Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

прыняў да сябе ў сям’ю дачку аднаго далёкага сваяка, круглую сірату, Ольгу Іванаўну, пра якую я ўжо вам гаварыў. Падданыя майго дзеда, напэўна, ведалі аб яго існаванні, таму што высылалі да яго (калі не здаралася асаблівага няшчасця) вельмі нязначны аброк — але ніколі ў твар яго не бачылі. Сяльцо Лучынаўка, якога пан ніколі і не бачыў, квітнела, — як раптам, у адну прыгожую раніцу, цяжкая калымага ўехала ў вёску і спынілася перад хатай старасты. Мужыкі, устрывожаныя такой небывалай падзеяй, збегліся і ўбачылі свайго пана, паню і ўсіх іх дзяцей, выключаючы старэйшага, Васіля, які застаўся ў Пецербургу. З таго дастапамятнага дня, і да самай сваёй смерці Іван Андрэевіч не выязджаў з Лучынаўкі. Ён пабудаваў сабе дом, той самы, у якім я цяпер маю прыемнасць гутарыць з вамі; пабудаваў таксама царкву, і пачаў жыць панам. Іван Андрэевіч быў вялізнага росту, худы, маўклівы і вельмі марудлівы ва ўсіх сваіх рухах; ніколі не насіў халата, і ніхто, за выключэннем яго камердынера, не бачыў яго не напудраным. Іван Андрэевіч звычайна хадзіў заклаўшы рукі за спіну, марудна паварачваючы галаву пры кожным кроку. Кожны дзень прагульваўся ён па доўгай ліпавай алеі, якую сам уласнаручна насадзіў, — і перад смерцю меў прыемнасць карыстацца ценем гэтых ліп. Іван Андрэевіч быў надзвычай скупы на словы; доказам яго маўклівасці служыць тая надзвычайная акалічнасць, што ён на працягу дваццаці год не сказаў ніводнага слова сваёй жонцы, Анне Паўлаўне. Наогул, яго адносіны да Анны Паўлаўны былі вельмі дзіўнага сорту.

— Яна загадвала ўсёй хатняй гаспадаркай, у часе абеду сядзела заўсёды каля свайго мужа — ён бязлітасна пакараў-бы чалавека, які-б асмеліўся сказаць ёй непачцівае слова, — а між тым, сам з ёю ніколі не гаварыў, не дакранаўся да яе рукі. Анна Паўлаўна была нясмелая, бледная, забітая жанчына; кожны дзень малілася ў царкве на каленях і ніколі не ўсміхалася. Гаварылі, што яны раней, г. зн. да прыезду ў вёску, жылі ў вялікай згодзе; пагаварвалі таксама, што Анна Паўлаўна парушыла абавязкі жонкі, што муж даведаўся аб яе учынку… Як-бы там ні было, але Іван Андрэевіч, нават паміраючы, не прымірыўся з ёю. У часе апошняй яго хваробы, яна не адыходзіла ад яго; але ён, здавалася, яе не заўважаў. У адну ноч Анна Паўлаўна сядзела ў спальні Івана Андрэевіча; яго мучыла бяссонніца — лампада гарэла перад абразом; слуга майго дзеда, Юдзіч, пра якога я вам пасля скажу два словы, вышаў. Анна Паўлаўна ўстала, перайшла цераз пакой