«Прамень»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
«Прамень»
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1926
Крыніца: Народная Справа, 1926. 19 чэрв.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Беларуская эміграцыя ў Чэхаславакіі — гэта пераважна студэнцкая моладзь, сялянскія сыны — ад зямлі і сахі, — моладзь, здаровая і крэпкая духова, поўная веры ў свой народ і ў сябе самую. Апынулася яна за межамі Бацькаўшчыны, шукаючы навукі, доступ да якое дома — ў Заходняй Беларусі — для яе зачынены.

Эмігранцкае жыцьцё — гэта для моладзі атмасфэра зусім неадпаведная. Асабліва ж у Празе: тут сабраліся тысячы расейскіх эмігрантаў, якія пакінулі родны край ня дзеля навукі, а затым, што не маглі пагадзіцца з запанаваўшым у Расеі новым ладам — з уладай працоўных. Усе яны — сыны расейскай буржуазіі, якая апынулася ў рэзкай супярэчнасьці з уласным народам, і жывуць адно толькі летуценьнямі аб павароце да «добрых старых часоў» — часоў панаваньня Мікалая II…

Але беларуская моладзь настолькі далёкая па сваей ідэалёгіі ад расейскай буржуазнай эміграцыі, што нічога супольнага зь ёй ня мае. І — хоць і ня ўсе — беларускія студэнты ў сваей большасьці выразна арыентуюцца ў кірунку ідэалу сялянска-работніцкае ўлады. Найлепш выявіўся гэты кірунак у выпушчаным у канцы мая с. г. журнале беларускага паступовага студэнцтва — «Прамень».

Не падыходзім да гэтага першага нумару студэнцкае часопісі з так званай "фаховай" крытыкай: на гэта прыйдзе час, калі выйдзе ўжо некалькі нумароў журнала. Цяпер толькі адзначаем самы факт выяўленьня ідэйнага кірунку нашае паступовае студэнцкае эміграцыі. Кірунак гэты йдзе выразна па лініі сялянска-работніцкае ідэалёгіі. І ў кожнай стацьці, у кожным радку відаць глыбокая і гарачая вера ў будучыну, жаданьне будаваць гэту будучыну на новых падставах.

Для беларускае моладзі будучына — гэта ўсё: у мінулым у яе, бадай, што нічога не было, апрача дужа сумных успамінаў аб цяжкіх крыўдах і зьдзеках… І тое, што нашы маладыя пакаленьні йдуць наперад, углядаючыся ў будучыну, рэзка выдзяляе іх спасярод буржуазнае расейскае эміграцыі, а таксама спасярод тых сваіх — беларускіх групаў, якія ня бачаць новых творчых сіл у беларускім працоўным родзе і жывуць адно водгукамі і малпаваньнем струхлеўшае чужацкае буржуазіі.

Тут, у Вільні, бачым мы тых жа расейскіх эмігрантаў, якіх прытуліла Польшча. Ёсьць сярод іх і студэнты. Але ўсе яны жывуць адно мінулым, усе яны ня сьмеюць бачыць новае — для іх, дзяцей буржуазіі, незразумелае будучыны. І нечым затхлым, мёртвым веець ад слоў прадстаўніка гэтае расейскае эмігранцкае моладзі ў Вільні, які ў сваей прамове ў «День русской культуры» шукаў апоры для гэнае культуры толькі ў памершай без надзеі на ўваскрасеньне мінуўшчыне.

Перад намі — два розныя сьветы: сьвет будучыны і сьвет мінуўшчыны. Шчасьлівы будуць тыя, што вызваляюцца ад панаваньня таго, што памерла: "яны ўнасьледуюць зямлю".