Перайсці да зместу

«Песьні жальбы» (Бульба)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
«Песьні жальбы»
Рэцэнзія
Аўтар: Альгерд Бульба
1910 год
Крыніца: Наша Ніва, №40

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Якуб Колас. Вільна, 1910 год. 128 страніц, цэна 30 кап.

Працоўнікоў на народнай ніве прыбывае, с пад згрэбнай кашулі вырываюцца ўсё новые песьні, новые думкі. Сыны забітаго, загнанаго народа аддаюць сваім братом свае найлепшые думкі, бо: „трудна з імі жыць замкнута“, „яны хочуць выбіцца на сьвет“.—

Вось, мы дачакаліся „Песьней жальбы“ Якуба Коласа. Ня новае гэта імя для нас, не раз на страніцах „Нашай Нівы“ гаварыў да нас Колас. Ён будзіў у нас веру ў будучыну, або сумна пеяў аб тым, як жывем цяпер. Чуў ён стогн набалеўшай душы, пеяў аб тым, што чуў і перажыў.

Верш Коласа адзначаецца прастатой, мысьль сваю выказывае ён каротка, ясна. У вершах відаць мужыцкую гордасьць, у творах усюды чуваць любоў да роднай зямлі. Колас кажэ:

«Я не знаю, я не знаю,
Чым я так прыкуты
Да тваіх, мой родны краю;
Абразоў пакуты».

Колас; як народны вучыцель вышоўшый з мужыцкай хаты блізкі сермяжнаму люду, косьць с косьці яго; і ў момэнт, калі апісывае нам родные абразы, ён стаецца артыстам, зросшымся з прыродай. Мы гэта бачым у яго творы «Жніво», пасьвячоным вясковым працоўніцам: тут бачым сьмелай рукой кінутые абразы, кожын закончаны, і ўсе разам гармонійна зліваюцца яны у жніво.—Гэта не жніво на буйных землях Украйны, ні на хутарох Літвы, гэта беларускае, мужыцкае поле, на каторым

«рэдкае збожэ, травы палавіна,
колас ня гнецца зярном да зямлі»—

і на тое поле:

«Выйшлі на поле, вось, жнеі с серпамі,
У лапцях лазовых, а хто без лапцей.
Ніва пустымі шуміць каласамі,
Ніва ня цешыць жаночых вачэй».

Ціха, ціха на тэй ніве, німа нават кусьціка рэдкай цені», толькі ў калысцы чуцен плач дзіцячы.

Або гляньмо на вершы Коласа «Вёска»: хто бачыў нашу вëску, хто з ёй пазнаёміўся, для таго твор Коласа адразу прыпомніць яе, той думкамі перэнясецца пад родные стрэхі, збліжыцца да тэй беднаты, якая там пануе, і задумаецца над ёй, і з грудзей вырвецца тое самае, што высказаў наш паэт:

«Што-ж? Сьцяліся туман,
Пакуль восень стаіць:
Восень-сьвята твае..»

І усёж такі песьняр з верай і надзеей пяе, і то ня голасам загнанаго нявольніка, але чэлавека-ваякі:

Прыйдзе к нам ізноў весна;
Ціха з неба сонцэ гляне,
Ачуняе старана!

А ў гэтай мысьлі у паэта смутку ёсьць ня шумны патос, але цьвёрды і логічны вывод, бо:

«я мужычы сынок»,
«я балоты сушу»,
«рыю землю, як крот»,
«ссек я лес і кусты
і дарогу правёў».

і вось мае сілу народ, ён здольны да працы і, калі пойдзе да школы:

«Стане чалавекам,
Будзеш ты чытаць нам,
Цёмным неумекам»,

як ужо стары бацька каже, толькі ты «Не дурэй, вучыся!» Ён, бацька, хочэ ад сына пазнаць: «Што мы ў сьвеце значым?»

Колас, апеваючы смутак палей, ці маркоцячыся з за астрожных сьцен, ані на момэнт не адрываецца ад роднаго краю, ад свайго народу; ён не сам церпіць за сябе, ён церпіць за мільённы народ, і гэта цярпеньне родзіць у ім веру: мучыцца, у такой беднасьці жыве не адзін чалавек, а мільёны, і іх цярпеньне ўжо не слабы шэпт, а голасны стогн, каторы павінен дайсьці нават да тых, хто шчыльна затыкае вушы; гэтае цярпеньне народа станецца зданьнем, марай, ад каторай яны толькі тады здалеюць адвязацца, калі пойдуць на сустрэчу жаданьням народа.

«Песьні жальбы» Коласа я бы назваў жывой фотографіей з беларускаго жыцьця. І пойдуць яны туды, адкуль выйшлі: пад беларускіе стрэхі, ў мазалістые рукі.

У некаторых вершах Коласа спатыкаем вялікі ўплыў расейскіх паэтоў: Лермонтова, Некрасова, і, калі ён стараецца патураць ім, тады верш яго траціць на сіле і колерах, стаецца наіўным, як гэта бачым у вершы «Песьня над калыскай»; але гэтых вершоў не багата, і с твороў яго відаць, што самабытная беларуская нота паэту лепш удаецца і што Колас нам дасьць больш родных абразоў.―«За работу, жыва, жыва! Каб нас доля не кідала, каб ня сохла наша ніва!» - клічэ поэт, бо толькі тады скрозь выполецца поле і буйны колас украсіць нашы нівы.

Бульба.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.