«Вецер, вецер — буйны вецер!..»
„Вецер, вецер — буйны вецер!...“ Артыкул Аўтар: Адам Бабарэка 1925 Крыніца: „Маладняк“, 1926, № 1 |
Паўлюк Трус. — Вершы. Выданьне ЦБ Маладняка. Менск — 1925 г. іп 10–46. Цана 15 кап.
Ці слухалі вы калі сьпевы, што вецер прыносіць на даліну з–за гаю? Напэўна, слухалі і ўпіваліся іх музыкай і хмелем, ня пытаючы, адкуль плывуць такія чароўныя мэлёдыі і звонкія акорды. Вас зачароўвалі гэтыя сьпевы і, калі хто вас пытаў, вы напэўна казалі: „Веяў вецер ды з–за гаю. Вецер на даліну“. А хто сьпяваў — вы так і ня ведаеце. Дык вось слухаў і я сёньня сьпевы з–за гаю. Мне таксама іх прынёс вецер, і буйны вецер. І калі я яго запытаў: хто–ж там радасна гэтак сьпявае, то ён шугануў яшчэ мацней, і вуха маё злавіла водгульле песьні: „...калосіць свабодным уздымам маладога жыцьця акіян“. I я паверыў, бо бачыў, як „калыхала песьня паплавы–прасторы, калыхала песьня небасхіл імглісты“. Бачыў, як сыпаўся на прыпол даліны „цьвет малінны новага жыцьця“.
Вецер, вецер — буйны вецер!.. Вір маладога нахлынуў. Дык што–ж мне сказаць пра сэрца–звон, што і ўвосень „па–вясноваму звоняць“, пра сэрца, што „агнём паланее“ на сенажаці, пра грудзі сярмяжныя, што жарам вішнёвяць на вольных палетках? Што сказаць пра моладасьць, што ў вясновых ўсплёсках смутак утапіла, што боль душы песьняй разрывае? А можа лепш слухаць песьні! Бо і песьні — жыцьцё маладое. „Вее вецер ды з–за гаю. Вецер на даліну“.
Але годзе лірыкі. Ды што зрабіць. Такі ўжо тон і песень Паўлюка Труса. Жыцьцё маладое, і песьня такая, бо яна толькі водгульле гэтага жыцьця; не, нават больш — само жыцьцё. А жыцьцё маладое. Маладое і ў кастрычніку, і ў змаганьні, і ў працы пасьля буры і... і ў каханьні, і ў самой песьні. Маладое і таму, што выбілася гэта крыніца творчая з беларускіх нетраў у кастрычніку, і таму, што грудзі яго поўны пажару, поўны новых сіл гэтых самых нетраў. Маладое яшчэ і таму, што яно нясецца па бурліва–кіпучых хвалях кастрычніка „ў прыгожа–люстраныя далі“, поўнае надзей, што спаткае „сусьвет вольна–новы“.
Так, Паўлюк Трус — гэта крыніца з беларускіх нетраў, гэта буйны вецер ад маладога жыцьця. Нядарма і Кастрычнікавая рэволюцыя ў яго песьнях — гэта разводзьдзе Нёману „на грудзёх Беларусі прасторнай“, гэта „вір маладога“ выбівае паводзьдзі ў старога, гэта „буйны дожджык“, які абмывае сярмяжныя грудзі, адкрывае ім прыгожа–люстраныя далі, ачышчае родныя палеткі, каб „красаваўся ўзрост малады“. I вось пасьля буры „мы спарахнелае палім і быльняговыя межы“. Тут і юны змаганец Янка, і Якім малады, які гіне „за вялікую справу лапцюжных“. Маладою эпічнасьцю павявае ад гэтых дзьвёх кастрычнікаўскіх поэмак Труса.
Такім вось буйным ветрам у П. Труса павявае і ад песень працы, і ад песень каханьня, і ад песень аб песьні. Я ня буду больш спыняцца на іх. У іх шмат маладога і крынічна–разьліўнога. Зазначу толькі, што тая народная музычнасьць і тая насычанасьць народнымі вобразамі, параўнаньнямі, сакавітымі эпітэтамі і іншымі ўкрасамі, якія робяць верш П. Труса лёгкім, пявучым, мяккім і пяшчотным, — усё гэта кажа, што поэта мае грунт для сваёй творчасьці і выкіроўваецца на свой уласны творчы шлях. Пры далейшым паглыбленьні свае творчасьці ў кірунку шырэйшага ахапленьня вопыту народнай творчасьці і вопытаў прыгожага пісьменства П. Трус абяцае вельмі многа. Адно трэба працаваць і працаваць ды часамі ўважней адносіцца да чыстаты мовы.
Так. „Вецер, вецер — буйны вецер! сьпеў ад сэрца льлецца“.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.