І Зеб адправіўся па сцежцы дзікіх звяроў, па якой прайшлі і коні атрада Спэнглера.
У адным месцы Зеб Стумп спыніўся. Гэта быў участак пясчанай глебы, усеяны каменнямі, але зусім пазбаўлены травы.
Над ім узвышалася велізарнае дрэва з гарызантальна выцягнутымі галінамі. Адна з іх прасціралася цераз сцежку і расла настолькі нізка, што конніку нельга было-б праехаць, не нахіліўшыся. Зеб Стумп пачаў углядацца. Ён заўважыў, што на галіне пашкоджана кара. Хоць ссадзіна была і невялікая, усё-ж яна, як відаць, адбылася ад сутычкі з нейкім цвёрдым целам.
— Гэта зроблена галавой чалавека, — заўважыў паляўнічы, — чалавека, які сядзеў конна. Пасля такога ўдару ён павінен быў зваліцца… Ура! — радасна усклікнуў ён. — Я так і думаў. Вось адбітак скінутага конніка. А вось тут ён поўз. Цяпер я разумею, адкуль гэтая загадачная пухліна. Я ведаў, што яна не ад кіпцюроў.
З ззяючым ад радасці тварам пакінуў Зеб месца, дзе расло дрэва. Лёгкай хадой накіраваўся ён, але ўжо не па сцежцы жывёл, а па следу чалавека, які пацярпеў такое жорсткае крушэнне.
Зеб слухаўся ўказанняў, магчыма, незразумелых звычайнаму воку, але для яго такіх ясных, як указальныя надпісы на слупах. Галіна, загнутая ўбок, пасцягваныя вусікі паўзучых раслін, прытаптаная паверхня зямлі — усё гэта гаварыла аб тым, што тут прайшоў чалавек.
Зеб Стумп прадаўжаў ісці да таго часу, пакуль не прасачыў шляху няшчаснага да берагу крыніцы.
Яшчэ адзін кавалачак абарванай ніці быў адноўлены. Яшчэ крыху, і таямніца будзе разгаданай.
Раздзел LXXVIII
МЕНА КОНЬМІ
З праклёнамі на вуснах павярнуў Кольхаун каня, каб пакінуць крэйдавую прэрыю, дзе згубіліся сляды конніка без галавы.
«Няма сэнсу ехаць далей! Нікому невядома, куды ён паехаў. Калі я адпраўлюся да рэчкі, магчыма, сустрэну яго зноў. Але жарабец мустангера не хоча мяне падпускаць, як быццам гэта нячыстая сіла ведае, што мне патрэбна. Адзін удачны стрэл, і яго вандраванні спыніліся-б. Дзе мне дастаць быстрага каня, які мог-бы дагнаць мустанга, — няхай гэта каштуе дзвесце, няхай трыста долараў!»
Пасля гэтых размышленняў Кольхаун пакінуў крэйдавую прэрыю. Ён ехаў шпарка, не шкадуючы свайго змучанага каня.
Не прайшло і гадзіны, як Кольхаун ужо ўязджаў у гаёк акацый, які межаваў з плантацыямі Каса-дэль-Карво.