Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дасталася на долю Ольгі Іванаўны, не прыцягнула-б увагі Васіля, калі-б ён сустрэўся з ёю ў Пецербургу. У вёсцы-ж, у глушы, яна не толькі ўзбудзіла яго ўвагу — але і нават наогул была адзінай прычынай той перамены, аб якой я гаварыў вышэй.

Мяркуйце самі: Васіль Іванавіч любіў цешыцца жыццём; ён не мог не нудзіцца ў вёсцы; браты яго былі добрыя хлапцы, але вельмі абмежаваныя людзі: ён нічога не меў агульнага з імі; сястра яго Наталля на працягу трох год прыжыла са сваім мужам чэцвера дзяцей; паміж ёй і Васілём было цэлае бяздонне… Анна Паўлаўна хадзіла ў царкву, малілася, пасціла і рыхтавалася да смерці. Заставалася адна Ольга, свежая, баязлівая, міленькая дзяўчынка… Васіль яе перш не заўважыў… ды хто-ж звяртае ўвагу на выхаванку, на сірату, на прыёмную?.. Аднойчы, у самым пачатку вясны, ішоў ён па садзе і палачкай збіваў галоўкі цыкорыя, гэтых недарэчненькіх жоўтых кветачак, якія ў такім мностве першыя паяўляюцца на ледзь зелянеючых лугах. — Ён гуляў па садзе перад домам, падняў галаву — і ўбачыў Ольгу Іванаўну. — Яна сядзела бокам ля акна і задуменна гладзіла паласатае кацянё, якое, мурлыкаючы і жмурачыся, прымайстравалася на яе каленях і з вялікай прыемнасцю падстаўляла свой носік вясенняму, ужо досыць яркаму сонцу. На Ользе Іванаўне была белая ранішняя сукенка з кароткімі рукавамі; яе голыя, бледнаружовыя, не зусім развітыя плечы і рукі дыхалі свежасцю і здароўем; невялікі чэпчык асцярожна сціскаў яе густыя, мяккія, шаўкавістыя завіткі; твар злёгку чырванеў: яна нядаўна прачнулася. Яе тонкая і гнуткая шыя так міла падавалася наперад; так чароўна неахайна, так сарамліва адпачываў яе незацягнуты стан, што Васіль Іванавіч (вялікі знаток!) мімаволі спыніўся і загледзеўся. Яму раптам прышло ў галаву, што няварта пакідаць Ольгу Іванаўну ў яе першабытным невуцтве; што з яе можа з цягам часу атрымацца надзвычай мілая і ветлівая жанчына. Ён падкраўся да акна, прыпадняўся на цыпкі і моўчкі пацалаваў белую і гладкую руку Ольгі Іванаўны крыху ніжэй локця. Ольга закрычала і ўсхапілася, кацянё наставіла хвост і саскочыла ў сад. Васіль Іванавіч з усмешкай прытрымаў яе за руку… Ольга пачырванела ўся да вушэй; ён пачаў жартаваць з яе сполаху… клікаў яе гуляць з сабою; але раптам Ольга Іванаўна заўважыла неакуратнасць свайго адзення — і «шпарчэй за шпаркую лань» уцякла ў другі пакой.

У той-жа самы дзень Васіль адправіўся да Рагачовых.