які дзяржава павінна будзе адкрыць колёністым, дасьць магчымасьць контролю і ўплыву на іх у гэтым кірунку. Добрыя раскошныя хаты, чарапічныя стрэхі, вялікія, зробленыя па стандарту, вокны і дзьверы, зялёныя сады, гароды…
І тав. Гнеўка, захапіўшыся, малюе адну за аднэй карціны таго новага, прыгожага, што, йдзе на зьмену дзікаму бясплодзьдзю Палесься. Яго захапленьне перадаецца мне, і маё ўяўленьне пачынае дадаваць у гэтыя карціны свае барвістыя аздобы. Я бачу чыстыя гладкія дарогі, абсоджаныя цяністымі дрэвамі, я бачу зграбныя вясёлыя масты і мосьцікі, у розных кірунках перакінутыя праз каналы, я бачу гэтыя цудоўныя — роўныя і чыстыя каналы, аблемаваныя пышнай зелянінай, напоўненыя стадамі срабрыстых рыбак, я бачу высокія задорныя антэны, я бачу цэлыя сеткі тэлеграфных і тэлефонных правадоў, я чую працавітае пыхканьне трактараў і сырэны аўтомобіляў, я чую гудзеньні машын, і я чую…
Я чую звонкія, поўныя радасьці і шчасьця, песьні людзей, перамогшых прыроду.