Перайсці да зместу

Старонка:Амок (1929).pdf/177

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

— Вельмі цікавая бойка! — задаволена казаў сусухунан рэзыдэнту, уваходзячы ва ўнутраныя пакоі. — Рэдка здараецца, каб абодва разам перамаглі адзін аднаго.

— Так, цікава, — адказаў рэзыдэнт, хоць сапраўды яму ня вельмі падабалася такая пацеха.

Працяг сьвяткаваньня адбываўся ў залі. Галоўным нумарам былі явайскія танцы — „срымпі“ і „бэдойо“. Зайграў гамэлянг цягучую, сумную, аднастайную мэлёдыю, і на сярэдзіну вышлі танцоркі, выключна прынцэсы імпэратарскага роду.

Як вядома, танцы ўсходніх народаў зусім непадобны да нашых. Няма там такіх подскакаў, як у нашых халодных краёх, дзе мы часта прымушаны скакаць нават супроць нашага жаданьня. Там танцы выяўляюць тую млявасьць, пяшчоту, якія ўласьцівы гарачым краём.

Увесь танец складаўся з павольных рухаў, нібы шпацыраваньня ўзад і ўперад, з прысяданьнямі, выгінаньнямі, падобнымі да зьмяіных рухаў. Ва ўсякім разе, тулава і рукі больш рухаліся, чымся ногі. Асабліва выкручваліся рукі, суставы, пальцы выкручваліся нязвычайна, ненатуральна.

Нязвычайныя абставіны, публіка, танцоркі, іх зьмяіны танец, аднагучная, ціхая музыка, — усё гэта рабіла на Гейса моцнае ўражаньне, але з цягам часу пачало нібы зачароўваць, наводзіць сон. Тым болей, што прайшло поўгадзіны, гадзіна, паўтары, — а ўся гэта гісторыя ўсё цягнулася ды цягнулася.

Сусухунан сядзеў ля стала, пацягваў халоднае піцьцё, курыў і, відаць, з прыемнасьцю сачыў за танцамі. Вось ён кашлянуў і зараз-жа збоку падпаўзла на карачках дзяўчына з залатой царскай плявальніцай. Атрымаўшы порцыю царскай сьліны, яна, таксама на карачках, але ўжо задам, пасунулася назад, трымаючы плявальніцу над галавой.

Але рэзыдэнт пакутваў. Шмат разоў бачыў ён гэтыя аднастайныя танцы. Калі спачатку яны вельмі цікавяць эўропэйца, дык потым ужо робяцца нуднымі. Асабліва, калі гэта цягнецца на працягу бадай што дзьвюх гадзін. Рэзыдэнт бязупынна пазіхаў, і сяк, і так варушыўся, каб толькі не заснуць, і быў надзвычайна рады, калі справа скончылася.

Надыходзіў вечар. Госьці вышлі на вэранду, у сад.

— А што будзе далей? — запытаўся Гейс у Радан-Бого.

— Мусіць, эўропэйскія танцы, а ў дванаццатай гадзіне — вячэра.

— Ну, дык я ня буду чакаць. Хоць і цікава, але што занадта, то нядобра.

— З якой-бы прыемнасьцю і я пашоў-бы! — уздыхнуў міністар. — Але нельга. Ну, дык заходзьце з Пандо. Буду чакаць.

— Не падабаецца мне гэта кампанія, — казаў Гейс Пандо па дарозе дадому. — Нічога агульнага ня можа быць з імі.

 

171