Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/51

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яго славянскага твара. Жывапісец намаляваў яго ў кафтане чырвонага колеру з вялікімі стразавымі гузікамі; у руцэ ён трымаў нейкую небывалую кветку. На трэцім партрэце, пісаным другой, больш умелаю рукой быў прадстаўлен чалавек гадоў трыццаці, у зялёным мундзіры екацерынінскага часу, з чырвонымі адваротамі, у белым камзоле, у тонкім батыставым гальштуку. Адной рукой апіраўся ён на палку з залатым набалдашнікам, другую заклаў за камзол. Яго смуглы хударлявы твар дыхаў дзёрзкай ганарыстасцю. Тонкія доўгія бровы амаль зрасталіся над чорнымі як смоль вачыма; на бледных, ледзь прыкметных губах іграла нядобрая ўсмешка.

— Што гэта вы загледзеліся на гэтых асоб? — запытаўся ў мяне Пётр Фёдаравіч.

— Так! — адказаў я, паглядзеўшы на яго.

— Ці хочаце выслухаць цэлае апавяданне аб гэтых трох асобах!

— Зрабіце ласку, — адказвалі мы ў адзін голас.

Пётр Фёдаравіч устаў, узяў свечку, паднёс яе да партрэтаў, і голасам чалавека, які паказвае дзікіх звяроў, «панове!» сказаў ён: «гэта дама — прыёмная дачка майго роднага прадзеда, Ольга Іванаўна №. №., празваная Лучынавай, якая памерла сорак год таму назад, будучы дзяўчынай. Гэты пан» — паказваючы на другі партрэт мужчыны ў мундзіры — «гвардзіі сержант, Васіль Іванавіч Лучынаў-жа, які памёр па волі божай у тысяча семсот дзевяностым годзе, а гэты пан, з якім я не маю гонару быць у сваяцтве, нехта Павел Апанасавіч Рагачоў, нідзе, наколькі мне вядома, не служыў. Звярніце, калі ласка, ўвагу на дзірку, што знаходзіцца ў яго на грудзях, на самым месцы сэрца. Гэта дзірка, як вы бачыце, правільная, трохгранная, напэўна, не магла з’явіцца выпадкова…» Цяпер, — прадаўжаў ён звычайным сваім голасам: — сядзьце, набярыцеся цярплівасці і слухайце.

— Панове! — пачаў ён: — я паходжу ад досыць старадаўняга роду. Я сваім паходжаннем не ганаруся, таму што мае продкі былі ўсе страшэнныя моты. Між іншым, гэты дакор не адносіцца да майго прадзеда, Івана Андрэевіча Лучынава, — наадварот: ён быў чалавекам надзвычай беражлівым і нават скупым — прынамсі ў апошнія годы свайго жыцця. Ён правёў сваю маладосць у Пецербургу, і быў сведкай царавання Елізаветы. У Пецербургу ён ажаніўся і прыжыў са сваёй жонкай, а маёй прабабкай, чатырох чалавек дзяцей — трох сыноў, Васілія, Івана і Паўла (майго роднага дзеда), і адну дачку, Наталлю. Больш таго, Іван Андрэевіч