«Вольная Беларусь»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
«Вольная Беларусь»
Публіцыстыка
Аўтар: Язэп Лёсік
Крыніца: Упершыню — газ. «Вольная Беларусь», 28 мая 1917 г.; Лёсік Язэп. Творы. Апавяданні. Казкі. Артыкулы — Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. — 335 с. — (Спадчына).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




…Беларусь, Беларусь!
Агнём імя тваё мне гарыць,
С песні ласкаю маткі нясецца;
Ясным сонцам ў размове стаіць
І грымотай у гнеў раздаецца!
Як нявеста ў няроднай сям’і,
Ты пасагу сабе не надбала —
Залатыя кляйноты свае
Ў пыху сёстрам сваім даравала.

Калі мы азнаёмімся з вялікай кнігай гістарычнага лёсу народаў, дык хутка пабачымо і праканаемся, што ніводная нацыя, ніводзін народ на свеце не меў горшага жыцця, горшай гістарычнай долі, як наша старонка, нашая родная Маці-Беларусь. Атрымаўшы становішча паміж розных народаў, яна нікога не чапала, ні на кога ніколі не нападала, ні з кім не змагалася, а толькі баранілася, ратавала сваё жыццё, сваю нацыянальную самабытнасць, покі хапала сілы, покі была змога і магчымасць. І мо за гэта завецца яна не вялікая ці малая, не чорная ці чырвоная, а Белая Русь, чыстая, светлая, як бель-беляваная, без плям зайздрасці, без задзірства і здзеку.

Але і слаўная мінуўшчына нашага краю!

У той час, як на Маскоўшчыне стаяла страшэнная цемра, у нас панавалі навука, прасвета, шырока квітнела грамадзянскае жыццё. Цёмныя людзі Маскоўскага царства грамілі друкарні, гасілі прасвету, баяліся кнігі, не раўнуючы, як чумы ці халеры, тагды як наша грамадзянства, не здавальняючыся ўласным выхаваннем, пасылала дзяцей сваіх да вышэйшых навук за граніцу, дзеля большай адукацыі, дзеля лепшага выхавання. І лепшыя, асвечнейшыя людзі і Масквы, як Курбскі, напрыклад, або Мсціславец ці Тодар Друкар, хаваючыся ад раз’юшанага натоўпу, шукалі ратунку ў нашай бацькаўшчыне і знаходзілі тут братэрскі прывет і пашану. Відаць, што на той час Беларусь была для Маскоўшчыны, як Швейцарыя ці Францыя нашага часу, куды ўцякалі ад царскага гневу лепшыя людзі дарэвалюцыйнай Расіі. Наогул, нацыянальная культура на Беларусі тагды стаяла досыць высока: існавала рэлігійная вольнасць, не было нацыянальнага ўціску, і жыды, напрыклад, мелі роўныя правы з усімі людзьмі Літоўска-Рускага гасударства. У 1517 годзе Францішак Скарына ўзяў на сябе справу вялікае вагі — пераклаў і выдаў Біблію на беларускай мове «ку лепшаму, — як ён пісаў, — выразумленію люду паспалітаго». Праўда, не надта ўжо проста і зразумела яна перакладзена, шмат мае царкоўна-славянскіх зваротаў, але гэта была эпоха ў культурным жыцці беларусаў, асабліва калі ўзяць на ўвагу шырокую публіцыстычную літаратуру таго часу і адправы набажэнства па-беларуску. Культура на Беларусі цвіла і рунела, і каб не стрэла на шляху сваім цяжкіх варункаў агульнага жыцця, дык, напэўна, яна даўно стаяла б нараўне з культурай Заходняй Еўропы.

Ды не так яно сталася, як жадалася. Беларусь заўсёды была прынаднай краінаю, смачнаю лустай, і суседзі грызлі яе з усіх бакоў. Немцы, або крыжакі, маскоўцы ці палякі — тыя ці другія скублі яе адтуль ці адгэтуль. А народ наш спакон веку быў ціхі і лагодны. Ён не любіў ваяўніцтва і больш здольнасці мае да сахі на полі або да пяра на паперы. Ваяўніцкая шабля яму не да густу. Сумныя песні яго поўныя скаргі і жалю на ваенную калатніну. Тым часам палітычнае жыццё вымагае саўсім іншага. Хто хоча абараніць сваю самабытнасць і захаваць палітычную незалежнасць, той павінен не толькі бараніцца, але мусіць і сам нападаць ды заваёўваць, чаго беларусы па сваім лагодным характары рабіць не маглі і не хацелі. Мэрам ведаючы гэта, суседзі дарэмна часу не марнавалі і добрых людзей не шкадавалі. Амаль не штогодна нападалі на нас, палілі вёскі, нішчылі гарады, палендравалі палеткі, гуртамі ўво- дзілі людзей у няволю. Зямля курылася ад крыві людскай, засцілалася неба дымам пажараў. Няма грунту такога, няма таго месца ў нашай старонцы, дзе б ні лілася кроў бацькоў нашых, дзе б ні трухлелі косці ворагаў нашых. Беларусь змагалася, як магла баранілася, але нічога не ўдзела. Упарты быў вораг яе, дужага і зайздроснага даў Бог суседа ёй. Дзеля змагання з немцамі яна злучылася да супольнага жыцця з Літвою ды разам з ёю ратавала сваю бацькаўшчыну. Дзеля гэтай жа мэты не раз ядналася яна ў хаўрус з Польшчай, покі ў страшэннай Грунвальдскай баталіі немцы не былі разбіты спрэс. Збавіўшыся ад немцаў, Беларусь тым часам сапачынку сабе не знайшла. Трэ было бараніцца ад Польшчы і Масквы. Але адна яна справіцца з імі не магла. Трэ было шукаць іншай рады. Аб палітычных умовах Маскоўскага царства хадзілі страшэнныя чуткі (Іоанн Грозны). Гістарычныя варункі вымагалі знайсці сабе хаўрусніка. І выбіраючы з двух ліх меньшае, яна памірылася з Польшчай ды злучылася з ею, як роўная з роўнай і вольная з вольнай. Але дабра не бачыла. Увесь час супольнага жыцця прайшоў у змаганні з паланізацыяй (апалячваннем) і ў бажанні выкарабкацца з-пад суседзяў на шлях самабытнага жыцця. Скончылася тым, што абедзве яны папалі ў цупкія рукі Маскоўскага царства…

У безупынным змаганні з нядоляй сваёю Беларусь страціла ўсё: сваю палітычную незалежнасць, сваю школу, асвету, законы (Літоўскі статут) ды нават імя свайго забылася. Мы сталі нацыяй без імя, народам без прозвішча, гуртам «тутэйшых», «простых» людзей, «дзядзькамі» з за- бранага краю. Народ змогся, страціў апошнія сілы ды мэрам заснуў летаргічным сном.

І мабыць у гэты страшэнны час цішы і нацыянальнай паняверкі стварылася казка пра забітага брата. Апавядаецца яна не ўлетку, як свет Божы грае й красуе, і не ўзімку, калі мароз і завіруха, а ў час вялікага посту, напрадвесні, напярэдадні новага жыцця.

Мяне брацяйкі забілі,
Нож мне ў сэрцайка ўсадзілі,
Чарапком вочы накрылі.
Не грай, дудачка, не грай,
Майго сэрца не ўражай!..

І апавядаецца ў казцы гэтай, дзе дастаць тых лекаў, дзе можна расстарацца тае вады жывучае і гаючае, каб адратаваць забітага брата.

Для нас, сучасных дзяцей Беларусі, тымі лекамі, той вадою жывучай і гаючай ёсць наша беларуская мова і асвета на грунце роднай культуры.

Вялікая Расійская рэвалюцыя паадчыняла дзверы да вольнага жыцця не толькі паасабістым людзям, але і цэлым народам, усім пакрыўджаным і зняважаным нацыям, а ў тым ліку і нам, беларусам. Ад шчырага сэрца вітаючы вольнасць Дзяржавы Расійскай, мы з набалелаю, пакутнаю душою рвёмся да новага жыцця, да культурна-нацыянальнага адраджэння нашага народу. Мы цвёрда ведаем, што гэтакага маменту двойчы не будзе і што страцім цяпер, таго не найдзём ніколі. Наша святая павіннасць, доўг кожнага свядомага грамадзяніна і беларуса не бавіць часу, а цяпер жа, да склікання Устаноўчага Сойму (Учредительного Собрания), аддаць свае сілы і розум на службу многапакутнага народу. Няхай запануе ў душах нашых грамадзянін, шчыры сын сваёй бацькаўшчыны і ўсяго працавітага народу. Пойдзем на вёскі, на сёла, пойдзем на фабрыкі, заводы, у крамы, канцылярыі і панясём туды святло нацыянальнай, палітычнай і грамадзянскай свядомасці. Мы ведаем, што трэ будзе змагацца не толькі з забабонамі чужынцаў, але й з уласнаю цемрай, каторая спавіла нас чорнаю хмараю пад час панавання царскага самадзяржавія. Соткі год трымалі нас у кайданах няволі, соткі лет атручвалі народ наш то польскасцю, то Маскоўшчынай, і цемра наша да жаху страшэнна густая і вялікая. Народ блудзіць па ёй, мацаючы і растапырваючы рукі, як сляпы без павадыра, і прымае прыхільніка за ворага, а ворага за прыхільніка.

Цяжкі грунт нашай працы. Повен гвалту і неспадзёвак шлях нашай будучыні. Мо не раз разаб’емся мы да крыві, не раз заплачам мы горкімі слязьмі, але бясконца вялікая вера наша ў святую справу нашу. І які б лёс ні спаткаў па дарозе да нашай мэты, нішто нас не затрымае і супыніць не можа. Да вялікай працы, браточкі, уставайце! Да змагання за аўтаномію Беларусі, за дэмакратычную рэспубліку Дзяржавы Расійскай!

Жыве вольная Беларусь!

У вялікі час выходзіць наша газета…

Стары лад скончыўся і не паўстане болей ніколі. Няма цара, няма здзеку, уціску і паняверкі. Выйшлі на волю барцы за вольнасць і шчасце народу. Расчыніліся дзверы да светлай будучыны, у вялікі гмах братэрства, вольнасці і згоды.

Расія стала напярэдадні новага жыцця.

Параскіданы царскія троны, папарываны кайданы, па-ламаны шыбеніцы. Народ сам стаў дзяржаўцам сваім, царом жыцця свайго. Устаў ён, вялікі, магутны і вольны, падняў вочы, поўны жалю і скаргі, азірнуўся, уздыхнуў на ўсе грудзі ды загукаў на ўвесь свет: «Браты! Хай кожны паспяшае адно нам думаць і рабіць. Хто быстру рэчку затрымае, скуль сілу гэтаку дабыць?»

Расчыніліся дзверы да вялікай майстэрні, у кузню новага жыцця. Народ будзе сам сваю долю каваць. І ніхто ўжо не стане яму на дарозе, ніхто не затрымае і не спыніць яго, цара цароў і гаспадара гаспадароў.

Калом зямля яму, таму ладу старому! Будзь ён тройчы пракляты, лад крывавага царскага панавання, лад шыбеніц, астрогаў, заслання, уладараства, цямноты, галоты, здзірства і здзеку!

Мо нікому на свеце не даўся ён гэтак у знакі, як нам, беларусам. Мала таго, што з нас высмоктвалі кроў, але і дбалі пра тое, каб народ наш быў найцямнейшы і паслухмяны, як тая жывёла.

Недарма ж звалі нас «быдлам». Яны тапталі чалавецтва наша, абсмейвалі сакраманты душы нашай, здзекаваліся над мовай нашай і прагналі яе са школы, з судоў, з усіх інстытуцый. Заміж роднага, з дзяцінства нам мілага слова, яны давалі спачатку нам польскую мову, потым расійскую або маскоўскую і каб магчыма, здаецца, дык далі б нам татарскую, абы ямчэй сядзець на карку нашым, абы лягчэй смактаць кроў нашу. Бо без мовы, без роднага слова, народ, як тое быдла, з якім робяць хто што хоча. Пад гумар жартуюць, а ў злосці катуюць. Прыпамятай, беларусе, што з табой выраблялі!?

Каб апісаць усё атрамантам, дык загаласілі б людзі лямантам…

Але народ як спружына: чым мацней націскаць яе, тым раптоўней выпростваецца яна ўверх і з нязмернай сілай б’е таго, хто не здолеў стрымаць яе.

Паўстаў народ і магутным рухам сваім разарваў векавыя кайданы.

Як трухлявае дрэва разбілася на друзгі царскае сама- дзяржавіе, гэты ідал крывавы, вінавайца нашага гора, слёз і пакуты. Зрабілася цуда. Раптам не стала цароў, зніклі прывілеі, усе сталі роўнымі і вольнымі. Разам з тым знікла, як дым, і тая розніца, што дзяліла мову людскую на панскую і мужыцкую.-Усе яны — і польская, і расійская, як і наша беларуская — маюць права на жыццё і пашану; усе роўныя і аднакія, няма паміж іх ні горшай, ні лепшай, як няма сярод роўных большага ці меншага.

Дык устань, Беларус, пратры вочы свае і смела глянь на белбожы свет!

Падай руку братэрскі суседу свайму, прывітайся да ўсіх, як роўны з роўным, як вольны з вольным.

Будзь горд, Беларус! Ты маеш права, бо і твая кроў лілася за вольнасць Дзяржавы Расійскай, і твае дзеці ішлі на шыбеніцы, у вастрогі, на пакуту ў засланне за вольнасць, за шчасце, за вольнасць народа.

Будзь горд, Беларус! Ты маеш права на гэта, ты заслужваў пашану сабе ад суседа і ад усяго белага свету. І твая цагліна лягла ў падмуроўку агульнай вольнасці, і твая слязіна цэментавала будынак лепшага жыцця.

Цяпер у нашых руках наша будучыня, ад нас саміх залежыць скаваць сабе лепшую долю. Памятайце гэта, злучайцеся ў гурткі, арганізуйце хаўрусы. «Вздувайце горна, куйце смело, пока железо горячо!»

Моцна стойце на родным грунце! Любіце бацькаўшчыну сваю ўсёю душою, усім сэрцам сваім, бо хто матку забывае, таго Бог карае.

Шануйце мову сваю — гэта скарб наш, моц і аздоба наша. Вучыцеся, чытайце; чужому павучайцеся, але свайго не выракайцеся.

Даглядайце свайго, як маці дзіцяці.

Тварыце культуру сваю, шырце свядомасць сваю! Тут наша спасение. Толькі на грунце роднай культуры мы пабудуем лепшае жыццё, толькі пашана да роднай мовы звядзе нас на свет Божы. Інакш згінем, памром, як асобны беларускі народ, зробімся полем для чужынцаў, тым брудным гноем, які ўзгадуе смярдзючая зямля на страх і агіду суседзям. Праклянуць нас дзеткі нашы і адракуцца добрыя людзі!

Да вялікай працы, браточкі, уставайце! Набліжаюцца выбары да Устаноўчага Сойму. Наша святая павіннасць паслаць туды не чужынцаў, што прыехалі да нас у заработкі, не палякаў ці расійцаў, каторым край наш чужы і невядомы, а сваіх, шчырых сыноў Беларусі, хто любіць яе, як самога сябе, хто будзе бараніць народ наш і інтарэсы яго ды не спужаецца нікога і нічога, хто гатоў аддаць жыццё сваё за справу беларускую. Нам трэба паслаць да Сойму такіх людзей, каторыя парупяцца пра тое, каб Беларусь мела шырокае краёвае самаўпраўленне ды ўпраўлялася самімі беларусамі, шчырымі дзецьмі свае зямелькі, а не тымі, хто адракаецца ад нас і мовы нашай ды лічыць нас за расійцаў ці палякаў. Бойцеся людзей гэтых! Гэта здраднікі, рэнегаты, Юды, што гандлююць бацькаўшчынай нашай наогул і паасобку. Выбірайце тых, хто шануе вас і мову нашу, хто будзе дбаць пра тое, каб у школах, цэрквах і касцёлах ды ва ўсіх інстытуцыях нашага краю заводзілася наша родная беларуская мова. Выбірайце тых, хто моцна, аж да смерці, будзе стаяць за зямлю і волю народа, за культурна-нацыянальнае адраджэнне Беларусі, хто будзе стаяць за дэмакратычную рэспубліку Дзяржавы Расійскай на федэратыўнай падмуроўцы. Пасылайце да Сойму беларусаў!

Няхай жыве вольная Беларусь!