«Школьная праца» (рэцэнзія)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
«Наш край» штомесячнік Ц. Б. краязнаўства пры Інстытуце беларускай культуры „Школьная праца“
Крытыка
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1926 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 1 (11), студзень-чэрвень 1926 г., б. 116-117
Публікацыя ў арыгінале не падпісаная, але найбольш верагодны аўтар Вацлаў Ластоўскі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




„Школьная праца“. Часопісь дзьвінскай дзяржаўнай беларускай гімназі. 1926 № 1 сакавік, № 2 красавік, Выданьне літаграфаванае з рысункамі. Часопісь выдае рэдакційная калегія зложаная з вучняў гімназіі пад кіравецтвам дырэктара тэй-жа гімназіі С. Сахарава.

Гэта ўжо другая з чароду (першая—„Ластаўка“ выходзіла пры Люцынскай гімназіі) вучнёўская рукапісная часопісь у Латвіі. Роль і значэньне гэткіх часопісяў для ўмысловага і грамадзкага разьвіцьця падрастаючай моладзі—аграмадная, асабліва калі яна праводзіцца адпаведнымі літэратурна-навуковымі гурткамі, дыскусіямі і лекціямі паміж вучнямі, пад кіравецтвам старшых. Гэта апошняе мае асабліва вялікую вагу, бо гурткі моладзі ў якіх вучні вучням чытаюць лекціі, прыносяць не карысьць а шкоду як самім вучням, так і тэй вучоннай установе, дзе такое ўвайшло ў звычай. „Школьная праца“ пастаўлена правільна, бо літэратурная прадукція моладзі праходзіць праз компэтэнтную корэктыву самога дырэктара двінскай гімназіі грам. Сахарава, які, сваю веду, жыцьцёвую практыку і ідэйны сьветагляд, дае магчымасьць выкарыстаць маладому пакаленьню. Гэтак заўсёды і ўсюды тварыліся „школы“ навуковыя, літэратурныя і грамадзкія. Шкада толькі, што дагэтуль рэдакція „Школьнай справы“ ня выказала свайго погляду на беларускае (крывічанскае) адраджэньне: як, паводле рэдакціі, павінна разьвівацца і кудой ісьці гэтае адраджэньне, якое яго мейсца перад суседзямі і якія абавязкі ў стасунку да народных мас. Гэта не значыць, што трэба з літэратурнага вучнёўскага кружка тварыць палітычную парцію, наадварот. Але гэта не выключае патрэбы сьвядомага сьветагляду на справу адраджэньня народу, якому і павінна ў будучым служыць цяперашняя моладзь. Праглядаючы першы нумар „Ш. С.“ з ідэолёгічнай стараны чуюцца недасказы. Прыкладам у артыкуле „Памяці вядомага беларускага гісторыка—Аляксея Парфановіча Сапунова“ ані слова не сказана чаму вядомы беларускі гісторык пісаў усе свае творы па расійску. Пройдзена моўкі каля гэтага, якбы ўсё было тут саўсім нармальна, ў гэтым высока не нармальным зьявішчы нашага націянальнага жыцьця. У канцы артыкулу памешчаны мэдаль, адбіты царыцай Кацярынай II на памяць прылучэньня крыўскіх зямель да Расійскай Імпэрыі (якая да 1725 году называлася Маскоўскім царствам). Мэдаль цікавы, але да яго трэба было дадаць выясьненьне чаму два зьвіткі, якія выабражаюць карту крыўскіх зямель, трапілі ў кіпці двухгаловага арла і што значыць над арлом надпіс „отторженная возвратих?“ У гэтым надпісе ўся соль расійскага разуменьня і тлумачэньня гістарычных падзей. Гэты надпіс ёсьць грубая і нахрапная лжа, чысьцейшай вады фальшаваньне гісторыі. На мэдал сказана „адарваная вярнула“, ў той час, калі як сьвет сьветам, крыўскія землі ніколі перад тым не належалі да Масковіі. А, знача, не маглі быць ад яе адрыванымі. Наадварот ў 1772 і 1793 годах, першы раз у гісторыі сьвету, правам сілы, былі загорнуты пад маскоўскае панаваньне. Адбыўся грабёж чужога. Адкрыта прызнацца да грабежа імпэрыі стыдна было перад сьветам. Відаць лічылі, што менш стыдна лгаць. І, вось, салгалі на мэдалі, што, маўляў, не чужое грабім, а сваё сабе вяртаем. Гэтай ілжой паступку безпраўнаму і неэтычнаму нададзены былі праўныя падставы. Мэдаль гэты мае вельмі павучаючы сэнс: ён паказуе якімі „праўдамі“ ўпрагалі ў ярмо крыўскі народ. Разтлумачаньне гэтага для моладзі—справа важная. Гэткія пытаньні няможна абхадзіць моўчкі, асабліва перад моладзьдзю.

Мова ў другім нумары „Ш. С.“ лепшая чым у першым, а агульна бяручы, калі адкінуць некатарыя маскалізмы, даволі добрая, чуваць, што пісьменнікі стыкаюцца з жывой народнай стыхіяй. Належыцца павіншаваць вучняў дзьвінскай гімназіі і Рэдакцію „Ш. С.“ за рысунковую старану часопісі, але трэба ўнікаць перарысовак і фантазій, бо праўдзівую вартасьць маюць толькі рысункі з натуры.

Урэшце, шчыра жадаем Рэдакціі энэргіі да далейшай працы. Пачынаньне добрае, а пры любоўным стасунку да яго саміх працоўнікаў можа даць у выніку цэнныя плады. Найбольшыя горы складаюцца з пясчынак і акіяны паўстаюць з паасобных кропель вады.