Перайсці да зместу

Пе́ршае саборнае пасланьне сьвятога Апостала Пётры

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Саборнае пасланьне сьвятога Апостала Якуба Пе́ршае саборнае пасланьне сьвятога Апостала Пётры
Аўтар: Апостал Пётра
Пераклад: Лука Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч
Другое саборнае пасланьне сьвятога Апостала Пётры

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Разьдзел 1

[правіць]

1 Пётра, Апостал Ісуса Хрыста, выбраным захаджэнцам, расьцярушаным у Поньце, Галятыі, Каппадокіі, Азіі й Вітыніі,

2 згодна з прадве́даньнем Бога Айца, праз асьвячэньне ад Духа, дзеля паслухмянасьці й акрапле́ньня крывёю Ісуса Хрыста: няхай памножыцца вам ласка і мір!

3 Багаслаўлены Бог і Аце́ц Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які праз вялікую ласку Сваю адрадзіў нас ускрасе́ньнем Ісуса Хрыста з мёртвых дзеля жывое надзе́і,

4 дзеля спадчыны нятле́ннае, бяз сказы, што не завяне й захавана на нябёсах для вас,

5 сілаю Божаю праз ве́ру аховываных дзеля выбаўле́ньня, што гатова адкрыцца ў астатні час!

6 З гэтага це́шцеся, крыху цяпер (калі трэба) ад розных спакусаў патужыўшы,

7 каб выпрабаваная ве́ра вашая, шмат каштаўне́йшая за гібнучае, хоць і агнём прабаванае золата, аказалася на хвалу і чэсьць і славу ў адкрыцьці Ісуса Хрыста,

8 Якога, ня бачыўшы, любіце і, хоць ня гле́дзячы на яго, але ве́ручы ў Яго, радуецеся радасьцю нявымоўнаю і найслаўне́йшаю,

9 дасягаючы нарэшце ве́раю вашаю збаўле́ньня душ.

10 Гэтага то збаўле́ньня шукалі й дапытываліся прарокі, якія прадвяшчалі вызначаную вам ласку,

11 даходзячы, на калі і ў які час паказваў у іх Дух Хрыстовы, прадвяшчаючы мукі Хрыстовыя і славу за імі.

12 Ім было адкрыта, што ня ім, а нам служыла абве́шчанае вам сягоньня тымі, якія нясьлі вам добрую ве́сьць праз Духа Сьвятога, пасланага з нябёсаў, у што навет Ангелы жадаюць пранікнуць.

13 Дзеля гэтага, падперазаўшы паясьніцы розуму вашага, чувайце й да канца спадзявайцеся на ласку, што прыносіцца вам у адкрыцьці Ісуса Хрыста.

14 Як послухмяныя дзе́ці, ня кіруйцеся ране́йшымі вашымі пажаданьнямі ў няве́даньні вашым;

15 але, па прыкладу паклікаўшага вас сьвятога, і самі будзьце сьвятымі ў-ва ўсіх учынках.

16 Бо напісана: будзьце сьвятыя, бо Я сьвяты (Ляв. 19, 2).

17 І калі называеце Айцом Таго, Хто судзіць кожнага паводле дзе́ла яго, ня ўзіраючыся на аблічча ягонае, дык са страхам праводзьце час бытаваньня вашага,

18 ве́даючы, што не трухле́ючым серабром ці золатам адкуплены вы ад марнага жыцьця, данага вам ад айцоў,

19 але многацэннаю крывёю Хрыста, як чыстага агняці бяз сказы,

20 празначанага яшчэ да стварэньня сьве́ту, але зьявіўшагася ў апошнія часы дзеля вас,

21 паве́рыўшых праз Яго ў Бога, Які ўскрасіў Яго з мёртвых і даў Яму славу, каб была ве́ра ваша й надзе́я на Бога.

22 Паслухмянасьцяй праўдзе праз Духа ачысьціўшы душы вашыя дзеля некрывадушнае любві братняе, заўсёды любе́це адзін аднаго ад чыстага сэрца,

23 як адроджаныя ня з тле́ючага насе́ньня, але з нятле́ннага, праз слова Бога Жывога і прабываючага даве́ку.

24 Бо ўсякае це́ла, як трава, і ўсякая слава чалаве́чая, як цьве́т на траве́: засохла трава, і цьве́т яе́ апаў;

25 але слова Госпадавае трывае даве́ку (Ісая 40, б-8). А гэта й ёсьць тое слова, якое вам абве́шчана.

Разьдзел 2

[правіць]

1 Дык, адклаўшы ўсякую злосьць і ўсякі подступ ды крывадушнасьць і завісьць і ўсякую абмову,

2 як нованаро́джаныя дзе́ткі, палюбе́це чыстае слоўнае малако, каб ад яго ўзрасьці вам на збаўле́ньне;

3 бо вы паспробавалі, што Госпад добры.

4 Прыступаючы да Яго, жывога каменя, адкіненага людзьмі, але выбранага Богам, дарагога,

5 і самі як жывыя каме́ньні, будуйцеся ў дом духоўны, сьвяшчэнства сьвятое, каб прынасіць духоўныя ахвяры, любыя Богу праз Ісуса Хрыста.

6 Бо сказана ў пісаньні: вось Я кладу ў Сыоне камень вуглавы выбраны, дарагі, і хто ве́рыць у Яго, не асароміцца (Ісая 28, 16).

7 Дык вось, Ён для вас, ве́руючых, цэннасьць, а для няве́руючых - камень, які адкінулі будаўнічыя, ды які стаўся галавой вугла (Пс. 117, 22), камень спаткне́ньня і камень спакусы,

8 аб які яны спатыкаюцца, не пакараючыся слову, на што й пакінены.

9 Але вы - выбраны род, царскае сьвяшчэнства, народ сьвяты, людзі адабраныя, каб абвяшчаць цноты Паклікаўшага вас з це́мры ў цудоўнае сьвятло Яго;

10 не́калі не́-народ, а цяпер народ Божы; не́калі немілава́ныя, а цяпер памілаваныя.

11 Умілаваныя! прашу вас, як прышлых і падарожнікаў, ухіляйцеся ад цяле́сных пажаданьняў, што супраць душы ваююць,

12 і вядзе́це добрае жыцьцё між паганамі, каб яны за тое, за што словамі зьняважа́юць вас, як злачынцаў, угледзіўшы добрыя ўчынкі вашыя, славілі Бога ў дзе́нь адве́дзінаў.

13 Дык будзьце пакорныя ўсякай уладзе людзкой дзеля Госпада: ці то цару, як зьве́рхняй уладзе,

14 ці то начальнікам, як ад яго пасыланым дзеля караньня злачынцаў і дзеля заахвочаньня робячых дабро, -

15 бо гэткая ёсьць воля Божая, каб мы, робячы дабро, затыкалі вусны нявуцтву неразумных людзе́й, -

16 як вольныя, ды не як маючыя волю дзеля прыкрыцьця зла, але як Божыя слугі.

17 Усіх паважайце, брацтва любе́це, Бога бойцеся, цара шануйце.

18 Слугі, з усе́нькім страхам пакарайцеся валадаром, ня толькі добрым і лагодным, але і срогім.

19 Бо люба Богу тое, калі хто, думаючы аб Богу, пераносе гора, це́рпячы несправядліва.

20 Бо што за пахвала, калі вы це́рпіце ды бюць вас за грахі? Але, калі робячы дабро і ў муках це́рпіце, дык гэта Богу люба,

21 бо вы на тое пакліканы; бо і Хрыстос пацярпе́ў за вас, пакінуўшы вам прыклад, каб вы йшлі па сьлядох ягоных:

22 Ён не зрабіў ніякага грэху, і ня было подступу ў вуснах Яго (Ісая 53, 9);

23 Ён, зьневажа́ны, не зьневажа́ў узае́мна; це́рпячы мукі, не пагражаў, а перадаў Таму, Хто судзіць справядліва.

24 Ён грахі нашыя сам узьнёс у це́ле Сваім на дрэва, каб мы, вызваліўшыся ад грахоў, жылі дзеля праўды: ранамі Яго аздаро́ўлены.

25 Бо вы былі, як авечкі блукаючыяся, але вярнуліся сягоньня да пастыра й валадара душ вашых (Ісая 53, 4-6).

Разьдзел 3

[правіць]

1 Таксама й вы, жо́ны, пакарайцеся сваім мужом, каб тыя з іх, што не пакараюцца слову, жыцьцём жон сваіх бяз слова былі здабываны,

2 бачучы вашае чыстае, багабойнае жыцьцё.

3 Няхай будзе аздобаю вашаю ня вонкавае заплятаньне валасоў, не залатыя ўборы, ці вопраткі стройнасьць,

4 але ўкрыты чалаве́к сэрца ў нятле́ннасьці лагоднага й ціхога духа, што дужа цэнна прад Богам.

5 Гэтак жа аздаблялі сябе́ і сьвятыя жанчыны, што спадзяваліся на Бога, пакараючыся сваім мужом.

6 Гэтак і Сара пакаралася Аўрааму, называючы яго гаспадаром. Вы - дзе́ці яе́, калі робіце дабро і не баіцёся ніякага страху.

7 Таксама й вы, мужы, разумна жыве́це з імі, аддаючы ім, як найслабе́йшай судзіне жаночай, чэсьць, бо і вы сунасьле́днікі ласкі жыцьця, каб ня было вам перашкоды ў малітвах вашых.

8 Нарэшце, будзьце ўсе́ аднадумнымі, спачуваючымі, браталюбнымі, міласэрнымі, ве́тлівымі.

9 Не аддавайце злом за зло, ці зьнявагай за зьнявагу, а наадварот: багаслаўляйце, ве́даючы, што вы на тое пакліканы, каб унасьле́даваць багаслаўле́ньне.

10 Бо хто хоча жыцьцё любіць і бачыць добрыя дні, няхай устрымлівае язык свой ад зла і вусны свае, каб крывадушна не гаварылі.

11 Ухіляйся ад зла і рабі дабро; шукай міру й імкніся да яго.

12 Бо вочы Госпада на праведных, і вушы Яго на малітвы іх, але аблічча Госпада супраць робячых зло.

13 І хто зробіць вам зло, калі вы будзеце пераймальнікамі добрага?

14 Але, калі-б вы й пацярпе́лі за праўду, дык вы шчасьлівыя. А страху іх ня бойцеся і ня трывожцеся.

15 Госпада Бога сьвяціце ў сэрцах вашых. Будзьце заўсёды гатовымі даць адказ кожнаму, хто трэбуе ў вас слова аб вашай надзе́і, лагодна й са страхам.

16 Ме́йце добрае сумле́ньне, каб у тым, за́ што абмаўляюць вас, як злачынцаў, былі асаромлены тыя, хто га́ніць вашае добрае жыцьцё ў Хрысьце́.

17 Бо калі хоча воля Божая, ле́пей пацярпе́ць за добрыя ўчынкі, чымся за благія.

18 Бо і Хрыстос, каб прывясьці́ нас да Бога, раз пацярпе́ў за грахі нашыя, Праведнік за няправедных, забіты це́лам, але ажыўшы духам,

19 у Якім Ён і тым духам, што ў вязьніцы, зышоўшы, абвяшчаў,

20 ім, якія не́калі не пакарыліся чакаўшаму іх Божаму доўгацярпе́ньню за дзён Ноя, у час будаваньня карабля, у якім нямногія, гэта знача восем душ, выратаваліся ад вады.

21 Гэтак і нас сягоньня спасае на ўзор гэтага Хрышчэньне (не абмыцьцё це́ла ад бруду, але абяцаньне Богу добрага сумле́ньня) праз ускрасе́ньне Ісуса Хрыста,

22 Які, узыйшоўшы на не́ба, знаходаіцца праваруч Бога, і Якому пакарыліся Ангелы і ўлады і сілы.

Разьдзел 4

[правіць]

1 Дык вось, калі Хрыстос мучыўся за нас це́лам, то і вы ўзбройцеся тэй-жа думкай, бо той, хто мучыцца це́лам, перастае грашыць,

2 каб рэшту часу ў це́ле жыць ужо не паводле чалаве́чага пажаданьня, але паводле Божае волі.

3 Бо даволі ўжо, што вы ў мінулы час жыцьця паступалі паводле волі паганаў, ходзячы ў нячыстасьці, пажаданьнях, п'янстве, банкетаваньні, піцьці й лёгкамысным служэньні ідалам;

4 затым то яны й дзівяцца, што не бяжыцё разам з імі на той жа разьліў распусты, і абмаўляюць вас.

5 Яны здадуць справу Таму, Хто ма́е хутка судзіць жывых і паме́ршых.

6 Бо на тое-ж і для мёртвых была абве́шчана добрая ве́сьць, каб яны, засуджаныя па-чалаве́чаму це́лам, жылі па-Божаму духам.

7 Дый усяму блізкі кане́ц. Дык будзьце мудрымі і чувайце ў малітвах.

8 Найбольш за ўсё ме́йце шчырую любоў адзін да аднаго; бо любоў пакрьюае множства грахоў.

9 Будзьце гасьціннымі адны да адных без нараканьняў.

10 Служыце адзін аднаму кожны тым дарам, які атрымаў, як добрыя будаўнічыя рознароднае ласкі Божае.

11 Ці гаворыць хто з вас, - гавары, як словы Божыя; ці служыць хто, - служы па сіле, якую дае́ Бог, каб у-ва ўсім славіўся Бог праз Ісуса Хрыста, Якому слава і сіла на ве́кі вякоў. Амін.

12 Умілаваныя! Ня цурайцеся агнявое спакусы, дзеля выпрабаваньня вам пасыланае, хоць-бы дзіўнае здарылася вам.

13 Але, калі прымаеце ўчасьце ў муках Хрыстовых, радуйцеся, каб і ў зьяўле́ньні славы Яго ўзрадавацца і павесяліцца.

14 Калі абмаўляюць вас за імя Хрыстовае, то вы шчасьлівыя; бо Дух славы, Дух Божы спачывае на вас. Гэнымі Ён зьняважаецца, а вамі выслаўляецца.

15 Абы толькі не цярпе́ў хто з вас мукі, як забойца, або злодзей, або злачынец, ці пасягаючы на чужое;

16 а калі як Хрысьціянін, то не саромся, але сдаў Бога за гэткі ўдзе́л.

17 Бо час пачацца суду ад дому Божага; калі-ж пе́рш ад нас пачне́цца, дык што за кане́ц непакараючыхся Эвангельлю Божаму?

18 І калі праведнік ле́дзьве збавіцца, то бязбожнік і грэшнік дзе́ пака́жацца?

19 Дык і пакутуючыя па волі Божай няхай аддадуць Яму, як праўдзіваму Стварыцелю, душы свае́, робячы дабро.

Разьдзел 5

[правіць]

1 Старшых сярод вас заклікаю я, сустаршыня і сьве́дка мукаў Хрыстовых ды ўдзе́льнік у славе, што ма́е выявіцца:

2 пасе́це Божае стада, якое ў вас, наглядаючы за ім не пад прынукаю, але з добрае волі, ды не дзеля агіднай карысьці, але дзеля ахвоты,

3 і не пануючы над спадчынай, але даючы прыклад стаду;

4 і калі зьявіцца Найвышэйшы Пастыр, дастанеце вянок славы, што ня вяне.

5 Таксама й вы, малодшыя, будзьце паслухмянымі старшым; усе́-ж, падчыняючыся адзін аднаму, апране́цеся пакорнай мудрасьцяй, бо Бог супраць гордых, а пакорным ласку дае́!

6 Дык скарыцеся пад моцную руку Божую; каб узвысіла вас у свой час.

7 Усе клапоты свае́ ўскладайце на Яго; бо Ён аб вас рупіцца.

8 Будзьце цьвярозымі, чувайце, бо вораг ваш, дябал, як ле́ў рыкаючы ходзіць, шукаючы, каго праглынуць.

9 Станьце насупраць яму цьвёрдыя ве́раю, ве́даючы, што гэткія-ж мучэньні здараюцца і з братамі вашымі ў сьве́це.

10 Бог жа ўсякае ласкі, Каторы паклікаў вас да ве́чнае славы свае́й у Хрысьце́ Ісусе, няхай сам, пасьля нядоўгае мукі вашае, удасканаліць вас, няхай угрунтуе, няхай умацуе, няхай зробіць непарушнымі.

11 Яму слава і сіла на ве́кі вякоў. Амін.

12 Гэтае коратка напісаў я праз Сілуана, ве́рнага, як думаю, брата вашага, каб запэўніць вас, заклікаючы і сьве́дчачы, што запраўдная ласка Божая тая, у якой вы стаіцё.

13 Вітае вас выбраная з вамі (царква) ў Вавілёне і Марк, мой сын.

14 Прывітайце адзін аднаго пацалункам любві. Мір вам усім, каторыя ў Хрысьце́ Ісусе. Амін.