Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/162

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
ЭПІЛЁГ.

Прайшло тры гады.

Шматлікая публіка сабралася ў Кіеве, падчас „Кантрактаў“[1], слухаць арыгінальнага музыку. Ён быў сьляпы, але дзейка перадавала чуды аб яго музыкальным таленце і аб яго асабістым лёсе. Казалі, быццам у дзяцінстве ён быў украдзены з заможнае сям’і бандаю сьляпых, з якімі ён бадзяўся, пакуль вядомы прафэсар не зьвярнуў увагі на яго нязвычайны музыкальны талент. Іншыя зноў дзейкалі, што ён сам пайшоў з сям’і да жабракоў з-за нейкіх рамантычных пабуджэньняў. Як-бы там ні было, а кантрактовая саля была набіта да апошняй меры, і збор (меўшы невядомае публіцы дабрадзейнае назначэньне) быў поўны.

У салі запанавала глыбокая цішыня, калі на эстрадзе зьявіўся малады чалавек з харошымі вялікімі вачыма і зьбялелым тварам. Ніхто ня прызнаў-бы яго сьляпым, калі-б гэтыя вочы ня былі гэткімі нярухомымі і калі-б яго не вяла маладая бялявая дама, як казалі, жонка музыкі.

— Ня дзіва, што ён выклікае гэткае страшнае ўражаньне, — казаў у натаўпе нейкі зоіл свайму суседу. — У яго надзіва драматычная павярхоўнасьць.

Сапраўды, і гэты зьбялелы твар з выразам удумлівае ўвагі, і нярухомыя вочы, і ўся яго фігу-

  1. Напомнім, што «Кантрактамі» называюць кіеўскі кірмаш.