Перайсці да зместу

Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/103

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

кедр, які меў пяць футаў дзесяць дзюймаў у папярочніку ўнізе, у пачатку ствала, а ўверсе, на вышыні дваццаці двух футаў, — чатыры футы адзінаццаць дзюймаў; затым ствол паступова рабіўся танейшым і ўрэшце разгалініваўся.

Можаце ўявіць, колькі працы мне каштавала паваліць гэтае дрэва. Дваццаць дзён я сек самы ствол, заходзячы то з аднаго, то з другога боку, ды яшчэ чатырнаццаць дзён мне спатрэбілася, каб абсячы бакавое сучча і аддзяліць велізарную, развесістую верхавіну. Цэлы месяц я апрацоўваў маю калоду знадворку, імкнучыся выцесаць хоць некаторае падабенства кіля, бо без кіля пірога не магла-б трымацца на вадзе проста. А там тры месяцы пайшло яшчэ на тое, каб выдзяўбсці яе ў сярэдзіне. На гэты раз я абышоўся без агню: усю гэтую егіпецкую работу я зрабіў стамескай ды малатком. У выніку ў мяне атрымалася адменная пірога, такая вялікая, што смела магла падняць дваццаць пяць чалавек, а значыцца і мяне з усім маім грузам.

Я быў у захапленні ад свайго твору: ніколі ў жыцці я не бачыў такой вялікай лодкі з цэльнага дрэва. Затое і дорага-ж яна мне абышлася!.. Як-бы там не было, палова справы была зроблена; засталося толькі спусціць лодку на ваду, і я не сумняваўся, што, каб гэта мне ўдалося, я пусціўся-б у самае вар’яцкае і самае безнадзейнае з усіх морскіх вандраванняў, якія толькі калі рабіліся на земным шары.