— Дзе місіс Грэйнджэр? — запыталася Клеапатра свайго пажа.
Уітэрс выказаў меркаванне, што яна ў сваім пакоі.
— Вельмі добра, — сказала місіс Ск'ютон. — Ідзеце і зачыніце дзверы. Я занята.
Калі Уітэрс знік, місіс Ск'ютон, астаючыся ў той-жа позе, млява павярнула галаву да маёра і запыталася, як маецца яго сябра.
— Домбі, пані, — адказваў маёр з вясёлым гарлавым смяшком, — адчувае сябе добра, наколькі гэта магчыма ў яго становішчы. Становішча яго дрэннае, пані. Ён, Домбі, закаханы. Закаханы! — закрычаў маёр. — Ён працяты наскрозь!
Клеапатра кінула на маёра зыркі позірк, які красамоўна пярэчыў таму штучнаму неахайнаму тону, якім яна сказала:
— Маёр Бегсток, хоць я мала ведаю свет, але не шкадую аб сваёй неспрактыкаванасці; баюся, ён увесь прасякнуты фальшывасцю, звязан прыгнятаючымі ўмоўнасцямі. З Прыродай не лічацца, і рэдка можна пачуць музыку сэрца, шчырасць душы і ўсё іншае сапраўды паэтычнае; аднак, я не магу не зразумець сэнсу вашых слоў. Вы робіце намёк на Эдзіт, на маё бясконца дарагое дзіця, — прадаўжала місіс Ск'ютон, праводзячы ўказальным пальцам па брывах, — а ў адказ на вашы словы вібрыруюць самыя пяшчотныя струны!
— Праўдзівасць, пані, — адказаў маёр, — заўсёды была адрозніваючай рысай роду Бегстокаў. Ваша праўда, Джо гэта прызнае.
— Я адчуваю, што слабая. Адчуваю, што мне нехапае той энергіі, якая ў такую хвіліну павінна падтрымліваць маці, каб не сказаць — радзіцельку, — заўважыла місіс Ск'ютон, выціраючы губы кружаўным беражком насавой хустачкі, — але, дапраўды-ж, я не магу не адчуваць слабасці, закранаючы пытанне, такое знамянальнае для маёй дарагой Эдзіт. Тым не менш, нягоднік, бо вы адважыліся яго закрануць, а ён нанёс мне востры боль, — місіс Ск'ютон дакранулася веерам да левага свайго боку, — я не ўпушчу выканаць свой абавязак.
Маёр пад пакрыццем змроку раздуваўся, раздуваўся, гойдаў з боку на бок пурпуравай фізіяноміяй і падміргваў рачынымі вачыма, пакуль у яго не пачаўся прыступ удушша, які падштурхнуў яго ўстаць і разы два прайсціся па пакоі, перш чым яго цудоўны друг мог прадаўжаць сваю прамову.
— Містэр Домбі, — сказала місіс Ск'ютон, набыўшы, нарэшце, магчымасць гаварыць, — быў такім прыязным, што — вось ужо некалькі тыдняў назад — нас тут наведаў. І вы яго суправаджалі, дарагі маёр. Прызнаюся — дазвольце мне быць шчырай, — што я істота імпульсіўная[1], і ў сэрцы маім, значыцца, чытаюць усё.
- ↑ Імпульсіўны — які прывык дзейнічаць без размышлення.