Перайсці да зместу

Ігнат Буйніцкі: Пасьмертны ўспамін

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ігнат Буйніцкі: Пасьмертны ўспамін
Некралог
Аўтар: Антон Луцкевіч
1918
Крыніца: Homan. 1918. 22 сак

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Справа адраджэньня жывога народу, справа будаваньня ўсяго таго, што патрэбна дзеля культурнага жыцьця яго, — гэта вялізарны, цяжкі труд, каторы можа быць споўнен толькі напружаньнем ўсіх творчых сіл народу. Трэба будаваць асновы эканамічныя, закладаць фундамэнты дзеля сваей навукі, літаратуры, краснага штукарства. Трэба здабыць тое, чым жыве душа і цела. І ў гэткай агульнай, усенароднай рабоце цэнна праца кожнага чалавека, хоць бы ён выбраў сабе найменшую частку яе: бо без малога і вялікага не збудуеш.

Да такіх праяў нацыянальнай працы, каторыя не даюць матэрыяльнай карысьці, але без каторых увесь нацыянальны гмах будзе аднабокі і незакончаны, належыць праца нашых артыстаў — ці то артыстаў слова, ці песьняроў і сьпявакаў, працаўнікоў сцэны, мастакоў малярства і інш. Бо ўсе яны твораць тое, што дае выражэньне душы народу. А найбольш яркае і беспасрэднае выражэньне нацыянальнай душы — гэта песьні народныя, гэта праявы народнага мастацтва, каторае выяўляецца — побач зь песьняй — такжа і ў танцу.

Многа паэтаў даў ужо малады беларускі рух, а між імі цэлы сьцяг імён, каторыя заўсёды будуць занімаць пачэснае месца ў нашай літаратуры. Многа працаўнікоў бачым мы і на сцэне беларускага тэатру, многа зроблена дзеля адраджэньня песьні — хораў. Але ня менш яркую праяву становяць беларускія народныя танцы, каторыя выведзены на эстраду ў артыстычнай абработцы. І ў гэтым — заслуга чалавека, каторы першы паставіў танцы беларускія на артыстычную вышыню. Імя яго — Ігнат Буйніцкі, той, а каторым пісаў Янка Купала:

Важна рэй Ігнат Буйніцкі

Ў танцах нашых водзіць,

Аж здаецца усё чыста

Хадыром зь ім ходзіць.

Калі пусьціцца скакаці, —

Ажно сэрца скача;

Лепшых танцаў і ўвесь Піцер

Бадай што ня бачыў.

Ці Мяцеліца, ці Юрка,

Мельнік ці Антошка, —

Усё ў яго зыходзе гладка,

Ня змыліць ні трошка.

Пад дуду і пад цымбалы

Топне-прысьпявае...

Сьцеражыцеся ўсе людзі:

Беларус гуляе!

Не ўнімайся ж і скачы нам,

Покі сілы хваце,

Мо пачнуць і думкі нашы

Весялей скакаці!

(«Шляхам жыцьця», 1913 г.)

Здаецца, так нядаўна ўсё гэта было, і ня хочацца верыць, што ўжо ніколі ня ўбачым мы гэтага неўтамімага танцора-артыста. Ня хочацца верыць, што перастала біцца гэтае гарачае сэрца шчырага сына Маці-Беларусі. З глыбокім жалем прачыталі мы вестку «Вольнай Беларусі» аб сьмерці Яго — у лістападзе леташняга году.

Сьв. п. Ігнат Буйніцкі будзе доўга жыць у памяці тых, каму даводзілася бачыць Яго на сцэне. Але гэтым не агранічвалася Яго праца дзеля беларускай справы: разумеючы вагу народнага тэатру ў роднай мове, Ігнат Буйніцкі арганізаваў драматычную дружыну, з каторай і пусьціўся ў аб’езд Беларусі. Шмат мястэчак і вёсак першы раз бачылі ў сябе гэткіх гасьцей і горача іх віталі, захоўваючы ў сэрцах сваіх яркія ўспаміны бачанага. А дзе праехала дружына Буйніцкага, там засяваліся зярняты нацыянальнай сьвядомасьці і давалі багатыя плёны.

Не абмежываючыся тым, што патрэбна для душы, рупіўся Ігнат Буйніцкі і аб тое, што трэба яго народу для цела. У сваім родным куце Ён многа працаваў дзеля падняцьця дабрабыту беларускіх сялян, арганізаваў у Празароках (Дзісенскага пав.) Беларускі хаўрусны банчок, каапэратыўную краму і на грунце эканамічнай работы будзіў як мог і ўмеў — жывым словам, вершамі, песьняй, кніжкай і газэтай любоў да роднай Зямлі.

Няхай жа лёгкай будзе Яму ўмілаваная родная Зямліца, у каторай перадчасна спачыў!