Гэта быў нізенькі чалавечак з аграмаднаю калматаю галавою і маленькімі жывымі і жорсткімі жоўтымі вачыма.
Вопратка бедная. Доўгая белая саматканая сарочка, падпяразаная чырвоным з узорамі самаробным паясом, даходзіла амаль-што да самых палатаных каленак.
Босыя ногі, як і рукі, кідаліся ў вочы сваёю непамернаю вялічынёю і такою бруднасьцю, што, здавалася, быццам бы ён толькі-што воз сорак гною ў полі рукамі разьбіў. Відаць было, што мала сьветлых хвілін бачыў у жыцьці гэты чалавек.
На момант спыніўся ля дзьвярэй. Урэшце, ступіў крокі два наперад ды кініўся прад ігуменам на каленкі.
Ігумен даў пацалаваць яму руку і нярухома пачаў чакаць.
— Сьвяты айцец, уладыка, — узрушана пачаў стараста, — жытцо наша гіне!.. А дажджу як няма, дык і няма! усе поле… сонца усё выпальвае… з голаду, значыцца, прыдзецца памерці… а суседзі мае лаюць мяне… значыцца, і наш поп-айцец маліўся і другі бацюшка маліўся і вы, сьвяты айцей, маліліся і шаптуноў ужо мо‘ з дзесяць малілася, а дажджу як няма, дык і няма!.. Чорт яго ведае!.
— Супакойся, сын, — папрабаваў айцец Анісім супакойваць Грыгора.
— Дык дзе-ж, бацюшка бачылі?.. дык суседзі-ж мне жыцьця ніякавага не даюць, значыцца, лаюць мяне… «Ты, — кажуць, — гадзюка, грошай папу (значыцца, вам; бацюшка) не аддаў, а прапіў, кажуць іх, а поп, кажуць, за гэта кепска памаліўся, таму і дажджу, кажуць, няма»!.. Дык, я думаю, сьвяты айцец, мо' яшчэ з разочак можна памаліцца ды каб ізноў з гэтым самым, як яго!.. з гэтым?.. з крапілам!?.
— Супакойся, — па хвіліне маўчаньня, з ноткай нездаволеньня ў голасе, прагаварыў айцец Анісім, — гэта ўсё за грахі. За грахі за нашы цяжкія, за праступкі… але будзем маліцца: бог міласьціў!
Уздыхнуў. Сашчапіў рукі. Падняў вочы ўгару.
— Многа ёсьць на сьвеце сваявольства, непаслушэнства, бясчынстваў і гэрэсяў бога-праціўных, і гасподзь бог наш карае за гэта нас!…
— Вось гэта дык праўда!.. Яй-богу, праўда! — пачаў паддабрывацца Грыгор, — шмат, ой шмат, мы, бацюшка, вінаваты… вядомая рэч — халопы… Яно так і ёсьць, што халопы… але-ж бацюшка, мне ніякавага жыцьця няма ад іх! Хто вінават? — Стараста? Ты, кажуць, стараста. грошы браў, а ці-ж я сам маліўся?.. вельмі я шмат разумею ў гэтым маленьні?… Вот, скажам, як баран у новых варотах?!. А за ўсё адказвай стараста!.. Ну дык ці-ж гэта-ж добра?.. га?.. Бацюшка маліўся і