Перайсці да зместу

Паводле Лукі Сьвятое Эвангельле

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Паводле Марка Сьвятое Эвангельле Паводле Лукі Сьвятое Эвангельле
Аўтар: Апостал Лука
Пераклад: Лука Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч
Паводле Іоана Сьвятое Эвангельле

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Разьдзе́л 1

[правіць]

1 Як ужо многія браліся напісаць аповесьць аб зусім добра вядомых сярод вас здарэньнях,

2 як пераказалі нам тое быўшыя з са́мага пачатку вачавідцамі і слугамі Слова,

3 то прыйшло на думку і мне́, пільна разьве́даўшы аб усім ад пачатку, як сьле́д апісаць табе́, высокапаважаны Феафіле,

4 каб ты даве́даўся праўду аб тых словах, якіх цябе́ навучылі.

5 Быў у дні Ірада, цара Юдэйскага, сьвяшчэньнік з Авіявае чаргі, на імя Захарыя, і жонка яго з дачок Ааронавых; і было імя яе́ Альжбе́та.

6 Былі-ж яны абое праведныя перад Богам, паступаючы паводле прыказаньняў і законаў Госпада беззаганна.

7 І ня было ў іх дзіцяці, бо Альжбе́та была няплодная, і абое яны былі паджылыя ў гадох сваіх.

8 І ста́лася, калі ў парадку свае́ чаргі служыў ён перад Богам,

9 вы́пала яму паводле звычаю сьвяшчэньнікаў увайсьці ў царкву Гасподнюю кадзі́ць;

10 а ўся маса народу вонках малілася ў час каджэньня.

11 І зьявіўся яму Ангел Гасподні, стоячы справа ля кадзільнага ахвярніку.

12 І спалохаўся Захарыя, убачыўшы яго, і зьняў яго страх.

13 Ангел жа сказаў яму: ня бойся, Захарыя; бо вы́слухана малітва твая, і жонка твая Альжбе́та ўродзіць табе́ сына, і дасі яму імя — Іоан.

14 І будзе табе́ радасьць і ўце́ха, і многія ўзрадуюцца з нараджэньня яго.

15 Бо ён будзе вялікі перад Госпадам; і ня будзе піць віна і сікеру, і Духам Сьвятым напоўніцца яшчэ ў чэраве маткі свае́.

16 І многіх з сыноў Ізраілявых наве́рне да Госпада Бога іх.

17 І пройдзе перад Ім у духу і сіле Ільлі, каб вярнуць сэрцы бацькоў дзе́цям, і непаслухмя́ных да мудрасьці праведных, каб прыгатаваць Госпаду народ падгатоўлены.

18 І сказаў Захарыя Ангелу: Па чым пазна́ю я гэтае? То-ж я стары́, і жонка мая ў гадо́х пажылых.

19 І сказаў яму Ангел у адказ: я Гаўрыіл, што перад Богам стаю, і пасла́ны гаварыць з табою і абвясьціць табе́ гэтае.

20 І вось, будзеш ты маўчаць, і ня здолееш гаварыць да дня, калі гэтае станецца: за тое, што не паве́рыў словам маім, якія збудуцца ў свой час.

21 І ждаў народ Захарыю і дзівіўся, што ён марудзіць у царкве́.

22 Выйшаўшы-ж, ён ня мог гаварыць да іх: і пазналі, што бачыў зья́ву ў царкве́; і ён ківаў і астаўся не́мы.

23 І сталася, як скончыліся дні службы яго, вярнуўся ён у дом свой.

24 Пасьля гэтых дзён зачала Альжбе́та, жонка яго, і таілася пяць ме́сяцаў, ды гаварыла:

25 так учыніў мне́ Госпад у дні гэтыя, як глянуў на мяне́, каб зьняць з мяне́ ганьбу між людзьмі.

26 У шосты-ж ме́сяц пасланы быў Ангел Гаўрыіл ад Бога ў места Галіле́йскае, называнае Назарэт,

27 да дзе́вы, зару́чанай з мужам іме́ньнем Язэп, з дому Даві́давага; імя-ж дзе́вы — Марыя.

28 Ангел, увайшоўшы да яе́, сказаў: радуйся, дабрадатная! Госпад з табою; багасла́ўлена ты між жанок.

29 Яна-ж, убачыўшы яго, спалохалася ад слоў яго і разважала, што-б гэта было за прывітаньне такое?

30 І сказаў ёй Ангел: ня бойся, Марыя; бо ты знайшла ласку ў Бога.

31 І вось зачне́ш у чэраве і народзіш Сына і дасі Яму імя: Ісус.

32 Ён будзе вялікі і Сынам Найвышэйшага назаве́цца, і дасьць Яму Госпад Бог пасад Давіда, бацькі Яго,

33 і цары́ць будзе над домам Якава даве́ку, і царству Яго ня будзе канца.

34 Марыя-ж сказала Ангелу: як гэта будзе, калі я ня знаю мужа?

35 І ў адказ сказаў е́й: Дух Сьвяты найдзе́ на цябе́, і сіла Найвышэйшага ахіне́ цябе́: вось чаму й тое, што народзіцца сьвятое, Сынам Божым назаве́цца.

36 Вось і Альжбе́та, сваячка твая, і яна зачала сына ў ста́расьці сваёй, і гэта ўжо шосты ме́сяц у яе́, хоць і называнай няплоднай.

37 Бо-ж у Бога ніводнае слова ня будзе немагчымым.

38 І сказала Марыя: вось я — слуга Госпада; няхай ста́нецца мне́ па слову твайму. І адыйшоў ад яе́ Ангел.

39 Устаўшы-ж Марыя ў тыя дні борзда пайшла ў горную краіну, у ме́ста Юдзіна.

40 І ўвайшла ў дом Захарыі і прывітала Альжбе́ту.

41 І ста́лася, як Альжбе́та ўчула прывітаньне Марыі, узварухну́лася дзіцятка ў чэраве яе́, і Альжбе́та напоўнілася Духам Сьвятым.

42 І загаласіла моцным голасам і сказала: багасла́ўлена ты між жанок, і багасла́ўлены плод чэ́рава твайго.

43 І адкуль гэтае мне́, што прыйшла маці Госпада майго да мяне́?

44 Бо вось, як голас вітаньня твайго дайшоў да вушэй маіх, узварухнулася вясёла дзіцятка ў чэраве маім.

45 І шчасьлі́ва паве́рыўшая: бо збудзецца сказанае ёй ад Госпада.

46 І сказала Марыя: вяліча́е душа мая́ Госпада;

47 і ўзрадаваўся дух мой у Богу Спасіцелю маім,

48 што глянуў Ён на пакорнасьць рабы свае́, бо адгэтуль шчасьліваю называцімуць мяне́ ўсе́ роды,

49 бо вялікае ўчыніў мне́ Дужы́; і сьвятое імя Яго;

50 і міласьць Яго ў роды радоў для тых, што баяцца Яго.

51 Учыніў сілу рукой сваёй; рассе́яў гордых думкамі сэрца іх;

52 адабраў у моцных пасады, узьвялічыў пакорных,

53 галодных здаволіў дабром, а багатыроў адпусьціў ні з чым.

54 Прыняў Ізраіля, слугу свайго, успомніў міласьць,

55 як гаварыў да айцоў нашых, да Аўраама і насе́ньня яго даве́ку.

56 Прабыла-ж Марыя з ёю каля трох ме́сяцаў і вярнулася ў дом свой.

57 Альжбе́це-ж настаў час радзіць, і яна ўрадзіла сына.

58 І пачулі сусе́дзі ды сваякі яе́, што ўзьвялічыў Госпад міласьць сваю над ёю, і це́шыліся з ёю.

59 У восмы дзе́нь прыйшлі абрэзаць дзіцятка і хаце́лі назваць яго па іме́ньню бацькі яго Захарыям.

60 На гэтае маці яго сказала: не́, а назваць яго Іоанам.

61 І сказалі ёй: нікога няма ў родзе тваім, хто зваўся-б гэтым іме́ньнем.

62 І пыталіся на міга́х у бацькі, як бы ён хаце́ў назваць яго.

63 Ён зажадаў дошчачку і напісаў: Іоан імя яму. І ўсе́ дзівіліся.

64 І ў той жа час расчыніліся вусны яго і язык яго, і ён стаў гаварыць, багасла́ўлючы Бога.

65 І страх узьняўся сярод сусе́дзяў іх; і расказвалі пра ўсё гэтае па ўсёй нагорнай старане́ Юдэйскай.

66 І ўсе́ чуўшыя ўзялі гэтае да сэрца свайго і гаварылі: што-ж гэта будзе за дзіця? І рука Госпадава была з ім.

67 І Захарыя, бацька яго, напоўніўся Сьвятым Духам і прарочыў, кажучы:

68 Багасла́ўлены Госпад Бог Ізраіляў, што адве́даў народ свой і даў выбаўле́ньне яму;

69 і падняў рог спасе́ньня нашага ў доме Давіда, слугі Свайго,

70 (як апавясьці́ў вуснамі быўшых ад ве́ку сьвятых прарокаў Сваіх),

71 спасе́ нас ад ворагаў нашых і ад рукі ўсіх ненаві́дзячых нас;

72 і ўчыніць ла́ску бацьком нашым і спамяне́ сьвяты тастамант свой,

73 прысягу, што кляўся Аўрааму, бацьцы нашаму, даць нам,

74 не з баязьні, па выбаўле́ньні з рукі ворагаў нашых

75 служыць Яму ў сьвятасьці і праўдзе перад ім у-ва ўсе́ дні жыцьця нашага.

76 І ты, дзіцятка, назавешся прарокам Усявышняга, бо пройдзеш напе́рад прад абліччам Госпада — прыгатаваць шляхі Яму,

77 даць народу пазнаць спасе́ньне ў адпушчэньні грахоў яго,

78 па ўну́транаму міласэрдзю Бога нашага, якім адве́даў нас Усход з вышыні,

79 прасьвяціць тых, што ў це́мры і ў цяню́ сьмяротным, пакіраваць ногі нашыя, на дарогу міра.

80 Дзіця-ж узрастала і ўмацоўвалася духам, і было ў пустынях да дня зьяўле́ньня свайго Ізраілю.

Разьдзе́л 2

[правіць]

1 І сталася ў тыя дні: выйшла ад ке́сара Аўгуста павяле́ньне зрабіць сьпіса́ньне па ўсёй зямлі.

2 Гэты сьпіс быў пе́ршы за гаспадараньня Кірынэя ў Сірыі.

3 І пайшлі ўсе́ запісвацца, кожны ў сваё ме́ста.

4 Пайшоў таксама і Язэп з Галіле́і, з ме́ста Назарэту, у Юдэю, у ме́ста Даві́давае, званае Віфлее́м, бо ён быў з дому і роду Давідавага,

5 запісацца з Марыяю, заручанай з Ім жонкай, што была цяжарная.

6 Калі-ж яны былі там, надыйшоў час радзіць ёй;

7 і ўрадзіла Сына Свайго Пе́ршага, і палажыла яго ў жолаб, бо ня было ім ме́сца ў зае́зьдзе.

8 У той старане́ былі на полі пастухі, што вартавалі ўначы ля статку свайго.

9 І вось зьявіўся ім Ангел Гасподні, і слава Госпадава асьвяціла іх; і ўбаяліся страхам вялікім.

10 І сказаў ім Ангел: ня бойцеся! бо вось я абвяшчаю вам вялікую радасьць, што будзе ўсім людзям:

11 бо цяпе́р нарадзіўся вам у ме́сьце Давідавым Спасіцель, Каторы ёсьць Хрыстос Госпад;

12 і вось вам знак: вы зно́йдзеце Дзіця ў пялёнках, ляжучы ў я́сьлях.

13 І неўспадзе́ўкі зьявілася з Ангелам вялікае войска нябе́снае, сла́вячы Бога і гаворачы:

14 Сла́ва на вы́шынах Богу і на зямлі мір сярод людзе́й добрае волі.

15 І сталася, як адыйшлі ад іх Ангелы на не́ба, пастухі сказалі адзін аднаму: пойдзем у Віфлее́м і паглядзім, што там зда́рылася, што абвясьціў нам Госпад.

16 І пасьпе́шна выйшлі і знайшлі Марыю і Язэпа, і Дзіцятка, ляжучы ў жолабе.

17 Угле́дзіўшы-ж, расказалі аб тым, што было абве́шчана ім пра Дзіцятка гэнае.

18 І ўсе́, чуўшы, дзівіліся з таго, што расказвалі ім пастухі.

19 А Марыя захавала ўсе́ словы гэтыя, складаючы ў сэрцы сваім.

20 І вярнуліся пастухі, сла́вячы й выхваля́ючы Бога за ўсё, што чулі й бачылі, як ім сказана было.

21 І як прайшло восем дзён, калі трэба было абрэзаць Дзіцятка, далі Яму імя Ісус, названае Ангелам да зача́цьця Яго ў чэ́раве.

22 А калі скончыліся дні ачышчэньня іх па закону Майсе́яваму, прыне́сьлі Яго ў Ерузалім, каб прадставіць перад Госпадам,

23 як сказана ў законе Гасподнім, каб усякае дзіця мужчынскага полу, разрываючае чэрава, было ахвярава́на Госпаду (Вых. 13, 2);

24 і каб прыне́сьці ў ахвяру, як сказана ў законе Гасподнім, дзьве́ гарліцы, ці двое галубяня́так.

25 І вось быў у Ерузаліме чалаве́к, на імя Сымэон. Ён быў ча́лаве́к справядлівы й пабожны, чака́ў пацяшэньня Ізраі́лявага; і Дух Сьвяты быў на́ ім.

26 Яму было прадказана Духам Сьвятым, што ён ня ўгле́дзіць сьме́рці, дакуль ня ўгле́дзіць Хрыста Гасподняга.

27 І прыйшоў ён па натхне́ньню ў царкву. І, калі бацькі прыне́сьлі Дзіцятка Ісуса, каб выканаць над Ім законны абрад,

28 ён узяў Яго на рукі, багаславіў Бога і сказаў:

29 Цяпе́р адпускаеш слугу Твайго, Валада́ру, па слову Твайму, з мірам;

30 бо бачылі вочы мае́ спасе́ньне Тваё,

31 каторае Ты прыгатаваў перад абліччам усіх народаў,

32 сьвятло для асьве́ты паганаў, і славу народу Твайго Ізраіля.

33 Язэп жа й Маці Яго дзівіліся сказанаму аб Ім.

34 І багаславіў іх Сымэон і сказаў Марыі, Матцы Яго: вось, ляжыць Гэты на ўпадак і паўстаньне многіх у Ізраілю і на знак, якому працівіцца будуць,

35 і табе́ самай ме́ч пранікне ў душу, —каб выявіліся памышле́ньні многіх сэрцаў.

36 Тут была таксама Ганна прарочыца, дачка́ Фануілавая, з кале́на Асіравага; была яна ў ве́льмі старым ве́ку, з мужам ад дзявоцтва свайго пражыла сем гадоў,

37 удава́ гадоў васьмідзесяцёх чатырох, каторая не адыходзіла ад царквы, постам ды малітваю служачы Богу дзе́нь і ноч.

38 І яна ў той час прыйшоўшы славіла Госпада і гаварыла аб Ім усім, што ждалі выбаўле́ньня ў Ерузаліме.

39 І калі яны́ выканалі ўсё па закону Гасподняму, дык вярнуліся ў Галіле́ю, у ме́ста сваё Назарэт.

40 Дзіцятка-ж узрастала і ўзмацоўвалася духам, напаўняючыся розумам; і дабрадая́ньне Божае было на Ім.

41 І кожны год бацькі́ Яго хадзілі ў Ерузалім на сьвята Пасхі.

42 І, калі Ён быў дванаццацёх гадоў, прыйшлі яны таксама, як звычайна, у Ерузалім на сьвята;

43 калі-ж, па сканчэньні дзён сьвята, варочаліся, застаўся хлопчык Ісус у Ерузаліме; і не заўважылі таго Язэп ды маці Яго;

44 але думалі, што Ён ідзе́ з другімі; прайшоўшы-ж дзе́нную дарогу, сталі шукаць Яго між сваяка́мі ды знаёмымі.

45 І, не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Ерузалім, шукаючы Яго.

46 Праз тры дні знайшлі Яго ў царкве́, се́дзячы сярод вучыцялёў, слухаючы іх і пытаючыся ў іх;

47 усе́ слухаўшыя дзівіліся з розуму і адка́заў Яго.

48 І, угле́дзіўшы Яго, зьдзівіліся; і маці Яго сказала Яму: Дзіця! што ты зрабіў з намі? Вось бацька Твой і я з вялікаю туго́ю шукалі Цябе́.

49 Ён сказаў ім: на што́ было вам шукаць Мяне́? ці-ж вы ня ве́далі, што Мне́ трэба быць у тым, што нале́жыць Айцу́ Майму?

50 Але яны не зразуме́лі сказаных ім словаў.

51 Ён пайшоў з імі і прыйшоў да Назарэту; і быў паслухмя́ны ім. І маці Яго захавала ўсе́ словы гэтыя ў сэрцы сваім.

52 Ісус жа рос розумам і ўзростам ды ў ласцы ў Бога і людзе́й.

Разьдзе́л 3

[правіць]

1 У пятнаццаты-ж год панаваньня Тывэрыя ке́сара, калі Понці Пілат гаспадарыў у Юдэі, Ірад быў чацьвертаўладнікам у Галіле́і, Піліп, брат яго, чацьвертаўладнікам у Ітурэі і Траханіцкай краіне, а Лісані чацьвертаўладнікам у Авілене́і,

2 пры архірэях Ганьне і Кайяфе, быў голас Божы да Іоана, сына Заха́равага, у пустыні.

3 І ён праходзіў па ўсіх ваколіцах Іорданскіх, прапаве́дываючы хрышчэньне пакая́ньня дзеля адпушчэньня грахоў,

4 як напісана ў кнізе слоў прарока Ісаі, які кажа: голас клі́каючага ў пустыні: прыгатуйце шлях Госпаду, простымі зрабе́це сьце́жкі Яму;

5 усякі дол няхай напоўніцца, і ўсякая гара́ і ўзгорак няхай зьні́зяцца, крывулі выпрастуюцца і няроўныя шляхі зробяцца гладкімі;

6 і ўгле́дзіць усякае це́ла спасе́ньне Божае (Ісая 40, 3-5).

7 І казаў Іоан народу, які прыходзіў хрысьціцца ў яго: плод яхідніны! хто перасьцярог вас, каб уцякалі ад будучага гне́ву?

8 Зрабе́це-ж годныя пакаяньня плады і ня думайце гаварыць сабе́: бацька ў нас Аўраам; бо кажу вам, што Бог можа з каме́ньняў гэтых падняць дзяце́й Аўрааму.

9 Ужо й сяке́ра ля караня́ дрэваў ляжыць; усякае дрэва, што плоду добрага ня прыносе, зрубаецца й кідаецца ў вагонь.

10 І спытаўся ў яго народ: што-ж нам рабіць?

11 Ён жа сказаў ім у адказ: у каго дзьве́ адзе́жыны, той дай таму, хто ня ма́е; і ў каго ёсьць е́жа, рабі тое-ж.

12 Прыйшлі і мытнікі хрысьціцца і сказалі яму: вучыцель! што нам рабіць?

13 Ён жа адказаў ім: нічога не бярэце больш таго, што назна́чана вам.

14 Пыталіся ў яго таксама й вая́кі: а нам што́ рабіць? І сказаў ім: нікога ня крыўдзьце, не абмаўляйце і здавальняйцеся сваёю платай.

15 Калі-ж народ быў у недаўме́ньні, і ўсе́ думалі ў сэрцах сваіх аб Іоане, ці ня Хрыстос ён? —

16 Іоан усім адказаў: я хрышчу вас вадою, але йдзе́ Дужэйшы за мяне́, у каторага я ня варты разьвязаць раме́нь абуцьця́: Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і агнём;

17 лапата Яго ў руцэ Яго, і Ён ачысьціць гумно Сваё і пазьбірае пшаніцу ў сьвіран свой, а садому спаліць агнём няўга́сным.

18 Многа і другога прапаве́дываў е́н народу, навучаючы яго.

19 Ірад жа чацьвертаўладнік, дакара́ны ім за Ірадзіяду, жонку брата яго, Піліпа, і за ўсё, што Ірад зрабіў благога,

20 дадаў да ўсяго іншага й тое, што пасадзіў Іоана ў вязьніцу.

21 І сталася, як хрысьціўся ўве́сь народ, і Ісус ахрысьціўшыся маліўся, — адчынілася не́ба,

22 і Дух Сьвяты зыйшоў на Яго ў цяле́сным выглядзе, як галу́б, і быў голас з не́ба, гаворачы: Ты Сын Мой Улюблены; цябе́ ўпадабаў Я.

23 Ісус, пачынаючы Сваё служэньне, быў гадоў трыццацёх і быў, як думалі, сын Язэпаў, Іліяў,

24 Матфанаў, Ле́віяў, Мэльхіяў, Іоанаў, Язэпаў,

25 Матафі́яў, Амосаў, Навумаў, Ясьлімаў, Наге́яў,

26 Маафаў, Матафіяў, Саме́яў, Язэпаў, Юдзін,

27 Іоананаў, Рысаеў, Зарававэляў, Саляфіілаў, Нірыяў,

28 Мэльхіяў, Адзіяў, Касамаў, Ялмадамаў, Іраў,

29 Есіяў, Еліязэраў, Іярымаў, Матфатаў, Ле́віін,

30 Сымэонаў, Юдзін, Язэпаў, Іоананаў, Эліякімаў,

31 Мэлеаяў, Маінаінаў, Матафаяў, Натанаў, Давідаў,

32 Іясе́яў, Авідаў, Ваозаў, Салмонаў, Наасонау,

33 Амінадаваў, Арамаў, Ясромаў, Фарэсаў, Юдзін,

34 Якубаў, Ісаакаў, Аўраамаў, Фарын, Нахораў,

35 Сэрухаў, Рагаваў, Фале́каў, Яве́раў, Салін,

36 Каінанаў, Арфаксадаў, Сімаў, Нояў, Ламе́хаў,

37 Матусалаў, Янохаў, Іарэдаў, Малеляіляў, Каінанаў,

38 Эносаў, Сіфаў, Адамаў, Божы.

Разьдзе́л 4

[правіць]

1 Ісус, напоўнены Духам Сьвятым, вярнуўся ад Іордану і паве́дзены быў Духам у пустыню;

2 там сорак дзён Ён быў спакуша́ны ад дябла й нічога ня е́ў у гэтыя дні; а калі яны скончыліся, урэшце захаце́ў е́сьці;

3 і сказаў Яму д’ябал: калі ты Сын Божы, то скажы гэтаму камню зрабіцца хле́бам.

4 Ісус сказаў яму ў адказ: напісана, што ня хле́бам адным будзе жыць чалаве́к, але ўсякім словам Божым (Другазак. 8, 3).

5 І, узьвёўшы Яго на высокую гару, д’ябал паказаў Яму ўсе́ царствы сусьве́ту ў імгненьне часу,

6 і сказаў Яму д’ябал: дам Табе́ ўладу над усімі царствамі і славу іх, бо яна адда́на мне́, і я, каму хачу, даю яе́.

7 Дык калі Ты паклонішся мне́, то ўсё будзе Тваё.

8 Ісус сказаў яму ў адказ: адыйдзі ад Мяне́, шата́н; напісана: Госпаду Богу твайму кланяйся і Яму аднаму служы (Другазак. 6, 13).

9 І павёў Яго ў Ерузалім, і паставіў на крыле́ царквы, і сказаў Яму: калі Ты Сын Божы, кінься адгэтуль уніз;

10 бо напісана: Ангелам сваім нака́жа пра цябе́ ўсьцерагчы Цябе́;

11 і на руках панясуць, каб і не даткнуўся да ка́меня нагою Тваёю (Пс. 90, 11—12).

12 Ісус сказаў яму ў адказ: сказана: не спакушай Госпада Бога Твайго (Другазак. 6, 16).

13 І, скончыўшы ўсё кушэньне, д’ябал адыйшоў ад Яго дачасу.

14 І вярнуўся Ісус у сіле Духа ў Галіле́ю; і разыйшлася чутка пра Яго па ўсёй вакалічнай старане́.

15 І вучыў Ён у школах іх і ад усіх быў сла́ўлены.

16 І прыйшоў у Назарэт, дзе́ быў выхава́ны, і ўвайшоў, на звычаю Свайму, у дзе́нь суботні ў школу, і ўстаў чытаць.

17 І падалі Яму кнігу прарока Ісаі; і Ён, разгарнуўшы кнігу, знайшоў ме́сца, дзе́ было напісана:

18 Дух Гасподні на Мне́: бо Ён памазаў Мяне́ дабраве́сьціць убогім і паслаў Мяне́ аздараўляць разьбітых сэрцам, гаварыць вязьням аб вызвале́ньні і сьляпым аб павароце зроку, пусьціць змучаных на волю

19 і абвяшчаць год Гасподні прые́мны (Ісая 61, 1—2).

20 І, зачыніўшы кнігу ды аддаўшы служцы, се́ў; і вочы ўсіх у школе былі зьве́рнены на Яго.

21 І Ён начаў гаварыць ім: цяпе́р выпаўнілася пісаньне гэтае ў вушах вашых.

22 І ўсе́ засьве́дчылі яму гэта і дзівіліся ласкавым словам, выходзячым з вуснаў Яго, і гаварылі: Ці не Язэпаў гэта сын?

23 Ён сказаў ім: ве́дама, вы скажаце Мне́ прыказку: ле́кару, вылячы Самога Сябе́; зрабі і тут, у Тваёй бацькаўшчыне, тое, што, мы чулі, было ў Капэрнауме.

24 І сказаў: запраўды кажу вам: ніводзін прарок ня прыймаецца ў ба́цькаўшчыне сваёй.

25 Папраўдзе кажу вам: многа ўдоваў было ў Ізраілю ў дні Ільлі, калі зачынена было не́ба тры гады і шэсьць ме́сяцаў, так што зрабіўся вялікі голад па ўсе́й зямлі;

26 і ні да аднае́ з іх ня быў пасланы Ільля, але толькі да ўдавы ў Сарэпту Сідонскую.

27 Многа таксама было пракажоных у Ізраілю пры прароку Ялісе́ю, і ніводзін з іх не ачысьціўся, апрача Нэема́на Сірыйца.

28 Пачуўшы гэтае, усе́ ў школе напоўніліся вялікаю злосьцю;

29 і, устаўшы, выгналі Яго вон з ме́ста і павялі на вяршыну гары, на каторай было пабудована ме́ста іх, каб скінуць Яго.

30 Але Ён, прайшоўшы сярод іх, пайшоў.

31 І прыйшоў у Канэрнаум, ме́ста Галіле́йскае, і вучыў іх у дні суботы.

32 І дзівіліся з навукі Яго, бо ўладная была мова Яго.

33 І быў у школе чалаве́к, маючы нячыстага духа шатанскага і ён зае́нчыў моцным голасам:

34 Пакінь! Што Табе́ да нас, Ісус Назара́нін? Ты прыйшоў загубіць нас; знаю Цябе́, хто Ты, Сьвяты Божы.

35 Ісус прыкрыкнуў на яго, сказаўшы: змоўкні і выйдзі з яго! І дэман, кінуўшы яго сярод школы, выйшаў з яго, нічога не пашкодзіўшы яму.

36 І напаў на ўсіх вялікі страх, і разважалі між сабою: што гэта за слова такое, што ўладаю і сілаю Ён прыка́звае нячыстым духам, і яны выходзяць?

37 І разьне́слася чутка аб Ім на ўсіх вакалічных мясцо́х.

38 Выйшаўшы-ж із школы, Ён прыйшоў у дом Сымона; це́шча-ж Сымонава была ў моцнай гарачцы; і прасілі ў Яго за яе́.

39 І, стануўшы над ёю, пагразіў гарачцы, і пакінула яе́. Яна тут жа ўстала і служыла ім.

40 Пры за́хадзе сонца ўсе́, маючыя хворых на розныя хворасьці, прыводзілі іх да Яго; і Ён, кладучы на кожнага з іх рукі, аздараўляў іх.

41 Выходзілі таксама й нячыстыя духі із многіх з крыкам і гаварылі: Ты Хрыстос, Сын Божы. А Ён забараняў ім гаварыць, што яны ве́даюць, што Ён Хрыстос.

42 Калі-ж настаў дзе́нь, Ён, выйшаўшы з дому, пайшоў у пустыннае ме́сца, і народ шукаў Яго і, прыйшоўшы да Яго, удзе́ржываў Яго, каб ня йшоў ад іх.

43 Але Ён сказаў ім: і другім ме́стам павінен Я абвяшчаць добрую ве́стку аб Царстве Божым, бо-ж на тое Я пасланы.

44 І навучаў у школах Галіле́йскіх.

Разьдзе́л 5

[правіць]

1 Сталася-ж, як народ ціснуўся да Яго, каб чуць Слова Божае, а Ён стаяў ля возера Генісарэцкага,

2 убачыў Ён два чаўны на возеры, а рыбаловы, выйшаўшы з іх, мылі се́ці.

3 Увайшоўшы ў адзін човен, што быў Сымонаў, Ён прасіў яго адплыць крыху ад бе́рагу і, се́ўшы, вучыў народ з чаўна.

4 Калі-ж перастаў вучыць, сказаў Сымону: адплыві на глыбіню і закінь се́ці твае́ дзеля лову.

5 Сымон сказаў Яму ў адказ: Настаўнік! Мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі; але па слову Твайму закіну се́ці.

6 Зрабіўшы гэтае, яны злавілі вялікае множства рыбы, і навет се́тка ў іх прарывалася.

7 І далі знак сябрам, што былі на другім чаўне́,каб прыйшлі памагчы ім: і прыйшлі і напоўнілі абодва чаўны, так што яны пачалі залівацца.

8 Угле́дзіўшы гэтае, Сымон Пётр прыпаў да кале́н Ісусавых і сказаў: выйдзі ад мяне́, Госпадзе! бо я чалаве́к грэшны.

9 Бо вялікі страх апанаваў яго і ўсіх быўшых з ім дзе́ля гэтага ўлову рыб, імі злоўленых;

10 таксама і Якава і Іоана, сыноў Завядзе́явых, быўшых сябрамі Сымона. І сказаў Сымону Ісус: ня бойся, ад сяньня будзеш лаўцом чалаве́каў.

11 І, выцягнуўшы абодва чаўны на бе́раг, пакінулі ўсё і пайшлі за Ім.

12 І сталася, як Ісус быў у адным ме́сьце, прыйшоў чалаве́к увесь у праказе і, угле́дзіўшы Ісуса, унаў тва́рам уніз, молячы Яго і кажучы: Госпадзе! калі хочаш, можаш мяне́ ачысьціць.

13 І Ён працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў: хачу, ачысьціся. І тады-ж праказа зыйшла з яго.

14 І Ён прыказаў яму нікому не гаварыць, а пайсьці паказацца сьвяшчэньніку і прыне́сьці ахвяру за ачышчэньне сваё, як павяле́ў Майсе́й на сьве́дчаньне ім.

15 Але тым бале́й разыйшлася чутка аб Ім, і вялікае множства народу сьцякалася да Яго — слухаць і аздаравіцца ў Яго ад хворасьцяў сваіх.

16 Але Ён адыходзіў у пустынныя ме́сцы і маліўся.

17 І сталася, раз, як Ён навучаў, і сядзе́лі тут фарысэі й законавучыцелі, прыйшоўшы з усіх мястэчак Галіле́і і Юдэі і Ерузаліму, і сіла Госпадава была дзеля аздараўле́ньня іх,

18 вось, нясуць людзі на пасьце́лі чалаве́ка, што быў спараліжаваны, і хаце́лі ўнясьці яго ў дом і палажыць перад Ісусам;

19 і, не знайшоўшы, дзе́ пране́сьці яго праз народ, уле́зьлі на ве́рх дому і праз страху́ спусьцілі яго з пасьце́льлю на сярэдзіну перад Ісусам;

20 і Ён, ба́чачы ве́ру іх, сказаў чалаве́ку гэнаму: адпускаюцца табе́ грахі тваі.

21 Кніжнікі й фарысэі зачалі разважаць, кажучы: Хто ён такі, што блюзьніць? Хто можа адпускаць грахі апрача аднаго Бога?

22 Ісус, пазнаўшы думкі іх, сказаў ім у адказ: што вы думаеце ў сэрцах вашых?

23 Што лягчэй сказаць: адпускаюцца табе́ грахі тваі, ці сказаць: устань і хадзі?

24 Але, каб вы ве́далі, што Сын Чалаве́чы ма́е ўладу на зямлі адпускаць грахі, — сказаў Ён спараліжаванаму: кажу табе́: устань, вазьмі пасьце́ль тваю і йдзі ў дом твой.

25 І той ураз жа ўстаў перад імі, узяў на чым ляжаў і пайшоў у дом свой, славячы Бога.

26 І жах апанаваў усіх, і славілі Бога; і, абнятыя страхам, гаварылі: дзіўныя дзе́і відзелі мы цяпе́р.

27 Пасьля гэтага Ісус выйшаў і ўбачыў мытніка, на імя Ле́вія, се́дзячы на мытніцы, і кажа яму: ідзі за Мною.

28 І той, пакінуўшы ўсё, устаў і пайшоў за Ім.

29 І прырыхтаваў для Яго Ле́вій у доме сваім вялікі пачастунак, і была там грамада мытнікаў і другіх, што частаваліся з імі.

30 Кніжнікі-ж і фарысэі наракалі й гаварылі вучням Яго: на што вы ясьцё і пяцё з мытнікамі ды грэшнікамі?

31 Ісус жа сказаў ім у адказ: не́ здаровыя маюць патрэбу ў ле́кару, але хворыя.

32 Я прыйшоў клікаць да пакаяньня не́ праведных, але грэшных.

33 Яны-ж сказалі Яму: чаму вучні Іоанавы посьцяць часта і моляцца, таксама і фарысэйскія, а тваі ядуць і пюць?

34 Ён сказаў ім: ці можаце прымусіць сыноў вясе́льных пасьціць, калі з імі жаніх?

35 Але прыдуць дні, калі возьмуць у іх жаніха, і тады будуць пасьціць у тыя дні.

36 Пры гэтым сказаў ім прыповесьць: ніхто не прышывае ла́ткі да старое а́дзе́жыны, ададраўшы ад новае адзе́жыны, бо йна́чай і новую разьдзярэ, і да старое не падо́йдзе латка ад новага.

37 І ніхто ня ўлівае маладога віна ў старыя мяхі, бо маладое віно прарве́ мяхі і само ве́цяча, і мяхі прападуць;

38 але маладое віно трэба ўліваць у мяхі новыя; тады захаваецца тое і другое.

39 І ніхто, пючы старое віно, не захоча тады-ж маладога; бо кажа: старое ле́пшае.

Разьдзе́л 6

[правіць]

1 І сталася ў суботу, пе́ршую па другім дні Пасхі, здарылася Яму праходзіць засе́янымі палямі, і вучні Яго зрывалі калосьсе і е́лі, расьціраючы рукамі.

2 Некаторыя-ж з фарысэяў сказалі ім: на што робіце тое, чаго ня можна рабіць у суботу?

3 Ісус сказаў ім у адказ: ці вы ня чыталі, што зрабіў Давід, калі захаце́ў е́сьці сам і быўшыя з ім?

4 як ён увайшоў у дом Божы, узяў хле́бы паложаныя, якіх ня можна было е́сьці ні кому, апрача сьвяшчэньніка́ў, і е́ў і даў быўшым з ім.

5 І сказаў ім: Сын Чалаве́чы ёсьць гаспадар і суботы.

6 Здарылася-ж і ў другую суботу ўвайсьці Яму ў школу і навучаць. Там быў чалаве́к, у якога правая рука была сухая.

7 Кніжнікі-ж і фарысэі сачылі Яго, ці не аздаровіць у суботу, каб знайсьці абвінавачаньне проці Яго.

8 Але Ён, ве́даючы думкі іх, сказаў чалаве́ку з сухою рукой: устань і выступі насярэдзіну. І той устаў і выступіў.

9 Тады сказаў ім Ісус: спытаюся Я ў вас: што трэба рабіць у суботу? дабро ці зло? снасьці душу ці загубіць? Яны маўчалі.

10 І, паглядзе́ўшы на іх, сказаў таму чалаве́ку: выцягні руку тваю. Ён так і зрабіў: і сталася рука яго здаровая, як другая.

11 Яны прыйшлі ў шал і гаварылі адзін да аднаго: што-б ім зрабіць з Ісусам?

12 У тыя дні ўзыйшоў Ён па гару памаліцца і прабыў усю ноч на малітве да Бога.

13 Калі-ж настаў дзе́нь, паклікаў вучняў Сваіх і выбраў з іх дванаццаць, каторых і назваў Апосталамі.

14 Сымона, каторага і назваў Пятром, і Андрэя, брата яго, Якава і Іоана, Піліпа й Баўтраме́я,

15 Мацьве́я й Хаму, Якава Алфе́явага і Сымона, называнага Зілотам,

16 Юду Якубавага і Юду Іскарыёта, каторы потым стаўся здраднікам.

17 І, зыйшоўшы з імі, стаў Ён на роўным ме́сцы, і множства вучняў Яго і многа народу з усяе́ Юдэі і Ерузаліму і прыморскіх ме́сцаў Тырскіх і Сідонскіх,

18 што папрыходзілі паслухаць Яго і пазбыцца хворасьцяў сваіх, як і це́рпячыя муку ад нячыстых духаў; і здараве́лі.

19 І ўве́сь народ стараўся дакрануцца да Яго, бо ад Яго зыходзіла сіла і аздараўляла ўсіх.

20 І Ён, падняўшы вочы Свае́ на вучняў Сваіх, гаварыў: шчасьлівыя ўбогія духам, бо вашае ёсьць Царства Божае.

21 Шчасьлівыя галодныя цяпе́р, бо насыціцеся. Шчасьлівыя пла́чучыя цяпе́р, бо засьмяецёся.

22 Шчасьлівыя вы, калі зьненавідзяць вас людзі і калі прагоняць вас і будуць зьневажа́ць, і выкінуць імя вашае, як зло, за Сына Чалаве́чага.

23 Радуйцеся ў той дзе́нь і весяліцеся, бо вялікая нагарода вам на нябёсах. Так паступалі з прарокамі айцы іх.

24 Наадварот, гора вам, багатыры! бо вы ўжо дасталі сваю радасьць.

25 Гора вам, перасычаныя цяпе́р, бо будзеце цярпе́ць голад. Гора вам, сьмяючыяся цяпе́р, бо запла́чаце й зарыдаеце.

26 Гора вам, калі ўсе́ людзі будуць гаварыць аб вас добра. Бо гэтак паступалі з фальшывымі прарокамі бацькі іх.

27 Але вам, што слу́хаеце, кажу: любе́це ворагаў вашых, чыне́це дабро ненавідзячым вас.

28 Багасла́ўце праклінаючых вас і мале́цеся за крыўдзячых вас.

29 Удэ́рыўшаму цябе́ па шчацэ́ падстаў і другую; і адыма́ючаму ў цябе́ ве́рхнюю адзе́жу не перашкаджай узяць і кашулю.

30 Усякаму, хто просіць у цябе́, давай, і ад узяўшага тваё ня трэбуй назад.

31 І як хо́чаце, каб з вамі паступалі людзі, так і вы паступайце з імі.

32 І, калі лю́біце лю́бячых вас, якая вам за тое ўдзячнасьць? Бо-ж і грэшнікі любячых іх любяць.

33 І калі робіце дабро тым, што вам робяць дабро, якая вам за тое ўдзячнасьць? Бо-ж і грэшнікі тое-ж робяць.

34 І калі пазычаеце тым, ад каторых спадзяецёся дастаць назад, якая вам за тое ўдзячнасьць? Бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб дастаць назад гэтулькі-ж.

35 Але вы любе́це во́рагаў вашых, і рабе́це дабро, і пазычайце, ня ждучы́ нічога; і будзе вам нагарода вялікая, і будзеце сынамі Усявышняга, бо Ён добры і да няўдзячных і злосных.

36 Дык будзьце-ж міласэрныя, як і Аце́ц ваш міласэрны.

37 Не асуджайце, і ня будзеце асуджаны; дароўвайце, і вам дарована будзе;

38 давайце, і вам будзе да́дзена: ме́ру добрую націсьненую, стрэсеную і з коптурам адсыплюць вам у лона вашае; бо якою ме́раю ме́раеце, такою-ж і вам адме́раецца.

39 Сказаў такжа ім прыповесьць: ці можа сьляпы вадзіць сьляпога? Ці не абодва ўваляцца ў яму?

40 Вучань ня бывае вышэй за свайго вучыцеля, але кожны будзе даскана́лы, як вучыцель яго.

41 Што ты глядзіш на сучок у воку брата твайго, а бервяна́ ў тваім воку не адчуваеш?

42 Ці як можаш сказаць брату твайму: брат! дай, я выму сучок з вока твайго, — калі сам ня бачыш бервяна́ ў тваім воку? Крывадушны! вы́мі ране́й бервяно з твайго вока, тады ўбачыш, як выбраць сучок з вока брата твайго.

43 Няма добрага дрэва, каторае прыно́сіла-б благі плод; і няма благога дрэва, каторае прыно́сіла-б плод добры.

44 Бо ўсякае дрэва пазнае́цца па пло́дзе яго; бо ня зьбіраюць смокваў з цярніны і ня здымаюць вінаграду з шыпшыньніка.

45 Добры чалаве́к з добрага скарбу сэрца свайго выносіць добрае, а благі чалаве́к з благога скарбу сэрца свайго выносіць благое; бо ад перапо́ўненага сэрца гавораць вусны яго.

46 Што завецё Мяне́: Госпадзе! Госпадзе! і ня робіце таго, што Я кажу?

47 Усякі, прыходзячы да Мяне́ і слухаючы словы Мае́ і выпаўня́ючы іх, — скажу вам да каго падобны:

48 ён падобны да чалаве́ка, што, стаўляючы дом, капаў глы́бака й заклаў фундамант на ка́мені, дзеля чаго, калі зда́рыліся паводкі, і вада́ напе́рла на гэты дом, то не магла скрануць яго, бо ён быў заснаваны на ка́мені,

49 а хто слухае і не выпаўняе, той падобны да чалаве́ка, паставіўшага дом на зямлі без падмуроўкі, які, калі напе́рла на яго вада́, ураз жа абваліўся; і разбурэньне яго было вялікае.

Разьдзе́л 7

[правіць]

1 Калі Ён скончыў усю гутарку Сваю да слу́хаючага народу,то ўвайшоў у Капэрнаум.

2 У аднаго-ж сотніка слуга́, якога той цаніў, быў хворы пры сьме́рці.

3 Пачуўшы пра Ісуса, ён паслаў да Яго Юдэйскіх старэйшынаў — прасіць Яго, каб прыйшоў аздаравіць слугу яго.

4 І яны, прыйшоўшы да Ісуса, крэпка прасілі Яго, кажучы: ён варт, каб Ты зрабіў для яго гэтае,

5 бо ён любіць народ наш і паставіў нам школу.

6 Ісус пайшоў з імі. І, калі Ён недалёка ўжо быў ад дому, сотнік прыслаў да Яго сяброў сказаць Яму: ня турбуйся, Госпадзе! бо я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад страху́ маю,

7 бо і сябе́ самога не палічыў я вартым прыйсьці да Цябе́; але скажы слова, і паздараве́е слуга́ мой;

8 бо і я ма́ю над сабою ўладу, але ма́ю і пад сабою жаўне́раў; кажу аднаму — пайдзі, і йдзе́; і другому: прыдзі, і прыходзіць; і слузе́ майму: зрабі тое, і зробіць.

9 Пачуўшы гэтае, Ісус зьдзівіўся з яго і, абярнуўшыся, сказаў ішоўшаму за Ім народу: кажу вам, што і ў Ізраілю не знайшоў Я гэткае ве́ры.

10 Пасланыя, вярнуўшыся ў дом, знайшлі хворага слугу́ паздараве́ўшым.

11 Пасьля гэтага Ісус пайшоў да ме́ста, называнага Наім; і з Ім ішлі многія з вучняў Яго ды множства народу.

12 Калі-ж Ён падыйшоў да мястовае брамы, тут выносілі паме́ршага адзінага сына ў маткі, а яна была ўдава; і многа народу йшло з ёю з ме́ста.

13 Угле́дзіўшы яе́, Госпад зьлітаваўся над ёю ды сказаў ёй: ня плач.

14 І, падыйшоўшы, дакрануўся да насілкаў; нёсшыя затрымаліся; і Ён сказаў: хлопча! табе́ кажу: устань!

15 Уме́ршы, падняўшыся, се́ў і пачаў гаварыць; і аддаў яго Ісус матцы яго.

16 І ўсіх зьняў страх, і славілі Бога, кажучы: вялікі прарок паўстаў міжы намі, і Бог адве́даў народ Свой.

17 І разыйшлося слова гэтае аб Ім па ўсёй Юдэі і па ўсіх ваколіцах.

18 І паведамілі Іоана вучні Яго аб усім гэтым.

19 І, паклікаўшы двох з вучняў сваіх, Іоан паслаў іх да Ісуса спытацца: ці Ты Той, Каторы павінен прыйсьці, ці чакаць нам другога?

20 Яны, прыйшоўшы да Ісуса, сказалі: Іоан Хрысьціцель паслаў нас да Цябе́ спытацца: ці Ты Той, Катораму нале́жыць прыйсьці, ці чакаць нам другога?

21 А ў гэты час Ён многіх аздараўляў ад хвароб і недамага́ньняў і ад злых духаў і многім сьляпым варочаў зрок.

22 І сказаў ім Ісус у адказ: пайдзе́це, скажэце Іоану, што вы бачылі і чулі: сьляпыя пачынаюць бачыць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, паме́ршыя ўскрасаюць, і ўбогім абвяшча́ецца эва́нгельле.

23 І шчасьлівы, хто не спаку́сіцца ад Мяне́.

24 Калі-ж пасланыя Іоанам пайшлі, пачаў гаварыць да народу пра Іоана: што глядзе́ць хадзілі вы ў пустыню? ці трысьціну ве́трам калыханую?

25 Што-ж глядзе́ць хадзілі вы? ці чалаве́ка, адзе́тага ў мяккія вопраткі? Але пышна адзе́тыя і раскошна жыву́чыя знаходзяцца пры дварох царскіх.

26 Што-ж глядзе́ць хадзілі вы? ці прарока? Так, кажу вам, і бале́й за пророка.

27 Гэта ёсьць, аб якім напісана: вось Я пасылаю а́нгела Майго перад абліччам Тваім, каторы прыгатуе шлях Твой перад Табою (Малах. 3, 1).

28 Бо кажу вам: з ро́джаных жанчынамі няма ніводнага прарока, бо́льшага за Іоана Хрысьціцеля; але ме́ншы ў Царстве Божым большы за яго.

29 І ўве́сь народ, які слухаў Яго, і мытнікі аддалі хвалу Богу, хрысьцячыся хрышчэньнем Іоанавым;

30 а фарысэі й законьнікі адкінулі раду Божую для іх, не ахрысьціўшыся ў Яго.

31 Тады Госпад сказаў: да каго прыраўную людзёў роду гэтага? і да каго яны падобны?

32 Яны падобны да дзяце́й, што сідзяць на вуліцы, клічуць адзін аднаго і кажуць: мы йгралі вам на жале́йцы, і вы не скакалі; мы сьпява́лі вам сумныя пе́сьні, і вы ня пла́калі.

33 Бо прыйшоў Іоан Хрысьціцель; ні хле́ба ня е́сьць, ні віна ня пе́ць; і кажуць: у ім злы дух.

34 Прыйшоў Сын Чалаве́чы; е́сьць і пе́ць; і кажуць: вось чалаве́к, каторы любіць е́сьці і піць віно, сябра мытнікаў і грэшнікаў.

35 І апраўданы розум усімі дзяцьмі яго.

36 Не́хта з фарысэяў прасіў Яго пае́сьці разам з ім; і Ён, увайшоўшы ў дом фарысэя, узьлёг.

37 І вось жанчына з таго ме́ста, якая была грэшніцай, даве́даўшыся, што Ён супачывае ў доме фарысэя, прыне́сла аляба́стравую судзіну з але́ем;

38 і, стануўшы ззаду ля ног Яго і плачучы, пачала абліваць ногі Яго сьлязьмі і выціраць валасамі галавы сваёй, і цалавала ногі Яго і ма́зала але́ем.

39 Бачучы гэтае, фарысэй, што быў запрасіў Яго, сказаў сам да сябе́: калі-б Ён быў прарок, то ве́даў бы, хто і якая жанчына дакрана́ецца да Яго, бо яна грэшніца.

40 Зьвярнуўшыся да яго, Ісус сказаў: Сымон! Я ма́ю штось сказаць табе́. Ён кажа: скажы, Вучыцелю!

41 Ісус сказаў: у аднаго крэды́тара былі два даўжнікі: адзін быў вінен пяцьсот дынараў, а другі пяцьдзесят;

42 але, як яны ня ме́лі чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Скажы-ж, каторы з іх бале́й узьлюбіць яго?

43 Сымон адказаў: думаю, той, катораму бале́й дараваў. Ён сказаў яму: справядліва ты рассудзіў.

44 І, зьвярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: ці бачыш ты гэтую жанчыну? Я прыйшоў у дом твой, і ты вады Мне́ на ногі ня даў; а яна сьлязьмі абліла Мне́ ногі і валосьсем галавы сваёй выцерла.

45 Ты цалаваньня Мне́ ня даў, а яна, як толькі Я прыйшоў, не перастае́ цалаваць Мне́ ногі.

46 Ты галавы Мне́ маслам не памазаў; а яна але́ем памазала Мне́ ногі.

47 Дзеля гэтага кажу табе́: даруюцца многія грахі яе́ за тое, што яна многа ўзьлюбіла; а каму мала даруецца, той мала любіць.

48 А ёй сказаў: адпускаюцца табе́ грахі.

49 І супачываўшыя разам з Ім пачалі гаварыць у сабе́: хто Ён такі, што і грахі адпускае?

50 Ён жа сказаў жанчыне: ве́ра твая спасла цябе́; ідзі з мірам.

Разьдзе́л 8

[правіць]

1 І сталася пасьля, праходзіў Ён па ме́стах і сёлах, прапаве́дываючы і абвяшчаючы добрую ве́стку аб Царстве Божым, і з Ім дванаццацёра,

2 і некаторыя жанчыны, каторых Ён аздаравіў ад злых духаў і хвароб, — Марыя, называная Магдаліна, з якое выйшлі се́м дэманаў,

3 і Іоанна, жана́ Хузы, наглядчыка Ірадавага, і Сусанна, і многія другія, што служылі Яму з мае́масьці сваёй.

4 Калі-ж сабралося множства народу, і з усіх гарадоў жыхары зыходзіліся да Яго, Ён пача́ў гаварыць прыпо́весьцю:

5 выйшаў сейбіт се́яць се́мя сваё; і, калі ён се́яў, іншае ўпала пры дарозе і было патаптана, і птушкі нябе́сныя паклявалі яго;

6 а іншае ўпала на камень і, узыйшоўшы, засохла, бо ня ме́ла вільгаці;

7 а іншае ўпала між цярнінаю, і вырасла цярніна і заглушыла яго;

8 а іншае ўпала на добрую зямлю і, узыйшоўшы, прынясло плод стакро́тны. Сказаўшы гэтае, клікнуў: хто ма́е вушы слухаць, няхай слухае.

9 Вучні-ж Яго спыталіся ў Яго: што-б значыла прыповесьць гэтая?

10 Ён сказаў: вам да́дзена знаць тайны Царства Божага, а для рэшты яны ў прыпо́весьцях, так што яны бачучы ня бачуць і чуючы не разуме́юць.

11 Вось што́ значыць прыповесьць гэтая: се́мя ёсьць слова Божае.

12 А што ля дарогі, гэта тыя, што слухаюць, ды пасьля прыходзіць д’ябал і забірае слова з сэрца іх, каб не паве́рылі і не спасьліся;

13 а на ка́мені гэта тыя, што, калі пачуюць слова, дык з радасьцяй прыймаюць, ды ня маюць караня і часова ве́раць, а ў час спакусы адпадаюць;

14 а што ўпала ў цярніну — гэта тыя, што слухаюць слова, але, адыходзячы, заглуша́юцца клапотамі, бага́цьцем і ўце́хамі жыцьцёвымі і не даюць плёну.

15 А ўпаўшае на добрую зямлю — гэта тыя, што, пачуўшы слова, захоўваюць у добрым і чыстым сэрцы і даюць плён у цярплівасьці.

16 Ніхто, запаліўшы сьве́чку, не прыкрывае яе́ судзінаю, або не стаўляе пад ложак, але ставіць на ліхтар, каб, уваходзячы, бачылі сьвятло́,

17 бо няма нічога тайнага, што-б ня выявілася, ні ўкрытага, што ня сталася-б вядомым і ня выйшла-б наве́рх.

18 Глядзіце-ж, як вы слу́хаеце; бо хто ма́е, таму да́дзена будзе, а хто ня ма́е, у таго адымецца й тое, што ён думае ме́ць.

19 І прыйшлі да Яго маці і браты Яго і не маглі падыйсьці да Яго з прычыны народу.

20 І далі знаць Яму: маці і браты Тваі стаяць вонках, хо́чучы бачыць Цябе́.

21 Ён сказаў ім у адказ: маці мая і браты мае́ — гэта тыя, што слу́хаюць слова Божае і выпаўняюць яго.

22 І сталася, аднаго дня Ён увайшоў з вучнямі Сваімі ў човен і сказаў ім: пераплыве́м па той бок возера. І паплылі.

23 Калі-ж яны плылі, Ён заснуў. На возеры падняўся бурны ве́цер, і залівала іх хва́лямі, і яны былі ў небясьпе́цы.

24 І, падыйшоўшы, збудзілі Яго ды сказалі: Настаўнік! Настаўнік! мы гінем. Але Ён, устаўшы, закрычэу ве́тру і хваляваньню вады; і спыніліся, і ста́лася ціша.

25 Тады Ён сказаў ім: дзе́ ве́ра ваша? Яны-ж у страху і задзіўле́ньні гаварылі адзін аднаму: Хто ж гэта, што ве́трам загадвае і вадзе́, і слу́хаюцца Яго?

26 І прыплылі ў старану Гадарынскую, што насу́праць Галіле́і.

27 Калі-ж выйшаў Ён на бе́раг, спаткаў Яго адзін чалаве́к з ме́ста, які ме́ў дэманаў з даўных часоў і хадзіў не адзе́ўшыся, і жыў ня ў доме, але ў магілах.

28 Ён, угле́дзіўшы Ісуса, закрычэўшы паваліўся перад Ім і моцным голасам сказаў: што табе́ да мяне́, Ісус, Сын Бога Усявышняга? Малю Цябе́, ня муч мяне́.

29 Бо Ісус сказаў нячыстаму духу выйсьці з гэтага чалаве́ка; бо ён доўгі час мучыў яго, так што яго вязалі ланцугамі й сьцераглі яго, але ён разрываў ланцугі, і нячысты гнаў яго ў пустыні.

30 Ісус спытаўся ў яго: як тваё імя? Ён сказаў: легіён; бо многа дэманаў увайшло ў яго.

31 І прасілі Яго, каб не вяле́ў ім ісьці ў бяздоньне.

32 Тут жа на гарэ пасьвіўся вялікі гурт сьвіне́й; і дэ́маны прасілі Яго, каб дазволіў ім увайсьці ў іх. Ён дазволіў ім.

33 Дэманы, выйшаўшы з чалаве́ка, увайшлі ў сьвіне́й.

34 І кінуўся гурт з кру́чы ў мора, і ўтануў. Пастухі, бачучы, што́ ста́лася, пабе́глі ды расказалі ў ме́сьце і сёлах.

35 І выйшлі бачыць стаўшаеся; і, прыйшоўшы да Ісуса, знайшлі чалаве́ка, з каторага выйшлі дэманы, се́дзячы ля ног Ісусавых, адзе́тага і пры розуме; і перепалохаліся.

36 А бачыўшыя расказалі ім, як спасён быў апанаваны дэманамі.

37 І прасіў Яго ўве́сь народ Гадарынскае краіны пайсьці ад іх, бо іх зьняў вялікі страх. Ён увайшоў у човен і вярнуўся.

38 А чалаве́к, з якога выйшлі дэманы, прасіў Яго, каб быць з Ім. Але Ісус адправіў яго, сказаўшы:

39 вярні́ся ў дом твой і раскажы, што ўчыніў табе́ Бог. Ён пайшоў і наказваў па ўсім ме́сьце, што ўчыніў яму Ісус.

40 Калі-ж вярнуўся Ісус, народ прыняў Яго, бо ўсе́ чакалі Яго.

41 І вось прыйшоў чалаве́к, імем Яір (а быў ён начальнікам школы); і, упаўшы да ног Ісусавых, прасіў Яго ўвайсьці ў дом яго,

42 бо ў яго была адзіная дачка́, гадоў дванаццацёх, і тая была пры сьме́рці. Калі-ж Ён ішоў, народ ціснуўся да Яго.

43 І адна жанчына, што мучылася ад крываце́чы дванаццаць гадоў і аддала на ле́караў усю мае́масьць сваю, ды ніводзін ня мог вылячыць яе́,

44 падыйшоўшы ззаду, дакрану́лася да краю вопраткі Яго; і той час крываце́ча ў яе́ спынілася.

45 І сказаў Ісус: хто дакрануўся да Мяне́? Калі-ж усе́ адпіраліся, Пётр і быўшыя з Ім сказалі: Настаўнік! народ акружае Цябе́ ды націскае, і Ты кажаш: хто дакрануўся да Мяне́?

46 Але Ісус сказаў: не́хта дакрануўся да Мяне́, бо Я адчуваю сілу, што выйшла з Мяне́.

47 Жанчына-ж, бачучы, што яна ня ўто́іцца, дрыжучы падыйшла і, упаўшы перад Ім, аб’явіла Яму перад усім народам, з якое прычыны дакрану́лася да Яго, і як тады-ж паздараве́ла.

48 Ён сказаў ёй: бадрыся, дачка́! ве́ра твая спасла́ цябе́; ідзі з мірам.

49 Калі Ён яшчэ гаварыў гэтае, прыходзіць не́хта з дому начальніка школы і кажа ім: дачка́ твая паме́рла; ня турбуй Вучыцеля.

50 Але Ісус, пачуўшы гэтае, сказаў яму: ня бойся, толькі ве́р, і спасёна будзе.

51 Прыйшоўшы-ж у дом, не дазволіў увайсьці нікому апрача Пятра, Іоана і Якава, і бацькі ды маткі дзяўчыны.

52 Усе́ плакалі і галасілі па ёй. Але Ён сказаў: ня плачце; яна не паме́рла, але сьпіць.

53 І сьмяяліся з Яго, ве́даючы, што яна паме́рла.

54 Ён жа, выслаўшы ўсіх вон і ўзяўшы яе́ за руку, клікнуў кажучы: дзяўчына! устань!

55 І вярнуўся дух яе́; і ўраз жа ўстала; і Ён вяле́ў даць ёй е́сьці.

56 І зьдзівіліся бацькі яе́. Ён жа вяле́ў ім не гаварыць нікому аб тым, што́ сталася.

Разьдзе́л 9

[правіць]

1 Паклікаўшы-ж усіх дванаццацёх, даў ім моц і ўладу над усімі дэманамі і аздараўляць ад хворасьцяў.

2 І паслаў іх навучаць аб Царстве Божым і аздараўляць хворых.

3 І сказаў ім: нічога не бярэце на дарогу: ні кія́, ні торбы, ні хле́ба, ні срэбра, і каб двух вопратак ня ме́лі;

4 і ў які дом увойдзеце, там аставайцеся і стуль ідзе́це ў дарогу;

5 і калі дзе́ ня прымуць вас, то, выходзячы з таго ме́ста, абтрасе́це і пыл з ног вашых у сьве́дчаньне на іх.

6 І, пайшоўшы, праходзілі па сёлах, апавядаючы Эвангельле і ўсюды аздараўляючы.

7 Ірад жа чацьвертаўла́днік чуў пра ўсё, што дзе́ялася ад Яго, і ня це́міў: бо адны казалі, што гэта Іоан устаў з мёртвых;

8 другія, што Ільля зьявіўся, а іншыя, што адзін з старадаўных прарокаў уваскрос.

9 І сказаў Ірад: Іоана я сьцяў; хто-ж гэты, аб якім я чую такое? І стараўся ўбачыць Яго.

10 Апосталы, вярнуўшыся, расказалі Яму, што яны зрабілі, і Ён, узяўшы іх з Сабою, пайшоў самотна ў пустыннае ме́сца каля ме́ста, называнага Віфсаідаю.

11 Але народ, даве́даўшыся, пайшоў за Ім; і Ён, прыняўшы іх, вёў з імі гутарку аб Царстве Божым і, каму гэтага трэба было, аздараўляў.

12 Калі-ж дзе́нь пачаў зыходзіць, дык прыступілі да Яго дванаццацёра і гаварылі яму: адпра́ў народ, каб яны пайшлі ў вакалічныя сёлы й вёскі начаваць і дасталі е́сьці, бо мы тут у пустым ме́сцы.

13 Але Ён сказаў ім: вы́ дайце ім е́сьці. Яны сказалі: у нас няма бале́й за пяць хлябоў і дзьвюх рыб; хіба нам пайсьці купіць е́жы для ўсіх гэтых людзе́й?

14 Бо іх было каля пяцёхты́сячаў душ. Але Ён сказаў вучням Сваім: рассадзіце іх рада́мі па пяцьдзесят.

15 І ўчынілі так, і рассадзілі ўсіх.

16 Ён жа, узяўшы пяць хлябоў і дзьве́ рыбы і паўзіраўшыся ў не́ба, багаславіў іх, паламаў і даў вучням, каб раздалі народу.

17 І е́лі і насыціліся ўсе́; і набралі недае́дкаў дванаццаць карабоў.

18 І сталася, як маліўся самотна, і вучні былі з Ім, Ён спытаўся ў іх: за каго лічыць Мяне́ народ?

19 Яны сказалі ў адказ: за Іоана Хрысьціцеля, а іншыя за Ільлю; другія-ж кажуць, што адзін з старадаўных прарокаў уваскрос.

20 Ён жа спытаўся ў іх: а вы за каго лічыце Мяне́? І адказаў Пётр: за Хрыста Божага.

21 Але Ён строга загадаў ім нікому не гаварыць аб гэтым,

22 сказаўшы, што Сын Чалаве́чы мусіць многа вы́цярпець мук; і адцураюцца яго старэйшыны, архірэі і кніжнікі і будзе забіты і на трэці дзе́нь ускрэсьне.

23 Да ўсіх жа сказаў: калі хто хоча йсьці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе́, няхай возьме крыж свой і йдзе́ за Мною.

24 Бо хто хоча душу сваю спасьці, загу́біць яе́; а хто загу́біць душу сваю дзеля Мяне́ той спасе́ яе́.

25 Бо якая карысьць чалавеку здабыць уве́сь сьве́т, а сябе́ самога загубіць, ці пашкодзіць сабе́?

26 Бо хто паўстыдаецца Мяне́ і Маіх слоў, таго Сын Чалаве́чы паўстыдаецца, калі прыйдзе ў славе Сваёй і Айца і сьвятых Ангелаў.

27 Праўду кажу вам: ёсьць некаторыя з тых, што тут стаяць, якія не спазнаюць сьме́рці, пакуль ня ўбачаць Царства Божага.

28 Сталася-ж дзён праз восем пасьля слоў гэтых, узяўшы Пятра, Іоана і Якава, узыйшоў Ён на гару памаліцца,

29 і сталася, як Ён маліўся, выгляд аблічча Яго зьмяніўся, і вопратка Яго сталася бе́лая, блішчастая.

30 І вось двое людзе́й гутарылі з Ім, а былі гэта Майсе́й і Ільля:

31 зьявіўшыся ў славе, яны гаварылі аб сьме́рці яго, што ме́ўся споўніць у Ерузаліме.

32 Пётр жа і быўшыя з Ім былі апанава́ны сном; прабудзіўшыся-ж, убачылі славу яго і двох мужо́ў, стоячы з Ім.

33 І, калі тыя адыходзілі ад Яго, сказа́ў Пётр Ісусу: Настаўнік! добра нам тут быць: зробім тры палаткі: адну Табе́, адну Майсе́ю і адну Ільлі, — ня ве́даючы, што́ кажа.

34 Калі-ж ён гаварыў гэтае, сталася хмара і агарнула іх; і перепалохаліся, як увайшлі ў хмару.

35 І быў з хмары голас гаворачы: Гэты ёсьць Сын Мой улю́блены; Яго слу́хайце.

36 І, калі быў голас гэты, апынуўся Ісус адзін. І яны маўчалі і нікому не гаварылі ў тыя дні, што́ бачылі.

37 І сталася назаўтрае, як яны зыйшлі з гары, сустрэла Яго вялікае множства народу.

38 І вось не́йкі чалаве́к з народу крыкнуў: Вучыцель: малю Цябе́! Глянь на сына майго; ён адзін у мяне́:

39 і вось дух бярэ яго, і ён ураз жа крычыць, і ірве́ць яго з пе́най; і ле́дзь адступае ад яго, змучыўшы яго;

40 я прасіў вучняў Тваіх выгнаць яго; і яны не маглі.

41 Ісус жа адказваючы сказаў: о, род няве́рны і распусны! дакуль буду з вамі і буду цярпе́ць вас? Прывядзі сюды сына твайго.

42 Калі-ж той яшчэ йшоў, дух кінуў яго і затрос; але Ісус прыкрыкнуў на нячыстага духа і аздаравіў хлопца, ды аддаў яго бацьцы яго.

43 І ўсе́ дзівіліся ве́лічы Божай. Калі-ж усе́ дзівіліся ўсяму, што чыні́ў Ісус, Ён сказаў вучням Сваім:

44 палажэце сабе́ ў вушы словы гэтыя: Сын Чалаве́чы будзе вы́даны ў рукі чалаве́чыя.

45 Але яны не зразуме́лі слова гэтага, і яно было закрыта ад іх, каб ня ўцяміць ім яго; а папытацца ў Яго пра гэтае слова баяліся.

46 Прыйшла-ж ім думка: хто-б з іх быў бо́льшы?

47 Ісус жа, бачучы помыслы іх сэрца, узяўшы дзіця, паставіў яго перад Сабою

48 і сказаў ім: хто прыйме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне́ прыйме, а хто прыйме Мяне́, той прыйме Паслаўшага Мяне́; бо хто з вас ме́ншы за ўсіх, той будзе вялікі.

49 Пры гэтым Іоан сказаў: Настаўнік! мы бачылі чалаве́ка, іме́ньнем Тваім выганя́ючага дэманаў, і забаранілі яму, бо ён ня ходзіць з намі.

50 І сказаў яму Ісус: не забараняйце; бо хто ня проці вас, той за вас.

51 І сталася, як набліжаліся дні забра́ньня Яго, умацава́лася аблічча Яго ісьці ў Ерузалім,

52 і паслаў пасланцоў прад абліччам Сваім; і яны пайшлі і ўвайшлі ў сяло Самаранскае, каб прыгатаваць для Яго;

53 але там ня прынялі Яго, бо аблічча Яго было йдучы ў Ерузалім.

54 Бачучы-ж вучні Яго, Якаў і Іоан, сказалі: Госпадзе! ці хочаш: мы скажам, каб агонь зыйшоў з не́ба і зьнішчыў іх, як і Ільля зрабіў?

55 Але Ён, зьвярнуўшыся да іх, забараніў ім і сказаў: ня ве́даеце, якога вы духа;

56 бо Сын Чалаве́чы прыйшоў не́ губіць душы людзкія, але спасаць. І пайшлі ў другое сяло.

57 І сталася, як яны былі ў дарозе, не́хта сказаў Яму: Госпадзе: я пайду за Табою, куды-б Ты ні пайшоў.

58 Ісус сказаў яму: лісіцы маюць норы, і птушкі нябе́сныя гне́зды; а Сын Чалаве́чы ня мае дзе́ галаву прыкланіці.

59 А другому сказаў: Ідзі за Мною. Той сказаў: Госпадзе! дазволь мне́ пе́рш пайсьці й пахаваць бацьку майго.

60 Але Ісус сказаў яму: пакінь уме́ршым хаваць сваіх нябожчыкаў; а ты йдзі ды абвяшчай Царства Божае.

61 Яшчэ іншы сказаў: Я пайду за Табою, Госпадзе! Але пе́рш дазволь мне́ папрашчацца з хатнімі маімі.

62 Але Ісус сказаў яму: ніхто не спасо́бен да Царства Божага, хто, узлажыўшы руку сваю на плуг, агляда́ецца назад.

Разьдзе́л 10

[правіць]

1 Пасьля гэтага выбраў Госпад і другіх се́мдзесят вучняў і паслаў іх па двох перад абліччам Сваім у кожнае ме́ста і ме́сца, куды Сам ме́ўся йсьці.

2 І сказаў ім: жніво бага́тае, а работнікаў мала; дык прасе́це Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво Сваё.

3 Ідзе́це! Я пасылаю вас, як ягня́т сярод ваўкоў.

4 Не бярэце ні мяшка, ні торбы, ні абутку і нікога ў дарозе ня вітайце.

5 У якую-ж хату ўво́йдзеце, пе́рш кажэце: мір дому гэтаму!

6 І калі будзе там сын міру, то супачыне на ім мір ваш; а калі не́, то да вас ве́рнецца.

7 У доме-ж тым аставайцеся, е́шце і піце, што ў іх ёсьць; бо работнік варт платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом.

8 І калі пры́дзеце ў якое ме́ста, і прымуць вас, е́шце, што вам дадуць;

9 і адзараўляйце ў іх хворых, і кажэце ім: падыйшло да вас Царства Божае.

10 Калі-ж пры́дзеце ў якое ме́ста, і ня прымуць вас, то, выйшаўшы на вуліцу, скажэце:

11 і пыл, што прыліп да нас ад вашага ме́ста, абтрасаем вам: аднак жа ве́дайце, што падыйшло да вас Царства Божае.

12 Кажу-ж вам, што Садому ў дзе́нь той ле́пей будзе, чымся ме́сту гэткаму.

13 Гора табе́, Харазін! гора табе́, Віфсаіда! Бо калі-б у Тыры й Сідоне сталіся цуды, што дзе́яліся ў вас, то даўно-б яны пака́яліся, се́дзячы ў валася́ніцы ды по́пелі;

14 але Тыру й Сідону ле́пш будзе на судзе́, чым вам.

15 І ты, Капэрнаум, да не́ба ўзьнёсшыся, да пе́кла спадзе́ш.

16 Хто слухае вас — Мяне́ слухае, і хто вас цураецца, той Мяне́ цураецца́; а хто цураецца Мяне́, цураецца і Пасла́ўшага Мяне́.

17 Семдзесят вучняў вярнуліся з радасьцю ды гаварылі: Госпадзе! і дэманы слухаюцца нас дзеля іме́ньня Твайго.

18 Ён жа сказаў ім: Я бачыў шатана́, спаўшага з не́ба як мало́ньня;

19 вось даю вам уладу наступаць на зьме́яў і скарпіёнаў і на ўсю сілу варожую, і нішто не пашкодзіць вам;

20 аднак жа з таго ня це́шцеся, што духі вам пакараюцца; але це́шцеся з таго, што іме́ньні вашыя запісаны на нябёсах.

21 У той час узрадаваўся духам Ісус і сказаў: Хвала́ Табе́, Ойча, Госпадзе не́ба й зямлі, што ты ўтаіў гэтае ад мудрых і разумных і адкрыў малым. Запраўды, Ойча; бо так яно ўпадабалася прад абліччам Тваім.

22 І, зьвярнуўшыся да вучняў, сказаў: усё Мне́ адда́на Айцом Маім; і хто ёсьць Сын, ня ве́дае ніхто, апрача Айца, і хто ёсьць Аце́ц, ня ве́дае ніхто, апрача Сына і каму Сын хоча адкрыць.

23 І, зьвярнуўшыся да вучняў, сказаў ім асобна: шчасьлівыя во́чы, бачучы тое, што вы бачыце!

24 бо кажу вам, што многія прарокі й цары хаце́лі бачыць, што́ вы бачыце, і ня бачылі; і слышаць, што́ вы чуеце, і ня слышалі.

25 І вось адзін законьнік устаў і, спакуша́ючы Яго, сказаў: Вучыцель! што мне́ рабіць, каб унасьле́даваць жыцьцё ве́чнае?

26 А Ён сказаў яму: у законе што напісана? як чытаеш?

27 Ён сказаў у адказ: узьлюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю моцаю тваёю, і ўсім разуме́ньнем тваім, і бліжняга твайго, як самога сябе́.

28 Ісус сказаў яму: справядліва ты адказаў; так рабі, і будзеш жыць.

29 Але ён, хочучы апраўдаць сябе́, сказаў Ісусу: а хто мой бліжні?

30 На гэтае сказаў Ісус: не́йкі чалаве́к ішоў з Ерузаліму да Ерыхону і папаўся разбойнікам, каторыя зьнялі з яго вопратку, ранілі яго і пайшлі, пакінуўшы яго ле́дзь жывым.

31 Здарэньнем адзін сьвяшчэньнік ішоў гэтай дарогай і, угле́дзіўшы яго, прайшоў міма.

32 Таксама й лявіт, быўшы на тым ме́сцы, падыйшоў, паглядзе́ў і прайшоў міма.

33 Самаранін жа не́йкі, ідучы, найшоў на яго і, угле́дзіўшы, зьлітаваўся,

34 і, падыйшоўшы, перавязаў яму ра́ны, паліўшы але́ем і віном; і, пасадзіўшы яго на свайго асла, прывёз яго ў зае́зд і паклапаціўся аб ім;

35 а на другі дзе́нь, ад’яжджаючы, дастаў два дынары, даў гаспадару зае́зду і сказаў яму: даглядай яго і, калі выдаш што бале́й, я, вярнуўшыся, аддам табе́.

36 Хто з гэтых трох, думаеш ты, быў бліжні таму, што папаўся разбойнікам?

37 Ён сказаў: той, што зьлітаваўся над ім. Тады Ісус сказаў яму: ідзі й ты рабі гэтак.

38 І сталася ў часе дарогі іх, прыйшоў Ён у вадно сяло; тут жанчына, іме́ньнем Марта, прыняла Яго ў дом свой;

39 у яе́ была сястра, на імя Марыя, якая се́ла ля ног Ісусавых і слухала слова Яго.

40 Марта-ж клапацілася аб вялікай паслузе і, падыйшоўшы, сказала: Госпадзе! ці-ж Табе́ ня рупіць, што сястра мая адну мяне́ пакінула паслугоўваць? скажы ёй, каб памагла мне́.

41 Ісус жа сказаў ёй у адказ: Марта! Марта! ты турбуешся і клапоцішся аб многае,

42 а адно толькі патрэбна. Марыя-ж выбрала добрую частку, якая не адымецца ў яе́.

Разьдзе́л 11

[правіць]

1 І сталася, як Ён у адным ме́сцы маліўся, калі перастаў, адзін з вучняў Яго сказаў Яму: Госпадзе! наўчы нас маліцца, як і Іоан наўчыў вучняў сваіх.

2 Ён сказаў ім: калі мо́ліцеся, гаварыце: Ойча наш, каторы ёсьць у Нябёсах! Няхай сьвяціцца імя Тваё, няхай прыйдзе Царства Тваё; няхай будзе воля Твая, як у не́бе, так і на зямлі.

3 Хле́б наш штодзе́нны дай нам сягоньня

4 і даруй нам даўгі нашыя, як і мы даруем даўжніком нашым; і ня ўводзь нас у спакушэньне, але захавай нас ад злога.

5 І сказаў ім: Не́хта з вас, маючы сябру, прыйдзе да яго і скажа яму: сябра! пазыч мне́ тры булкі хле́ба,

6 бо сябра мой з дарогі зайшоў да мяне́, і мне́ няма́ чаго даць яму;

7 а той з хаты скажа яму ў адказ: ня турбуй мяне́; дзьве́ры ўжо замкнёны, і дзе́ці мае́ са мною ў пасьце́лі; не магу ўстаць і даць табе́.

8 Калі, кажу вам, ён ня ўстане і ня дасьць яму дзеля дружбы з ім, дык дзеля дакучлівасьці яго ўстаўшы дасьць яму, колькі просіць.

9 І Я кажу вам: прасе́це, і да́дзена вам будзе; шукайце і знойдзеце; сту́кайце, і адчыняць вам;

10 бо ўсякі, хто просіць, дастае́; і хто шукае, знаходзіць; і хто сту́кае, адчыняць таму.

11 Хто з вас бацька, калі сын папросіць хле́ба, дасьць яму камень? Ці, калі папросіць ры́бы дасьць яму зьмяю заме́ст рыбы?

12 Ці, калі папросіць яйка, дасьць яму скарпіёна?

13 Дык вось, калі вы, благія, уме́еце добрыя даяньні даваць дзе́цям вашым, тым бале́й Аце́ц Нябе́сны дасьць Духа Сьвятога тым, што просяць у Яго.

14 І раз выгнаў Ён дэмана, які быў не́мы;і,калі дэман выйшаў, не́мы стаў гаварыць; і народ быў зьдзіўлены.

15 Іншыя-ж з іх гаварылі: Ён выганяе дэманаў сілаю Вэльзэвула, князя дэманаў.

16 А іншыя, спакушаючы, трэбавалі ў Яго знаме́ньня з не́ба.

17 Але Ён, ве́даючы памышле́ньні іх, сказаў ім: усякае царства, разьдзяліўшаеся само ў сабе́, апусьце́е, і дом, разьдзяліўшыся сам у сабе́, упадзе́.

18 Калі-ж і шата́н разьдзяліўся сам у сабе́, то як устаіць царства яго? А вы ка́жаце, што Я сілаю Вэльзэвула выганяю дэманаў;

19 і калі Я сілаю Вэльзэвула выганяю дэманаў, то сыны вашыя кім выганяюць іх? Затым яны будуць судзьдзямі вам.

20 Калі-ж Я пальцам Божым выганяю дэманаў то значыць прыйшло да вас Царства Божае.

21 Калі дужы́ з аружжам пілнуе свой дом тады ў бясьпе́чнасьці яго мае́масьць;

22 калі-ж дужэйшы за яго нападзе́ на яго і пераможа яго, тады возьме ўсё аружжа яго, на якое спадзяваўся, і разда́сьць дабро́ яго.

23 Хто не са Мною, той проці Мяне́; і хто ня зьбірае са Мною, той раскідае.

24 Калі нячысты дух выйдзе з чалаве́ка, то ходзіць па бязводных мясцо́х, шукаючы супакою, і, не знаходзячы, кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль выйшаў.

25 І, прыйшоўшы, знаходзіць яго вымеценым і прыбраным;

26 тады йдзе́ і бярэ з сабою се́м другіх духаў, больш злых за яго, і, увайшоўшы, жывуць там: і бывае для чалаве́ка таго апо́шняе горш за пе́ршае.

27 І сталася, як Ён гаварыў гэтае, адна жанчына, азваўшыся з народу, сказала Яму: шчасьлівае нутро, насіўшае Цябе́, і грудзі, Цябе́ карміўшыя!

28 А Ён сказаў: шчасьлівыя чуючыя слова Божае і выпаўняючыя яго.

29 Калі-ж народ пачаў зьбірацца грамадой, Ён пача́ў гаварыць: род гэты нягодны; е́н шукае знаме́ньня, і знаме́ньне ня будзе да́дзена яму, апрача знаме́ньня Іоны прарока;

30 бо, як Іона быў знаме́ньнем для Ніневійцаў, так будзе і Сын Чалаве́чы для роду гэтага.

31 Царыца Паўднёвая ўстане на суд з людзьмі роду гэтага і засудзіць іх, бо яна прыхо́дзіла ад краю зямлі паслухаць мудрасьці Салямо́навай, і вось тут бале́й за Салямо́на.

32 Ніневійцы ўстануць на суд з родам гэтым і асудзяць яго, бо яны пака́яліся ад навуча́ньня Іонінага, і вось тут бале́й за Іону.

33 Ніхто, запаліўшы сьве́чку, не стаўляе яе́ ў патайным ме́сцы, ці пад судзіну, але на ліхтару́, каб увахо́дзячыя бачылі сьвятло́.

34 Сьве́тач це́ла ёсьць вока; дык вось, калі вока тваё будзе чыстае, то і ўсё це́ла тваё будзе сьве́тлае, а калі яно будзе благое, то й це́ла тваё будзе цёмнае.

35 Дык глядзі-ж, каб сьвятло́, што ў табе́, ня было це́мрай.

36 Калі-ж це́ла тваё ўсё сьве́тлае і ня ма́е ніводнае цёмнае часткі, то будзе сьвяціцца ўсё так, як бы сьве́тач асьвяціў цябе́.

37 Калі Ён гаварыў гэтае, адзін фарысэй прасіў Яго́ да сябе́ абе́даць; Ён прыйшоў ды супачыў.

38 Фарысэй жа зьдзівіўся, што Ён не абмыў рук перад ядой.

39 Але Госпад сказаў яму: цяпе́р вы, фарысэі, чару і місу звонку ачышча́еце, а нутро вашае напоўнена драпе́жнасьцяй ды злосьцяй.

40 Неразумныя! ці ня Той, Хто стварыў вонкавае, стварыў і ўнутранае?

41 Падавайце ле́пш ахвяру з таго, што́ ў вас ёсьць, тады ўсё будзе ў вас чыстае.

42 Але го́ра вам, фарысэям, што даецё дзясятую частку з мяты, руты і ўсякага зе́льля і ня дбаеце аб суд і любоў Божую; і гэтае трэба было рабіць, ды таго не пакідаць.

43 Го́ра вам, фарысэям, што любіце пе́ршыя ме́сцы ў школах і паклоны на торжышчах.

44 Го́ра вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, бо вы быццам магілы ўкрытыя, што людзі ходзяць над імі й ня ве́даюць таго.

45 На гэтае не́хта з законьнікаў сказаў Яму: Вучыцель, кажучы гэтае, Ты й нас крыўдзіш.

46 Але Ён сказаў: і вам, законьнікам, го́ра, што наклада́еце на людзе́й цяжары церазме́рныя, а самыя і адным пальцам сваім не краняцё цяжараў.

47 Го́ра вам, што строіце скле́пы прарокам, бацькі-ж вашыя забівалі іх;

48 гэтым вы сьве́дчыце аб учынках бацькоў вашых і згаджаецеся з імі, бо яны забівалі прарокаў, а вы будуеце ім скле́пы.

49 Дзеля гэтага і прамудрасьць Божая сказала: пашлю да іх прарокаў і апосталаў, і з іх адных заб’юць, а другіх вы́жануць.

50 Няхай зышчыцца ад роду гэтага кроў усіх прарокаў, пралітая ад стварэньня сьве́ту,

51 ад крыві Авэля да крыві Захарыі, забітага між жэртвенікам і храмам. Запраўды кажу вам: зы́шчыцца ад роду гэтага.

52 Го́ра вам, законьнікам, што вы ўзялі ключ разуме́ньня: самыя не ўвайшлі і ўваходзячым перашкодзілі.

53 Калі ж Ён гаварыў ім гэтае, кніжнікі ды фарысэі пачалі ве́льмі прыставаць да Яго і дапытывацца ў Яго аб многае,

54 цікуючы на Яго і стараючыся ўлавіць не́шта з вуснаў Яго, каб абвінаваціць Яго.

Разьдзе́л 12

[правіць]

1 Тымчасам сабраліся тысячы народу, ажно ціснулі адзін аднаго, і Ён зачаў гаварыць сьпярша да вучняў Сваіх: сьцеражыцеся перадусім рашчыны фарысэйскай, або крывадушнасьці.

2 Няма нічога тайнага, што ня выявілася-б, і ўкрытага, аб чым не даве́даліся-б;

3 дык, што вы сказалі ў цемнаце́, тое пачуеце ў сьвятле́; і што гаварылі навуха ў хаце, тое будзе абве́шчана на стрэхах.

4 Кажу-ж вам, дру́гі маі: ня бойцеся тых, што забіваюць це́ла і пасьля гэтага ня могуць больш нічога зрабіць;

5 але кажу вам, каго баяцца: бойцеся таго, хто, забіўшы, можа ўкінуць у гее́нну: запраўды, кажу вам, таго бойцеся.

6 Ці ня пяць малых птушак прадаюцца за два асары? і ніводная з іх не забыта ў Бога.

7 А ў вас і валасы на галаве́ ўсе́ палічаны. Дык ня бойцеся: вы даражэй за многіх малых птушак.

8 Кажу-ж вам: усякага, хто вызнава́ціме Мяне́ перад людзьмі, і Сын Чалаве́чы вызна́е перад Ангеламі Божымі;

9 а хто адрачэцца ад Мяне́ перад людзьмі, ад таго адракуцца перад Ангеламі Божымі.

10 І ўсякаму, хто скажа слова на Сына Чалаве́чага, даро́вана будзе, а хто блю́зьніцьме на Сьвятога Духа, таму ня будзе даро́вана.

11 Калі-ж прывядуць вас у школы, да ўладаў, ня турбуйцеся, як ці што адказваць, ці што гаварыць:

12 бо Сьвяты Дух навучыць вас у тую гадзіну, што трэба гаварыць.

13 Не́хта з народу сказаў Яму: Вучыцель! скажы брату майму, каб ён падзяліўся са мною спадчынай.

14 Ён жа сказаў таму чалаве́ку: хто паставіў Мяне́ судзіць ці дзяліць вас?

15 Пры гэтым сказаў ім: глядзіце, сьцеражыцеся прагавітасьці на багацьце, бо жыцьцё чалаве́ка не залежыць ад дастаткаў яго, якія ма́е.

16 І сказаў ім прыповесьць: у аднага бага́тага чалаве́ка быў добры ўраджай у полі;

17 і ён разважаў сам з сабою: што мне́ рабіць? Не́куды мне́ злажыць плады маі?

18 І сказаў: — вось, што зро́блю: разьбяру гумны мае́ і пабудую большыя, і зьбяру туды ўве́сь хлеб мой і ўсё дабро маё,

19 і скажу душы маёй: душа! многа дабра́ ляжыць у цябе́ на многія гады́: е́ш, пі, весяліся.

20 Але Бог сказаў яму: неразумны! У гэту ноч душу тваю возьмуць у цябе́; каму-ж даста́нецца тое, што ты прыдбаў?

21 Так бывае з тым, хто зьбірае скарбы для сябе́, а ня ў Бога багаце́е.

22 І сказаў вучням Сваім: дзеля таго кажу вам: ня турбуйцеся дзеля душы вашай, што вам е́сьці, ні дзеля це́ла, у што адзе́цца:

23 душа больш за е́жу, і це́ла — за адзе́жу.

24 Паглядзіце на гругано́ў: яны ня се́юць, ні жнуць; няма у іх сховаў, ні гумнаў, і Бог жывіць іх; наколькі ж вы ле́пшыя за птушак?

25 Дый хто з вас, турбуючыся, можа дада́ць сабе́ росту хоць на адзін локаць?

26 Дык вось, калі і найме́ншага ўчыніць ня можаце, што-ж турбуецеся аб іншае?

27 Паглядзіце на ліле́і, як яны растуць: не працуюць, ні прадуць; але кажу вам, што і Салямон у ўсёй свае́й славе не адзяваўся так, як кожная з іх.

28 Калі-ж траву на полі, якая сягоньня ёсьць, а заўтра будзе кінена ў пе́ч, Бог так адзявае, то тым бале́й вас, малаве́ры.

29 Дык ня шукайце-ж, што́ вам е́сьці, ці што́ піць, і ня турбуйцеся,

30 бо ўсяго гэтага шукаюць людзі гэтага сьве́ту; ваш жа Аце́ц ве́дае, што вам гэтае патрэбна;

31 найбале́й шукайце Царства Божага, і тое ўсё дададу́ць вам.

32 Ня бойся, малое стада; бо Аце́ц ваш упадабаў даць вам Царства.

33 Прадава́йце мае́масьці вашыя і давайце міласьцівыя ахвяры. Прыгатоўвайце сабе́ мяшкі нестарэючыя, скарб, што ня ўбывае на нябёсах, куды злодзей не дабіраецца, і дзе́ моль не зьядае.

34 Бо дзе́ скарб ваш, там будзе і сэрца вашае.

35 Няхай будуць паясьніцы вашыя падпераза́ныя і сьве́тачы запа́леныя;

36 і вы падобны да людзе́й, што чакаюць павароту гаспадара свайго з вясе́льля, каб, як прыйдзе ды пастукаецца, ураз адчыніць яму.

37 Шчасьлівыя тыя слугі, якіх гаспадар прыйшоўшы знойдзе на нага́х; запраўды кажу вам: ён падперажэцца і пасадзіць іх і, падыйшоўшы, пачне́ служыць ім.

38 І калі прыйдзе ў другую варту і ў трэцюю варту прыйдзе і знойдзе іх так, то шчасьлівыя слугі гэныя!

39 Вы ве́даеце, што, калі-б ве́даў гаспадар дому, у якой гадзіне прыйдзе зло́дзей, то ня спаў бы і не дапусьціў бы падкапацца пад дом яго;

40 будзьце-ж і вы гатовы, бо Сын Чалаве́чы прыйдзе ў гадзіне, аб якой ня думаеце.

41 Тады сказаў Яму Пётр: Госпадзе! ці да нас гаворыш гэтую прыповесьць, ці да ўсіх?

42 Госпад жа сказаў: каторы ве́рны й разумны эканом, што гаспадар паставіў яго над слугамі сваімі раздава́ць ім у свой час ме́ру хле́ба?

43 Шчасьлівы той слуга́, якога гаспадар яго, прыйшоўшы, знойдзе, што робіць гэта:

44 запраўды кажу вам, што над усёй мае́масьцю сваёй паставіць яго.

45 Калі-ж слуга́ гэты скажа ў сэрцы сваім: ня хутка прыйдзе гаспадар мой; і пачне́ біць слуг ды служа́нак, е́сьці й піць і ўпівацца;

46 то прыйдзе гаспадар слугі́ гэнага ў той дзе́нь, калі ён не чакае, і ў гадзіну, у якой ня думае, і адлучыць яго і ўчыніць яму адзін лёс з няве́рнымі.

47 Слуга-ж той, які ве́даў волю гаспадара свайго і ня быў гатовы, і не рабіў па волі яго, будзе крэпка біты,

48 а каторы ня ве́даў і зрабіў ва́ртае кары, біты будзе ме́ней. І ад кожнага, каму да́дзена многа, многа і вымагацца будзе, і каму многа даручана, з таго больш зы́шчуць.

49 Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю, і я́к хаце́ў бы, каб ён ужо загарэўся!

50 Хрышчэньнем павінен Я хрысьціцца, і я́к Я тамлюся, пакуль гэтае ня выпаўніцца!

51 Ці думаеце вы, што Я прыйшоў даць мір зямлі? Не́, кажу вам, але разьдзяле́ньне.

52 Бо адгэтуль пяцёра ў адным доме пачнуць дзяліцца, трое проці двох і двое проці трох;

53 бацька будзе проці сына, і сын проці бацькі; маці проці дачкі́, і дачка́ проці маткі; сьвякроў проці няве́сткі свае́й, і няве́стка проці сьвякрові свае́.

54 Сказаў жа і народу: калі вы бачыце хмару, падыймаючыся з захаду, ураз кажаце: дождж будзе; і стае́цца гэтак;

55 і калі дзьме́ паўдзённы ве́цер, ка́жаце: сьпе́ка будзе, і стае́цца.

56 Крывадушныя! аблічча зямлі і не́ба распазнаваць уме́еце, я́к жа часу гэтага не пазнаецё?

57 Чаму-ж і вы па сабе́ самых ня судзіце, што́ мусіць быць?

58 Калі ты йдзе́ш з супраціўнікам сваім да начальства, то па дарозе пастарайся пазбыцца яго, каб ён ня прывёў цябе́ да судзьдзі, а судзьдзя не аддаў цябе́ ка́ту, а кат ня ўкінуў бы цябе́ ў вязьніцу;

59 кажу-ж табе́: ня выйдзеш адтуль пакуль не аддасі́ і апошняга медзяка.

Разьдзе́л 13

[правіць]

1 У той час прыйшлі некато́рыя і расказалі Яму пра Галіле́ян, кроў якіх Пілат зьмяшаў з жэртвамі іх.

2 Ісус сказаў ім на гэтае: ці думаеце вы, што гэтыя Галіле́яне былі больш грэшныя за ўсіх Галіле́ян, што яны пацярпе́лі гэткія мукі?

3 Не́, кажу вам; але, калі не пака́ецеся, усе́ так сама пагінеце.

4 Ці думаеце, што тыя восемнаццаць душ, на якіх завалілася Сілаа́мская ве́жа ды пабіла іх, больш вінаватыя былі за ўсіх жыўшых у Ерузаліме?

5 Не́, кажу вам; але, калі не пака́ецеся, усе́ таксама пагінеце.

6 І сказаў вось якую прыповесьць: не́хта ме́ў у вінаградніку сваім паса́джаную смакоўніцу і прыйшоў шукаць плоду на ёй і не знайшоў;

7 і сказаў вінаградару: вось я трэці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы і не знаходжу; зрубай яе́: на што́ яна і зямлю займае?

8 Але той сказаў яму ў адказ: гаспадар! пакінь яе́ і на гэты год, пакуль я акапаю яе́ і абкладу гноем:

9 ці ня дасьць плоду; калі-ж не́, то на той год ссячэш яе́.

10 У аднэй з школаў навучаў Ён у суботу;

11 і вось там была жанчына, восемнаццаць гадоў ме́ўшая духа нядужасьці; яна была скорчыўшыся і не магла вы́прастацца.

12 Ісус, угле́дзіўшы яе́, паклікаў яе́ і сказаў ёй: жанчына! Ты вы́звалена ад не́мачы твае́.

13 І ўсклаў на яе́ рукі; і ўраз жа вы́прасталася і пачала славіць Бога.

14 Пры гэтым начальнік школы, узлаваўшыся, што Ісус аздаравіў у суботу, сказаў народу: ёсьць шэсьць дзён, калі можна працаваць: у тыя і прыходзьце аздараўляцца, а ня ў дзе́нь суботні.

15 Але Госпад сказаў яму ў адказ: крывадушнік: ці не адвязвае кожны з вас вала́ свайго ці асла́ ад ясьляў у суботу, і ці-ж не вядзе́ паіць?

16 А гэтую дачку́ Аўраамаву, якую зьвязаў шатан вось ужо восемнаццаць гадоў, ці-ж не нале́жала звольніць ад путаў гэтых у дзе́нь суботні?

17 І, калі гаварыў Ён гэтае, усе́ ворагі Яго засароміліся; і ўве́сь народ ра́даваўся з усіх слаўных дзе́яньняў Яго.

18 Ён жа сказаў: да чаго падобна Царства Божае і да чаго прыраўную яго?

19 Яно падобна да зярняці гарчычнага, якое ўзяўшы пасадзіў чалаве́к у садзе сваім: і вырасла і сталася вялі́кім дрэвам, і птушкі нябе́сныя хаваліся ў галінах яго.

20 Яшчэ сказаў: да чаго прыраўную Царства Божае?

21 Яно падобна да рашчыны, якую жанчына ўзяла й палажыла ў тры ме́ры мукі, пакуль ня скісла ўсё.

22 І праходзіў па ме́стах і сёлах, навучаючы і кіруючы шлях свой да Ерузаліму.

23 Не́хта сказаў Яму: Госпадзе! Няўжо-ж ма́ла такіх, што спаса́юцца? Ён жа сказаў ім:

24 Старайцеся ўвайсьці праз це́сныя вароты, бо, кажу вам, многія будуць памыка́цца ўвайсьці ды ня здолеюць.

25 Калі гаспадар дому ўстане і зачыніць дзьве́ры, тады вы, стоячы вонках, пачнецё стукаць у дзьве́ры і казаць: Госпадзе! Госпадзе! адчыні нам! Але Ён скажа вам у адказ: ня ве́даю вас, адкуль вы.

26 Тады пачнецё гаварыць: мы е́лі й пілі перад Табою, і на вуліцах нашых навучаў Ты.

27 Але Ён скажа: кажу вам: ня ве́даю вас, адкуль вы; адыдзе́це ад Мяне́ ўсе́, што чыняць няпраўду.

28 Там будзе плач і скрыгот зубоў, калі ўбачыце Аўраама, Ізаака і Якава і ўсіх прарокаў у Царстве Божым, вас жа прагоняць вон.

29 І прыдуць з усходу і за́хаду, і поўначы і паўдня́, і сядуць за сталом у Царстве Божым.

30 І вось ёсьць апошнія, што будуць пе́ршымі, і ёсьць пе́ршыя, якія будуць апошнімі.

31 У гэны дзе́нь прыйшлі некато́рыя з фарысэяў і гаварылі Яму: Ідзі сабе́ згэтуль, бо Цябе́ Ірад хоча забіць.

32 І сказаў ім: пайдзе́це скажэце гэтай лісіцы: вось выганяю дэманаў і аздараўляю сягоньня і заўтра, а на трэці дзе́нь будзе мне́ кане́ц.

33 Толькі-ж мушу йсьці сягоньня і заўтра і пасьлязаўтра, бо ня можа стацца, каб прарок пагіб вонках Ерузаліму.

34 Ерузалім! Ерузалім! Ты, што забіваеш прарокаў і каме́ньмі закідаеш пасла́ных да цябе́! Колькі разоў хаце́ў Я сабраць дзяце́й тваіх, як птушка птушанят сваіх пад крыльлі, і не хаце́лі.

35 Вось жа пакідаецца вам дом ваш пусты́. Кажу-ж вам, што вы ня ўбачыце Мяне́, пакуль ня прыйдзе час, калі скажаце: багасла́ўлены, што ідзе́ ў імя Госпада.

Разьдзе́л 14

[правіць]

1 І ста́лася, прыйшоў Ён у суботу ў дом аднаго з начальнікаў фарысэйскіх зье́сьці хле́ба, і яны сачылі Яго;

2 і вось перад Ім зьявіўся чалаве́к, хворы на вадзянку.

3 І, азваўшыся, сказаў Ісус законьнікам і фарысэям: ці дазваля́ецца аздараўляць у суботу?

4 Яны маўчалі. І, дакрануўшыся, аздаравіў яго і адправіў.

5 Пры гэтым сказаў ім: калі ў каго з вас асёл ці вол упадзе́ ў студню, ці ня ўраз выцягне яго ў суботу?

6 І не маглі адказаць Яму на гэтае.

7 Заўважыўшы-ж, як запро́шаныя выбіралі пе́ршыя ме́сцы, сказаў ім прыповесьць:

8 Калі запросіць цябе́ не́хта на вясе́льле, не сяда́й на пе́ршае ме́сца, каб не надарыўся хто паважне́йшы за цябе́ спамі́ж запрошаных ім,

9 і каб той, што прасіў цябе́ і яго, падыйшоўшы не сказаў бы табе: дай яму ме́сца; і тады з сорамам павінен будзеш се́сьці на апошняе ме́сца.

10 Але, калі запрошаны будзеш, прыйшоўшы сядай на апошняе ме́сца, каб той, што прасіў цябе́, падыйшоўшы сказаў: дружа! перасядзь вышэй; тады будзе табе́ пашана перад се́дзячымі з табою;

11 бо кожын, хто сам сябе́ вывышша́е, будзе пані́жаны, а хто сябе́ паніжа́е, будзе ўзвы́шаны.

12 Сказаў жа і запрасіўшаму Яго: калі ладзіш абе́д, ці вячэру, ня кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні сваякоў тваіх, ні сусе́дзяў багатых, каб і яны цябе́ не запрасілі не́калі, і ты не дастаў адплаты.

13 Але, калі ладзіш, заклікай убогіх, кале́каў, кульгавых, сьляпых.

14 І шчасьлівы будзеш, што яны ня змогуць адплаціць табе́, бо адда́сца табе́ ў ускрасе́ньне праведных.

15 Пачуўшы гэтае, не́хта з супачываўшых з Ім сказаў Яму: шчасьлівы, хто пакаштуе хле́ба ў царстве Божым.

16 Ён жа сказаў яму: адзін чалаве́к справіў вялікі банке́т і паклікаў многіх;

17 і, калі настаў час банке́ту, паслаў слугу́ свайго сказаць запро́шаным: — ідзе́це, бо ўжо ўсё гатова.

18 І пачалі ўсе́, быццам змовіўшыся, прасіць прабачэньня. Пе́ршы сказаў яму: я купіў зямлю, і мне́ трэба пайсьці паглядзе́ць яе́; прашу цябе́, выбач мне́.

19 Другі сказаў: я купіў пяць пар валоў і йду про́баваць іх; прашу цябе́, выбач мне́.

20 Трэці сказаў: я ажаніўся і дзеля гэтага не магу прыйсьці.

21 І, вярнуўшыся, слуга той пераказаў гэтае гаспадару свайму. Тады, разгне́ваўшыся, гаспадар дому сказаў слузе́ свайму: пайдзі хутчэй па вуліцах і вулках ме́ста і прывядзі сюды ўбогіх, кале́каў, кульгавых, сьляпых.

22 І сказаў слуга: гаспадар! ста́лася, як ты сказаў, і яшчэ ёсьць ме́сцы.

23 І гаспадар сказаў слузе́: пайдзі па дарогах і ля платоў і ўгавары прыйсьці, каб напоўніўся дом мой;

24 бо кажу вам, што ніхто з тых, што былі про́шаны, не пакаштуе мае́ вячэры.

25 І вялікія грамады йшлі за Ім; і Ён, абярнуўшыся, сказаў ім:

26 Калі хто прыходзіць да Мяне́ і не зьненавідзіць бацьку свайго і матку, і жану, і дзяце́й, і братоў, і сёстраў, а пры тым і са́мае жыцьцё сваё, той ня можа быць вучнем Маім;

27 і хто не нясе́ крыжа свайго і йдзе́ за Мною, ня можа быць вучнем Маім.

28 Бо хто з вас, надумаўшы башту стаўляці, ня сядзе ране́й і не аблічыць выдаткаў, ці ма́е, каб дакончыць яе́,

29 каб, калі паложа фундамант і ня здолее дако́нчыць, усе́, гле́дзячы, ня сталі сьмяяцца з яго,

30 кажучы: гэты чалаве́к пача́ў будаваць башту і ня мог дакончыць!

31 Або ці які цар, ідучы на вайну супраць другога цара, ня сядзе і не парадзіцца ране́й, ці здолее ён з дзесяцьма тысячамі даць адпор таму, хто йдзе́ на яго з дваццацьма тысячамі;

32 бо, калі не́, дык пакуль той яшчэ далёка, ён пашле́ да яго пасольства прасіць міру.

33 Гэтак кожны з вас, хто не адрачэцца ад усяго, што ма́е, ня можа быць Маім вучнем.

34 Соль добрая рэч; але калі соль згубіць сілу, чым паправіш яе́?

35 Ні ў зямлю, ні ў гной не надае́цца, вон выкідаюць яе́. Хто ма́е вушы слышаць, няхай слухае.

Разьдзе́л 15

[правіць]

1 Падыходзілі да Яго ўсе́ мытнікі і грэшнікі слухаць Яго.

2 І нарака́лі фарысэі і кніжнікі, кажучы: Ён прыймае грэшнікаў і е́сьць разам з імі.

3 Але Ён сказаў ім вось гэткую прыповесьць:

4 Хто з вас, маючы сто аве́ц і згубіўшы адну з іх, не пакіне дзевяцьдзесят дзе́вяць у пустыні і ня пойдзе за прапаўшай, пакуль ня знойдзе яе́?

5 А, знайшоўшы, возьме яе́ на пле́чы свае́ з радасьцю;

6 і, прыйшоўшы дамоў, скліча сяброў і сусе́дзяў ды скажа ім: паце́шцеся са мною: я знайшоў маю́ прапаўшую аўцу.

7 Кажу-ж вам, што так на нябёсах бале́й будзе радасьці з аднаго ка́ючагася грэшніка, чымся з дзевяцьдзесятдзевяцёх пра́веднікаў, ня маючых патрэбы ў пакая́ньні.

8 Ці якая жанчына, маючая дзе́сяць драхмаў, калі згубіць адну драхму, не засьве́ціць сьве́чкі й не пачне́ мясьці́ пакою і шукаць пільна, пакуль ня знойдзе?

9 А, знайшоўшы, скліча сябровак і сусе́дак ды скажа: паце́шцеся са мною, я знайшла згубленую драхму.

10 Так кажу вам: бывае радасьць у ангелаў Божых з аднаго грэшніка, які ка́ецца.

11 Яшчэ сказаў: у аднаго чалаве́ка былі два сыны;

12 і сказаў малодшы з іх айцу: Бацька, дай мне́ нале́жную мне́ частку маемасьці. І аце́ц падзяліў ім маемасьць.

13 І праз не́йкі час малодшы сын, сабраўшы ўсё, пайшоў у далёкую старану і там змарнаваў маемасьць сваю, жывучы распусна.

14 Калі-ж пражыў усё, настаў вялікі голад у гэнай старане́, і ён пачаў галадаць;

15 і пайшоў прыста́ў да аднаго з жы́хараў стараны гэнае, а той паслаў яго на поле сваё пасьвіць сьвіне́й;

16 і ён рады быў бы нае́сца ражкамі, што е́лі сьвіньні, але ніхто не даваў яму.

17 І, апамятаўшыся, сказаў: колькі наймітаў у айца́ майго маюць лішку хле́ба, а я ўміраю ад голаду!

18 Устану, пайду да бацькі майго і скажу яму: аце́ц! я саграшыў перад не́бам і перад табою,

19 і ўжо ня варты называцца сынам тваім; прыймі мяне́, як аднаго з наймітаў тваіх.

20 Устаў і пайшоў да айца́ свайго. І калі ён быў яшчэ далёка, згле́дзіў яго аце́ц яго і зьлітаваўся, і пабегшы кінуўся яму на шыю і цалаваў яго.

21 Сын жа сказаў яму: аце́ц, я саграшыў проці не́ба і перад табою і ўжо ня варты называцца сынам тваім.

22 А аце́ц сказаў слугам сваім: прынясе́це найле́пшую адзе́жу і адзе́ньце яго, і дайце пе́рсьцень на руку яго і вобуй на ногі;

23 і прывядзе́це кормнае цялё і закале́це: будзем е́сьці і весяліцца,

24 бо гэты сын мой быў умёршы і ажыў, прападаў і знайшоўся. І пачалі весяліцца.

25 Старшы-ж сын яго быў у полі; і, варочаючыся, як падыйшоў да дому, пачуў сьпе́вы і скокі.

26 І, паклікаўшы аднаго з слуг, спытаўся: што гэта такое?

27 Той жа сказаў яму: брат твой прыйшоў, і бацька твой закалоў ко́рмнае цялё, бо прыняў яго здаровым.

28 Ён жа ўзлаваўся і не хаце́ў увайсьці, а бацька яго, выйшаўшы, клікаў яго.

29 Але ён сказаў у адказ бацьцы: вось я колькі гадоў служу табе́ і ніколі не пярэчыў прыказаньням тваім. Але ты ніколі ня даў мне́ і казьляці, каб мне́ павесяліцца з сябрамі маімі;

30 а калі гэты сын твой, марна страціўшы маемасьць сваю з блудніцамі, прыйшоў, ты закалоў для яго кормнае цялё.

31 Ён жа сказаў яму: сын мой! ты заўсёды са мною, і ўсё маё — тваё;

32 а з таго трэба было це́шыцца і весяліцца, што брат твой гэты быў умёршы і ажыў, прападаў і знайшоўся.

Разьдзе́л 16

[правіць]

1 Сказаў жа і да вучняў Сваіх: адзін чалаве́к быў багаты і ме́ў эканома, на якога данясьлі яму, што растра́чвае маемасьць яго;

2 і, паклікаўшы яго, сказаў яму: што гэта я чую аб табе́? Дай справаздачу з гаспадараваньня твайго, бо ты ня можаш бале́й гаспадараваць.

3 Тады эканом сказаў сам у сабе́: што мне́ рабіць? Гаспадар мой адыймае ад мяне́ кіраўніцтва домам; капа́ць ня здужаю, прасіць саромлюся:

4 ве́даю, што зро́блю, каб прынялі мяне́ ў дамы́ сваі, калі адстаўлены буду ад эканомства.

5 І, паклікаўшы пазычальнікаў гаспадара свайго кожнага паасобку, сказаў пе́ршаму: колькі ві́нен гаспадару майму?

6 Той сказаў: сто ме́р але́ю. І сказаў: вазьмі тваю расьпіску і сядай, хутчэй напішы пяцьдзесят.

7 Потым другому сказаў: а ты колькі вінен? Той адказаў: сто ме́р пшаніцы. І сказаў яму: вазьмі тваю расьпіску і напішы: восемдзесят.

8 І пахваліў гаспадар эканома няве́рнага, што дага́дліва ўчыніў; бо сыны ве́ку гэтага дага́длівей за сыноў сьвятла́ ў родзе сваім.

9 І Я кажу вам: здабывайце сабе́ прыяцеляў багацьцем няправедным, каб яны, як зьбядне́еце, прынялі вас у ве́чныя сялібы.

10 Ве́рны ў малым і ў многім ве́рны, а няве́рны ў малым няве́рны і ў многім.

11 Дык вось, калі вы ў няпра́ведным багацьці ня былі ве́рны, хто даве́рыць вам праведнае?

12 І калі ў чужым ня былі ве́рны, хто дасьць вам вашае?

13 Ніякі слуга ня можа служыць двом гаспадаром, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаму пачне́ пільна служыць, а пра другога нядба́ць. Ня можаце служыць Богу і мамоне.

14 Чулі ўсё гэтае і срэбралюбы фарысэі і сьмяяліся з Яго.

15 І сказаў ім: вы паказуеце сябе́ праведнымі перад людзьмі, але Бог ве́дае сэрцы вашыя: бо што высока ў людзе́й, тое агіда перад Богам.

16 Закон і прарокі да Іоана: адгэтуль жа Царства Божае абвяшчаецца, і кожын сілаю ўваходзіць у яго.

17 Але хутчэй не́ба і зямля прамінуць, чым адна рыса з закону загіне.

18 Усякі, хто разводзіцца з жонкаю сваёю і жэніцца з другой, блудзіць, і кожны, хто жэніцца з разьве́дзенай з мужам, блудзіць.

19 Адзін чалаве́к быў багаты, адзяваўся ў парфіру ды віссон і кожны дзе́нь раскошна банкетаваў.

20 Другі-ж быў убогі, на імя Лазар, ды ляжаў ля варот яго ўве́сь у струпох;

21 і жадаў насыціцца крошкамі, што па́далі з стала багача, і сабакі, прыходзячы, лізалі струпы яго.

22 І ста́лася: убогі памёр і адне́сены быў Ангеламі на лона Аўраа́мава; памёр і багач, і пахавалі яго;

23 і ў пе́кле, будучы ў муках, ён, падняўшы вочы свае́, убачыў здалёк Аўраама і Лазара на лоне яго,

24 і, загаласіўшы, сказаў: Аце́ц Аўраам! зьлітуйся на-да мною і пашлі Лазара, каб абмачыў кане́ц пальца свайго ў вадзе́ і асьвяжыў язык мой, бо я мучуся ў полымі гэтым.

25 Але Аўраам сказаў: сын! прыпомні, што ў жыцьці тваім ме́ў ты добрае, а Лазар благое; цяпе́р жа ён тут пацяшаецца, а ты це́рпіш вялікія мукі;

26 дый да таго між намі і вамі вялікая прорва, так што, хто хоча перайсьці адгэтуль да вас, ня могуць, таксама і адтуль да нас не пераходзяць.

27 Тады сказаў ён: дык прашу цябе́, аце́ц, пашлі яго ў дом айца майго,

28 бо ў мяне́ пяць братоў; няхай ён засьве́дчыць ім, каб і яны ня прыйшлі ў гэтае ме́сца мучэньня.

29 Аўраам сказаў яму: у іх ёсьць Майсе́й і прарокі, няхай слухаюць іх.

30 Ён жа сказаў: не́, аце́ц Аўраам! Але калі хто з уме́ршых прыйдзе да іх, пакаюцца.

31 Тады Аўраам сказаў яму: калі Майсе́я і прарокаў ня слухаюць, то, каліб хто і з уме́ршых ускрос, не паве́раць.

Разьдзе́л 17

[правіць]

1 І сказаў Ісус да вучняў сваіх: спакусы ня могуць ня прыйсьці, але го́ра таму, праз. каго яны прыходзяць:

2 ле́пей было-б яму, каліб камень ад жорнаў паве́сілі яму на шыю і кінулі яго ў мора, чымся каб ён спакусіў аднаго з малых гэтых.

3 Глядзіце-ж за сабою. Калі-ж саграшыць проці цябе́ брат твой, дакарай яго і, калі пакаецца, даруй яму;

4 і калі се́м разоў у дзе́нь саграшыць проці цябе́ і се́м разоў у дзе́нь зьве́рнецца да цябе́ ды скажа: "каюся", даруй яму.

5 І сказалі апосталы Госпаду: дадай нам ве́ры.

6 Госпад сказаў: калі-б вы ме́лі ве́ру з зе́рне гарчычнае і сказалі смакоўніцы гэтай: вы́караніся і перасадзіся ў мора, то яна паслухала-б вас.

7 А хто з вас, маючы слугу, што гарэ ці пасе́, калі ён прыдзе з поля, скажа яму: ідзі хутчэй, сядай за стол?

8 Дык ці ж ня скажа яму: прырыхтуй мне́ павячэраць і, падпераза́ўшыся, служы мне́, пакуль буду е́сьці ды піць, і пасьля е́ш і пі сам?

9 Ці дзякуе ён слузе́ гэнаму за тое, што зрабіў загаданае яму? Ня думаю.

10 Так і вы, калі вы́паўніце ўсё, што зага́дана вам, кажы́це: мы слугі нічога ня вартыя, бо зрабілі, што павінны былі зрабіць.

11 І ста́лася, як ішоў да Ерузаліму, праходзіў між Самарыяй і Галіле́яй.

12 І, калі ўваходзіў Ён у адно сяло, спаткалі Яго дзесяцёра пракажоных, якія затрымаліся здалёк.

13 і моцным голасам гаварылі: Ісус Настаўнік! памілуй нас.

14 Убачыўшы іх, Ён ска́заў ім: ідзе́це, пакажэцеся сьвяшчэньнікам. І калі яны йшлі, ачысьціліся.

15 Адзін жа з іх, бачучы, што паздараве́ў, вярнуўся, моцным голасам сла́вючы Бога,

16 і паваліўся да ног Яго, дзякуючы Яму, і гэта быў Самаранін.

17 Тады Ісус сказаў: ці ня дзе́сяць ачысьціліся? дзе́-ж дзе́вяць?

18 яны не вярнуліся аддаць славу Богу, апрача гэтага чужынца.

19 І сказаў яму: устань, ідзі; ве́ра твая спасла цябе́.

20 Запытаны-ж фарысэямі, калі прыйдзе Царства Божае, адказаў ім: ня прыйдзе Царства Божае відавочна.

21 і ня скажуць: вось яно тут, ці вось там. Бо вось, Царства Божае ўнутры вас ёсьць.

22 Вучням жа сказаў: прыйдуць дні, калі захо́чаце бачыць хоць адзін дзе́нь Сына Чалаве́чага, і ня ўбачыце;

23 і скажуць вам: "вось тут", ці "вось там", — ды не хадзіце й не ганяйцеся,

24 бо як бліскавіца, мільгануўшы з аднаго краю не́ба, да другога краю не́ба сьве́ціць, так будзе Сын Чалаве́чы ў дзе́нь свой.

25 Але мусіць Ён многа працярпе́ць, і адцураецца яго род гэты.

26 І, як было ў дні Ноя, так будзе ў дні Сына Чалаве́чага:

27 е́лі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж да таго дня, як Ной увайшоў у човен, і прыйшоў патоп і загубіў усіх.

28 Таксама, як было ў дні Лота: е́лі, пілі, куплялі, прадавалі, садзілі, будавалі;

29 але ў дзе́нь, калі Лот выйшаў з Садому, лінуў агонь ды з се́ркаю з не́ба і зьнішчыў усіх.

30 Так будзе і ў той дзе́нь, калі прыйдзе Сын Чалаве́чы.

31 У той дзе́нь, хто будзе на страсе́, а рэчы яго ў доме, няхай ня зыходзе ўзяць іх; і хто будзе ў полі, таксама няхай не варо́чаецца.

32 Спо́мніце жонку Лотаву.

33 Хто будзе старацца захоўваць душу сваю, той заґубіць яе́; а хто загубіць яе́, той ажы́віць яе́.

34 Кажу вам: у тую ноч будзе двое на аднэй пасьце́лі: аднаго возьмуць, — а другога пакінуць;

35 і дзьве́ будуць малоць разам: адна будзе ўзята, а другая пакінена;

36 і двое будуць у полі; адзін узяты будзе, а другі пакінены.

37 І, пытаючыся, казалі Яму: дзе́, Госпадзе? Ён жа сказаў ім: дзе́ толькі це́ла, там зьбяруцца і арлы.

Разьдзе́л 18

[правіць]

1 Сказаў такжа ім прыповесьць аб тым, што трэба заўсёды маліцца і не апускаць рук,

2 кажучы, што ў адным ме́сьце быў судзьдзя, які Бога не баяўся і людзе́й не сароміўся.

3 У тым жа ме́сьце была адна ўдава, і яна, прыходзячы да яго, казала: абарані мяне́ ад ворага майго.

4 Але ён доўгі час не хаце́ў. А пасьля сказаў сам сабе́: хоць я і Бога не баюся, і людзе́й не саромлюся,

5 але, як гэтая ўдава́ не дае́ мне́ спакою, абараню яе́, каб яна ня прыходзіла бале́й дакучаць мне́.

6 І сказаў Госпад: чуеце, што кажа судзьдзя няпра́ведны?

7 Ці-ж Бог не абароніць вы́браных Сваіх, што клічуць яго дзе́нь і ноч, і доўга цярпе́ць будзе іх?

8 Кажу вам, што хутка ўчыніць ім справядлівасьць. Але Сын Чалаве́чы, прыйшоўшы, ці знойдзе ве́ру на зямлі?

9 Сказаў такжа гэткую прыповесьць да некато́рых, што пэўныя былі сябе́, што яны пра́ведныя, і паніжалі другіх:

10 двое людзе́й увайшлі ў царкву памаліцца: адзін фарысэй, а другі мытнік.

11 Фарысэй, стоючы, гэтак маліўся ў сабе́: Божа, дзякую табе́, што я не такі, як другія людзі: зьдзірцы, крыўдзіцелі, чужаложцы, або як гэты мытнік:

12 пашчу́ два разы ў тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што прыдбаю.

13 А мытнік, стануўшы здалёк, не адважа́ўся навет падняць вачэй на не́ба; але, б’ючы сябе́ ў грудзі, гаварыў: Божа! будзь міласьцівы нада мною грэшным.

14 Кажу-ж вам, што гэты пайшоў апра́ўданы бале́й, чымся той: бо ўсякі, хто сам сябе́ вывышшае, паніжоны будзе, а паніжаючы сябе́ ўзвысіцца.

15 Прыносілі да Яго і дзяце́й, каб Ён дакрануўся да іх; вучні-ж, бачучы гэтае, забаранялі ім.

16 Але Ісус, паклікаўшы іх, сказаў: пусьце́це дзяцей прыходзіць да Мяне́ і не забараняйце ім, бо гэткіх ёсьць Царства Божае;

17 запраўды кажу вам: хто ня пры́йме Царства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ў яго.

18 І спытаўся ў Яго не́хта з начальнікаў: Вучыцель добры! што мне́ рабіць, каб унасьле́даваць жыцьцё ве́чнае?

19 Ісус сказаў яму: чаму кажаш Мне́ "добры"? Ніхто ня добры, адзін толькі Бог.

20 Ве́даеш прыказа́ньні: не чужало́ж, не забівай, не крадзі, ня сьве́дчы крыва; паважай айца твайго і матку тваю (Вых. 20, 12—16).

21 Ён жа сказаў: усяго гэтага пільнаваўся я змалку ле́т маіх.

22 Пачуўшы гэтае, Ісус сказаў яму: яшчэ аднаго не хапае табе́: усё, што ма́еш, прадай і раздай убогім, і будзеш ме́ць скарб на не́бе; і прыходзь ідзі за Мною.

23 Ён жа, пачуўшы, засумаваў, бо быў надта багаты.

24 Ісус, бачучы, што ён засумава́ў, сказаў: як трудна багатаму ўвайсьці ў Царства Божае.

25 Бо лягчэй вярблюду прайсьці праз го́лчына вуха, чымся багатаму ўвайсьці ў Царства Божае.

26 Чуўшыя гэтае сказалі: хто-ж можа спасьціся?

27 Але Ён сказаў: немагчымае для людзе́й магчыма для Бога.

28 Пётр жа сказаў: вось мы кінулі ўсё і пайшлі за Табою.

29 А Ён сказаў ім: запраўды кажу вам: няма нікога, хто, кінуўшы дом, ці бацькоў, ці братоў, ці сёстраў, ці жонку, ці дзяце́й дзеля Царства Божага,

30 не атрымаў бы шмат бале́й у гэты час, а ў ве́к будучы — жыцьцё ве́чнае.

31 Адклікаўшы-ж дванаццацёх вучняў Сваіх, сказаў ім: вось уваходзім у Ерузалім, і зьдзе́йсьніцца ўсе́ напісанае праз прарокаў аб Сыне Чалаве́чым;

32 бо выдадуць Яго паганам і назьдзе́куюцца над Ім, і зьняважаць Яго, і аплююць Яго;

33 і будуць біць і забюць Яго на сьме́рць; і на трэці дзе́нь уваскрэсьне.

34 Але яны нічога з гэтага не зразумелі; словы гэтыя былі закрыты для іх, і яны не разуме́лі ска́занага.

35 І ста́лася, як падыходзіў да Ерыхону, адзін сьляпы сядзе́ў ля дарогі, жабруючы;

36 і, пачуўшы, што міма яго праходзіць народ, спытаўся: што гэта такое?

37 Яму сказалі, што Ісус Назарэй ідзе́.

38 Тады ён закрычэў: Ісус, Сын Давідаў, зьмілуйся нада мною!

39 Пярэднія закрычэлі на яго, каб маўчаў; але ён яшчэ мацне́й крычэў: Сын Давідаў! зьмілуйся нада мною!

40 Ісус, затрымаўшыся, сказаў прыве́сьці яго да Сябе́. І, калі той падыйшоў да Яго, спытаўся ў яго:

41 чаго ты хочаш ад Мяне́? Той сказаў: Госпадзе, каб мне́ бачыць.

42 Ісус сказаў яму: Бач жа! ве́ра твая спасла́ цябе́.

43 І ён той жа час пачаў бачыць і пайшоў за Ім, сла́вячы Бога. І ўве́сь народ, бачучы гэнае, аддаў хвалу Богу.

Разьдзе́л 19

[правіць]

1 І, увайшоўшы, праходзіў праз Ерыхон.

2 І вось, не́хта на імя Закхе́й, начальнік мытнікаў і чалаве́к заможны,

3 хаце́ў убачыць Ісуса, які Ён? але ня мог за народам, бо быў малы ростам;

4 і, забе́гшы напе́рад, узьле́з на смакоўніцу, каб убачыць яго: Ён мусіў прайсьці міма яе́.

5 І, прыйшоўшы на гэтае ме́сца, Ісус, глянуўшы, убачыў яго і сказаў яму: Закхе́й! зыйдзі хутчэй, бо сягоньня трэба Мне́ быць у цябе́ ў доме.

6 І той пасьпе́шна зыйшоў і прыняў Яго з радасьцяй.

7 І ўсе́, бачучы гэнае, пачалі наракаць і гаварылі, што Ён зайшоў да грэшнага чалаве́ка.

8 А Закхе́й, стануўшы, сказаў Госпаду: Госпадзе! палову маемасьці мае́ я аддам убогім і, калі каго чым скрыўдзіў, аддам учацьвёра бале́й.

9 Ісус сказаў яму: цяпе́р прышло спасе́ньне дому гэтаму, бо і ён сын Аўраама;

10 бо Сын Чалаве́чы прыйшоў знайсьці і спасьці загінуўшае.

11 А як яны слухалі гэтае, дадаў прыповесьць: бо Ён быў блізка Ерузаліму, і яны думалі, што хутка павінна Царства Божае зьявіцца.

12 Дык сказаў: не́йкі чалаве́к высокага роду зьбіраўся ў дале́кую старану, каб дастаць сабе́ царства і вярнуцца;

13 паклікаўшы-ж дзесяць слуг сваіх, даў ім дзе́сяць мін і сказаў ім: карыстайцеся імі, пакуль вярнуся.

14 Але грамадзяне ненавідзелі яго і паслалі сьле́дам за ім пасольства, сказаўшы: ня хочам, каб гэты царстваваў над намі.

15 І, як вярнуўся, атрымаўшы царства, загада́ў паклікаць да сябе́ слуг гэных, што ім даў срэбра, каб даве́дацца, хто што зарабіў.

16 Прыйшоў пе́ршы і сказаў: гаспадар! міна твая прыне́сла дзе́сяць мінаў.

17 І сказаў яму: добра, добры слуга! За тое, што ты ў малым быў ве́рны, вазьмі пад сваю ўладу дзе́сяць ме́стаў.

18 Прыйшоў другі і сказаў: гаспадар! міная тва прыне́сла пяць мін.

19 Сказаў і гэтаму: і ты будзь над пяцьма ме́стамі.

20 Прыйшоў трэці і сказаў: гаспадар! вось твая міна, каторую я схаваў, завязаўшы ў хустку,

21 бо я баяўся цябе́: ты чалаве́к жорсткі; бярэш, чаго ня клаў, і жне́ш, чаго ня се́яў.

22 Гаспадар сказаў яму: тваімі вуснамі буду судзіць цябе́, хітры слуга: ты ве́даў, што я чалаве́к жорсткі: бяру, чаго ня клаў, і жну, чаго ня се́яў;

23 чаму-ж ты не аддаў срэбра майго ў абарот, каб я, прыйшоўшы, атрымаў яго з прыбыткам?

24 І сказаў прысутным: — вазьме́це ў яго міну і дайце таму, ў якога дзе́сяць мі́наў.

25 (І сказалі яму: пане, у яго ж ёсьць дзесяць мінаў!)

26 Кажу вам, што ўсякаму хто мае — да́дзена будзе, а ў ня ма́ючага адымецца й тое, што ма́е.

27 А ворагаў маіх — (тых, што не хаце́лі, каб я панаваў над імі,) прывядзіце сюды і біце перада мною.

28 І, сказаўшы гэтае, Ён пайшоў дале́й, ідучы ў Ерузалім.

29 І ста́лася, як падыйшоў да Віффагіі і Віфаніі, да гары́ называнай Аліўнай, паслаў двох вучняў сваіх,

30 сказаўшы: пайдзе́це ў сяло, што насупраць; увайшоўшы ў яго, зно́йдзеце асьлятка прывязанае, на якога ніхто з людзе́й ніколі не сядаў; адвязаўшы яго, прывядзіце;

31 і, калі хто спытаецца ў вас: "на што адвязваеце?", — скажэце яму так: яно патрэбна Госпаду.

32 Пасланыя пайшлі і знайшлі, як Ён сказаў ім.

33 Калі-ж яны адвязалі асьлятка, гаспадары яго сказалі ім: на што адвязваеце асьлятка?

34 Яны адказалі: яно патрэбна Госпаду.

35 І прывялі яго да Ісуса; і, накінуўшы вопраткі свае́ на асьля, пасадзілі на яго Ісуса.

36 І, калі Ён е́хаў, падсьцілалі вопраткі свае́ на дарозе.

37 Калі-ж пад’яжджаў да спуску з гары Аліўнай, усё множства вучняў Яго ад радасьці моцнымі галасамі славілі Бога за ўсе́ цуды, якія бачылі яны,

38 кажучы: багасла́ўлен цар, што йдзе́ ў імя Гасподняе! мір на не́бе і слава на вышыні!

39 І некато́рыя фарысэі з грамады народу сказалі Яму: Вучыцель! забарані вучням Тваім!

40 І, адказваючы ім, Ён сказаў: кажу вам, што, калі яны замоўкнуць, дык каме́ньні загалосяць.

41 І, як падыйшоў, дык, гле́дзячы на ме́ста, заплакаў па ім

42 і сказаў: о, каб і ты хоць у гэты дзе́нь твой зразуме́ла, што́ дзеля міру твайго! Але гэта ўкрыта цяпе́р ад вачэй тваіх;

43 бо прыйдуць на цябе́ дні, калі во́рагі тваі абкладуць цябе́ акопамі і акружаць цябе́, і сьціснуць цябе́ зусюль;

44 і зруйнуюць цябе́, і пазабіваюць дзяце́й тваіх у табе́, і не пакінуць у табе́ ка́меня на ка́мені, бо не распазнала часу адве́дзінаў тваіх.

45 І, увайшоўшы ў царкву, пачаў гнаць адтуль прадаваўшых і купляўшых,

46 кажучы ім: напісана: дом Мой ёсьць дом малітвы; а вы зрабілі яго лагво́м разбойнікаў (Ісая 56, 7; Іерам. 7, 4).

47 І навучаў кожны дзе́нь у царкве́. Архірэі-ж і кніжнікі і старэйшыны народу шукалі, як бы загубіць Яго;

48 і не знаходзілі, што-б зрабіць з Ім, бо ўве́сь народ гарнуўся да Яго, каб слухаць.

Разьдзе́л 20

[правіць]

1 У адзін з тых дзён, калі Ён навучаў народ у царкве́ і прапаве́даваў Эвангельле, прыйшлі архірэі ды кніжнікі з старэйшынамі

2 і гаварылі Яму: скажы нам, якою ўладаю Ты гэтае робіш, ці хто даў Табе́ ўладу гэтую?

3 Ён жа сказаў ім у адказ: спытаюся і Я ў вас адно слова, і скажэце Мне́:

4 Хрышчэньне Іоа́нава з не́ба было, ці ад людзе́й?

5 Яны-ж разважалі між сабою, кажучы: калі скажам: з не́ба, то скажа: чаму-ж вы не паве́рылі яму?

6 а калі скажам: ад людзе́й, то ўве́сь народ паб’е нас каме́ньмі, бо ён перакана́ны, што Іоан ёсьць прарок.

7 І адказалі: ня ве́даем адкуль.

8 Ісус сказаў ім: і Я не скажу вам, якою ўладаю гэтае роблю.

9 І пачаў Ён гаварыць да народу гэткую прыповесьць: адзін чалаве́к насадзіў вінаграднік і аддаў яго вінагра́дарам, і адлучыўся на даўгі час;

10 і ў свой час паслаў да вінагра́дараў слугу, каб яны далі яму пладоў з вінаградніку; але вінаградары, прыбіўшы яго, адаслалі ні з чым.

11 Яшчэ паслаў другога слугу; але яны і гэтага, прыбіўшы і аблаяўшы, адаслалі ні з чым.

12 І яшчэ паслаў трэцяга; але яны й таго, зраніўшы, выгналі.

13 Тады сказаў гаспадар вінаградніку: што́ мне́ рабіць? Пашлю сына майго ўлюбленага; можа, угле́дзіўшы яго, паўстыдаюцца.

14 Але вінагра́дары, убачыўшы яго, разважалі між сабою, кажучы: "гэта наступнік; пойдзем, заб’е́м яго, і спадчына яго будзе наша."

15 І, вы́веўшы яго вон з вінаградніку, забілі. Што-ж зробіць з імі гаспадар вінаградніку?

16 Пры́йдзе ды вы́губіць вінагра́дараў гэных і аддасьць вінаграднік другім. Чуўшыя-ж гэтае сказалі: Хай ня будзе!

17 Але Ён, гля́нуўшы на іх, сказаў: што значыць гэтае напіса́ньне: ка́мень, каторы адкінулі будаўнічыя, ён жа зрабіўся галавою вугла? (Псал. 117, 22).

18 Усякі, хто ўпадзе́ на гэты ка́мень, разаб’ецца, а на каго ён упадзе́, таго раздавіць.

19 І шукалі ў гэты час архірэі ды кніжнікі, каб налажыць на Яго рукі, але пабаяліся народу, бо зразуме́лі, што аб іх сказаў гэтую прыповесьць.

20 І, сочачы за Ім, падаслалі хітрых людзе́й, якія, удаючы пра́ведных, падлавілі-б Яго на якім-не́будзь слове, каб выдаць Яго старшынам і ўладзе гаспада́равай.

21 І тыя спыталіся ў Яго: Вучыцель! мы ве́даем, што Ты справядліва гаворыш і навучаеш і не глядзіш на аблічча, але запраўды́ шляху Божага вучыш.

22 Ці нале́жыць плаціць падатак ке́сару, ці не́?

23 Але Ён, зразуме́ўшы хітрасьць іх, сказаў ім: што вы Мяне́ спакуша́еце?

24 Пакажэце Мне́ дынарыя: чыё на ім аблічча і надпіс? Яны адказалі: ке́саравы.

25 Ён жа сказаў ім: дык аддавайце ке́сарава ке́сару, а Божае Богу.

26 І не маглі падлавіць Яго на слове перад народам, і, зьдзівіўшыся адказу Яго, замоўклі.

27 Тады прыйшлі некаторыя з садуке́яў, ня ве́рачых у ўваскрасе́ньне, і спыталіся ў Яго:

28 Вучыцель! Майсе́й напісаў нам, што, калі ў каго памрэ брат, які ме́ў жонку, і памрэ бязьдзе́тным, то брат ягоны мусіць узяць яго жонку і ажывіць се́мя брату свайму (Другазак. 25, 5).

29 Было се́м братоў; і першы, узяўшы жонку, паме́р бязьдзе́тным;

30 узяў тую жонку другі, і той паме́р бязьдзе́тным;

31 узяў яе́ і трэці, таксама й усе́ се́м, і паме́рлі, не пакінуўшы дзяце́й.

32 Пасьля ўсіх паме́рла й жонка.

33 Дык пры ўваскрасе́ньні — каторага з іх будзе яна жонкаю? бо сямёра ме́лі яе́ жонкаю.

34 І сказаў ім Ісус у адказ: дзе́ці ве́ку гэтага жэняцца й выходзяць замуж;

35 а стаўшыяся годнымі прыждаць таго ве́ку і ўваскрасе́ньня з мёртвых ня жэняцца, дый замуж ня выходзяць,

36 і паме́рці ўжо ня могуць, бо яны роўны ангелам і сыны Бога, раз былі сынамі ўваскрасе́ньня.

37 А што паме́ршыя ўваскрэснуць, паказаў і Майсе́й ля купіны, калі зваў Госпада Богам Аўраама і Богам Ізаака і Богам Якава (Вых. 3, 6).

38 Бо-ж ня ёсьць Бог уме́ршых, але жывых: Яму ўсе́ жывыя.

39 На гэтае некато́рыя з кніжнікаў сказалі: Вучыцель! Ты добра сказаў.

40 І ўжо не адважа́ліся ні аб чым задаваць Яму пытаньні. Ён жа сказаў ім:

41 як кажуць: што Хрыстос ёсьць Сын Давідаў?

42 А сам Давід кажа ў кнізе псальмаў: сказаў Госпад Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне́,

43 дакуль пакладу ворагаў Тваіх за падножжа ног Тваіх (Пс. 109, 1).

44 Дык Давід Госпадам называе Яго; як жа Ён сын яму?

45 І, калі слухаў уве́сь народ, Ён сказаў вучням Сваім:

46 сьцеражыцеся кніжнікаў, што любяць хадзіць у даўгіх вопратках; любяць вітаньні на торжышчах, пе́ршыя ме́сцы ў школах і пе́ршыя ме́сцы на банке́тах,

47 што зьядаюць хаты ўдоў і дзеля віду доўга моляцца; яны возьмуць тым цяжэйшае асуджэньне.

Разьдзе́л 21

[правіць]

1 Глянуўшы-ж, убачыў Ён багатых, што клалі ахвяры свае́ ў скарбніцу;

2 убачыў такжа бе́дную ўдаву, палажыўшую туды дзьве́ ле́пты,

3 і сказаў: запраўды кажу вам, што гэтая бе́дная ўдава палажыла больш за ўсіх;

4 бо ўсе́ тыя з лішкаў сваіх клалі ахвяру Богу, яна-ж з бе́днасьці сваёй палажыла ўвесь пражытак свой, які ме́ла.

5 І, калі некато́рыя гаварылі аб царкве́, што яна аздоблена дарагімі каме́ньнямі й дарамі, Ён сказаў:

6 прыдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не астане́цца ка́меня на ка́мені; усё будзе разбурана.

7 І спыталіся ў Яго: Вучыцель! калі-ж гэта будзе і якая прыме́та, калі гэта мусіць стацца?

8 Ён жа сказаў: сьцеражыцеся, каб вас не абаламуцілі, бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я; і гэты час блізка. Не хадзе́це сьле́дам іх.

9 Калі-ж пачуеце пра войны і паўстаньні, не палохайцеся, бо гэта мусіць стацца ране́й, але ня зараз кане́ц.

10 Тады сказаў ім: паўстане народ на народ, і царства на царства;

11 і будзе мясца́мі вялікае зямлі трасе́ньне, і голад, і мор, і страх, і знаме́ньні з не́ба вялікія.

12 А перад усім гэтым наложаць на вас рукі і будуць перасьле́даваць вас, выдаючы ў школы і вязьніцы, і за імя Маё павядуць прад цароў і валадароў;

13 і ста́нецца гэта дзеля сьвядо́цтва вам.

14 Дык пакладзе́це сабе́ ў сэрцах не абдумваць загадзя́, як бараніцца:

15 бо Я дам вам вымову і мудрасьць, якой ня здо́леюць пярэчыць, ані змагацца з ёю ўсе́ ворагі вашыя.

16 І будзеце вы́даны і бацькамі і братамі, і сваякамі і сябрамі; і некато́рых з вас пазабіваюць;

17 і будуць ненавідзець вас усе́ за імя Маё;

18 але і волас з галавы вашай не прападзе́;

19 цярплівасьцяй вашай спасайце душы вашыя.

20 Калі-ж убачыце Ерузалім акружаны войскам, тады ве́дайце, што прыйшло спусташэньне яго:

21 і хай тады тыя, што ў Юдэі, бягуць у горы; і хто ў ме́сьце, выходзь з яго; і хто ў ваколіцах, не ўваходзь у яго,

22 бо гэта дні помсты; каб выпаўнілася ўсё напісанае.

23 Го́ра-ж цяжарным і ко́рмячым грудзьмі ў тыя дні; бо вялікая бяда́ на зямлі і гне́ў на народ гэты:

24 паля́гуць ад вострага мяча́, і павядуць іх у палон да ўсіх народаў; і Ерузалім тапта́цімуць пага́не, пакуль не закончацца часы́ пага́наў.

25 І будуць знаме́ньні на сонцы і ме́сяцу і зорах, а на зямлі туга́ ў народаў ад разрухі, і зараве́ і забушуе мора.

26 І пруцяне́ць будуць людзі ад страху й чаканьня таго, што пры́йдзе на сусьве́т, бо сілы нябе́сныя захістаюцца.

27 І тады ўбачаць Сына Чалаве́чага, ідучы ў хмары з сілаю і славаю вялікаю.

28 Калі-ж пачне́ гэтае дзе́яцца, тады ўглядайцеся і падніміце галовы вашыя, бо прыбліжаецца адкупле́ньне вашае.

29 І сказаў ім прыповесьць: глядзіце на смакоўніцу і на ўсе́ дрэвы:

30 калі яны ўжо распускаюцца, то, бачучы гэта, ве́даеце самы, што ўжо блізка ле́та.

31 Дык такжа, як угле́дзіце, што і гэнае спаўняецца, ве́дайце, што блізка царства Божае.

32 Запраўды́ кажу вам: ня пройдзе род гэты, як усё гэнае збудзецца:

33 не́ба і зямля прамінуць, але словы Мае́ не прамінуць.

34 Пілнуйцеся-ж, каб сэрцы вашыя не абцяжаліся абжорствам і п’янствам і жыцьцёвымі клапотамі, і каб дзе́нь той не застаў вас неўспадзе́ўкі.

35 Бо ён, як се́тка, пакрые ўсіх, што на абліччы зямлі жывуць.

36 Дык чува́йце ўсякі час і маліцеся, каб заслужыць на ўхіле́ньне ад вас усяго, што ста́нецца, і стануць перад Сынам Чалаве́чым.

37 Удзе́нь Ён навучаў у царкве́; ночы-ж, выхо́дзячы, праводзіў на гары́, называнай Аліўнаю.

38 І ўве́сь народ зраніцы прыходзіў да Яго ў царкву слухаць Яго.

Разьдзе́л 22

[правіць]

1 Надыходзіла-ж сьвята праснакоў, званае Пасха.

2 І шукалі архірэі і кніжнікі, як бы загубіць Яго, бо баяліся народу.

3 Увайшоў жа шата́н у Юду, празванага Іскарыётам, аднаго з дванаццацёх;

4 і той пайшоў і гаварыў з архірэямі й начальнікамі, як Яго прадаць ім.

5 Яны-ж узрадаваліся і згодзіліся даць яму грошай;

6 і ён абяцаў і шукаў нагоды, каб выдаць Яго ім і не пры народзе.

7 Прыйшоў жа дзе́нь праснакоў, калі нале́жала рэзаць вялікоднае ягня.

8 І паслаў Ісус Пятра і Іоана, сказаўшы: пайдзе́це, прыгатуйце нам е́сьці пасху.

9 Яны-ж сказалі Яму: дзе́ скажаш нам прыгатава́ць?

10 Ён жа сказаў ім: вось, пры ўваходзе вашым у ме́ста, спаткаецца з вамі чалаве́к, нясучы́ збанок вады; пайдзе́це за ім у дом, у які ўвойдзе ён,

11 і скажэце гаспадару дому: Вучыцель кажа табе́: дзе́ пакой, у якім бы Мне́ е́сьці пасху з вучнямі Маімі?

12 І ён пакажа вам сьвятліцу вялікую, засланую; там прыгатуйце.

13 Яны пайшлі і знайшлі, як сказаў ім, і прыгатавалі пасху.

14 І, як прыйшла гадзіна, Ён се́ў за стол, і дванаццаць апосталаў з Ім,

15 і сказаў ім: крэпка зажада́лася Мне́ е́сьці з вамі гэтую пасху пе́рш, чым ма́ю цярпе́ць му́кі.

16 Бо кажу вам, што ўжо ня буду е́сьці яе́, пакуль ня споўніцца ў Царстве Божым.

17 І, узяўшы ча́ру й аддаўшы хвалу́, сказаў: вазьме́це гэтае і падзяліце між сабою,

18 бо кажу вам, што ня буду піць ад плоду вінаграднага, пакуль ня прыйдзе Царства Божае.

19 І, узяўшы хле́б і аддаўшы хвалу́, паламаў і падаў ім, кажучы: гэта ёсьць Це́ла Маё, што за вас дае́цца; рабе́це гэта на ўспамін аба Мне́.

20 Такжа і ча́ру пасьля вячэры, кажучы: гэтая ча́ра ёсьць новы тэстамант у Маёй крыві, што за вас праліва́ецца.

21 Ды вось, рука выдаючага Мяне́ са Мною за сталом;

22 Сын жа чалаве́чы йдзе́ паводле таго, што напе́рад су́джана; але го́ра таму чалаве́ку, што Яго прадае́ць.

23 І яны пачалі пытацца адзін у аднаго: хто гэта з іх ме́ўся ўчыніць гэтае?

24 Узьнялася-ж і спрэчка між імі, хто з іх павінен лічыцца большым.

25 Ён жа сказаў ім: цары народаў пануюць над імі, і валадары іх дабрадзе́ямі называюцца,

26 вы-ж ня гэтак: але большы сярод вас станься як ме́ншы, і правадыр — як слуга.

27 Бо хто большы: той, што сядзіць за сталом, ці той, што паслугуе? Ці не́ супачыва́ючы? А я сярод вас, як паслугуючы.

28 Але вы вы́трывалі са Мною ў спакушэньнях Маіх,

29 і Я адказваю вам Царства, як Мне́ адказа́ў Аце́ц Мой,

30 каб вы е́лі й пілі за сталом Маім у царстве Маім; і пася́дзеце на пасадах судзіць дванаццаць кале́н Ізраілявых.

31 І сказаў Госпад: Сымо́н, Сымо́н! вось шата́н пажадаў вас, каб прасе́іваць, як пшаніцу;

32 але Я маліўся за цябе́, каб не паме́ншала ве́ра твая; і ты не́калі, навярнуўшыся, умацуй братоў тваіх.

33 Той жа адказаў Яму: Госпадзе! з Табою я гатоў ісьці і ў вязьніцу і на сме́рць!

34 Але Ён сказаў: кажу табе́, Пётр, не прапяе́ пе́вень сягоньня, як ты тройчы адрачэшся, што зна́еш Мяне́.

35 І сказаў ім: калі пасылаў Я вас без мяшка й бяз торбы і без абутку, ці ме́лі вы ў чым недаста́так? Яны адказалі: ні ў чым.

36 Тады Ён сказаў ім: але цяпе́р, хто ма́е мяшок, той вазьмі яго, таксама й торбу; а ў каго няма, прадай во́пратку сваю і купі ме́ч;

37 бо кажу вам, што павінна вы́паўніцца на Мне́ тое, што напісана: і да злачынцаў залічаны. Бо ўсё аба Мне́ спаўня́ецца (Ісая 53, 12).

38 Яны сказалі: Госпадзе! вось тут два мячы! Ён сказаў ім: даволі!

39 І, выйшаўшы, пайшоў, як звычайна, на гару Аліўную; за Ім пайшлі і вучні Яго.

40 Прыйшоўшы-ж на ме́сца, сказаў ім: маліцеся, каб не папа́сьці ў спакушэньне.

41 І Сам адыйшоў ад іх, як кінуць ка́мень, і, укле́нчыўшы, маліўся,

42 кажучы: Аце́ц, калі Твая воля, пранясі ча́ру гэтую міма Мяне́, але не́ Мая воля, але Твая няхай ста́нецца.

43 Зьявіўся-ж Яму ангел з не́ба, узмацоўваючы Яго,

44 і ў барацьбе сьмяротнай пільне́й маліўся, і быў пот Яго, як каплі крыві, па́даючы на зямлю.

45 Устаўшы ад малітвы, Ён прыйшоў да вучняў сваіх і знайшоў іх сьпячымі ад го́ра,

46 і сказаў ім: што вы сьпіцё? Устаньце і маліцеся, каб не папасьці ў спакушэньне.

47 Яшчэ Ён гаварыў, аж вось народ, а напе́радзе ішоў адзін з дванаццацёх, званы Юда, і ён падыйшоў да Ісуса, каб пацалаваць Яго.

48 Ісус жа сказаў яму: Юда! пацалункам Сына Чалаве́чага прадае́ш?

49 Быўшыя-ж з Ім, ба́чучы, да чаго даходзе, сказалі: Госпадзе! ці ня ўдэрыць нам мячом?

50 І адзін з іх удэрыў слугу архірэйскага і адсе́к яму правае вуха.

51 Тады Ісус сказаў: пакіньце, даволі. І, дакрануўшыся да вуха яго, аздаравіў яго.

52 Архірэям жа і начальнікам царквы́ і старшы́нам, сабраўшымся проці Яго, сказаў Ісус: быццам на разбойніка выйшлі вы з мячамі ды каламі, каб узяць Мяне́.

53 Кожны дзе́нь бываў Я з вамі ў царкве́, і вы не падымалі на Мяне́ рук; але цяпе́р ваш час і ўлада це́мры.

54 І, узяўшы Яго, павялі і прывялі ў дом архірэя. Пётр жа ішоў здалёк.

55 Калі-ж распалілі агонь сярод двара́ ды пасе́лі разам, се́ў і Пётр між імі.

56 Адна служанка, убачыўшы яго се́дзячы ля вагня і паўглядаўшыся на яго, сказала: і гэты быў з Ім.

57 Але ён адрокся ад Яго, сказаўшы: Жанчына! я ня ве́даю Яго.

58 І неўзабаве другі, убачыўшы яго, сказаў: і ты з іх. Але Пётр сказаў: не, чалаве́ча!

59 І, як прайшла з гадзіна часу, яшчэ не́хта настайваў: запраўды́, і гэты быў з Ім, бо ён Галіле́янін.

60 Але Пётр сказа́ў: Чалаве́ча, ня ве́даю, што ты гаворыш. І ў той жа час, калі ён яшчэ гаварыў, прапяяў пе́вень.

61 Тады Госпад, азірнуўшыся, паглядзе́ў на Пятра, і ўспомніў Пётр слова Госпада, як Ён сказаў яму: пе́рш, чым прапяе́ пе́вень, тройчы адрачэшся ад Мяне́.

62 І, выйшаўшы вон, горка заплакаў.

63 І людзі, трымаўшыя Ісуса, зьдзе́каваліся над Ім і білі Яго;

64 і, накрыўшы Яго, білі Яго па абліччу і пыталіся ў Яго: прароч, хто ўдэрыў Цябе́?

65 І шмат другога, ла́ючы, гаварылі на Яго.

66 Калі-ж настаў дзе́нь, сабраліся старшы́ны народу і архірэі і кніжнікі і ўвялі Яго ў свой сынэдрыон,

67 кажучы: ці Ты Хрыстос? скажы нам. Ён сказаў ім: калі скажу вам, вы не паве́рыце;

68 калі-ж і Я спытаюся ў вас, ня будзеце адказваць Мне́ і ня звольніце Мяне́.

69 Адгэтуль Сын Чалаве́чы сядзе праваруч сілы Божай.

70 І сказалі ўсе́: дык ты Сын Божы? Ён адказаў ім: вы ка́жаце, што Я.

71 Яны-ж сказалі: яко́е яшчэ трэба нам сьвядо́цтва? бо-ж мы самы чулі з вуснаў Яго.

Разьдзе́л 23

[правіць]

1 І падняла́ся ўся грамада́ іх, і павялі Яго да Пілата,

2 і пачалі абвінавачываць Яго, кажучы: Яго знайшлі мы, што псуе народ наш і забараняе плаціць падатак ке́сару, называючы Сябе́ Хрыстом-Царом.

3 Пілат спытаўся ў Яго: Ты цар Юдэйскі? Ён сказаў яму ў адказ: ты ка́жаш.

4 Пілат сказаў архірэям і народу: я не знаходжу ніякае віны ў гэтым Чалаве́ку.

5 Але яны наста́йвалі, кажу́чы, што Ён бунтуе народ, ву́чачы па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галіле́і да гэтага ме́сца.

6 Пілат, пачуўшы пра Галіле́ю, спытаўся: ці-ж Ён Галіле́янін?

7 І, даве́даўшыся, што Ён з краіны Ірадавай, паслаў Яго да Ірада, які ў тыя дні быў таксама ў Ерузаліме.

8 Ірад, угле́дзіўшы Ісуса, ве́льмі ўце́шыўся, бо даўно жадаў бачыць Яго, бо шмат чуў аб Ім і спадзяваўся, што Ён учыніць не́йкае знаме́ньне.

9 І пытаўся ў Яго многімі словамі, але Ён нічога не адказаў яму.

10 Архірэі-ж і кніжнікі стаялі, заўзята абвінава́чываючы Яго.

11 Ірад жа з жаўне́рамі сваімі, зьняважыўшы Яго і насьмяяўшыся над Ім, адзе́ў Яго ў сьве́тлую вопратку і адаслаў назад да Пілата.

12 І сталіся ў той дзе́нь Пілат і Ірад пры́яцелямі сабе́, бо ране́й былі ў не́прыязьні між сабою.

13 Пілат жа, склікаўшы архірэяў ды начальнікаў і народ,

14 сказаў ім: вы прывялі да мяне́ чалаве́ка гэтага, які псуе народ; і вось я, пры вас пытаючы, не знайшоў чалаве́ка гэтага вінаватым ні ў чым тым, у чым вы абвінава́чваеце Яго;

15 і Ірад таксама, бо я яму пасылаў Яго, і нічога ня знойдзена ў Ім, дастойнага сьме́рці;

16 дык вось, пакараўшы Яго, звольню.

17 Яму-ж трэба было дзеля сьвята звольніць ім аднаго вязьня.

18 Але ўве́сь народ пачаў крычаць: Вазьмі Яго! адпусьці нам Варавву!

19 Варавва быў паса́джаны ў вязьніцу за паднятае ім у ме́сьце паўстаньне і забойства.

20 Пілат ізноў прамовіў, хочучы адпусьціць Ісуса.

21 Але яны крычалі: распні, распні Яго!

22 Ён трэці раз сказаў ім: Што-ж благога ўчыні́ў Ён? Нічога, заслугоўваючага сьме́рці, я не знайшоў у Ім; дык вось, пакараўшы Яго, звольню.

23 Але яны дале́й з вялікім крыкам дамагаліся, каб Яго ўкрыжавалі. І перамог крык іх і архірэяў.

24 І Пілат прысудзіў, каб ста́лася па просьбе іх.

25 І звольніў ім паса́джанага за бунт і забойства ў вязьніцу, каго яны прасілі, а Ісуса выдаў на іх волю.

26 І, як вялі Яго, то, узяўшы не́йкага Сымона Кірэнэйца, што йшоў з поля, узвалілі на яго крыж, каб нёс за Ісусам.

27 І йшло за Ім вялікае множства народу і жанчын, якія плакалі й галасілі па Ім.

28 Ісус жа, зьвярнуўшыся да іх, сказаў: дочкі Ерузалімскія! ня пла́чце па Мне́, але пла́чце па сабе́ і па дзе́цях вашых;

29 бо падыхо́дзяць дні, калі скажуць: шчасьлівыя няплодныя і чэравы, што не раджалі, і грудзі, што не кармілі.

30 Тады пачнуць гаварыць го́рам: "упадзіце на нас", і ўзго́ркам: "пакрыйце нас!"

31 бо калі зялёнаму дрэву гэтае робяць, то з сухім што́ ста́нецца?

32 Вялі з Ім на сьме́рць і двох ліхадзе́яў.

33 І, калі прыйшлі на ме́сца, называнае Чараповае, там укрыжавалі Яго й ліхадзе́яў, аднаго па правы, а другога па ле́вы бок.

34 Ісус жа сказаў: Аце́ц, даруй ім, бо ня ве́даюць, што робяць. І дзялілі адзе́жы Яго, кідаючы жэрабе.

35 І стаяў народ і глядзе́ў. Насьмяхаліся-ж разам з імі й нача́льнікі, ка́жучы: другіх спаса́ў, няхай жа Сябе́ Самога спасе́, калі Ён Хрыстос, выбра́нец Божы.

36 Таксама й жаўне́ры ла́ялі Яго, падыхо́дзячы й падносячы воцат,

37 і казалі: калі Ты Цар Юдэйскі, спасі Сябе́ Самога.

38 І быў над Ім надпіс, напісаны сло́вамі грэцкімі, рымскімі й жыдоўскімі: гэты ёсьць Цар Юдэйскі.

39 Адзін з паве́шаных ліхадзе́яў зьняважа́ў Яго, кажучы: калі Ты Хрыстос, спасі Сябе́ і нас.

40 Другі-ж, наадварот, сунімаў Яго ды гаварыў: ці-ж ты не баішся Бога, калі й сам засуджаны на тое-ж?

41 І мы засуджаны справядліва, бо мы дасталі тое, чаго варты нашы ўчынкі; а Ён нічога благога не зрабіў.

42 І сказаў Ісусу: успо́мні аба мне́, Госпадзе, калі прыйдзеш у Царства Тваё!

43 І сказаў яму Ісус: Запраўды́ кажу табе́: сяньня-ж будзеш са Мною ў раю.

44 Было-ж каля шо́стае гадзіны дня, і ста́лася це́мра па ўсёй зямлі да гадзіны дзявя́тае:

45 і паме́ркла сонца, і заслона ў царкве́ разарва́лася пасярэдзіне.

46 Ісус, загаласіўшы моцным голасам, сказаў: Аце́ц, у рукі Твае́ аддаю дух Мой. І, сказаўшы гэтае, аддаў дух.

47 Сотнік жа, бачучы зда́рыўшаеся, славіў Бога й казаў: запраўды́, чалаве́к гэты быў пра́веднік.

48 І ўве́сь народ, што прыйшоў паглядзе́ць на гэта, бачучы зда́рыўшаеся, варочаўся, б’ючыся ў грудзі.

49 Усе́-ж, знаўшыя Яго, і жанчыны, што йшлі за Ім з Галіле́і, стаялі здалёк і глядзе́лі на гэтае.

50 Тады не́хта на імя Язэп, ся́бра ра́ды, чалаве́к добры і справядлівы

51 (ён ня прымаў учасьця ў радзе і паступку яе́), родам з Арыматэі, ме́ста Юдэйскага, які таксама ждаў Царства Божага,

52 прыйшоў да Пілата і прасіў Це́ла Ісусавага;

53 і, зьняўшы Яго, абвіў плашчаніцаю і палажыў Яго ў гробе, высечаным у скале́, дзе́ яшчэ ніхто ня быў пакла́дзены.

54 Дзе́нь той быў пятніца, і надыходзіла субота.

55 І жанчыны, што прыйшлі з Ісусам з Галіле́і, пайшлі і глядзе́лі магілу і як клалі це́ла Яго;

56 вярнуўшыся-ж прыгатавалі пахі і масьці; і ў суботу супачывалі паводле прыказа́ньня.

Разьдзе́л 24

[правіць]

1 У пе́ршы-ж дзе́нь тыдня, ве́льмі ра́на, нясучы́ прыгатава́ныя пахі, прыйшлі яны да магілы і разам з імі некато́рыя другія;

2 але знайшлі ка́мень адва́лены ад магілы.

3 І ўвайшоўшы не знайшлі Це́ла Госпада Ісуса.

4 І сталася, як зьняла іх ад гэтага трывога, зьявіліся перад імі два чалаве́кі ў бліскучым адзе́ньні.

5 Калі-ж ад страху скланілі яны абліччы свае́ да зямлі,— тыя сказалі ім: што́ вы шукаеце жывога між паме́ршымі?

6 Яго няма тут: Ён ускрос; прыпомніце, як Ён казаў вам, калі быў яшчэ ў Галіле́і,

7 мовячы, што Сын Чалаве́чы мусіць быць вы́даны ў рукі людзе́й грэшных і будзе расьпяты, а на трэці дзе́нь уваскрэсьне.

8 І ўспомнілі яны словы Яго,

9 і, вярнуўшыся ад магілы, апавясьцілі адзінаццацёх і ўсіх другіх аб гэтым.

10 Былі-ж гэта Марыя Магдаліна і Іоанна і Марыя, маці Якава, і другія з імі, што сказалі аб гэтым Апосталам.

11 І здаліся ім словы іх пустымі, і не паве́рылі ім.

12 Але Пётр, устаўшы, пабе́г да гробу і, нахіліўшыся, убачыў толькі ляжаўшую тканіну і пайшоў назад, дзіўлючыся сам у сабе́ з стаўшагася.

13 У той жа дзе́нь двое з іх ішлі ў сяло, што ў шэсьцьдзесяцёх стадыях ад Ерузаліму, званае Эмаус,

14 і гутарылі між сабою аб усіх гэтых здарэньнях.

15 І ста́лася, як гутарылі яны ды разважалі між сабою, вось Сам Ісус, падыйшоўшы, пайшоў з імі;

16 але вочы іх былі стрыманы, дык не пазналі Яго.

17 Ён жа сказаў ім: аб чым гэта вы разважаеце між сабою, і чаго вы засмучоны?

18 Адзін з іх, на імя Кляопа, сказаў Яму ў адказ: ці-ж ты адзін з прыйшоўшых у Ерузалім ня ве́даеш, што ста́лася ў ім у гэтыя дні?

19 І сказаў ім: аб чым? Яны сказалі Яму: што было з Ісусам Назаранінам, Каторы быў прарок, моцны ў дзе́ле і слове перад Богам і ўсім народам;

20 як выдалі Яго архірэі ды начальнікі нашыя на прысуд сьмяротны і раскрыжавалі Яго?

21 А мы спадзяваліся, што Ён ёсьць Той, што павінен збавіць Ізраіля; а да ўсяго гэтага вось ужо трэці дзе́нь сяньня, як тое сталася,

22 але некаторыя жанчыны з нашых абаламуцілі нас: яны былі раніцай ля магілы

23 і не знайшлі це́ла Яго і, прыйшоўшы, сказалі, што яны бачылі, як зьявіліся Ангелы, якія кажуць, што Ён жывы́;

24 і пайшлі некато́рыя з нашых да магілы і знайшлі так, як і жанчыны казалі, але Яго ня бачылі.

25 Тады Ён сказаў ім: О, бязмысныя і ляныя сэрцам паве́рыць усяму, што прарочылі прарокі!

26 Ці-ж ня гэтак і трэба было цярпе́ць Хрысту і ўвайсьці ў славу Сваю?

27 І, пачаўшы ад Майсе́я, з усіх прарокаў выясьняў ім усё напісанае аб Ім.

28 І падыйшлі яны да таго сяла, куды йшлі; і Ён паказаў ім від, што хоча йсьці дале́й;

29 але яны затрымлівалі Яго, ка́жучы: застанься з намі, бо дзе́нь ужо схіліўся да ве́чара. І Ён увайшоў і застаўся з імі.

30 І, калі Ён сядзе́ў за сталом з імі, то, узяўшы хле́б, багаславіў, паламаў і падаў ім.

31 І тады адчыніліся ў іх вочы, і яны пазналі Яго; але Ён стаўся нявідным для іх.

32 І яны сказалі адзін аднаму: ці-ж не гарэла ў нас сэрца нашае, калі Ён гаварыў да нас у дарозе і калі выясьняў Пісаньне?

33 І, устаўшы ў той жа час, вярнуліся ў Ерузалім і знайшлі разам адзінаццаць Апосталаў і быўшых з імі,

34 якія гаварылі, што Госпад запраўды ўваскрос і зьявіўся Сымону.

35 І яны расказвалі, што зда́рылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламаньні хле́ба.

36 Калі-ж яны гэтак гаварылі, Сам Ісус стануў сярод іх і сказаў ім: мір вам!

37 Яны, здуме́ўшыся і спалохаўшыся, падумалі, што відзяць духа

38 але Ён сказаў ім: чаго здуме́ліся? і чаму такія думкі ўваходзяць у сэрцы вашыя?

39 Паглядзе́це на рукі Мае́ і на ногі Мае́: гэта Я Сам; ашчупайце Мяне́ й разгле́дзьце, бо дух це́ла і касьце́й ня ма́е, што́, як бачыце, Я ма́ю.

40 І, сказаўшы гэтае, паказаў ім рукі і ногі.

41 Калі-ж яны ад радасьці яшчэ ня ве́рылі і дзівіліся, Ён сказаў ім: ці ёсьць у вас тут якая е́жа?

42 Яны падалі Яму частку пе́чанай рыбы й сотавага мёду.

43 І, узяўшы, е́ў перад імі.

44 І сказаў і́м: вось тое, аб чым Я вам гаварыў, яшчэ як быў з вамі: што павінна выпаўніцца ўсё, напісанае аба Мне́ ў законе Майсе́явым і ў прароках ды псальмах.

45 Тады расчыніў ім розум дзеля зразуме́ньня Пісаньня.

46 І сказаў ім: так напісана і так нале́жала цярпе́ць Хрысту і ўваскрэснуць з уме́ршых на трэці дзе́нь,

47 і прапаве́дывацца ў імя Яго пакая́ньню ды адпушчэньню грахоў ува ўсіх народах, пачынаючы ад Ерузаліму;

48 вы-ж сьве́дкі гэтага;

49 і вось Я пасылаю абяцанае Айцом Маім на вас; вы-ж аставайцеся ў ме́сьце Ерузаліме, дакуль не адзе́нецеся сілаю звыш.

50 І вывеў іх з ме́ста да Віфаніі і, падняўшы рукі Свае́, багаславіў іх.

51 І ста́лася, як багасла́віў іх, стаў аддаляцца ад іх і ўзнасіцца на не́ба.

52 І яны пакланіліся Яму і вярнуліся ў Ерузалім з вялікаю радасьцяй,

53 і былі ўсьцяж у царкве́, сла́вячы і хва́лючы Бога. Амін.