«Бунт проці Бога»
← «Пад сінім небам»: Характарыстыка творчасьці Натальлі Арсеньневай | «Бунт проці Бога» Артыкул Аўтар: Антон Луцкевіч 1923 Крыніца: Адбітае жыцьцё: Лекцыі і стацьці зь беларускае адраджэнскае літаратуры. Кніжка І. Вільня, 1929 |
Вільня ў беларускай літаратуры → |
Упершыню — НСьцяг. 1923. 4 ліп., дзе апублікаваны пад псэўд. Ант. Навіна. У НСьцягу адсутнічала частка арт., прысьвечаная Казіміру Сваяку. |
Запраўды, «бунтам проці Бога» можам назваць той процірэлігійны рух, які шырокай хваляй разьліўся па ўсей Савецкай Беларусі.
Рух гэты зьяўляецца не самастойным, а узьняўся як адзін з мамэнтаў у агульнасавецкім паходзе проці старых рэлігійных традыцыяў. Ён у роўнай меры выступае проці ўсіх рэлігійных кірункаў, зачыняючы і аддаючы да ўжытку культурных установаў і работніцкіх клюбаў і праваслаўныя цэрквы, і каталіцкая касьцёлы, і жыдоўскія сынагогі.
Сацыяльная рэвалюцыя, як і некалі Вялікая француская рэвалюцыя, разьбівае ўсе аўтарытэты, усе перажыткі старога ладу. Старарэжымнае дзяржаўнае сужыцьцё, так сама, як у гэты мамэнт жыцьцё Польшчы, цесна зьвязана з царкоўнасьцяй. I гэта ў свой чарод выклікае у тварцоў новага ладу асабліва варожыя адносіны да царквы наагул, а разам з тым i да таго, на чыё імя пазываецца царква: да ідэі Бога.
Савецкая ўлада стараецца выкараніць старую ідэю Бога з узгадаваньня новых пакаленьняў, з школаў, з учэбнікаў. Нас паведамляюць аб такіх фактах рупнасьці цэнзуры, як канфіскацыя дужа пекнага выданьня школьнае кніжкі да чытаньня за тое, што тамака адзiн раз успомнена імя Бога — і то ў народнай прыказцы: «праўда хоць груба, ды Богу люба»...
Побач з антырэлігійнымі працэсіямі, з карыкатурамi на сьвятых творыцца спэцыяльная літаратура, якая мае на мэце разьбіваць аўтарытэт Бога. I гэта выклiкае ў нашай памяці некалькі мамэнтаў з нашае старое, даваеннае літаратуры.
Дый ня толькі з нашае, беларускае: нам успамінаецца «бунт проці Бога» ў найвялікшым па сваей сіле творы Адама Міцкевіча — імправізацыі яго ў III часьці «Дзядоў», калі паэта, узбураны тымі крыўдамі, што Бог судзіў быў польскаму народу, адкідае справядлiвасьць і міласэрдзе Бога і кліча:
То мана, што крыніца Любві — у Табе:
Ты — толькі Мудрасьць адна!..
Такое ж «бунтарства» бачым у творах найвялікшага польскага паэты сучаснасьці, Высьпянскага, а Ян Каспровіч кідае горкія словы ўпекі валадару сьвету, што «пыл зорак перасыпвае ў сваей залатой клепсыдры» і невядома на што «плодзіць жыцьцё», якое павінна клясьці стварыцеля...
Бунт проці крыўды, якая пануе на сьвеце, даводзіць і цэлы рад беларускіх паэтаў да «бунту проці Бога», каторы ня хоча ці ня можа зьніштожыць, перамагчы зло.
* * *
Храналягічна першым у гэтым радзе зьяўляецца беларускі рэвалюцыянэр-паўстанец Костусь Каліноўскі, дзеяч 1863 году. З агульнага тону яго пісаньняў можна судзіць, што Каліноўскі быў чалавекам веручым у Бога. Але яго перадсьмертныя перажываньні у вастрозе, тая кара сьмерці, якую прысудзілі яму за незвычайна сільную любоў да свайго сярмяжнага беларускага народу, тая цяжкая пакута, каторую безь ніякае віны цярпеў гэты народ і каторай перамагчы ня здолелі ўсе высілкi лепшых людзей нашага краю, — усё гэта выклікае ў апошні перад сьмерцяй мамэнт страшэнна горкі, безнадзейны настрой у Каліноўскага. Бог пакінуў яго, яўна адвярнуўся ад тае справы, за якую Каліноўскі і тысячы другіх ідэалістаў аддалі сваё жыцьцё... Бог «за нашу Праўду» стаў нас караць... Бог спрадвеку судзіў нам згінуць... Але вера ў «нашу Праўду», у справядлівасьць вызваленчае ідэі у Каліноўскага такая магутная, такая глыбокая, так яго захоплівае, што ён у перадсьмертным вершуразьвітаньні гаворыць:
Калі за нашу Праўду Бог нас стаў караці
Дый ў прадвечнага суду вялеў прападаці, —
То мы прападзем марна, а праўды ня кінем,
Хутчэй Неба і шчасьце, як Праўду абмінем!
Так чалавек веручы, зьняверыўшыся ў перавазе дабра над злом, праўды над крыўдай, гатоў у мінуту сьмерці адрачыся збаўленьня душы, гатоў адрачыся шчасьця вечнага і самога Бога — дзеля трыюмфу «нашае Праўды»...
Вуснамі Каліноўскага прамаўляе ўчуцьцё нацыянальнае — патрыятычнае. Другі з чароду паэта-«бунтар», Мацей Бурачок, стаіць на чыста сацыяльным грунце, калі наракае на Бога, што той «ня роўна дзеле» (у «Дудцы беларускай»), калі ад імя беларускага селяніна кідае Богу горкі жаль свой: ён шкадуе, шго яму дадзены дар слова, бо слова праўды астаецца пустым гукам, — шкадуе, што яму дадзены вочы, «каб душа балела, гледзючы на долю, каб сэрца шчымела і рвалася з болю, каб было чым плакаць і ўдзень, і ўночы», — шкадуе, што мае вушы, «каб чуць, як зьвякаюць ланцугі на людцах»... Шчырым трагізмам веець ад слоў гэтага безумоўна веручага «бунтара», калі ён кажа:
Ня зьдзекуйся ж, Божа, нада мной, над імі:
Парабі усіх нас, як камень, глухімі!
Вазьмі усе змыслы, покі прыйдзе Праўда,
Бо жыць безь яе нам невяліка наўда!
I ён проці свае волі бачыць сябе прымушаным «біцца з Богам» — усё за тую ж самую «нашу Праўду», аб якой гаварыў Каліноўскі напярэдадні расстрэлу:
Прасіў я суседзяў са мной падзяліцца,
Памагчы крыж несьці, як «з Богам ня біцца».
Абсьмяялі людзі мяне, як дурнога,
Да цябе паслалі, да самаго Бога:
Там, казалі, праўда, тут тыкеле сіла!
Даўней, кажуць, праўда па сьвеце хадзіла,
Жабруючы ж зьмёрла, а людцы схавалі,
Каменем накрылі, зямлю пааралі,
Каб ня чуць, ні ведаць аб ёй ані весьці.
Ды цяпер і кажуць: «Праўда ў небе гдзесьці»...
(«Праўда»)
Хоць у канцы аўтар і просіць Бога, каб паслаў Праўду зь неба назад на зямлю, — ды ўва ўсіх падобных зваротах Мацея Бурачка да Бога чуецца той самы «бунт», за які некалі лішне руплівыя прадстаўнікі кліру гатовы былі выклінаць вялікага Адама...
Чвэрць веку прайшло паміж сьмерцяй Каліноўскага і напісаньнем «Дудкі беларускай». А яшчэ праз чвэрць веку пачуўся магутны голас найвялікшага беларускага волата слова — Янкі Купалы, найбліжэйшага да нас, найбольш сучаснага.
Янка Купала — запраўдны павадыр беларускага народу. Ён — прарок адраджэньня і вызваленьня беларусаў з эканамічнае, палітычнае і духовае няволі. Голас яго — то ўжо ня голас забітага, загнанага селяніна-гаротніка: ён прамаўляе ад імя ўсяго многамільённага, цяжка пакрыўджанага беларускага народу. Голас гэты грыміць, быццам гром, — у ім чуецца крык мільёнаў — востры, рэзкі пратэст проці нічым не заслужаных крыўд і зьдзекаў. То голас бунту ня толькі проці валадароў дачасных на зямлі, але і проці спрадвечнага валадара «і неба, і зямлі».
Мы маем на думцы верш Купалы «Цару неба й зямлі», поўны горкае ўпекі Богу, каторы, пры ўсей сваей магутнасьці, ня можа вызваліць народу беларускага ад Ім жа створанай бяды і цьмы, каторы «прадаў на глум і годным і нягодным усё, што ёсьць сьвятым для нас і ў нас». Купала па-мастацку малюе абраз народнае нядолі, за якую вінаваціць Бога, і канчае свой твор поўным трагізму крыкам:
I ты глядзіш на гэта усё з патоляй,
Глядзіш, маўчыш, як падзямельля мур;
Мальбы няшчасных: «праўды! шчасьця! долі!»
Ты глух паняць, паслаць маланкі бур!
Паймі! Пачуй! Сон наш і свой стрывожы!
Закон і суд свой праведны пашлі...
Вярні нам Бацькаўшчыну, Божа,
Калі ты цар і неба, і зямлі!..
* * *
Усе вышэйпералічаныя нашыя песьняры — людзі сьвецкія, для якіх жыцьцё і шчасьце народу на гэтым сьвеце — першая і найважнейшая справа. I гэта — для нікога ня дзіўна, гэта — зусім зразумелая рэч. Затое зусім асаблівае месца сярод гэтых асаблівых «бунтароў проці Бога» займае беларускі паэта — ксёндз каталіцкі. Над ім і трэба нам супыніцца з адпаведнай уважлівасьцяй.
Гэта — кс. Стаповіч, мянюшка — Казімір Сваяк, які без пары зышоў у магілу ў 1926 годзе.
Кс. Стаповіч, яшчэ дзецюком быўшы, вельмі горача і балюча адчуваў сваей незвычайна чуткай душой вялікую драму працоўных. Лішне добра прыгледзеўся ён з малых гадоў да ўсіх нягод і зьдзекаў, якія церпіць сялянская маса — тут, у Беларусі. Прыгледзеўся і да мук мястовага работніка, бачыў, як у вялізарнай сталіцы царскае Расеі — Пецярбурзе — з мазаля работнікаў тварылася і расло ўсялякае багацьце, як працу беднаты пажыралі дармаеды. I ўсё гэтае запісваў у сваім штодзёньніку, і на ўсё гэтае шукаў рады-леку.
Узгадаваны ў каталіцкім духу, сам прадстаўнік каталіцкае царквы, кс. Стаповіч ува ўсім гэтым павінен быў бачыць «Найвышэйшую Волю». Але тая рэлігія, у якой ён шукаў адказу на ўсе жыцьцёвыя пытаньні, загадвала яму верыць, што гэтая «Найвышэйшая Воля» разам з тым зьяўляецца і «Найвышэйшай Справядлівасьцяй». Тым часам жыцьцё яму на кожным кроку паказвала, што не справядлівасьць, а сіла дужэйшага пануе над сьветам і дыктуе яму свае законы. Шчыры беларус, гарачы адраджэнец, — кс. Стаповіч бачыў, што народ беларускі пакутуе ў падвойнай няволі: і сацыяльнай, і нацыянальнай — духовай, а віны гэтага паняволенага народу, якая апраўдала бы «Найвышэйшую Справядлівасьць», ніяк знайсьці ня мог. Дык, падобна да таго, як некалі беларускі рэвалюцыянэр-паўстанец Костусь Каліноўскі, і наш Сваяк утраціў веру ў гэную «Найвышэйшую Справядлівасьць», якая ня хоча ці ня можа скрышыць перунамі свайго гневу ўсю крыўду і ўсё злое на сьвеце...
Для каталіцкага ксяндза — гэта ж вялікая трагэдыя. I тым больш вялікая, што ён навет ня мог ні зь кім з сваіх таварышоў дзяліцца сваімі думкамі аб гэтым, што наагул хацеў шчыра верыць у Моц і Справядлівасьць Бога! Можа, гэта і пабуджала яго шукаць выхаду для сваіх думак у паэзіі, дзе — пад мянюшкай Казіміра Сваяка — толькі і мог шчыра боль душы сваей высказаць.
Праглядаючы томік яго вершаў «Мая ліра», выданы Беларускім выдавецкім таварыствам у 1924 годзе ў Вільні, мы і бачым усюды крык роспачы «душы збалелай, з мук ашалелай», бачым страшэнную духовую драму паэты-ксяндза, утраціўшага веру ў Найвышэйшую Справядлівасьць. Сваяк незвычайна балюча адчувае гора і няволю беларускага працоўнага народу, усей душой любіць сваю Бацькаўшчыну Беларусь, сумуе, што слабыя сілы яго не даюць яку магчымасьці стануць у рады актыўных барацьбітоў за вызваленьне яе, бо «з рук божага Даўцы» ён ужо не чакае «збаўленьня з долі апляванай», бо «збаўленьне» гэтае вымагае — барацьбы!
I толькі ў самым бяздоньннi няверы
Іскра надзеі у попеле тлее:
Іскра надзеі, што рана бязь меры
Долі народнай душы разагрэе.
Іскра надзеі пажарышчам стане,
Аж твар схаваюць нябесныя зоры,
I дух народны адважна паўстане:
Раўняці будзе даліны і горы.
Сваяк вачыма душы шукае «сільных між браці паганай» і верыць, што вось нарасьце пакаленьне, якое:
Будаваць будзе на зломах Айчыны
Рукой магутнай з агнём Прамэтэя,
А сам, як згіне, дасьць тастамант сыну,
Каб не змалела Айчыны ідэя...
Як маглі зьмясьціцца такія думкі і імкненьні пад чорнай ксяндзоўскай сутанай?! Вось у гэтым і трагэдыя Сваяка, якая пэўне ж ня ў меншай меры, чым сухоты, нішчыла яго кволы арганізм. Душна і цесна было яму ў тых путах, якімі скаваў яго духоўны стан. А разарваць гэтыя путы не было ўжо сілы: ані фізiчнай, бо цела ўсьцяж слабела, ані духовай, бо патрэба верыць, вытвараная ў ім усенькім узгадаваньнем, не пазваляла яму фармальна адкінуць тое, што фактычна ў ім замерла.
Дык цяжкім сумам і адчаем веець ад усей паэзіі Сваяка. I адзінай аддушынай, адзінай пацехай у ягоным жыцьці, поўным трагізму, была тая новая вера, якая патроху пачала замяняць Сваяку старую веру ў Бога: гэта — вера ў свой народ. I ў сваім «Тастаманце» Сваяк адказвае гэту веру і прыяцелям сваім, а ворагам народу кажа:
А тым, што як вужак асьліняць нас ядліва,
То жартам панскім, то замовай агідлівай,
Скажу, што будзе час, калі, прытоптаны нагой,
Вы скажаце: «Вось Беларусь пайшла аднак гарой!»
* * *
Разглядаючы гэтыя выступленьні нашых песьняроў, мы павінны ўсё ж такі адзначыць, што іх «бунт проці Бога» яшчэ даволі далёк ад сучаснага «паходу проці Бога» ў Савецкай Беларусі. Гэта ўсё яшчэ бунт ня проці ідэі Бога, а проці бясьсільля гэтае ідэі перавярнуць, перастроіць чалавечае жыцьцё на асновах праўды, справядлівасьці. Гэта бунт проці таго, што прадстаўленьне аб Богу як аб ідэале на кожным кроку сустракаецца з фактамі, якія пярэчаць атрыбутам божства. Гэта выяўленьне страшэннага болю душы, якая мучыцца ад расчараваньня, ад немагчымасьці знайсьці ў жыцьці апраўданьне для свайго ідэалу божства.
Зусім другое бачым мы ў новай беларускай пралетарскай паэзіі. Тут ужо яўнае адкіданьне ідэі Бога, тут барацьба з гэтай ідэяй:
Цэрквы, палацы, харомы —
Памяць мінулага — з дымам!
кліча Міхась Чарот у сваей паэме «Босыя на вогнішчы».
Тут «бунт проці Бога» ня веры, а — бязьверыя. I на гэты шлях узышоў у апошні час і Янка Купала, які заместа веры ў Бога стварыў сабе, як і Сваяк, новую веру — веру «ў свой народ, свой край і самаго сябе» («Спадчына»).