XVI
Вярнуўшыся з царквы, Нехлюдаў разгавеўся з цёткамі і, каб падсілкавацца, па ўзятай у палку звычцы, выпіў гарэлкі і віна і пайшоў у свой пакой і адразу-ж заснуў адзеты. Пабудзіў яго стук у дзверы. Па стуку пазнаўшы, што гэта была яна, ён узняўся, праціраючы вочы і пацягваючыся.
— Кацюша, ты? Уваходзь, — сказаў ён, устаючы.
Яна крыху адчыніла дзверы.
— Есці клічуць, — сказала яна.
Яна была ў тым самым белым плацці, але без банта ў валасах. Зірнуўшы яму ў вочы, яна прасвятлела, нібы яна абвясціла яму пра нешта надзвычайна радаснае.
— Зараз іду, — адказаў ён, беручыся за грабёнку, каб расчасаць валасы.
Яна пастаяла мінутку лішнюю. Ён заўважыў гэта і, кінуўшы грабёнку, пайшоў да яе. Але яна ў тую-ж мінуту хутка павярнулася і пайшла сваімі звычайна лёгкімі і хуткімі крокамі па палосачцы калідора.
„Які-ж я дурань, — сказаў сабе Нехлюдаў, — што-ж я не затрымаў яе?“
І ён бегам дагнаў яе ў калідоры.
Чаго ён хацеў ад яе, ён сам не ведаў. Але яму здавалася, што калі яна зайшла да яго ў пакой, яму трэба было зрабіць нешта, што ўсе пры гэтым робяць, а ён не зрабіў гэтага.
— Кацюша, пачакай, — сказаў ён.
Яна азірнулася.
— Што вы? — сказала яна, спыняючыся.
— Нічога, толькі…
І, перасіліўшы сябе і памятаючы тое, як у гэтых выпадках робяць наогул усе людзі ў яго становішчы, ён абняў Кацюшу за стан.
Яна спынілася і паглядзела яму ў вочы.
— Не трэба, Дзмітрый Іванавіч, не трэба, — пачырванеўшы да слёз, вымавіла яна і сваёй жорсткай моцнай рукой адвяла абымаўшую яе руку.
Нехлюдаў пусціў яе, і яму зрабілася на момант няёмка і сорамна, але брыдка на сябе. Яму трэба было-б