Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У Івана Андрэевіча пабялелі і затрэсліся губы. Ён хадзіў па пакоі, як дзікі звер у цеснай клетцы.

Людзі не асмельваліся выканаць яго загад.

— Што-ж вы стаіце, хамавы дзеці? Што-ж, мне самому за яго ўзяцца ці што?

Юдзіч пайшоў было да дзвярэй…

— Стойце! — закрычаў Іван Андрэевіч. — Юдзіч, апошні раз кажу табе, прашу цябе, Юдзіч, прызнайся.

— Не магу! — прастагнаў Юдзіч.

— Дык бярыце-ж яго, старога падлізніка!.. На смерць яго! У маю галаву! — загрымеў звар’яцелы стары. Збіванне пачалося…

Раптам дзверы адчыніліся, і ўвайшоў Васіль. Ён быў амаль што бляднейшы за бацьку, рукі яго дрыжэлі, верхняя губа прыўзнялася і агаліла рад белых і роўных зубоў.

— Я вінен, — сказаў ён глухім, але цвёрдым голасам. — Я ўзяў гэтыя грошы.

Людзі спыніліся.

— Ты! як? ты, Васька! без згоды Юдзіча?

— Не, — сказаў Юдзіч: з маёй згоды. Я сам аддаў ключ Васілю Іванавічу. Баценька, Васіль Іванавіч! навошта вы турбуецеся?

— Дык вось хто злодзей! — закрычаў Іван Андрэевіч. — Дзякуй, Васіль, дзякуй! А цябе, Юдзіч, я ўсё-такі не памілую. Чаму ты мне адразу ва ўсім не прызнаўся? Гэй, вы! што вы сталі? Ці можа ўжо і вы маёй улады не прызнаеце? А з табою я спраўлюся, голубе! — дадаў ён, звяртаючыся да Васіля.

Людзі зноў былі ўзяліся за Юдзіча.

— Не чапайце яго! — прашаптаў Васіль праз зубы. Слугі яго не паслухалі. — Назад! — закрычаў ён і кінуўся на іх… Яны адскочылі.

— А! бунтаваць! — прастагнаў Іван Андрэевіч, і, падняўшы кій, пайшоў на сына.

Васіль адскочыў, схапіўся за рукаятку шпагі і выцягнуў яе да палавіны. Усе ўздрыгануліся. Анна Паўлаўна, прыцягнутая шумам, спалоханая, бледная, паказалася ў дзвярах.

Страшэнная змяніўся твар Івана Андрэевіча. Ён захістаўся, выпусціў з рукі кій, і цяжка апусціўся на крэсла, закрыўшы твар абодвума рукамі. Ніхто не варушыўся, усе стаялі як укопаныя, не выключаючы і Васіля. Сударгава сціскаў ён стальную рукаятку шпагі, вочы яго блішчэлі панурым, злосным бляскам…