Алёша (1927)/Малайцы землякі/Любім выпіць!

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Малайцы землякі Любім выпіць!
Фэльетон
Аўтар: Анатоль Вольны
1927 год
Ну, куды гэта варта?
Іншыя публікацыі гэтага твора: Любім выпіць!

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЛЮБІМ ВЫПІЦЬ!

Малайцы землякі — любяць выпіць.

І гоняць, і п‘юць, і апараты добра хаваюць.

У некаторых, праўда, паадбіралі апараты.

Бываюць разявы. У сям‘і не бяз уроду.

А наогул, дык землякі малайцы.

Ня ведаю, ці зьяўляецца Атачкін (старшыня Слуцкага Спажывецкага Райтаварыства) маім земляком, але выпіць ён любіць.

„То-есть в доску любит товарищ Атачкін выпить“, — як казаў пра яго адзін сябра па выпіўцы загадчык прускай крамы, які таксама быў: „не то, что-б очень п‘ян, но весел бесконечно“.

Але гэта толькі агульная характарыстыка Атачкіна і яго сябра.

Канкрэтна ў гэты раз, аб якім ідзе рэч, таварыш Атачкін едзе са сваім сябром па вуліцы вёскі Прусы.

Едуць сабе і пяюць.

Сяляне зацікавіліся канцэртам.

Тады Атачкін з таварышом рашылі парадаваць сялян.

Грацыёзным асьлёнкам Атачкін выскаквае з возу і анфасам з размаху падае на землю.

— Вялікі шутнік у нас на Случчыне таварыш Атачкін, — тлумачыў сялянам яго сябра загадчык крамы.

А праз хвіліну пад‘яжджае другі воз з таварышамі Атачкіна.

На ім сядзеў мясцовы поп у савецкай кэпі і мясцовы савецкі працаўнік у шапцы папа.

У сялян загутарыла пачуцьцё жалю да папа і яны папрасілі ў савецкага працаўніка, каб ён аддаў шапку.

— А вы мяне яшчэ папрасіце, — какэтаваў з сялянамі мясцовы савецкі працаўнік.

— А хто вы такі будзеце? — хмура запыталіся сяляне.

— Я загадчык маемасьці Слуцкае акругі, (завгосимуществом), а гэта мае сябры… — з гонарам адказаў савецкі працаўнік і, абвёўшы прысутных поглядам, дадаў:

— Прынесьці нам бутэльку рабоча-сялян…

— Вось ён, кавалачак вясковага быту…

А тут яшчэ хлопцы сьвісьцяць, дзяўчаты гігікаюць.

Малайцы землякі!..