Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/163

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ра падстройвала да нечага асаблівага, няпрывычнага.

Паўдзённа-руская публіка наагул любіць і цэніць свае родныя мэлёдыі, але тут нават рознашарсьцёвы „кантрактавы“ натаўп быў адразу захоплены глыбокаю шчырасьцю выразу. Жывая істота роднае прыроды, чулая арыгінальная сувязь з беспасрэднымі гукамі народнае мэлёдыі сказвалася ў імпровізацыі, якая лілася з-пад рук сьляпога музыкі. Багатая хварбамі, гібкая і пявучая, яна бегла звонкаю струёю, то паднімаючыся ўрачыстым гымнам, то разьліваючыся задушэўным сумным напевам. Здавалася час ад часу: гэта бура грыміць у нябёсах, гуляючы ў бесканечным прасторы, гэта толькі сьцяповы вецер зьвініць у траве, на кургане, навяваючы смутныя мары аб мінулым.

Калі ён змоўк, дык гром аплёдысмэнтаў ахопленага ўцехаю натаўпу напоўніў вялізарную салю. Сьляпы сядзеў, спусьціўшы голаў, зьдзіўленна прыслухваючыся да гэтых грымотаў. Але вось ён ізноў падняў рукі і ўдарыў па клявішах. Многалюдная саля прыціхла ў міг.

У гэтую мінуту ўвайшоў Максім. Ён уважна аглядзеў гэты натаўп, ахоплены адным пачуцьцём, скіраваўшы на сьляпога лакомыя, гаручыя пагляды.

Стары слухаў і ждаў. Ён больш, як хто-нібудзь іншы ў гэтым натоўпе, разумеў жывую драму гэтых гукаў. Яму здавалася, што гэта магутная імпровізацыя, што гэтак вольна льлецца з грудзей музыкі, раптам абарвецца, як раней, трывожным, балючым пытаньнем, якое адкрые новую рану ў душы яго сьляпога гадунца. Але гукі расьлі, крапчэлі, паўнелі, рабіліся ўсё больш і больш уладнымі, захаплялі сэрца аб’яднанага і заміраўшага натаўпу.