Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

як кажуць, у страху божым і бацькоўскім… Трэба прызнацца, што Іван Андрэевіч і Анна Паўлаўна — абое лічылі яе за дачку. Але ў ёй захоўвалася слабая іскра таго агню, які так ярка пылаў у душы Васіля Іванавіча. Між тым, як сапраўдныя дзеці Івана Андрэевіча не асмельваліся думаць аб прычынах недарэчнага маўклівага разладу паміж іх бацькамі, — Ольгу з дзіцячых год трывожыла і мучыла становішча Анны Паўлаўны. Як і Васіль, яна любіла незалежнасць; усякі прыгнёт яе абураў. Яна ўсімі сіламі душы прывязалася да сваёй дабрадзейкі; старага Лучынава яна ненавідзела, і не раз, седзячы за сталом, накіроўвала на яго такія змрочныя позіркі, што нават чалавеку, які падаваў яду, рабілася жудасна. Іван Андрэевіч не заўважаў усіх гэтых позіркаў, таму што наогул не звяртаў ніякай увагі на сваю сям’ю.

Спачатку Анна Паўлаўна старалася знішчыць у ёй гэту нянавісць — але некаторыя смелыя пытанні Ольгі прымусілі яе замаўчаць зусім. Дзеці Івана Андрэевіча паважалі Ольгу, і старая яе любіла таксама, хоць досыць халоднай любоўю.

Працяглае гора знішчыла ў гэтай беднай жанчыне ўсякую вясёласць, усякае моцнае пачуццё; нічога так ясна не даказвае чароўнай прыязнасці Васіля, як тое, што ён нават матку сваю прымусіў горача палюбіць сябе. Шчырае выказванне дзіцячай пяшчотнасці не было ў модзе таго часу, а таму не дзіва, што Ольга не асмельвалася выяўляць сваю прыхільнасць, хоць заўсёды з асаблівай пачцівасцю цалавала руку Анны Паўлаўны вечарам, пры развітанні. Чытаць і пісаць амаль не ўмела. Праз дваццаць год пасля, рускія дзяўчаты пачалі чытаць раманы накшталт Прыгод маркіза Глаголя, — Фанфана і Лалоты, — Аляксея або Халупы ў лесе; пачалі вучыцца на клавікордах і спяваць песні накшталт наступнай, некалі вельмі вядомай:

„Мужчыны на свеце
Як мухі да нас ліпнуць“ — і г. д.

але ў сямідзесятых гадах (Ольга Іванаўна нарадзілася ў 1757 годзе) нашы вясковыя прыгажуні нічога не ведалі аб усіх гэтых удасканаленнях. Цяжка нам цяпер сабе ўявіць рускую паненку таго веку; праўда, мы можам, па нашых бабульках, меркаваць аб ступені адукаванасці дваранак часоў Екацярыны; але як-жа адрозніць тое, што паступова да іх прывілося на працягу іх доўгага жыцця, — ад таго, чым яны былі ў дні маладосці?

Ольга Іванаўна некалькі магла гаварыць па-французску —