілася нейкая паважная дабрародная прастата з дабрадушшам і натхнёнасьцю любві да сваей працы.
* * *
І адчувалася мне, што я апынуўся на паўночна-заходнім (ветаховым) акрайцу вялікай цёмнаплямнай краіны, так званай Marе Imbrium, у нейкіх высокіх чорна-папелятых скалістых гарах, асьветленых ясным серабрыстага колеру сьвятлом ні то ад нашай зямлі, ні то ад самага сонца, але з надта ж цёмнага, аж чорнага неба, так што трудна было спанатраваць адразу, ці гэта быў дзень, ці гэта была ноч. Судзячы па яснаце таго сьвятла, якім былі асьветлены тамтэйшыя горы і даліны, — здавалася, што гэта быў ясны сонечны дзень. Але, прыгледзеўшыся да чорнага неба і да аб’інівацелага, абшэрашэўшага сьнегам ценкага зьвісаючага гольля кустоў і дрэвак тамтэйшай расьліннасьці, — гэта быў ня дзень, а запраўдная земнасьветная лунная ноч, калі на абернутым да нашай зямлі месяцавым баку пачынаецца раніца дня-лета, маладзік, а водсьвет ад сонца на Месяц нашае зямлі яшчэ ў поўні і сьвеціць на Месяц поўным сьветам сваім. Тады на Месяцы, у бачанай мною гэтай краіне, ужо па поўначы і ў высокіх гарах ды на ўзвышах гэтае краіны, дзе паветра шмат радчэйшае, чымся ў глыбокіх далінах ды на нізінных раўнядзях, пачынаець зімнець, халадаць, і мароз забіраець свой верх над цяплом, пакрываючы ініем сьнегу ня толькі расьліны, але й менш нагрэтыя сонцам у працягу страшна доўгага луннага дня-лета тамтэйшыя ўзвышастыя грунты ды ценявыя бакі горных скал, асаджаючы вільгаць з паветра ў крышталы беласьнежнага шэрашу на ценкае гольле расьлін і астыўшыя скалы.
Пры наступленьні ж тамтэйшага страшна даўгога, чатырнаццацьдзённага луннага дня-лета, пад уплывам доўгатрывалых і пякучых лучоў тамтэйшага на бязвоблачным небе вечна яснага сонца награваюцца грунты і скалы, і сьнежны шэраш, які пакрыў іх сабою ў працягу двухтыднёвай начы, растаіваець, абяртаючыся ў непрыкметны туман і ўсплываючую вільгаць — ваду.
Ад стáяўшага на ўзвышшах сьнежнага шэрашу адвільгачаваецца і гусьцеіць тамтэйшае радкаватае паветра. Ад яго папаўняюцца цякучыя воды горных руччоў. Ён жа папаўняець сабою скрозь скалы праз шчэлкі лопавак падскальныя лёхі крыніцы падскальнай вады, зь якіх выцякаюць і цякучыя воды гэных горных руччоў. Ім жа жывяцца і тамтэйшыя мяйсцовыя расьліны, для якіх ён адвільгачаваець грунт, замяняючы сабою дажджы. Ад яго ж тут і ўсе цякучыя воды, якія вільгаць заносяць і туды, дзе няма маразоў і ён сам не бываець.
Сьнежны шэраш у гарах — гэта жывіцель луннага міру.
Ад яго леднікі на вельмі высокіх гарах. Але ад яго рэкі, руччы і азеры вады з-пад гэных леднікоў, якія ён там панакрышталізавоўваў.
Ад яго росы, туманы, вятры. Празь яго і дажджоў на Луне не патрэбна.
Дзеля звароту вады на Месяцы сьнежны іній (шэраш) — гэта тое самае, што й на нашай Зямлі — выпар нашага мора. Ня будзь у нас выпараў мора — не было б дажджоў, а без дажджоў усе нашыя сушы — пустыня. Тое ж самае і на Месяцы: ня будзь там па начах шэрашу як дабывача вады з паветра — крынічна-кратэрных вод не хапіла б. А бяз сталага пэрыядычнага звароту высыхаючай вады з паветра не было б аніякай там расьліннасьці. А калі б і была, то хіба толькі невялічкімі аазамі, як у тэй пустыні Сахары, — каля крыніц ды ў цырках з ваданоснымі кратэрамі, якія мне ўжо давялося аглядаць, адзін каля Трывежу, другі каля шляху з Трывежу на Арыяпаль, а трэцьці на арэне вялічэзнага цырку, апісанага мною “Ў чорным лябірынце”.
* * *
Апынуўшыся ў глыбакаватай і цеснаватай міжгорнай даліне, я пачаў аглядацца.
Кругом мяне высока ўзнасіліся гладкаватыя стромкія беласьнежныя, аб’інівацелыя сьцены гор. Толькі к паўдню, у бок земнасьвету, скрозь высокую міжгорную браму адчынялася воддаль зь ясна асьветленай міжгорнай даліны з чорна-сызаватаю зьверху павалакаю земнасьветнага луннага неба.
А па глыбокаму беласьнежнаму дну гэтай даліны віхлілася чорнаю стужкай камяністадонная рэчка незамёрзлай цякучай вады.
Непадалёку ж мяне, нанізе, у нейкім трохсьценным закутку аб’інівацелых скал цемнавацела нейкая дугавастая адтуліна шырынёй як у пару сажон падскальнай нары.
А з адтуліны гэтай цёмнай нары бясшумным лянівацечным вадападам выплывала далінная рэчка вады.
А па-над цёмнаю адтулінай гэтай падскальнакрынічнай нары нахіляліся, зьвісаючы пухавастымі сьнежна-белымі паяскамі, даўгое ценклявае аб’інівацелае гольле нейкай гібкай травяністай расьліны. А зьвісаючы, кланяліся, як бытцам ад павеву з нутра гэнай нары нейкага ветру.
Глыбокая міжгорная даліна, якая пачыналася рэчкай з-пад абшэрашэўшага сьнежным ініем міжскальнага куту крынічнага гроту і аддалялася на паўдзён ці то на юга-ўсход у бок к земнасьвету, — штораз, чым далей, шырэла і штораз, то ніжэй спускалася, пераходзячы з пааддзельных міжгорных лагчын у шырокую і даўгую, як у некалькі міль даўжынёю, прасторную, плескадонную даліну, абнесеную з усходу высокаю цёмна-папелятаю сьцяною спрасной скалы.
А ўдоўж гэтай скалы, па падсьценьню, цягнулася гладкаватая, крыху тэрасістая штучна аблажаная дарожка. А побач з гэтай дарожкай, усьцяж, цягнуўся праз усю гэную даліну, уздоўж скальнай сьцяны, не шырокі, як у некалькі сажон шырынёю, глыбокі, са столь абарвістымі чарнаскальнымі берагамі цёмны роў, які прыпамінаў сваімі канцястымі брыжамі і вуглястымі павароткамі бяздонную лопаўку чорнай скалы.
Акінуўшы глыбокі між[с]кальны аб’інівацелы кут крынічнага гроту і трымаючыся напрамку к паўдню (на юг), я напаткаў на сваім шляху цэлы рад міжгорных лагчын з аб’інівацелымі парасьнікамі расьліннасьці з дрэваросьляў, зь якіх найболей мне ўрэзалася ў памяць беласьнежная брама з дрэваросьляў, даўгія ценклявыя гібкія галінкі які[х] угарэ перапляталіся між сабою і ўтваралі зь сябе прыгожае зь беласьнежных паяскоў брамавае скляпеньне, бытцам у нейкай фантастычнай альтане.
Памінуўшы гэтую браму з аб’інівацелых дрэваросьляў, я апынуўся ў нейкай прасторнай міжгорнай лагчыне, дзе ўжо не відалася абшэрашэўшых сьнежным ініем ані скал, ані дрэваросьляў. Насупраць мяне стаяла вышынёю з нашую вішэніну ценклявае, крываватае, пахілае на захад, з даўгім ценклявым выцягнутым на захад гальлём рудакорае дрэва. А на адным з даўжэйшых галін гэтага дрэва зьвісала некалькі пажоўклых, знаць, захопленых зімою луннай ночы, невялічкіх вузкаватых чаўнакавастай формы лісткоў, якія, зьвісаючы наніз, краталіся ад нейкага павеву, сьведчучы аб тым, што тут было густаватае паветра, і нават зь ветрам.
А падаўшыся яшчэ далей, я апынуўся ў нейкай міжгорнай лагчыне зь незаслоненым высокімі гарамі паўднём і ўсходам, дзе зусім не відалася абшэрашэўшых сьнежным ініем скал, нават самых высокіх, аднізу…
А па дну гэтай лагчыны, па чорным, як смоль, грунце, расла ўраскідку паасобнымі кустамі вечназялёная расьліннасьць, як нешта ў родзе нашых зямных агаў, прынізістых бясстволых альвасаў і некаторых кактусаў. Між якімі выяўней разгледзеў з прыгожаформнымі выкройчатым[і] контурамі буйна растучае ўгору даўгое мясістае лісьцьцё цёмна-зялёнай расьліны, надта ж падобнай да нашай зямной апунціі.
Перанёсшыся яшчэ далей на паўдзён, я апынуўся ў нейкім цьмяна-папелятым голым ад усялякай расьліннасьці міжгор’і, а перада мною раскрывалася, адыходзючы ўдаль, глыбокая вузкаватая, штораз шырэючая наводдаль пустынная папелятаскальная залітая ясным земнасьветам даліна. А па дну гэтае даліны цемнавацела адыходзючая ўдаль уздоўж адвесістай зьлева сьценавастай папелятай сьцяны — вузкаватая бяздонная яр-лопаўка.
А побач з лопаўкаю гэнай па падсьценьню скалы відалася нейкая вузкаватая тэраска з прызнакамі штучна аблад[ж]анай на ей пешаходнай дарожкі, паперарыванай мейсцамі папелятымі аскялепкамі скал з абвалаў тэй скальнай сьцяны.