Перайсці да зместу

Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/64

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

„дер бравэ зольдат Швэйк“, пра якога яна дапытвалася, ляжыць у трэцім бараку, ложак № 17. Яе праводзіў сам доктар Грунштэйн, які літаральна ачмурэў ад гэтага раптоўнага візыту. Швэйк толькі вярнуўся на свой ложак пасьля звычайных практыкаваньняў, прыпісаных доктарам Грунштэйнам, абкружаны гурмай схудзелых і галодных сымулянтаў, якія дагэтуль яшчэ не здаваліся і ўсё цягнулі спаборніцтва з суровай дыетай доктара Грунштэйна.

Каб хто пачуў гутарку гатай кампаніі — падамаў-бы, што апынуўся ў грамадзе кулінараў найвышейшай кухарскай школы, а хоць на гастрономічных курсах.

— Сьвіныя скваркі трэба есьці, як яны яшчэ цёплыя, — заявіў адзін, якога лячылі тут ад застарэлага катару жывата. — Калі сала пачынае цьвірчэць і пырскаць, адцісьні іх, пасалі, паперчы, і тады ніякія гусіныя скваркі таго не дакажуць.

— Памалу пра гусіныя скваркі, — сказаў хворы на рак жывата, — за гусіных скварак лепш ня знойдзеш. Ну, куды ты ткнешся з сваім салам? Вядомая рэч, што гусіныя скваркі павінны смажыцца яўрэйскім спосабам датуль, пакуль ня стануць, як залатыя. Бяруць тлустую гусіну, зьдзіраюць сала са скуры і падсмажваюць.

— Як на мяне, дык вы памыляецеся адносна сьвіных скварак, — зазначыў Швэйкаў сусед. — Разумееца, я кажу пра скваркі з хатняга сьвінога сала. Недарма-ж яны й завуцца — хатнія скваркі. Хатнія скваркі не павінны быць ні надта мяккія ні надта цьвёрдыя. Яны не павінны хрупасьцець. Гэта ўжо значыць — перасмажаныя. Яны павінны раставаць на языку...

— А хто з вас еў скваркі з конскага сала? — пачуўся нечы голас, але ніхто не адказаў, бо прыбег фэльдфэбэль.

— На ложкі! Ідзе вялікая княгіня. Не паказвайце брудных ног з-пад коўдры!

Сама вялікая княгіня ня здолела-б увайсьці так урачыста, як увайшла баронэса фон-Боцэнгэйм. За ёй ішла цэлая процэсія, у якой знаходзіўся таксама загадчык гаспадаркі шпіталю фэльдфэбэль, які бачыў у гэтым візыце таемную рэвізію, якая можа шпурнуць яго ад сытога карыта ў тыле на зьежу шрапнэлям, да калючага дроту перадавых позыцый. Ён быў белы.