Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/63

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ён раптам павесялеў і прасвятлеў духам. Васіль не пакахаў Ольгу, не! — словам «каханне» жартаваць не трэба… Ён знайшоў сабе занятак, паставіў сабе задачу і радаваўся радасцю дзейнага чалавека. Ён і не ўспомніў аб тым, што яна — выхаванка яго мацеры, нявеста другога; ён ні на адзін момант не ашукваў сябе; ён вельмі добра ведаў, што ёй не быць яго жонкай. Магчыма, яму дароўвала страсць — праўда, не ўзвышаная, не высокародная, але, усё-такі, досыць моцная і пакутлівая страсць. Зразумела, ён закахаўся не як дзіця; ён не аддаваўся няпэўным захапленням; ён добра ведаў, чаго ён хацеў і да чаго ён імкнуўся.

Васіль Іванавіч у поўнай меры ўладаў здольнасцю ў самы кароткі час прывучыць да сябе другога, нават прадузятага або баязлівага чалавека. Ольга хутка перастала дзічыцца яго. Васіль Іванавіч увёў яе ў новы свет. Ён выпісаў для яе клавікорды, вучыў яе музыцы (ён сам добра іграў на флейце), чытаў ёй кнігі, доўга размаўляў з ёю… Галава закружылася ў беднай стэпнячкі. Васіль зусім пакарыў яе. Ён умеў гаварыць з ёю аб тым, што да гэтага часу ёй было чужым, і гаварыў мовай ёй зразумелай. Ольга патроху асмельвалася выказваць яму свае пачуцці; ён дапамагаў ёй, падказваў ёй словы, якіх яна не знаходзіла, не запалохваў яе; то стрымліваў, то заахвочваў яе парывы… Васіль займаўся яе выхаваннем не з бескарыслівага жадання разбудзіць і развіць яе здольнасці: ён, проста, хацеў яе некалькі наблізіць да сябе, і знаў пры гэтым, што неспрактыкаваную, баязлівую, але самалюбную дзяўчыну лягчэй заінтрыгаваць розумам, чым сэрцам. Калі-б Ольга была нават істотай незвычайнай, Васіль ніяк не мог-бы гэтага заўважыць, таму што ён абыходзіўся з ёю, як з дзіцем; але вы ўжо ведаеце, панове, што ў Ольгі асабліва выдатнага нічога не было. Васіль стараўся, па магчымасці, дзейнічаць на яе ўяўленне, і часта вечарам яна ішла ад яго з такім віхрам новых вобразаў, слоў і думак у галаве, што не магла заснуць да раніцы, і, тужліва ўздыхаючы, бесперапынна прыкладала гарачыя шчокі да халодных падушак, або ўставала, падыходзіла да акна, і палахліва і прагна глядзела ў цёмную далячынь. Васіль напаўняў кожны міг яе жыцця; ні аб кім іншым яна думаць не магла. Рагачова хутка яна перастала нават заўважаць. Васіль, як чалавек лоўкі і хітры, пры яго прысутнасці не гаварыў з Ольгай; але або смяшыў яго самога да слёз, або пачынаў якую-небудзь шумную гульню, прагулку конна, катанне ўначы па рацэ з факеламі і музыкай — адным словам, не даваў