Перайсці да зместу

Іван Франко

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Іван Франко
Некралог
Аўтар: Антон Луцкевіч
1916
Крыніца: Homan. 1916. 16 чэрв

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Газэты прыносяць дужа сумную вестку аб сьмерці вядомага ўкраінскага грамадзкага працаўніка і пісьменьніка Івана Франко.

Іван Франко радзіўся ў 1856 г. і на арэну грамадзкай працы выступіў у 70-х гадох ды зразу заняў першае мейсца між сваімі равесьнікамі. То быў час цяжкага пералому ў жыцьці галіцкіх украінцаў, — і затым так ярка выдзяляецца фігура гэтага праўдзівага сына свайго Народу. Вучанік Драгаманава, ён у сваей працы ішоў дарогаю, якую паказаў яму яго вялікі вучыцель, і, перапрацаваўшы ў сваей душы думкі і пагляды Драгаманава, даваў ім новы сэнс і новую форму ў сваіх паэтычных творах, аповесьцях, крытычных, публіцыстычных і навуковых працах. Няма такой дзялянкі ўкраінскай літаратуры, у каторую Франко не ўлажыў бы часткі сваей душы, каторай бы не ўзбагаціў сваей працаю. І ўсюды яго яркі талент і кіпучы тэмпэрамэнт прыцягвалі да яго ўсе вочы. За аснову сваей грамадзкай работы ён ставіў заўсёды свой народ, за мэту — шчасьце народу, а розум, навуку ўважаў за шлях да тэй мэты.

Франко цьвёрда парваў усялякую зьвязь з тым старым жыцьцём украінскага грамадзянства, калі ўкраінцы яшчэ ня ўмелі глянуць на сябе як на самабытны, вольны народ, калі яшчэ трымалі іх у духоўнай няволі іх суседзі. Гэтым цьвёрдым, выразным становішчам Франко зрабіў вялікае ўражаньне на сучаснае пакаленьне, катораму паказаў ясную дарогу да будучыны.

Абрываюцца звольна ўсе путы,

Што вязалі нас з даўным жыцьцём!

З даўных брудаў і думка раскута, —

Ажывема, браты, ажывём!

Гэтакімі славамі пачаў Франко сваю доўгую карысную працу для свайго роднага народу і працы тэй не кідаў да канца дзён сваіх. Ня будзем тут задзержывацца на паадзінокіх працах яго як паэта і літаратара, як публіцыста і вучонага. Адно скажам, што за сваю ахвярнасьць для братоў, за адданыя на служэньне Бацькаўшчыне — Украіне сілы доля дала Франко вялікую награду: ён памёр, бачучы нязьмерны культурны ўзрост свайго народу і веручы, што памірае напярэдадні ня толькі духовага, але і палітычнага вызваленьня Ўкраіны.

Шчыры спогад шлем мы братом украінцам з прычыны гэтай цяжкай утраты, але верым, што на мейсца аднаго да працы ўстануць грамады новых работнікаў і збудуюць для ўкраінскага народу ясную шчасную долю!