Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/53

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і, плачучы, кінулася на калені перад пасцеллю мужа, хацела нешта сказаць — працягнула рукі… Іван Андрэевіч паглядзеў на яе — і слабым голасам, але цвёрда закрычаў: «чалавек!» Слуга ўвайшоў, Анна Паўлаўна паспешна ўстала і, хістаючыся, вярнулася на сваё месца.

Дзеці Івана Андрэевіча надзвычай яго баяліся. Яны выраслі ў вёсцы і былі сведкамі дзіўнага абыходжання Івана Андрэевіча са сваёй жонкай. Яны ўсе моцна любілі Анну Паўлаўну, але не асмельваліся выказаць сваю любоў. Яна сама як быццам іх цуралася… Вы памятаеце, панове, майго дзеда: ён да самай смерці заўсёды хадзіў на цыпках і гаварыў шэптам… што значыць прывычка! Мой дзед і брат яго, Іван Іванавіч, былі людзі простыя, добрыя, ціхія і сумныя; мая grand’tante Наталля вышла, як вам вядома, замуж за грубага і неразумнага чалавека, і да смерці адчувала да яго маўклівую, ліслівую, авечую любоў — але не такім быў брат іх Васіль. Я вам, здаецца, гаварыў, што Іван Андрэевіч пакінуў яго ў Пецербургу. Яму было тады гадоў дванаццаць. Бацька даручыў яго апецы аднаго далёкага сваяка, чалавека ўжо не маладога, халастога, страшэннага вальтэр’янца.

Васіль вырас, паступіў на службу. Ён быў невялікага росту, але добра складзены і вельмі спрытны; надзвычай добра гаварыў па-французску і славіўся сваім уменнем біцца на шпагах. Яго лічылі адным з выдатных маладых людзей пачатку царавання Екацерыны. Бацька мой часта мне гаварыў, што ён ведаў не адну старую, якая без сардэчнага рaсчулення ўспомніць не магла аб Васілю Іванавічу Лучынаве. Уявіце сабе чалавека, які мае незвычайную сілу волі, страснага і ашчаднага, цярплівага і смелага, скрытнага да надзвычайнасці і — па словах усіх яго сучаснікаў — чароўна, прывабна ветлівага. У ім не было ні сумлення, ні дабраты, ні чэснасці, хоць ніхто і не мог назваць яго абсалютна злым чалавекам. Ён быў самалюбным — але ўмеў таіць сваё самалюбства, і страшэнна любіў незалежнасць. Калі, бывала, Васіль Іванавіч, усміхаючыся, ласкава прыжмурыць чорныя вочы, калі захоча зачараваць каго-небудзь, кажуць, немагчыма было яму працівіцца — і нават людзі, упэўненыя ў сухасці і халоднасці яго душы, не раз паддаваліся чаруючай магутнасці яго ўплыву. Ён старанна служыў самому сабе, і іншых прымушаў працаваць для сваіх-жа выгад, і заўсёды ва ўсім паспяваў, таму што ніколі не трапіў галавы, не грэбаваў ліслівасцю, як сродкам, і ўмёў падлізвацца.

Гадоў праз дзесяць пасля пасялення Івана Андрэевіча ў