— За здароўе бажэственай Эдзіт! — усклікнуў з усмешкай Каркер.
— Так, зразумела, за здароўе Эдзіт, — сказаў містэр Домбі. З'яўленне лакеяў з новымі стравамі прымусіла маёра зрабіцца яшчэ хітрэйшым, але і сур'ёзнейшым.
— Хоць у сваёй кампаніі Джо Бегсток можа і пажартаваць і сур'ёзна пагаварыць аб гэтым прадмеце, сэр, — сказаў маёр, прыклаўшы палец да губ і звяртаючыся канфідэнцыяльна да Каркера, — але гэтае імя для яго занадта свяшчэнна, каб рабіць яго здабыткам гэтых малайцоў. Ні слова, сэр, пакуль яны тут!
Гэта было пачціва і прыстойна з боку маёра — містэр Домбі вельмі добра гэта адчуваў. Хоць і збянтэжаны, пры ўсёй сваёй ледзяной халоднасці, намёкамі маёра, містэр Домбі зусім не пярэчыў супроць такіх жартаў — гэта было ясна, — але нават заахвочваў іх.
Калі маёр настолькі ахрып ад яды, піцця і дэманстрацыі сваіх талентаў субяседніка, што не мог ужо гаварыць выразна, яны пачалі піць кофе. Пасля гэтага маёр запытаўся ў містэра Каркера-загадчыка, яўна не спадзеючыся на сцвярджальны адказ, ці гуляе ён у пікет.
— Так, я крыху гуляю ў пікет, — сказаў містэр Каркер.
— Можа і ў трык-трак? — нерашуча запытаўся маёр.
— Так, я крыху гуляю таксама і ў трык-трак, — адказваў зубасты чалавек.
— Мне здаецца, Каркер гуляе ва ўсе гульні, — сказаў містэр Домбі, размяшчаючыся на канапе ў позе чалавека з дрэва, пазбаўленага звязак і суставаў, — і гуляе добра.
Праўду кажучы, Каркер гуляў у гэтыя дзве гульні з такой дасканаласцю, што маёр быў уражаны і запытаўся яго наўздагад, ці гуляе ён у шахматы.
— Так, я крыху гуляю ў шахматы, — адказаў Каркер. — Мне здаралася гуляць і выйграваць партыю, не гледзячы на дошку, — гэта проста трук.
— Далібог, сэр, — сказаў маёр, выпучваючы вочы, — вы — поўная процілегласць Домбі, які ні ў якія гульні не гуляе.
— О! Ён! — адазваўся загадчык. — Яму ніколі не патрэбна было набываць такія нікчэмныя веды. Такім, як я, яны бываюць іншы раз карысныя. Напрыклад, цяпер, маёр Бегсток, калі яны даюць магчымасць пазмагацца з вамі.
Магчыма, віной таму былі хлуслівыя вусны, такія мяккія і расцягнутыя, але гэта пакорлівая і рабалепная кароткая гутарка была падобна да рыкання, і на секунду магло здацца, што белыя зубы вось-вось учэпяцца ў руку таго, перад кім гэты чалавек поўзае на каленях. Але маёр зусім аб гэтым не думаў, а містэр Домбі ляжаў, захоплены думкамі, з поўзаплюснутымі вачыма, пакуль працягвалася гульня, якая зацягнулася да ночы.