II
На замчышчы.
Ноч. Старое замчышчэ, ці так сабе палац - калісь знаць важны - сягоньня напоў разваліўшыся. На ґзымсах паўрасталі палыны і крапіва; каля сьцен дзікіе рожы і акаціі памешаліся з лазой і непрыветліва шэлесьцяць. Вокны і дзьверы ўсе наглуха забіты таўстымі яловымі дошкамі. Ґанак (дзе і рэч адбываецца) каменны, на шасьці слупох - па тры с кожнага боку. Пусткай, гнільлём і зністажэньнем вее з усяго замчышча.
Сам (патцікаецца к парадным дзьверам с тапаром у руках).
Колькі ўжо ночэк, колькі ўжо раз
Стукаўся ў гэтые сьцены. -
Вечна заходзіла штосьці не ў час
Мне на дарозе нязьменна.
Дзед мой нябошчык, калі уміраў,
Так гаварыў мне і тату:
Скарбы у лёхах замчышча схаваў
Хтось адзін вельмі багаты.
Трапіць-жэ можна ў ноч тую на сьлед,
Як з іх спадае закляцьце;
Толькі пары тэй ня ведаў і дзед -
Трэба яе адгадаці.