Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ідзіце ўсе… усе вон, — прагаварыў ціхім голасам Іван Андрэевіч, не адводзячы рук ад твара.

Увесь натоўп вышаў. Васіль спыніўся на парозе, пасля раптам страсянуў галавой, абняў Юдзіча, пацалаваў руку маці… і праз дзве гадзіны яго ўжо не было ў вёсцы. Ён паехаў у Пецербург.

Вечарам, таго-ж дня, Юдзіч сядзеў на ганачку дваровай хаты. Людзі акружалі яго, шкадавалі і горка папракалі пана.

— Годзе, браткі, — сказаў ён ім нарэшце: годзе… што вы яго лаеце? ён і сам, бадай, бацюшка наш, сваёй зухаватасці не рад…

З прычыны гэтага здарэння, Васіль ужо больш не бачыўся са сваім бацькам. Іван Андрэевіч памёр без яго, і памёр, напэўна, з такой тугою на сэрцы, якую не дай бог адчуваць каму-небудзь з вас. Васіль Іванавіч, між тым, выязджаў, весяліўся па-свойму і раскідаўся грашыма. Як ён здабываў гэтыя грошы, не магу напэўна сказаць. Дастаў ён сабе слугу француза, лоўкага і кемлівага чалавека, нейкага Бурс’е. Гэты чалавек вельмі да яго прывязаўся, і дапамагаў яму ва ўсіх яго шматлікіх штукарствах. Я не маю намеру расказваць вам падрабязна аб усіх свавольствах майго grand’oncle; ён вызначаўся такой неабмежаванай смеласцю, такой змяінай зваротлівасцю, такой незразумелай абыякавасцю, такім спрытным і дасціпным розумам, што, прызнаюся, я разумею неабмежаваную ўладу гэтага амаральнага чалавека над самымі благароднымі душамі.

Неўзабаве пасля смерці бацькі, Васіль Іванавіч, не гледзячы на сваю зваротлівасць, быў выклікан на дуэль адным абражаным мужам. Ён біўся, цяжка раніў свайго суперніка і вымушан быў выехаць са сталіцы: яму загадалі безвыездна жыць у сваім памесці. Васілю Іванавічу было 30 год. Вы лёгка можаце сабе ўявіць, панове, з якімі пачуццямі гэты чалавек, які прывык да сталічнага, бліскучага жыцця, ехаў на радзіму. Кажуць, ён па дарозе часта выходзіў з кібіткі, кідаўся тварам у снег і плакаў. Ніхто ў Лучынаўцы не пазнаваў ранейшага вясёлага, ветлівага Васіля Іванавіча. Ён ні з кім не гаварыў, з раніцы да ночы ездзіў на паляванне, з відзімай нецярплівасцю зносіў нясмелыя ласкі сваёй маці і бязлітасна насміхаўся над братамі, над іх жонкамі (яны ўжо абодва паспелі ажаніцца)…

Я вам да гэтага часу, здаецца, нічога не сказаў пра Ольгу Іванаўну. Грудным дзіцем прывезлі яе ў Лучынаўку; яна ледзь не памерла па дарозе. Ольга Іванаўна была выхавана,