Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дзе-небудзь грошай. Юдзіч заплакаў, кінуўся перад ім на калені, прасіў успомніць бога, не губіць сябе. Васіль, не кажучы ні слова, замкнуўся ў сваім пакоі. Праз некалькі часу пачуў ён, што хтосьці асцярожна да яго стукаецца, ён адамкнуў дзверы і ўбачыў на парозе Юдзіча, бледнага, дрыжачага, з ключом у руцэ. Васіль адразу-ж усё зразумеў. Перш ён доўга адмаўляўся. Юдзіч праз слёзы цвярдзіў «будзьце-ж ласкавы, паніч! вазьміце»… Васіль, нарэшце, згадзіўся. Справа была ў панядзелак. Васілю ў галаву прышла думка замяніць узятыя грошы бітымі чарапкамі. Ён разлічваў на тое, што Іван Андрэевіч, пастукваючы па мяшках кіем, не зверне асаблівай увагі на ледзь прыкметную розніцу гуку — а да суботы ён спадзяваўся дастаць і пакласці назад грошы ў куфар. Прыдумана — зроблена. Бацька, сапраўды, нічога не заўважыў. Але да суботы Васіль грошай не дастаў: ён спадзяваўся на ўзятыя грошы абыграць аднаго багатага суседа — і, наадварот, сам усё прагуляў. Між тым настала субота; дайшла чарга і да мяшкоў, напханых чарапкамі. Уявіце сабе, панове, здзіўленне Івана Андрэевіча!

— Гэта што значыць? — загрымеў ён.

Юдзіч маўчаў.

— Ты ўкраў гэтыя грошы?

— Гэта не я.

— А ключ хто-небудзь у цябе браў?

— Я нікому не даваў ключа.

— Нікому? А калі нікому — дык ты злодзей. Прызнавайся!

— Я не злодзей, Іван Андрэевіч.

— Адкуль-жа ўзяліся гэтыя чарапкі, чорт пабяры! Дык ты мяне ашукаць хочаш? Апошні раз гавару табе — прызнавайся!

Юдзіч апусціў галаву і склаў рукі за спіной.

— Гэй, людзі! — закрычаў Іван Андрэевіч ашалелым голасам. — Палак.

— Як? мяне… караць? — прашаптаў Юдзіч.

— Вось табе і на! ды чым-жа ты лепшы за другіх? Ты злодзей! Ну, Юдзіч! не чакаў я ад цябе такога шальмоўства!

— Я пасівеў на вашай службе, Іван Андрэевіч, — з намаганнем прагаварыў Юдзіч.

— А мне якая справа да тваіх сівых валасоў! Чорт-бы цябе пабраў з тваёй службай!

Людзі ўвайшлі.

— Вазьміце вось яго, ды добранька!