дваццаць у вышыню; святло маіх двух свечак адлюстроўвалася ад яго сцен і столі, і яны адсвечвалі тысячамі рознакаляровых агней. Ці былі гэта ўтыркнутыя ў камень пячоры дыяменты, ці іншыя каштоўныя каменні, ці золата, — я не ведаў і не ведаю, але думаю, што гэта золата.
Я ніяк не чакаў, што зямля можа захоўваць у сваіх нетрах гэткія цуды. Гэта быў дзівосны грот з сухой і роўнай падлогай, пакрытай дробным пяском. Нідзе ніякіх адзнак цвілі або вільгаці, нідзе ніводнага сляда брыдкіх насякомых і атрутных гадаў. Адзіная нязручнасць — вузкі ўваход, але для мяне гэтая нязручнасць была каштоўней за ўсё, бо я-ж клапаціўся аб бяспечным прытулку, а бяспечней за гэта цяжка было знайсці. Я быў у захапленні ад сваёй вынаходкі і рашыў неадкладна перанесці ў мой грот усё тое з маёй маёмасці, чым я асабліва даражыў, і перш за ўсё порах і ўсю запасную зброю, гэта значыць свае пяць стрэльбаў.
Перацягваючы ў новае памяшканне порах і запасную зброю, я заадно ўскрыў і той бачонак з порахам, які я падабраў у свой час з карабля. Я быў упэўнены, што ўвесь порах падмочаны, але выявілася, што вада трапіла ў бачонак толькі на тры, на чатыры дзюймы навакол; падмоклы порах зацвярдзеў і засох у моцную скарынку, у якой увесь астатні порах ляжаў, як ядро арэха ў лушпайцы. Такім чынам я нечакана разбагацеў яшчэ фунтаў на шэсцьдзесят вельмі добрага пораху. Гэта была вельмі прыемная не-