Перайсці да зместу

«У якой веры радзіўся, у такой буду й паміраць»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
«У якой веры радзіўся, у такой буду й паміраць»
Артыкул
Аўтар: Антон Неманцэвіч
1932 год
Крыніца: Да Злучэньня! — Студзень 1932. — №1

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Падумайма крыху ці і на колькі праўдзівы гэты сказ.

Ён можа быць зусім праўдзівы, калі хто радзіўся ў праўдзівай рэлігіі і пракананы шчыра, што ягоная рэлігія сапраўды Божая і вядзе да Бога.

Больш яшчэ скажу: калі нехта нават і не ў праўдзівай Хрыстовай рэлігіі радзіўся, а глыбака пракананы, што яна праўдзівая і сумленьне яму не пазваляе яе перамяніць на іншую, той мусіць трымацца сваей рэлігіі.

Не заўсёды аднак тыя, што гавораць “у якой веры радзіўся, у такой буду й паміраць", маюць пракананьне аб праўдзівасьці сваей рэлігіі. Яшчэ горш стаіць справа з тымі, якія кажуць. што ўсе рэлігіі аднолькава добрыя.

Рэлігіі можна падзяліць на дзьве групы:

1) рэлігіі, якія прызнаюць шмат багоў і

2) рэлігіі, якія прызнаюць толькі аднаго Бога.

I на нашай зямліцы, каля тысячы гадоў таму назад, нашыя продкі былі паганцамі, мелі многа розных багоў. Ці-ж можна наракаць на тых хоць-бы нашых продкаў, каторыя перамянілі тую рэлігію, у каторай радзіліся, рэлігію паганскую, на рэлігію хрысьціянскую? Ці-ж кепска зрабіў у Кіеве Сьв. Князь Уладзімер, які прыняў хрысьціянскую рэлігію і стараўся сваіх падданых да гэтай праўдзіва божай рэлігіі навярнуць? Калі-б ён і яму падобныя нашыя продкі трымаліся сказу: у якой веры радзіўся ў такой і трэба ўміраць, дык напэўна, замест праўдзівага Бога, мы кланяліся-б яшчэ і цяпер карове, або цялушцы, як Богу.

Таксама розныя ёсьць рэлігіі, якія прызнаюць адзінага Бога. Сюды належаць магамэтане, жыды і хрысьціяне. Хоць усе яны прызнаюць аднаго Бога, але ня можна сказаць, што ўсе гэтыя рэлігіі роўныя. Ніхто ня можа сказаць, што ўсё роўна, ці жыдоўская рэлігія, ці хрысьціянская. Хрысьціяне прызнаюць Госпада Бога Адзінага ў Сьв. Тройцы, пачытаюць Ісуса Хрыста як Бога, а жыды Ісуса Хрыста за Бога не прызнаюць.

Пэўне, мо’ скзжаце, паганская рэлігія, ці жыдоўская, гэта ня ўсё роўна, ня можна іх раўняць з рэлігіяй хрысьціянскай: толькі хрысьціянская рэлігія ёсць рэлігіяй Божай, праўдзівай.

Хто на гэта згадзіўся-б, той гэтым самым ужо згаджаецца і на тое, што ня мае значэньня папярэдні сказ. „хто ў якой рэлігіі радзіўся, у тэй павінен і паміраць". Калі-б гэты апошні сказ быў праўдзівы, дык ня было-б зусім і хрысьціянства, бо ўсе Апосталы былі спачатку жыдоўскай рэлігіі

Ці-ж можна сказаць, што і Апосталы нядобра зрабілі, калі выракліся жыдоўскае рэлігіі, прынялі хрысьціянства, распаўсюджывалі яго і за яго-ж аддалі сваё жыцьцё?

Хрыстос аснаваў, як ведаем, толькі адну рэлігію, а цяпер мы бачым некалькі рэлігіяў, якія называюцца хрысьціянскімі. Найважнейшыя з іх — тры: каталіцкая, праваслаўная і пратэстанская.

Вось можа некаторым здаецца, што прынамся хрысьціянскія рэлігіі ўсё роўныя сабе.

Не, гэтага быць ня можа, ня можа быць чорнае і белае тое самае, ня можа праўда і няпраўда аднолькава цаніцца.

Паміж хрысьціянскімі рэлігіямі ёсьць шмат вельмі важных розьніц. Напрыклад: пратэстанты вучаць, што няма ў Сьв. Літургіі перамены (прэсушчаствленьня) хлеба й віна ў Цела і Кроў Госпада Ісуса Хрыста, няма Сьвятых Дароў, а каталікі і праваслаўныя прызнаюць гэту перамену і пакланяюцца Сьвятым Дарам, як Самому Госпаду Богу. Ёсьць і другія, таксама важныя розьніцы. Дзеля гэтага ня можна сказаць, што хрысьцінскія рэлігіі ўсе роўныя сабе і аднолькава праўдзівыя.

Таксама і паміж нязлучанымі праваслаўнымі і каталікамі ёсьць розьніцы: сябры сусьветнай, або йнакш — каталіцкай Цэрквы прызнаюць апрача нявідочнага галавы Цэрквы Ісуса Хрыста яшчэ відочнага тутака на зямлі Ягонага заступніка, а нязлучаныя праваслаўныя кажуць „нам ня трэба ніякай відочнай галавы, мы і без галавы абойдземся“. Гэта так гавораць, а ў запраўднасьці, замест аднае галавы, маюць некалькі. Кожны патрыарх, а цяпер некаторыя аўтокефальныя, г. знача самагаловыя епіскапы маюць права незалежна ўпраўляць сваёй Цэрквай. Можа каму здаецца, што рэч няважная, можа быць і больш незалежных кіраўнікоў Цэрквы, замест аднаго. Аднак-жа гэта розьніца немалая. Як у кожнай дзяржаве ўпраўляе адзін прэзыдэнт ці кароль, як нават і на малой гаспадарцы ўпраўляе адзін гаспадар, таксама і няпрызнаваньне аднае галавы ў Цэркве разьбівае хрысьціян на асобныя групы.

Таксама і ў навуцы веры ёсьць не адна розьніца: напрыклад каталікі і таксама злучаныя праваслаўныя, або як іх называюць—-уніяты вучаць, што Прасьвятая Дзева Зачата Беспарочна, а нязлучаная праваслаўная Цэрква (народ праваслаўны йнакш верыць) вучыць, што Багародзіца зачата парочна, гэта знача з грахом первародным („Спово” № 26-31 г.). Гэта ня ўсё роўна, ці так ці йнакш, дзеля гэтага і рэлігіі не аднолькавыя.

Праўдзівая, божая вера можа быць толькі адна, як ёсьць адна праўда і адзін Бог. Калі хто глыбака перакананы, што ягоная вера ў якой радзіўся — не праўдзівая, той мае абавязак перамяніць сваю веру на праўдзівую, таксама як маем абавязак ськіравацца на другую дарогу, калі гэта, па якой ідзём, не вядзе нас да мэты нашай падарожы.

Ня ўсе дарогі добрыя, таксама ня ўсе рэлігіі вядуць да Бога.

Ісус Хрыстос даў наказ сваім вучням: „Ідзеце і вучэце ўсе народы... (Мат. 28,19). Пэўне, ня мелі-б гэтыя словы ніякага значэньня, і дарэмна Апосталы вучылі-б, калі-б кожны чалавек мусіў уміраць у той веры, у якой радзіўся. Самыя нарадзіны аб праўдзівасьці рэлігіі ня могуць яшчэ сьведчыць. Дзеля гэтага не канешна чалавеку ў такой веры паміраць у якой ён радзіўся.

а. А Неманцэвіч.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.