Перайсці да зместу

«Гісторыя Беларускае Літэратуры» (Луцкевіч)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
«Гісторыя беларускае літаратуры»
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1920
Крыніца: НН. 1920. 22 лістап.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




...Ёсьць гэткая японская забаўка, —

Кідаюць дробныя аскёпкі дрэва

У ваду — і робяцца яны цьвятамі.

М. Багдановіч.

Мне ўспомніўся гэты адрывак вершу Максіма Багдановіча, напісанага з прычыны крытычнае стацьці аб яго «Вянку» — зборніку выбраных вершаў. Як з паасобных вершыкаў паэта, пісаных у розным часе і ў розных настраеньнях, можна ўлажыць абраз душы аўтара іх, — так з працы сыноў народу, жыўшых у розныя эпохі, можна ўлажыць абраз душы гэтага народу, гісторыю яе фармаваньня і разьвіцьця. Дзеля апошняе мэты служыць гісторыя літаратуры народу.

Гісторык літаратуры суміруе працу цэлых пакаленьняў, цэлых эпох, вылаўлівае аснаўныя элемэнты яе і дае сынтэз — абраз таго, што становіць істоту нацыянальнае душы. Пад яго дазнанай рукой, быццам у гэнай японскай забаўцы, вырастаюць цудоўныя краскі творчасьці народнай, увабіраючы ў сябе ўсе шматфарбныя калёры і формы індывідуальнасьці народу.

Такую працу ўзяўся выпаўніць для беларусаў наш выдатны пісьменьнік і знаўца беларускае літаратуры, Максім Гарэцкі. Працу сваю ён ужо закончыў і выпусьціў у сьвет. Гэта — даволі грубы том «Гісторыі беларускае літаратуры» (Вільня, 1920, — коштам У.Знамяроўскагa і Э. Будзькі, друкарня каап. т-ва «Друк», — 208 стр.).

Перад намі праходзіць доўгі-доўгі сьцяг імён беларускіх пісьменьнікаў і паэтаў. Іх так многа. Ажно дзіўна: дзіўна, бо гісторыкі «братніх» народаў — расейскага і польскага, ад каторых да самага апошняга часу мы бралі ведамасьці аб нашай мінуўшчыне, вельмі пільна ўкрывалі ўсё тoe, што сьведчыць аб жыцьцёвай сіле беларусаў, аб эпосе расьцьвету іх культуры ў прошлым — асновы сучаснага нашага адраджэньня. І вось мы бачым першых пачынальнікаў беларускае культурнае працы, пачынаючы ад нашай першай «фэміністкі» — полацкай княжны Прадславы (сьв. Афрасіньні Полацкай), працаваўшай дзеля прасьветы народу ў 12 ст. Чытаем аб нарадзінах беларускага друку і першым друкару д-ру Францішку Скарыне «з слаўнага места Полацку», аб гарачым патрыёце беларускім Васілю Цяпінскім, аб дзеячох эпохі расьцьвету,— «залатое пары» нашае літаратуры ў 16 ст., так цесна зьвязанай з нашым незалежным дзяржаўным бытам таго часу. А далей — пачынаецца пара «сходу», калі рэлігійная і нацыянальная барацьба ў Беларусі забірае ўсе жывыя творчыя сілы нашага народу, і яны ў ёй марнуюцца, гібеюць. Вось 18 век — век упадку старое беларускае літаратуры, але праз сумны абраз нацыянальнага ўпадку нашай інтэлігенцыі пачынае ўжо сьвяціцца слабенькі праменьчык нацыянальнага прабуджэньня народных нізоў — народнае масы. А далей — пара «несьвядомага адраджэньня» пачатку 19 ст., адраджэньня «панскага», йшчэ далёкага ад таго магутнага творчага руху, сьведкамі катоpaга нам даводзіцца быць. A ў нізах народных штось бурліць, штось насьпявае, штось творыцца — зусім новае, зусім самабытнае. Нашы народнікі канца 19 сталецьця зыходзяць з тых сацыяльных вяршын, на якіх увесь час стаялі нашы шляхоцкія пісьменьнікі мінулага сталецьця. І ўрэшце народ збудзіўся, народ прамовіў — прамовіў вустамі дзясяткаў народных паэтаў, літаратapаў, вучоных, — усё сыноў беларускай вёскі. Гэты апошні аддзел «найнавейшае літаратуры» напісаны найжывей, найляпей і найпаўней апрацованы і найбольш ярка выяўляе багатую, прымітыўна чыстую душу толькі што збудзіўшагася да новага жыцьця народу. Праўда, пішучы сваю «Гісторыю беларускае літаратуры», Максім Гарэцкі меў на мэце даць учэбнік для беларускай сярэдняй школы. З гэтага вынікае схэматычнасьць выкладу, каторая часамі зацямняе суцэльны абраз нашага літаратурнага творства. Але ў межах нарысаў паадзінокіх пісьменьнікаў Максім Гарэцкі выявіў сябе здольным крытыкам, лёгка ўлаўліваючым індывідуальныя рысы душы і творчасьці беларускіх аўтараў. Побач зь ведамасьцямі біяграфічнымі і бібліяграфічнымі, наш гісторык літаратуры разьбірае і ацэнівае важнейшыя беларускія творы кожнага аўтара. І прысуд яго заўсёды справядлівы, хоць часам лішне просталінійны, — глыбокі, хоць высказаны ў некалькіх славах.

Даўно ўжо вычувалася патрэба такой кніжкі. Патрэбу гэту стараліся хоць у часьці здаволіць і Ант. Навіна («Naљy pieњniary», lіtaraturna-sacyjalnyja narysy, Wіlnіa 1918), і Лявон Леуш («Дыямэнты беларускага прыгожага пісьменства» Кіеў, 1919) і Я. Фарботка («Беларусь у песьнях», Менск, 1920), — але ўсё гэта былі працы няпоўныя, або характарызаваўшыя толькі найбольш тыповых песьняроў ці толькі адзін бок творства іх (пераважна сацыяльны). Зьяўляліся і вялікшыя стацьці і с. п. Максіма Багдановіча, і нябожчыка Сяргея Палуяна, і таго ж Гарэцкага, даваўшыя кароткія нарысы літаратуры эпохі адраджэньня. Але толькі «Гісторыя беларускае літаратуры», якая толькі што выйшла ў сьвет, запоўніла, як сьлед, пустуючае месца.

Мы горача вітаем працу М. Гарэцкага. Яна бясспорна мае вагу ня толькі як учэбнік, але і як адзін з фактараў усьведамленьня «маладых» беларусаў, каторыя так мала ведаюць аб сваім народзе, аб яго гісторыі і літаратуры. Яна пакажа і нашым суседзям, якія культурныя скарбы меў і мае беларускі народ.

Кніжка, надрукованая «кірыліцай», як на ваенны час, становіць люксусовае выданьне — на мелавой паперы, з чысьленымі партрэтамі беларускіх пісьменьнікаў, зьнімкамі з старых грамат, кніг, «Літоўскага Статуту» і т. п. Яна павінна апынуцца ў руках кожнага сьвядомага беларуса, у кожнай беларускай бібліятэцы.