Паводле Іоана Сьвятое Эвангельле
← Паводле Лукі Сьвятое Эвангельле | Паводле Іоана Сьвятое Эвангельле Аўтар: Апостал Іоан Пераклад: Лука Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч |
Дзе́яньні Сьвятых Апосталаў → |
Разьдзе́л 1
[правіць]
1 На пача́тку было́ Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова.
2 Яно было ў Бога спрадве́ку.
3 Усё праз Яго ста́лася, і без Яго нічога ня было з таго, што ста́лася.
4 У Ім жыцьцё было, і жыцьцё было сьвятло́м для людзе́й.
5 І сьвятло́ ў це́мры сьве́ціць, і це́мра не агарнула яго.
6 Быў чалаве́к, пасла́ны ад Бога; імя яго Іоан.
7 Ён прыйшоў дзеля сьве́дчаньня, каб сьве́дчыў аб сьвятле́, каб усе́ мелі ве́ру праз Яго.
8 Ня быў ён сьвятлом, але каб сьве́дчыў аб Сьвятле́.
9 Было Сьвятло́ праўдзівае, якое прасьвячае ўсякага чалаве́ка прыходзячы ў сьве́т.
10 Было Яно на сьве́це, і сьве́т праз Яго стаўся, і сьве́т Яго не пазнаў.
11 Да сваіх прыйшло, і свае́ Яго ня прынялі.
12 А тым, што прынялі Яго, ве́руючым у імя Яго, дало Яно ім сілу дзяцьмі Божымі ста́цца, тым, якія ве́руюць у імя Яго,
13 тым, што не ад крыві, не ад жаданьня це́ла, не ад жаданьня мужа, але ад Бога нарадзіліся.
14 І Слова це́лам ста́лася і пасялілася між нас, (і бачылі мы славу Яго, славу, як Адзінароднага ад Айца), поўнае ласкі і праўды.
15 Іоан сьве́дчыць аб Ім і го́ласна кажа: Гэта Той, пра Якога я сказаў: Той, што пасьля мяне́ йдзе, Ён напе́радзе мяне́ стаў, бо ране́й за мяне́ быў.
16 І ад поўнасьці Яго ўсё мы прынялі ласку на ласку;
17 бо закон быў да́дзены праз Майсе́я, ласка-ж і праўда сталіся праз Ісуса Хрыста.
18 Бога ня бачыў ніхто ніколі; Адзінародны Сын, што ў улоньні Айца, Той зьявіў.
19 І вось сьве́дчаньне Іоана, як Жыды паслалі з Ерузаліму сьвяшчэньнікаў і лявітаў, каб спыталіся ў яго: хто ты?
20 Ён сказаў і ня зрокся, і сказаў: я ня Хрыстос.
21 І пыталіся ў яго: дык хто-ж? ты Ільля? І сказаў: не́. Прарок? І адказаў: не́.
22 Дык сказалі яму: хто-ж ты? каб нам даць адказ тым, што нас паслалі: што́ ты кажаш аб самым сабе́?
23 І сказаў: я голас гука́ючага ў пустыні: Прастуйце шлях Госпаду, як сказаў прарок Ісая (Ісая 40, 3).
24 А пасланыя былі ад фарысэяў.
25 І спыталіся ў яго: Дык што-ж ты хрысьціш, калі ты ня Хрыстос, ані Ільля, ані прарок?
26 Іоан сказаў ім у адказ: я хрышчу вадой, але паўстаў сярод вас, Каго вы ня ве́даеце;
27 гэта Той, што йдзе́ за мною, але напе́радзе мяне́ быў, Якому я ня варты разьвязаць раме́нь абуцьця Яго.
28 Ста́лася гэта ў Віфавары, за Іорданам, дзе́ хрысьціў Іоан.
29 На другі дзе́нь бачыць Іоан Ісуса ідучы да яго і кажа: вось Ягня Божае, што бярэ на Сябе́ грахі ўсяго сьве́ту.
30 Гэта Той, аб Якім я сказаў: ідзе́ за мною Муж, Які стаў напе́радзе мяне́, бо ране́й за мяне́ быў;
31 і я ня ве́даў Яго; але, каб зьявіўся Ізраілю, прыйшоў я, хрысьцячы вадой.
32 І сьве́дчыў Іоан, кажучы: я бачыў Духа, зыходзячы з не́ба, як галуб, і стаў Ён над Ім.
33 І я ня ве́даў Яго; але Той, што паслаў мяне́ хрысьціць вадой, сказаў мне́: на каго угле́дзіш зыхо́дячы Духа, Гэты і ёсьць Той, што Духам Сьвятым хрысьціць.
34 І я бачыў і засьве́дчыў, што гэты ёсьць Сын Божы.
35 На другі дзе́нь ізноў стаяў Іоан і двое з вучняў яго.
36 І, угле́дзіўшы, што йдзе Ісус, сказаў: вось Ягня Божае!
37 І пачулі двое з вучняў яго, як казаў гэтае, і пайшлі за Ісусам.
38 Ісус жа, аглянуўшыся і ўгле́дзіўшы, што йдуць за Ім, кажа ім: чаго шука́еце? Яны адказалі Яму: Равві! (г. е. вучыцель) — дзе́ жыве́ш?
39 Кажа ім: пайдзе́це і ўбачыце. Яны пайшлі і ўбачылі, дзе́ Ён жыве́, і астава́ліся ў Яго гэты дзе́нь. Было-ж каля дзесятае гадзіны.
40 Адзін з двох, што чулі ад Іоана і пайшлі за Ісусам, быў Андрэй, брат Сымона Пятра.
41 Ён пе́ршы знаходзіць брата свайго Сымона і кажа яму: мы знайшлі Мэсію (што азначае Хрыста).
42 І прывёў яго да Ісуса. Ісус жа, глянуўшы на яго, сказаў: Ты Сымон, сын Іонін, ты назаве́шся Кіфа, што значыць ка́мень (Пётр).
43 На другі дзе́нь Ісус хаце́ў ісьці ў Галіле́ю і знаходзіць Піліпа ды кажа яму: ідзі за Мною.
44 Піліп жа быў з Віфсаіды, з ме́ста Андрэя і Пятра.
45 Піліп знаходзіць Натанаіла і кажа яму: мы знайшлі Таго, аб Кім пісаў Майсе́й у законе і прарокі: Ісуса, Сына Язэпавага, што з Назарэту.
46 Але Натанаіл сказаў яму: ці-ж можа быць што́ добрае з Назарэту? Піліп кажа яму: пайдзі ды паглядзі.
47 Ісус, угле́дзіўшы Натанаіла, як ішоў да Яго, кажа аб ім: вось, запраўды, ізраільцянін, у якім няма няшчырасьці.
48 Натанаіл кажа Яму: скуль ве́даеш мяне́? Ісус адказаў і сказаў яму: пе́рш, чым Піліп паклікаў цябе́, я бачыў цябе́, як ты быў пад смакоўніцаю.
49 І кажа Яму Натанаіл: Равві! Ты Сын Божы! Ты — Цар Ізраіляў!
50 Ісус у адказ сказаў яму: ве́рыш, бо Я сказаў табе́: Я бачыў цябе́ пад смакоўніцаю; убачыш больш за гэтае.
51 І кажа яму: запраўды, запраўды кажу вам: адгэтуль будзеце бачыць не́ба адчыненае і ангелаў Божых узыходзячы і сходзячы ўніз да Сына Чалаве́чага.
Разьдзе́л 2
[правіць]
1 На трэці дзе́нь было вясе́льле ў Кане Галіле́йскай, і Маці Ісусава была там.
2 Быў запро́шаны і Ісус і вучні Яго на вясе́льле.
3 І, як не хапіла віна, Маці Ісусава кажа Яму: віна ня маюць.
4 Кажа ёй Ісус: што Мне́ і Табе́ жанчына? Гадзіна Мая яшчэ ня прыйшла.
5 Маці Яго сказала слугам: што вам скажа, зрабе́це.
6 Было-ж тамака шэсьць каме́нных судзін да вады, якія стаялі дзеля жыдоўскага ачышчэньня, зьмяшчаючы па дзьве́, ці па тры ме́ры.
7 Кажа ім Ісус: налійце вады у глякі. І напоўнілі іх да ве́рху.
8 І кажа Ім: чарпайце цяпе́р і нясе́це да маршалка. І панясьлі.
9 Калі-ж маршалак пакаштаваў вады, што віном сталася, а ён ня ве́даў, скуль яно, слугі-ж, што налівалі ваду, ве́далі, — кліча маладога
10 і кажа яму: кожын чалаве́к пе́рш падае добрае віно, а як нап'юцца, тады го́ршае; ты-ж добрае віно захаваў дагэтуль.
11 Так зрабіў Ісус пачатак цудам у Кане Галіле́йскай і выявіў славу Сваю, і ўве́равалі ў Яго вучні Яго.
12 Пасьля гэтага прыйшоў Ён у Капэрнаум, Сам і Маці Яго, і браты Яго, і вучні Яго, і там аставаліся не́калькі дзён.
13 І была блізка Пасха ў Жыдоў, і ўвайшоў Ісус у Ерузалім;
14 і знайшоў у царкве́ прадаваўшых валоў, аве́ц, галубоў, і сядзе́лі тамака мянялы.
15 І, зрабіўшы біч з вяровак, выгнаў з царквы ўсіх, такжа й аве́ц і валоў, ды грошы мянялам рассыпаў і сталы іх абярнуў;
16 і сказаў прадаўцом галубоў: забярэце гэнае згэтуль: не рабе́це дому Айца Майго домам торгу.
17 І прыпомнілі вучні Яго, што напісана: руплівасьць аб дом Твой зьядае Мяне́ (Пс. 68, 10).
18 Адказалі-ж Яму Жыды і сказалі: які знак нам дасі, чаму гэтае робіш?
19 Ісус жа адказаў ім, мовячы: зруйнуйце дом гэты, і Я ў тры дні адбудую яго.
20 І сказалі Жыды: гэты дом будаваўся сорак шэсьць гадоў, а Ты ў тры дні збудуеш яго?
21 А Ён гаварыў гэтае аб доме це́ла Свайго.
22 І, як уваскрос пасьля сьме́рці, прыпомнілі вучні Яго, што Ён казаў гэтае, і паве́рылі Пісаньню і слову, якім мовіў Ісус.
23 Ка́лі-ж быў Ён у Ерузаліме на Пасху ў сьвяты, дык многія, бачучы цуды, якія рабіў, уве́равалі ў імя Яго.
24 Але Сам Ісус не даве́рыўся ім, бо ве́даў усіх
25 і ня ме́ў патрэбы, каб хто сьве́дчыў ао чалаве́ку, бо Сам ве́даў, што было ў чалаве́ку.
Разьдзе́л 3
[правіць]
1 Быў жа між фарысэямі чалаве́к, на імя Нікадэм, адзін з начальнікаў жыдоўскіх.
2 Той прыйшоў да Ісуса ўначы і сказаў Яму: Равві! мы ве́даем, што Ты вучыцель, што прыйшоў ад Бога, бо ніхто ня можа рабіць такіх цудаў, якія Ты робіш, калі-б ня быў з ім Бог.
3 І адказаў яму Ісус і сказаў: запраўды, запраўды кажу табе́: калі хто не народзіцца нанова, ня можа бачыць Царства Божага.
4 Нікадэм кажа Яму: як можа чалаве́к нарадзіцца, калі ён стары? Няўжо-ж е́н другі раз можа ўвайсьці ў чэрава маткі сваёй і нарадзіцца?
5 Ісус адказаў: запраўды, запраўды кажу табе́: калі хто не народзіцца з вады і Духа, ня можа ўвайсьці ў Царства Божае.
6 Спараджонае з це́ла ёсьць це́ла, а спараджонае з Духа ёсьць дух.
7 Ня дзівуйся, што Я сказаў табе́: трэба вам нарадзіцца нанова.
8 Дух дыхае, дзе́ хоча, і голас яго чуеш, а ня ве́даеш, скуль прыходзіць і куды адыходзіць: гэтак і ўсякі спараджоны з Духа.
9 Нікадэм адказаў і сказаў Яму: як гэта можа быць?
10 Ісус адказаў яму і сказаў: ты вучыцель Ізраіляў і гэтага ня ве́даеш?
11 Запраўды, запраўды кажу табе́: Мы гаворым аб тым, што ве́даем, і сьве́дчым аб тым, што бачылі, і вы сьве́дчаньня Нашага ня прыймаеце;
12 калі Я сказаў вам аб зямным, і ня ве́рыце, як паве́рыце, калі буду гаварыць аб нябе́сным?
13 І ніхто ня ўзышоў на не́ба, толькі Сын Чалаве́чы, што на не́бе, які з не́ба зыйшоў.
14 І, як Майсе́й падняў зьме́я ў пустыні, так мусіць быць падняты Сын Чалаве́чы,
15 каб усякі, хто ве́руе ў Яго, ня згінуў, але ме́ў жыцьцё ве́чнае.
16 Бо так палюбіў Бог сьве́т, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага, каб усякі, хто ве́руе ў Яго, ня згінуў, але ме́ў жыцьцё ве́чнае.
17 Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў сьве́т, каб судзіць сьве́т, але каб сьве́т быў збаўлены праз Яго.
18 Хто ве́руе ў Яго, ня будзе асуджаны, а хто ня ве́руе, той ужо засуджаны, бо ня ўве́раваў у імя Адзінароднага Сына Божага.
19 Суд жа такі, што Сьвятло́ прыйшло ў сьве́т, але людзі палюбілі це́мру больш за сьвятло, бо ўчынкі іх былі благія.
20 Бо кожын, хто робіць благое, ненавідзіць сьвятла́ і ня йдзе́ да сьвятла́, каб ня выявіліся ўчынкі яго, бо яны благія.
21 А хто чыніць праўду, ідзе́ да сьвятла́, каб відо́чнымі былі ўчынкі яго, бо яны ў Богу ўчынены.
22 Пасьля гэтага прыйшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў зямлю Жыдоўскую і там быў з імі і хрысьціў.
23 Іоан жа таксама хрысьціў у Эноне, недале́ка ад Саліму, бо вады там было многа, і прыходзілі туды і хрысьціліся;
24 бо Іоана йшчэ ня ўкінулі былі ў вязьніцу.
25 І ўзьнялася ў Іоанавых вучняў спрэчка з Жыдамі аб ачышчэньні.
26 І прыйшлі да Іоана і сказалі яму: равві: Той, што быў з табою за Іорданам, аб Якім сьве́дчыў ты, вось Ён хрысьціць, і ўсе́ йдуць да Яго.
27 Іоан адказаў і сказаў: ня можа чалаве́к нічога ўзяць, калі яму ня будзе да́дзена з не́ба.
28 Самі вы сьве́дкі мне́ ў тым, што я сказаў: я ня Хрыстос, але я пасла́ны перад Ім.
29 Хто ма́е няве́сту, той жаніх, а друг жаніха, што стаіць ды слухае яго, це́шыцца ра́дасьцяй, слу́хаючы голас жаніха. Вось гэтая радасьць мая збылася.
30 Яму час расьці, а мне́ мале́ць.
31 Хто з вышыні прыходзе, той вышэй за ўсіх, а хто з зямлі, той зямны і з зямлі гаворыць. Хто з не́ба прыходзе, той панад усімі,
32 і што бачыў і чуў, аб тым сьве́дчыць, і ніхто ня прыйма́е сьве́дчаньня Яго.
33 Хто-ж прыняў Яго сьве́дчаньне, той прыпячатаваў, што Бог праўдзівы.
34 Бо, каго паслаў Бог, гаворыць словы Божыя, бо ня ме́раючы дае́ Бог Духа.
35 Аце́ц любіць Сына і ўсё даў у рукі Яго.
36 Хто ве́руе ў Сына, ма́е ве́чнае жыцьцё, а хто ў Сына ня ве́руе, ня ўбачыць жыцьця, але гне́ў Божы будзе на ім.
Разьдзе́л 4
[правіць]
1 Калі-ж даве́даўся Госпад, што дачуліся фарысэі, што Ісус больш вучняў здабывае і хрысьціць, чым Іоан, —
2 хоць Сам Ісус ня хрысьціў, але вучні Яго, —
3 пакінуў Юдэю і пайшоў зноў у Галіле́ю.
4 Выпадала-ж Яму прахадзіць праз Самарыю.
5 І вось, прыходзіць Ён у Самарыйскае ме́ста, званае Сіхар, ля хутара, што даў Якаў сыну свайму Язэпу.
6 Была тамака студня Якава. І Ісус, стомлены падарожай, се́ў ля студні. Было каля шостае гадзіны.
7 Прыходзіць жанчына з Самарыі зачарпнуць вады. Ісус кажа да яе́: дай Мне́ піць.
8 Бо вучні Яго адыйшліся да ме́ста купіць е́жы.
9 Жанчына Самаранская кажа Яму: як Ты, Юдэй, просіш піць у мяне́, Самаранкі? Бо Юдэі ня маюць зносін з Самара́намі.
10 Ісус адказаў ёй і сказаў: калі-б ты ве́дала дар Божы, і Хто кажа табе́: дай мне́ піць, то ты сама прасіла-б у Яго, і Ён даў бы табе́ жывое вады.
11 Жанчына кажа Яму: Госпадзе! У Цябе́ й зачарпнуць няма чым, а студня глыбокая: адкуль-жа ў Цябе́ вада жывая?
12 няўжо Ты большы за айца нашага Якава, які Даў нам гэту студню і сам з яе́ піў, і дзе́ці яго, і статак яго?
13 Ісус адказаў ёй і сказаў: кожын, хто п'е гэтую ваду, зноў піць захоча;
14 хто ж вып‘е вады, якое Я яму дам, не запра́гне ніколі, але вада́, што дам яму, ста́нецца ў ім крыніцаю вады, што ў жыцьцё ве́чнае цячэ.
15 Жанчына кажа Яму: Госпадзе! дай мне́ гэтай вады, каб мне́ ня пра́гнуць і ня прыходзіць сюды чарпаць.
16 Кажа ёй Ісус: пайдзі, пакліч мужа твайго і прыйдзі сюды.
17 Жанчына адказала і сказала: у мяне́ няма мужа. Ісус кажа ёй: праўду ты сказала, што ў цябе́ няма мужа;
18 бо ў цябе́ было пяць, і той, якога цяпе́р ма́еш, ня муж табе́; гэта ты праўдзіва сказала.
19 Жанчына кажа Яму: Госпадзе! бачу, што Ты прарок;
20 бацькі нашыя пакланяліся на гэтай гарэ, а вы кажаце, што ме́сца, дзе́ павінны пакланяцца — у Ерузаліме.
21 Ісус кажа ёй: паве́р мне́, што надыйдзе час, калі не на гарэ гэтай і не ў Ерузаліме будзеце пакланяцца Айцу;
22 вы ня ве́даеце, чаму пакланяецеся; бо збаўле́ньне ад Юдэяў.
23 Але прыйдзе час, дый ён ужо прыйшоў, калі праўдзівыя паклоньнікі будуць пакланяцца Айцу ў духу і праўдзе, бо гэткіх паклоньнікаў шукае сабе́ Аце́ц.
24 Бог ёсьць Дух, і тыя, што пакланяюцца Яму, павінны пакланяцца ў духу і праўдзе.
25 Жанчына кажа Яму: ве́даю, што прыйдзе Мэсія (гэта ёсьць Хрыстос), і калі Ён прыйдзе, абве́сьціць нам усё.
26 Ісус кажа ёй: гэта Я, што гавару з табою.
27 У гэты час прыйшлі вучні Яго і зьдзівіліся, што Ён гаворыць з жанчынаю, але ніводзін ня спытаўся: чаго Табе́ трэба? ці — аб чым гаворыш з ёю?
28 Тады жанчына пакінула вядро сваё і пайшла да ме́ста ды кажа людзям:
29 пайдзе́це й паглядзе́це чалаве́ка, які сказаў мне́ ўсё, што я рабіла; ці ня Хрыстос гэта?
30 Яны выйшлі з ме́ста і пайшлі да Яго.
31 Тымчасам вучні прасі́лі Яго, кажучы: Равві! е́ш.
32 Ён жа сказаў ім: Я ма́ю страву, якой вы ня ве́даеце.
33 Дзеля гэтага вучні гаварылі між сабою: няўжо-ж не́хта прынёс Яму е́сьці?
34 Ісус кажа ім: Мая страва — тое, каб спаўняць волю Паслаўшага Мяне́ і скончыць дзе́ла Яго.
35 Ці ня кажаце вы, што яшчэ чатыры ме́сяцы, і прыйдзе жніво́? а Я кажу вам: падыме́це вочы вашыя і паглядзе́це на нівы, як яны пабяле́лі і пасьпе́лі да жніва́.
36 Хто жне́, дастае́ плату і зьбірае плён дзе́ля жыцьця ве́чнага, каб і жне́ц і сяве́ц разам ра́даваліся.
37 Бо ў гэтым ска́зана праўдзіва: адзін се́е, а другі жне́.
38 Я паслаў вас жаць, над чым вы не працавалі: другія працавалі, а вы прыйшлі на працу іх.
39 І многа Самаранаў з ме́ста гэнага ўве́равалі ў Яго па слову жанчыны, якая сьве́дчыла, што Ён сказаў ёй усё, што рабіла.
40 І вось, як прыйшлі да Яго Самаране, то прасілі Яго пабыць у іх, і Ён нрабыў там два дні.
41 І яшчэ больш уве́равалі дзе́ля слова Яго,
42 а жанчыне гэтай казалі: ўжо не дзе́ля тваіх гутарак ве́рым, бо самы чулі і даве́даліся, што гэта праўдзівы Збаўца сьве́ту — Хрыстос.
43 Цераз два дні выйшаў Ён адтуль і пайшоў у Галіле́ю;
44 бо Сам Ісус сьве́дчыў, што прарок ня ма́е паша́ны ў сваёй бацькаўшчыне.
45 Калі-ж прыйшоў у Галіле́ю, то Галіле́яне прынялі Яго, бо бачылі ўсе, што зрабіў у Ерузаліме ў часе сьвята; яны-ж бо самі хадзілі на сьвята.
46 І вось Ісус ізноў прыйшоў у Кану Галіле́йскую, дзе́ зрабіў з вады віно. І быў у Капэрнауме не́йкі прыдворны, у якога занядужаў сын.
47 Ён, пачуўшы, што Ісус прыйшоў з Юдэі ў Галіле́ю, прыйшоў да Яго і прасіў Яго прыйсьці і аздаравіць сына яго; бо быў кана́ў.
48 І сказаў яму Ісус: ня ўве́руеце, калі ня ўбачыце знакоў і цудаў.
49 Прыдворны-ж кажа Яму: Госпадзе! прыйдзі, пакуль ня ўмёр сын мой.
50 Ісус кажа яму: ідзі, сын твой здаровы! Ён паве́рыў слову, якое сказаў яму Ісус, і пайшоў.
51 І на дарозе ўжо спаткалі яго слугі яго і сказалі: сын твой здаровы.
52 Ён спытаўся ў іх: а каторай гадзіне палягчэла яму? Яму сказалі: учора а сёмай гадзіне гара́чка пакінула яго.
53 Дык даве́даўся бацька, што ў тую гадзіну, калі Ісус сказаў яму: ідзі, сын твой здаровы. І ўве́раваў сам і ўвесь дом яго.
54 Гэта йзноў другі цуд зрабіў Ісус, вярнуўшыся з Юдэі ў Галіле́ю.
Разьдзе́л 5
[правіць]
1 Пасьля гэтага было сьвята жыдоўскае, і прыйшоў Ісус у Ерузалім.
2 Ёсьць-жа ў Ерузаліме ля аве́чых варотаў купальня, што заве́цца па жыдоўску Вітэзда, з пяцьма стаўбамі.
3 Каля іх ляжала множства няду́жых, сьляпых, кульгавых, ссохшых, што чакалі руху вады;
4 бо Ангел Гасподні час ад часу зыходзіў у купальню і каламуціў ваду; і хто пе́ршы ўваходзіў у яе́ пасьля ўскаламу́чаньня вады, той здараве́ў, на што-б ні хварэў.
5 І быў тут не́йкі чалаве́к, што хварэў трыццаць восем ле́т.
6 Ісус, угле́дзіўшы яго ляжучы і даве́даўшыся, што ён ляжыць ужо даўгі час, кажа яму: ці хочаш паздараве́ць?
7 Хворы адказаў Яму: так, Госпадзе, але ня ма́ю чалаве́ка, які спусьціў бы мяне́ ў купальню, калі ўскаламу́ціцца вада; калі-ж сам прыходжу, другі ўжо зыходзіць прада мною.
8 І кажа яму Ісус: устань, вазьмі ложак твой і хадзі.
9 І ён у тую-ж часіну стаўся здаровым і ўзяў ложак свой і пайшоў. Было-ж гэта ў суботу.
10 Дзеля гэтага Жыды казалі аздаро́ўленаму: сёньня субота, ня гожа табе́ браць ложак.
11 Ён адказаў ім: хто мяне́ аздаравіў, той мне́ сказаў: вазьмі ложак твой і хадзі.
12 Яго спыталіся: хто гэны чалаве́к, што сказаў табе́: вазьмі ложак твой і хадзі?
13 Аздароўлены-ж ня ве́даў, хто Ён, бо Ісус адыйшоўся ад народу, што быў у тым ме́сцы.
14 Пасьля гэтага Ісус спатка́ў яго ў царкве́ і сказаў яму: вось, ты цяпе́р здаровы, не грашы-ж больш, каб ня ста́лася табе́ не́шта горшае.
15 Чалаве́к гэны пайшоў і расказаў Жыдо́м, што гэта Ісус аздараві́ў яго.
16 І пачалі за гэта Жыды гнаць Ісуса і шукалі, як бы забіць Яго, што Ён рабіў гэткае ў суботу .
17 Ісус жа кажа ім: Аце́ц мой дагэтуль робіць, і Я ро́блю.
18 За гэта яшчэ больш шукалі Жыды, якбы забіць Яго, што Ён ня толькі ломіць суботу, але і Айцо́м Сваім заве́ Бога, раўняючы Сябе́ да Бога.
19 На гэта Ісус сказаў: запраўды, запраўды кажу вам: Сын нічога ня можа рабіць Сам ад Сябе́, калі ня будзе бачыць робячы Айца, бо што робіць Ён, тое й Сын робіць таксама.
20 Бо Аце́ц любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што Сам робіць, дый пакажа Яму бо́льшыя дзе́яньні, чым гэтыя, ажно дзівавацца будзеце.
21 Бо як Аце́ц уваскрашае ўме́ршых і ажыўляе, — так і Сын ажыўляе, каго хоча.
22 Бо Аце́ц і ня судзіць нікога, але ўве́сь суд аддаў Сыну,
23 каб усе́ паважалі Сына, як паважаюць Айца. І хто не паважае Сына, не паважае і Айца, паслаўшага Яго.
24 Запраўды, запраўды кажу вам: хто слухае слова Маё і ве́рыць Паслаўшаму Мяне́, ма́е ве́чнае жыцьцё і на суд ня йдзе́, але перайшоў ад сьме́рці ў жыцьцё.
25 Запраўды, запраўды кажу вам: прыйдзе час, дый ужо прыйшоў, калі ўме́ршыя пачуюць голас Сына Божага і, пачуўшы, ажывуць.
26 Бо як Аце́ц ма́е жыцьцё ў Сабе́, так і Сыну даў жыцьцё ме́ць у Сабе́;
27 і даў Яму ўладу й суд чыніць, бо Ён ёсьць Сын Чалаве́чы.
28 Ня дзівуйцеся гэтаму: бо прыйдзе час, калі ўсе́, што ў магілах, пачуюць голас Сына Божага,
29 і выйдуць, што добрае чынілі, на ўваскрашэньне жыцьця, а што благое чынілі — на ўваскрашэньне суда.
30 Я нічога не магу рабіць Сам ад Сябе́; як чую, так і суджу, і суд Мой праўдзівы, бо ня шукаю Маёй волі, але волі паслаўшага Мяне́ Айца.
31 Калі сьве́дчу Сам аб Сабе́, то сьве́дчаньне Маё непраўдзівае.
32 Ёсьць другі, што сьве́дчыць аба Мне́, і Я ве́даю, праўдзівае тое сьве́дчаньне, якім Ён сьве́дчыць аба Мне́.
33 Вы пасылалі да Іоана, і ён засьве́дчыў аб праўдзе.
34 Я-ж не ад чалаве́ка прыймаю сьве́дчаньне, але кажу гэта, каб вы спасьліся.
35 Той быў сьве́тач, які гарэў і сьвяціў, а вы хаце́лі часіну паце́шыцца пры сьвятле́ яго.
36 Я-ж ма́ю сьве́дчаньне большае за Іоанава: бо дзе́яньні, што Аце́ц даў Мне́ закончыць, самыя гэтыя дзе́яньні, што Я чыню, сьве́дчаць аба Мне́, што Аце́ц паслаў Мяне́.
37 І Аце́ц, Які паслаў Мяне́, Сам засьве́дчыў аба Мне́. А вы ані голасу Яго ніколі ня чулі, ані аблічча Яго ня бачылі,
38 і ня маеце слова Яго, што ў вас было-б, бо ня ве́рыце Таму, Каго Ён паслаў.
39 Перагле́дзьце Пісаньні: бо вы думаеце праз іх жыцьцё ве́чнае ме́ць, і яны сьве́дчаць аба Мне́.
40 Але вы ня хочаце прыйсьці да Мяне́, каб ме́ць жыцьцё.
41 Сла́вы ад людзе́й не бяру,
42 але пазнаў вас: любві да Бога ня ма́еце ў сабе́.
43 Я прыйшоў у імя Айца Майго, і ня прыймаеце Мяне́, а калі-б другі прыйшоў у сваё імя, таго прыймеце.
44 Як вы мо́жаце ве́рыць, калі бярэцё славу адзін ад аднаго, а славы, што ад Аднаго Бога, ня шукаеце.
45 Ня думайце, што Я буду вінаваціць вас перад Айцом: ёсьць на вас абвінавальнік Майсе́й, на якога спадзяецёся.
46 Бо, каб вы ве́рылі Майсе́ю, то ве́рылі-б і Мне́, бо ён пісаў аба Мне́.
47 Калі-ж яго пісаньням мя ве́рыце, як Маім сло́вам паве́рыце?
Разьдзе́л 6
[правіць]
1 Пасьля гэтага пайшоў Ісус на той бок мора Галіле́йскага, Тывэрыядзкага.
2 І пайшло за Ім многа народу, бо бачылі́ цуды, якія Ён рабіў з хворымі.
3 І ўзыйшоў Ісус на гару́ і там сядзе́ў з вучнямі Сваімі.
4 А блізка была Пасха, сьвята жыдоўскае.
5 Ісус, падняўшы вочы і ўгле́дзіўшы, што многа народу йдзе́ да Яго, кажа Піліпу: дзе́ нам купіць хле́ба, каб іх накарміць?
6 Казаў жа Ён гэта выве́дываючы ў яго, бо Сам ве́даў, што хаце́ў зрабіць.
7 Піліп адказаў Яму: ім на дзьве́сьці дынараў мала будзе хле́ба, каб кожнаму з іх даста́лася хоць па крысе́.
8 Адзін з вучняў Яго, Андрэй, брат Сымона Пятра, кажа Яму:
9 Тут ёсьць у аднаго хлопчыка пяць хле́баў ячме́нных і дзьве́ рыбы; але што гэта для такога множства?
10 Ісус сказаў: скажэце ім пасяда́ць. Была-ж на тым ме́сцы густая трава. І вось пасяда́лі людзі лікам да пяцёх тысячаў.
11 І ўзяў Ісус хле́бы і, аддаўшы хвалу́, раздаў вучням, вучні сядзе́ўшым, так сама і рыбы, колькі хто хаце́ў.
12 І, як насыціліся, сказаў вучням сваім: зьбярэце астаўшыяся кускі, каб нічога не прапала.
13 І сабралі й напоўнілі дванаццаць карабоў кускамі ад пяцёх ячме́нных хле́баў, што асталіся ў е́ўшых.
14 Людзі-ж, што бачылі цуд, зроблены Ісусам, сказалі: гэта запраўды той прарок, што йдзе ў сьве́т.
15 Ісус жа, ве́даючы, што хочуць не́ўспадзе́ўкі прыйсьці і ўзяць Яго, каб зрабіць царом, ізноў адыйшоўся на гару адзін.
16 Калі настаў ве́чар, то вучні Яго зыйшлі да мора
17 і, увайшоўшы ў човен, паплылі на той бок мора ў Капэрнаум. Станавілася ўжо цёмна, а Ісус ня прыходзіў да іх.
18 Дуў моцны ве́цер, і мора хвалява́лася.
19 Праплыўшы каля дваццацёх пяцёх ці трыццацёх стадыяў, яны ўба́чылі Ісуса ідучы па моры і ўжо недалёка ад чаўна́ і спалохаліся.
20 Але Ён сказаў ім: гэта Я, ня бойцеся!
21 Яны захаце́лі ўзяць Яго ў човен, і зараз-жа човен прыстаў да бе́рагу, куды плылі.
22 Назаўтрае народ, які стаяў на тым баку мора і бачыў, што там ня было другога чаўна́, апрача аднаго, у які ўвашлі вучні Яго, і што Ісус не ўваходзіў у човен з вучнямі Сваімі, але адплылі адны вучні Яго,
23 другія-ж чаўны прыйшлі з Тывэрыяды, непадалёк ад таго ме́сца, дзе́ е́лі хле́б на багаслаўле́ньне Госпада;
24 вось-жа, калі народ угле́дзіў, што тут няма ні Ісуса, ні вучняў Яго, то ўвайшлі ў човен і прыплылі ў Капэрнаум, шукаючы Ісуса,
25 і, знайшоўшы Яго на тым баку мо́ра, сказалі Яму: Равві: калі Ты сюды прыйшоў?
26 І адказаў ім Ісус і сказаў: запраўды, запраўды кажу вам: шукаеце Мяне́ не затым, што бачылі цуд, але затым, што е́лі хле́б і насыціліся;
27 працуйце-ж не дзеля е́жы, што зьніштажа́ецца, але дзе́ля е́жы, што астае́цца ў жыцьцё ве́чнае, якое дасьць вам Сын Чалаве́чы, бо на Ім паклаў пячаць Сваю Аце́ц Бог.
28 Яны-ж сказалі Яму: што нам рабіць, каб рабіць дзе́лы Божыя?
29 І адказаў ім Ісус і сказаў: вось дзе́лы Бога: каб вы ўве́равалі ў Таго, Каго Ён паслаў.
30 Яны-ж сказалі Яму: якіж Ты дасі знак, каб мы бачылі й паве́рылі Табе́? што Ты чыніш?
31 Бацькі нашыя е́лі манну ў пустыні і насыціліся, паводле напісанага: "хле́б з не́ба даў ім е́сьці" (Пс. 77, 24).
32 Ісус жа сказаў ім: Запраўды, запраўды кажу вам: не Майсе́й даў вам хле́б з не́ба, але Аце́ц Мой дае́ вам праўдзівы хле́б з не́ба;
33 бо хле́б Божы ёсьць той, што зыходзіць з не́ба і дае́ жыцьцё сьве́ту.
34 Яны-ж сказалі Яму: Госпадзе! давай нам заўсёды такі хле́б.
35 Ісус жа сказаў ім: Я ёсьць хле́б жыцьця; хто прыходзе да Мяне́, ня будзе галодны, і хто ве́руе ў Мяне́, ня будзе прагнуць ніколі.
36 Але Я сказаў вам, што й бачылі Мяне́, і ня ве́рыце.
37 Усё, што дае́ Мне́ Аце́ц, да Мяне́ прыйдзе, і таго, хто прыхо́дзе да Мяне́, ня выганю вон,
38 бо Я зыйшоў з не́ба не дзеля таго, каб чыніць Маю волю, але волю паслаўшага Мяне́ Айца; .
39 воля-ж паслаўшага Мяне́ Айца ёсьць тая, каб з таго, што Ён Мне́ даў, нічога не загубіць, але ўваскрасіць усё гэнае ў апошні дзе́нь;
40 воля паслаўшага Мяне́ ёсьць тая, каб кожны, хто бачыць Сына і ве́руе ў Яго, ме́ў жыцьцё ве́чнае, і Я ўваскрашу Яго ў апошні дзе́нь.
41 Жыды ж гудзе́лі проці Яго, што сказаў: Я ёсьць хле́б што з не́ба зыйшоў,
42 і гаварылі: ці ня Ісус гэта, сын Язэпаў, бацьку й матку якога ве́даем? Як жа Ён кажа: Я зыйшоў з не́ба?
43 Ісус жа адказаў ім і сказаў: ня гудзе́це міжы сабою;
44 ніхто ня можа прыйсьці да Мяне́, калі яго ня прыва́біць Аце́ц, што паслаў Мяне́, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзе́нь.
45 Напісана ў прарокау́: і будуць усе́ навучаны Богам. Кожын, чуючы ад Айца і навучыўшыся, прыходзіць да Мяне́ (Ісая 54, 13).
46 Не затым, каб не́хта бачыў Айца апрача Таго, хто ад Бога: той бачыў Айца.
47 Запраўды, запраўды кажу вам: хто ве́руе ў Мяне́, ма́е ве́чнае жыцьцё.
48 Я хле́б жыцьця.
49 Бацькі вашыя е́лі манну ў пустыні і паўміралі,
50 хле́б жа, які з не́ба зыхо́дзе, такі, што не памрэ, хто е́сьць яго.
51 Я — хле́б жывы, што зыйшоў з не́ба: хто е́сьць хле́б гэты, жыць будзе ве́чна. Хле́б жа, які Я дам, ёсьць Це́ла Маё, каторае Я аддам за жыцьцё сьве́ту.
52 І спрачаліся між сабою жыды, кажучы: як Ён можа даць нам е́сьці це́ла Сваё?
53 Ісус жа сказаў ім: запраўды, запраўды кажу вам: калі ня будзеце е́сьці це́ла Сына Чалаве́чага і піць крыві Яго, то ня будзеце ме́ць у сабе́ жыцьця.
54 Хто е́сьць це́ла Маё і п’е кроў Маю, ма́е жыцьцё ве́чнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзе́нь.
55 Бо це́ла Маё запраўды ёсьць е́жа, і кроў Мая запраўды ёсьць піта́;
56 і хто е́сьць це́ла Маё і п’е кроў Маю, ува Мне́ ёсьць і Я ў ім.
57 Як паслаў Мяне́ жывы Аце́ц, і Я жыву Айцом, так і хто е́сьць Мяне́, жыць будзе Мною;
58 гэта-ж і ёсьць хле́б, што з не́ба зыйшоў. Ня так, як бацькі вашыя е́лі манну і паўміралі: хто е́сьць хле́б гэты, жыць будзе ве́чна.
59 Гэтае казаў Ён у школе, навучаючы ў Капэрнауме.
60 Многія з вучняў Яго, чуючы гэтае, казалі: жорсткае гэта слова. Хто можа слухаць яго?
61 Ісус жа, ве́даючы ў Сабе́, што вучні Яго гудзяць аб гэтым, сказаў ім: ці гэтае вас спакушае?
62 а як угле́дзіце Сына Чалаве́чага ўзыходзячы туды, дзе́ быў ране́й?
63 Дух жывіць, це́ла-ж нічога ня ва́ртае; сло́вы, якія вам кажу, ёсьць дух і жыцьцё;
64 але ёсьць некато́рыя сярод вас, што ня ве́руюць. Бо Ісус напе́рад ве́даў, што ёсьць няве́руючыя, і хто здрадзіць Яго.
65 І сказаў: дзеля гэтага-ж і казаў Я вам, што ніхто ня можа прыйсьці да Мяне́, калі яму ня будзе да́дзена Айцом Маім.
66 З таго часу многія з вучняў Яго пайшлі назад і ўжо не хадзілі з Ім.
67 Тады Ісус сказаў дванаццацём: ці ня хочаце і вы адыйсьціся?
68 І адказаў Яму Сымон Пётр: Го́спадзе! да каго нам ісьці? Ты ма́еш словы ве́чнага жыцьця;
69 і мы паве́рылі і пазналі, што Ты Хрыстос, Сын Бога жывога.
70 Ісус адказаў ім: ці ня вас дванаццацёх выбраў Я? Але адзін з вас злы дух.
71 Гэтае гаварыў Ён пра Юду Сымонавага Іскарыёта, бо гэты хаце́ў прадаць Яго, адзін з дванаццацёх.
Разьдзе́л 7
[правіць]
1 Пасьля гэтага Ісус хадзіў па Галіле́і; па Юдэі не хаце́ў хадзіць, бо Жыды шукалі, як бы забіць Яго.
2 Блізка-ж было сьвята жыдоўскае кучкі.
3 Тады браты Яго сказалі Яму: ідзі адгэтуль і пайдзі ў Юдэю, каб і вучні Тваі бачылі дзе́яньні, якія Ты чыніш.
4 Бо ніхто ня робіць нічога ўкрадкам, але сам стараецца быць вядомым. Калі робіш гэткае, дык пакажы Сябе́ сьве́ту;
5 бо і браты Яго ня ве́равалі ў Яго.
6 Ісус жа сказаў ім: Мой час яшчэ ня прыйшоў, а для вас заўсёды час;
7 вас сьве́т ня можа ненавідзець, а Мяне́ ненавідзіць, бо Я сьве́дчу аб ім, што ўчынкі яго благія.
8 Ідзе́це вы на гэтае сьвята, а Я яшчэ не пайду на гэтае сьвята, бо Мой час яшчэ не настаў.
9 І, сказаўшы гэтае ім, астаўся ў Галіле́і.
10 Але, як пайшлі браты Яго, тады і Ён пайшо́ў на сьвята, ня яўна, але як-быццам пата́йна.
11 Жыды-ж шукалі Яго на сьвяце й пыталіся: дзе́ Ён?
12 І многа шуму было дзеля Яго ў народзе: адны казалі, што Ён добры, а другія казалі: не́, бо зводзіць народ.
13 Але-ж ніхто не гаварыў аб Ім яўна, бо баяліся Жыдоў.
14 У палове-ж сьвята ўвайшоў Ісус у царкву і навучаў.
15 І дзівіліся Жыды, кажучы: як Ён ве́дае Пісаньні, ня вучыўшыся?
16 Ісус жа адказаў ім і сказаў: Маё вучэньне не Маё, але Паслаўшага Мяне́;
17 хто хоча волю Яго чыніць, той даве́даецца аб навуцы, ці ад Бога яна, ці Я Сам ад Сябе́ гавару.
18 Хто гаворыць сам ад сябе́, той шукае для сябе́ славы, а хто шукае славы Паслаўшага яго, той пра́ведны, і няма ў ім няпраўды.
19 Ці ня даў вам Майсе́й закону, і ніхто ня жыве́ па закону. За што хочаце забіць Мяне́?
20 Народ адказаў: ці ня дэман у Табе́? Хто імкне́цца забіць Цябе́?
21 Ісус казаў дале́й: адно дзе́ла зрабіў Я, і вы ўсе́ дзівуецеся;
22 Майсе́й даў вам абразаньне; хоць яно і не ад Майсе́я, але ад бацькоў, і ў суботу вы абраза́еце чалаве́ка;
23 калі ў суботу абраза́ецца чалаве́к, каб ня быў парушаны закон Майсе́яў, — чаму ж нездаволены вы Мною, што Я аздаравіў чалаве́ка ў суботу?
24 Ня судзіце па выгляду, але судзіце судом справядлівым.
25 Іншыя-ж з ерузалімцаў казалі: ці ж гэта ня Той, Якога шукаюць, каб забіць?
26 Вось Ён кажа яўна, і нічога ня кажуць Яму; ці не пераканаліся начальнікі, што Ён запраўды Хрыстос?
27 Але мы ве́даем Яго, адкуль Ён; калі-ж прыйдзе Хрыстос, ніхто ня будзе ве́даць, адкуль Ён.
28 І крыкнуў тады Ісус у царкве́, навучаючы і кажучы: і Мяне́ ве́даеце, і ве́даеце адкуль Я, і прыйшоў Я ня Сам ад Сябе́, але праўдзівы Той, што паслаў Мяне́, ды Яго вы ня ве́даеце;
29 Я ве́даю Яго, бо Я ад Яго, і Ён паслаў Мяне́.
30 І шукалі, як бы ўзяць Яго, але ніхто не ўзлажыў на Яго рукі, бо яшчэ ня прыйшоў Яго час.
31 Многія-ж з народу ўве́равалі ў Яго і казалі: калі прыйдзе Хрыстос, няўжо-ж Ён зробіць больш цудаў, чымся гэты зрабіў?
32 Чулі фарысэі такія гутаркі аб Ім у народзе; і паслалі фарысэі й архірэі слуг сваіх, каб узялі Яго.
33 Ісус жа сказаў ім: яшчэ нядоўга Мне́ быць з вамц і пайду да Паслаўшага Мяне́.
34 Будзеце шукаць Мяне́ і ня знойдзеце, і дзе́ буду Я, туды вы ня можаце прыйсьці.
35 І гаварылі жыды паміж сабою: куды Ён хоча йсьці, што мы ня знойдзем Яго? Ці не да грэцкага рассяле́ньня хоча йсьці і навучаць Грэкаў?
36 Што́ маюць значыць гэтыя словы, якія Ён сказа́ў: "будзеце шукаць Мяне́ і ня знойдзеце, і дзе́ буду Я, туды вы ня можаце прыйсьці?"
37 У апошні-ж вялікі дзе́нь сьвята Ісус стаяў і клікаў, кажучы: хто смагу ма́е, ідзі да Мяне́ і пі.
38 Хто ве́руе ў Мяне́, у таго, як сказана ў Пісаньні, з жывата пацякуць рэкі вады жывое.
39 Гэтае сказаў Ён аб Духу, якога ме́ліся прыняць ве́руючыя ў Яго: бо ня было йшчэ на іх Духа Сьвятога, бо ня быў яшчэ Ісус усла́ўлены.
40 Многія з народу, чуўшы гэтыя словы, казалі: запраўды, Ён прарок.
41 Другія гаварылі: гэта Хрыстос. А іншыя гаварылі: ці ж з Галіле́і прыйдзе Хрыстос?
42 Ці-ж ня сказана ў Пісаньні, што Хрыстос прыйдзе з сяме́ньня Давідавага і Віфлее́му, з сяла, скуль быў Давід?
43 Дык вось узьнялася аб Ім у людзе́й спрэчка.
44 Некато́рыя-ж з іх хаце́лі ўзяць Яго, але ніхто не падняў на Яго рукі.
45 І вярнуліся слугі да архірэяў і фарысэяў, і тыя спыталіся: чаму вы не прывялі Яго?
46 Слугі адказалі: ніколі чалаве́к не гаварыў так, як гэты чалавск.
47 Фарысэі сказалі ім: няўжо-ж і вас зьвялі?
48 Ці паве́рыў у Яго хто з начальнікаў і фарысэяў?
49 Бо пракляты гэты народ, што ня ве́дае закону.
50 Кажа ім Нікадэм, адзін з іхніх, што прыходзіў быў да Яго ўначы:
51 ці судзіць закон наш чалаве́ка, ня выслухаўшы пе́рш яго і не даве́даўшыся, што ён робіць?
52 На гэтае адказалі і сказалі яму: ці і ты не з Галіле́і? пашукай і пабач, што з Галіле́і прарок ня прыходзіў.
53 І разыйшліся да дому.
Разьдзе́л 8
[правіць]
1 Ісус жа пайшоў на гару Аліўную.
2 Нара́ніцы-ж ізноў прыйшоў у царкву, і ўве́сь народ ішоў да Яго. Ён се́ў і навучаў іх.
3 Тут кніжнікі і фарысэі прывялі да Яго жанчыну, злоўленую на чужало́жстве, і, паставіўшы яе́ пасярэдзіне,
4 сказалі Яму: Настаўнік, гэта жанчына злоўлена на чужаложстве,
5 а Майсе́й у законе загада́ў нам пабіваць гэткіх каме́ньнем. Ты-ж што скажаш?
6 Гаварылі-ж гэта спакушаючы Яго, каб знайсьці што-не́будзь дзеля абвінава́чаньня Яго. Але Ісус, нагнуўшыся, пісаў пальцам на зямлі.
7 Калі-ж яны не пераставалі пытацца ў Яго, то, падняўшыся, сказаў ім: хто з вас бязгрэшны, пе́ршы кінь ка́мень у яе́.
8 І, зноў нагнуўшыся, пісаў на зямлі.
9 Яны-ж, пачуўшы гэтае і дакара́ныя сумле́ньнем, павыходзілі адзін за адным, пачынаючы ад старшых аж да апошніх; застаўся адзін Ісус і жанчына, што стаяла пасярэдзіне.
10 Ісус, падняўшыся і ня бачучы нікога апрача жанчыны, сказаў ёй: жанчына! дзе́ тваі абвініцелі? Ніхто не асудзіў цябе́?
11 Яна адказала: ніхто, Госпадзе! Ісус жа сказаў ёй: і Я не асуджаю цябе́: ідзі і больш не грашы.
12 Зноў кажа Ісус да народу: Я сьвятло́ сьве́ту; хто пойдзе за Мною, той ня будзе хадзіць у це́мры, але ме́ціме сьвятло́ жыцьця.
13 Тады фарысэі сказалі Яму: Ты Сам аб Сабе́ сьве́дчыш, ды непраўдзівае сьвядоцтва Тваё.
14 Адказаў ім Ісус і сказаў: калі Я і Сам аб Сабе́ сьве́дчу, то сьвядоцтва Маё справядлівае, бо Я ве́даю, адкуль прыйшоў і куды іду; а вы ня ве́даеце, адкуль Я і куды іду.
15 Вы судзіце па це́лу; Я ня суджу нікога.
16 А калі і суджу Я, то суд Мой справядлівы, бо Я не адзін, але Я і Аце́ц, што паслаў Мяне́.
17 І ў законе-ж вашым напісана, што сьве́дчаньне двох чалаве́к справядлівае. (Другазак. 19, 15).
18 Я Сам сьве́дчу аб Сабе́ і сьве́дчыць аба Мне́ Аце́ц, які паслаў Мяне́.
19 Тады сказалі Яму: дзе́ Аце́ц Твой? Ісус адказаў ім: вы ня ве́даеце ні Мяне́, ні Айца Майго. Калі-б вы ве́далі Мяне́, ве́далі б і Айца Майго.
20 Гэтыя словы гаварыў Ісус ля скарбніцы, калі вучыў у царкве́; і ніхто ня ўзяў Яго, бо яшчэ ня прыйшоў час яго.
21 І ізноў сказаў ім Ісус: Я адыходжу, і будзеце шукаць Мяне́; і паўміраеце ў грэху сваім. Куды іду Я, вы прыйсьці ня мо́жаце.
22 Жыды-ж гаварылі: ці не заб'е́ Ён Сябе́ Сам, што кажа: куды Я іду, вы ня мо́жаце прыйсьці?
23 І сказаў ім: вы ад нізу, Я-ж з вышыні; вы з гэтага сьве́ту, Я ня з гэтага сьве́ту;
24 сказаў жа Я вам, што паўміраеце ў грахох вашых; бо калі не паве́рыце, што гэта Я, то памрэцё ў грахох вашых.
25 Яны-ж сказалі Яму: хтож Ты? І сказаў ім Ісус: Адпача́тны, як і кажу вам;
26 многа ма́ю гаварыць аб вас і судзіць; але Той, што паслаў Мяне́, справядлівы, што Я чуў ад Яго, тое й кажу сьве́ту.
27 Не зразуме́лі, што Ён гаварыў ім аб Айцу.
28 І сказаў ім Ісус: як падыймеце Сына Чалаве́чага, тады даве́даецеся, што гэта Я і што нічога ня ро́блю ад Сябе́, але як наўчыў Мяне́ Аце́ц Мой, так і гавару.
29 І са Мною Той, што паслаў Мяне́: Аце́ц не пакінуў Мяне́ аднаго, бо Я заўсёды ро́блю тое, што падабаецца Яму.
30 Калі Ён гаварыў гэтае, многія ўве́равалі ў Яго.
31 Тады сказаў Ісус уве́раваўшым у Яго Жыдом: калі астанецёся ў слове Маім, дык запраўды вы вучні Маі.
32 І пазна́еце праўду, і праўда зробіць вас вольнымі.
33 Яму адказалі: мы се́мя Аўраама і нікому ніколі ня былі рабамі; як жа Ты кажаш: ста́нецеся вольнымі.
34 Ісус адказаў ім: запраўды, запраўды кажу вам: усякі, хто грашыць, ёсьць нявольнік грэху.
35 Але раб ня жыве́ ў доме ве́чна: сын астае́цца ве́чна.
36 Дык вось, калі Сын вызваліць вас, то запраўды вольнымі будзеце.
37 Ве́даю, што вы се́мя Аўраама, аднак жа шука́еце, каб забіць Мяне́, бо слова Маё не ўмяшча́ецца ў вас.
38 Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго, а вы робіце тое, што бачылі ў айца вашага.
39 Яны адказалі Яму і сказалі: аце́ц наш — Аўраам. Ісус сказаў ім: калі-б вы былі дзе́ці Аўраама, то рабілі бы ўчынкі Аўраамавы.
40 А цяпе́р шука́еце, як забіць Мяне́, чалаве́ка, што сказаў вам праўду, якую чуў ад Бога; Аўраам гэтага не рабіў.
41 Вы робіце ўчынкі айца вашага. На гэтае сказалі Яму: мы не з распусты роджаны; аднаго Айца ма́ем, Бога.
42 Ісус сказаў ім: калі-б Бог быў ваш Аце́ц, то вы любілі-б Мяне́, бо Я з Бога выйшаў і прыходжу; бо Я ня Сам ад Сябе́ прыйшоў, але Ён паслаў Мяне́.
43 Чаму вы не разуме́еце гутаркі Мае́? Бо ня можаце слышаць слова Майго.
44 Ваш аце́ц д'ябал, і вы хочаце выпаўняць жаданыі́і айца вашага. Ён быў душагуб ад пачатку і ня ўсто́іў у праўдзе; бо яе́ няма ў ім. Калі е́н гаворыць брахню, гаворыць сваё, бо ён брахун і бацька ілжы.
45 А як Я праўду гавару, то ня ве́рыце Мне́.
46 Хто з вас дака́жа Мой грэх? Калі-ж Я гавару праўду, чаму вы ня ве́рыце Мне́?
47 Хто ад Бога, той слухае словы Божыя; вы затым ня слухаеце, што вы не ад Бога.
48 На гэтае адказалі Яму Жыды і сказалі: ці-ж няпраўду мы кажам, што Ты Самаранін, і што злы дух у Табе́?
49 Ісус адказаў: у ва Мне́ дэмана няма́; але Я паважаю Айца Свайго, а вы зьняважа́еце Мяне́.
50 Дый Я-ж ня шукаю сла́вы для Мяне́; ёсьць Той, што шукае і судзіць.
51 Запраўды, запраўды кажу вам: хто выпаўняе слова Маё, ня ўгле́дзіць сьме́рці даве́ку.
52 Жыды сказалі Яму: цяпе́р даве́даліся мы, што ў Табе́ дэман. І Аўраам памёр, і прарокі, а Ты кажаш: хто выпаўніць слова Маё, той не спазнае сьме́рці даве́ку.
53 Няўжо-ж Ты большы за айца нашага Аўраама, які ўмёр? і прарокі ўмярлі: за каго Ты Сябе́ выдае́ш?
54 Ісус адказаў: калі Я Сам Сябе́ выслаўляю, то сла́ва Мая нішто. Мяне́ выслаўляе Аце́ц Мой, аб каторым вы гаворыце, што Ён Бог ваш.
55 І вы не пазналі Яго, а Я знаю Яго, і калі скажу, што ня знаю Яго, то буду падобны да вас брахун. Але Я знаю Яго і выпаўняю слова Яго.
56 Аўраам, аце́ц ваш, рад быў бачыць дзе́нь Мой; і ўгле́дзіў і ўце́шыўся.
57 На гэтае сказалі Яму Жыды: Табе́ няма яшчэ пяцідзесяцёх гадоў, і Ты бачыў Аўраама?
58 Ісус адказаў ім: запраўды, запраўды кажу вам: пе́рш, чымся нарадзіўся Аўраам, быў Я.
59 Тады ўзялі каме́ньні, каб кінуць у Яго, але Ісус укрыўся і выйшаў з царквы, прайшоўшы між імі; і пайшоў дале́й.
Разьдзе́л 9
[правіць]
1 І, праходзячы, угле́дзіў чалаве́ка сьляпога ад нараджэньня.
2 Вучні Яго спыталіся ў Яго: Равві! хто саграшыў: ён, ці бацькі яго, што ўрадзіўся сьляпы?
3 Ісус адказаў: не саграшыў ані ён, ані бацькі яго, але дзеля выяўле́ньня ў ім дзе́л Божых.
4 Мне́ трэба рабіць дзе́ла Таго, што паслаў Мяне́, пакуль дзе́нь; надыходзе ноч, калі ніхто ня можа рабіць.
5 Пакуль Я на сьве́це, Я сьвятло́ сьве́ту.
6 Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, зрабіў з сьліны балота й памазаў ім вочы сьляпому
7 дый сказаў яму: пайдзі, умыйся ў купальні Сілаам (што тлумачыцца: Пасланы). Той пайшоў і ўмыўся і прыйшоў відзючы.
8 Сусе́дзі-ж і тыя, што бачылі яго ране́й, як быў сьляпы, гаварылі: ці-ж ня той гэта, што сядзе́ў і жабраваў?
9 Іншыя казалі: гэта ён, а іншыя — падобны да яго; ён жа казаў: гэта я.
10 Дык пыталіся ў яго: як адчыніліся вочы твае́?
11 І той адказаў і сказаў: Чалаве́к, званы Ісусам, зрабіў балота, памазаў вочы мае́ і сказаў мне́: пайдзі ў купальню Сілаам і ўмыйся. Я пайшоў, умыўся і стаў відзець.
12 Дык сказалі яму: дзе́ Ён? Ён адказаў: Ня ве́даю.
13 Павялі гэтага было́га сьляпо́га да фарысэяў.
14 А была субота, калі Ісус зрабіў балота і адчыніў яму вочы.
15 І пыталіся ў яго ізноў фарысэі, як ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: балота палажыў Ён на вочы мае́, і я ўмыўся і віджу.
16 Дык некато́рыя з фарысэяў гаварылі: не ад Бога гэты чалаве́к, бо не шануе суботы. Другія казалі: як можа чалаве́к грэшны рабіць гэткія цуды? І была між імі спрэчка.
17 І зноў кажуць сьляпому: а ты што́ скажаш аб Ім, што Ён табе́ адчыніў вочы? Той адказаў: гэта прарок.
18 Жыды-ж не паве́рылі, што ён быў сьляпы і стаў відзець, пакуль не паклікалі бацькоў аздароўленага
19 і спыталіся ў іх: ці гэта сын ваш, аб якім вы ка́жаце, што ён радзіўся сьляпы? Як жа ён цяпе́р бачыць?
20 Бацькі яго адказалі ім і сказалі: мы ве́даем, што ён наш сын, і што ён радзіўся сьляпы;
21 а як цяце́р бачыць, ня ве́даем: таксама, хто адчыніў яму, вочы, мы ня ве́даем: сам ён дарослы, самога спытайцеся; няхай сам аб сабе́ скажа.
22 Так адказалі бацькі яго, бо баяліся Жыдоў, бо Жыды згаварыліся ўжо, каб таго, хто прызнае Яго за Хрыста, адлучыць ад школы.
23 Дзеля гэтага бацькі яго сказалі: ён дарослы, у самога спытайцеся.
24 І вось другі раз паклікалі чалаве́ка, што быў сьляпы, і сказалі яму: аддай славу Богу: мы ве́даем, што чалаве́к той грэшнік.
25 Ён жа адказаў ім і сказаў: ці Ён грэшны, ня ве́даю, адно ве́даю, што я быў сьляпы, а цяпе́р бачу.
26 Дык ізноў сказалі яму: што Ён зрабіў з табою? Як адчыніў вочы?
27 Адказаў ім: я ўжо сказаў вам; вы ня слухалі; што яшчэ хо́чаце чуць? Няўжо-ж вы хочаце зрабіцца Яго вучнямі?
28 Яны ж дакара́лі яго, кажучы: гэта ты вучань Яго, мыж Майсе́явы вучні.
29 Мы ве́даем, што з Майсе́ем гаварыў Бог; аб Ім жа ня ве́даем, адкуль Ён.
30 І адказаў ім чалаве́к гэты і сказаў: гэта й дзівіць мяне́, што вы ня ве́даеце, адкуль Ён, а Ён адчыніў мне́ вочы;
31 але мы ве́даем, што грэшнікаў Бог ня слу́хае; але хто славіць Бога́ і выпаўняе волю Яго, таго слухае.
32 Ад ве́ку ня чуваць было, каб хто адчыніў вочы сьляпо́му ад нараджэньня.
33 Каб Ён ня быў ад Бога, дык ня мог бы нічога рабіць.
34 Яму адказалі і сказалі: у грахох ты ўве́сь урадзіўся і ты нас вучыш? І выгналі яго вон.
35 Ісус, дачуўшыся, што выгналі яго вон, і знайшоўшы яго, сказаў яму: ці ве́рыш ты ў Сына Божага?
36 Той жа адказаў і сказаў: а хто Ён, Госпадзе, каб мне́ ве́рыць у Яго?
37 Ісус сказаў яму: і ты бачыў Яго, і той, што гаворыць з табою, — гэта Ён.
38 Ён жа сказаў: ве́рую, Госпадзе! і пакланіўся Яму.
39 І сказаў Ісус: на суд прыйшоў Я ў сьве́т гэты, каб сьляпыя бачылі, а тыя, што бачаць, зрабіліся сьляпымі.
40 Пачуўшы гэтае, некато́рыя з фарысэяў, што былі з Ім, сказалі Яму: няўжо-ж і мы сьляпыя?
41 Ісус сказаў ім: калі-б вы былі сьляпыя, то ня ме́лі-б грэху на сабе́; але як вы кажаце, што бачыце, то грэх астае́цца на вас.
Разьдзе́л 10
[правіць]
1 Запраўды, запраўды кажу вам: хто не дзьвярыма ўваходзіць у аве́чы двор, але пералазіць інакш, той злодзей і разбойнік.
2 А хто ўваходзіць дзьвярыма, той пастыр аве́чак,
3 яму прыдзьве́рнік адчыняе, і аве́чкі слухаюцца голасу яго, і ён кліча сваіх аве́ц па іме́ньню і выводзіць іх;
4 і, калі выведзе сваіх аве́чак, ідзе́ перад імі, і аве́чкі йдуць за ім, бо ве́даюць голас яго;
5 за чужым жа ня пойдуць, але ўцякуць ад яго, бо ня ве́даюць чужога голасу.
6 Гэту прыповесьць сказаў ім Ісус, але яны не зразуме́лі, што такое Ён гаварыў ім.
7 І вось ізноў сказаў ім Ісус: запраўды, запраўды кажу вам, што Я дзьве́ры аве́чак.
8 Усе́, колькі іх ні прыхо́дзіла перада Мною, — зладзе́і ды разбойнікі, але аве́чкі не паслухаліся іх.
9 Я — дзьве́ры; хто ўвойдзе праз Мяне́, спасён будзе, і ўвойдзе і выйдзе і пашу знойдзе.
10 Злодзей прыходзіць толькі дзеля таго, каб украсьці, забіць і загубіць. Я прыйшоў, каб ме́лі жыцьцё і ме́лі бале́й.
11 Я пастыр добры: добры пастыр аддае́ жыцьцё сваё за аве́ц,
12 а на́йміт, які ня пастыр, для якога аве́чкі не свае́, бачыць, як прыходзе воўк, і пакідае аве́ц і ўцякае: і воўк хапае іх і разганяе аве́ц.
13 На́йміт жа ўцякае, бо ён на́йміт і ня турбуецца аб аве́чках.
14 Я добры пастыр і ве́даю, хто мае́, — і мае́ ве́даюць Мяне́.
15 Як Аце́ц ве́дае Мяне́, так і Я ве́даю Яго і жыцьцё Маё аддаю за аве́ц.
16 Ма́ю Я і іншых аве́чак, што ня з гэтага двара́, і гэных трэба Мне́ прыве́сьці, каб і Яны пачулі голас Мой. І ста́нецца адно стада і адзін пастыр.
17 За тое любіць Мяне́ Аце́ц, што кладу жыцьцё Маё, каб ізноў узяць яго.
18 Ніхто не адыймае яго ў Мяне́, але Я сам аддаю яго: бо ма́ю ўладу аддаць яго і ўладу ізноў узяць яго. Гэты загад дастаў я ад Айца Майго.
19 Ад гэтых словаў ізноў узьнялася між Жыдамі спрэчка.
20 Многія з іх гаварылі: Ён ма́е ў сабе́ дэмана і шале́е: што вы слухаеце Яго?
21 Другія казалі: гэта словы не апанаванага дэманам, ці-ж можа дэман адчыняць вочы сьляпым?
22 І было тады ў Ерузаліме сьвята абнаўле́ньня, і была зіма.
23 І хадзіў Ісус у царкве́ ў портыку Салямо́навым.
24 Жыды-ж абступілі Яго і казалі Яму: дакуль будзеш нас марочыць? Калі Ты Хрыстос, скажы нам проста.
25 І адказаў ім Ісус: Я сказаў вам, і ня ве́рыце; дзе́лы, што ро́блю ў імя Айца Майго, яны сьве́дчаць аба Мне́.
26 Але вы ня ве́рыце, бо вы не з маіх аве́ц, як Я ўжо сказаў вам;
27 аве́чкі мае́ слухаюцца голасу Майго, і Я ве́даю іх, і яны ідуць за Мною,
28 і ніхто ня вырве іх з рукі Маёй. І Я даю ім жыцьцё ве́чнае, і не загінуць даве́ку.
29 Аце́ц Мой, які даў Мне́ іх, бо́льшы за ўсіх, і ніхто ня можа вырваць іх з рукі Айца Майго.
30 Я і Аце́ц — адно.
31 Тут ізноў Жыды ўхапілі каме́ньні, каб пабіць Яго.
32 Ісус адказаў ім: многа добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца Майго; за каторы-ж з іх хочаце Мяне́ каменава́ць?
33 Жыды адказалі Яму, мовячы: не за добрае дзе́ла хочам біць Цябе́ каме́ньмі, але за тое, што Ты абражаеш Бога, ды што Ты, будучы чалаве́кам, робіш Сябе́ Богам.
34 Ісус адказаў ім: ці не напісана ў законе вашым: Я сказаў — вы богі.
35 Калі Ён назваў багамі тых, да каторых было слова Божае (дый ня можа быць парушана Пісаньне),
36 дык як жа Таму, Каго Аце́ц асьвяціў і паслаў у сьве́т, вы кажаце: блюзьніш, — за тое, што Я сказаў: Я Сын Божы?
37 Калі Я ня роблю дзе́ла Айца Майго, ня ве́рце Мне́, —
38 калі-ж роблю, і ня ве́рыце Мне́, дык ве́рце ўчынкам Маім, каб ве́далі і ўве́равалі, што Аце́ц у-ва Мне́, і Я ў Ім.
39 І ізноў шукалі, як узяць Яго, але Ён выйшаў з рук іх
40 і пайшоў ізноў за Іордан, на тое ме́сца, дзе́ ране́й хрысьціў Іоан, і астаўся там.
41 І многія прыйшлі да Яго і казалі, што Іоан не зрабіў ніводнага цуду; але ўсё, што сказаў Іоан аб Ім, было справядліва.
42 І многія там уве́равалі ў Яго.
Разьдзе́л 11
[правіць]
1 Быў жа адзін хворы Лазар з Віфані, з сяла Марыі і Марты, сястры Яго.
2 Марыя-ж, якой брат Лазар быў хворы, была тая, што пама́зала Ісуса але́ем і абце́рла ногі Яго валасамі сваімі.
3 Сёстры паслалі сказаць Яму: Госпадзе! вось той, каго Ты любіш, хворы.
4 Ісус, пачуўшы гэта, сказаў: гэтая хво́расць не на сьме́рць, але на славу Божу, каб уславіўся праз яе́ Сын Божы.
5 Ісус жа любіў Марту і сястру яе́ і Лазара.
6 Калі-ж пачуў, што той хворы, дык прабыў два дні ў тым ме́сцы, дзе́ знаходзіўся.
7 Пасьля гэтага сказаў вучням: пойдзем ізноў у Юдэю.
8 Вучні сказалі Яму: Равві! ці-ж даўно Жыды шукалі каме́ньмі забіць Цябе́, і Ты ізноў ідзе́ш туды?
9 Ісус адказаў: ці не дванаццаць гадзін ма́е дзе́нь? Хто ходзіць удзе́нь, не спатыка́ецца, бо бачыць сьве́тласьць гэтага сьве́ту;
10 калі-ж ходзіць уначы, спатыка́ецца, бо няма сьвятла ў ім.
11 Сказаўшы гэтае, гавора ім пасьля: Лазар, друг наш, заснуў, але Я іду разбудзіць яго.
12 Вучні ж Яго сказалі: Госпадзе! калі заснуў, паздараве́е.
13 Гаварыў Ісус аб сьме́рці яго; тыя-ж думалі, што аб сонным супачынку кажа.
14 Дык Ісус сказаў ім проста: Лазар памёр;
15 і Я рад за вас, што ня быў там, каб вы паве́рылі; але пойдзем да яго.
16 Хама́-ж, іначай званы блізьнюк, сказаў таварышам — вучням: пойдзем і мы, каб паме́рці з ім.
17 Ісус, прыйшоўшы, знайшоў, што ён ужо чатыры дні ў магіле.
18 Віфанія-ж была блізка ад Ерузаліму, не́шта з пятнаццаць стадыяў.
19 І многа Жыдоў папрыходзіла да Марты й Марыі паце́шыць іх па браце іхнім.
20 Марта, пачуўшы, што йдзе́ Ісус, пайшла насустрэчу Яму. Марыя-ж асталася ў доме.
21 Тады Марта сказала Ісусу: Госпадзе! каб Ты быў тут, не паме́р-бы брат мой.
22 Але і цяпе́р ве́даю, што, чаго Ты папросіш у Бога, дасьць Табе́ Бог.
23 Ісус кажа ёй: уваскрэсьне брат твой.
24 Марта сказала Яму: ве́даю, што ўваскрэсьне ў дзе́нь уваскрасе́ньня, у апошні дзе́нь.
25 Ісус сказаў ёй: Я ёсьць уваскрасе́ньне і жыцьцё; хто ве́руе ў Мяне́, хоць і памрэ, жыць будзе.
26 І ўсякі, хто жыве́ й ве́руе ў Мяне́, не памрэ даве́ку. Ці ве́рыш гэтаму?
27 Яна кажа Яму: так, Госпадзе! Я ве́ру, што Ты Хрыстос, Сын Божы, што йдзе́ ў сьве́т.
28 І, сказаўшы гэтае, пайшла і цішком паклікала Марыю, сястру сваю, і кажа е́й: Настаўнік тут; кліча цябе́.
29 Яна, як толькі пачула, борзда ўстала і пайшла да Яго.
30 Ісус жа яшчэ ня быў увайшоў у вёску, але быў там, дзе́ Яго Марта сустрэла.
31 Жыды-ж, што былі з ёю ў доме і пацяшалі яе́, бачучы, што Марыя бордза ўстала і выйшла, па́йшлі за ёю, кажучы, што йдзе́ на магілу плакаць.
32 Марыя-ж, прыйшоўшы туды, дзе́ быў Ісус, і ўгле́дзіўшы Яго, упала да ног Яго і сказала Яму: Госпадзе! каб Ты быў тут, не паме́р бы брат мой.
33 Ісус, угле́дзіўшы, што яна плача і што плачуць прыйшоўшыя з ёю Жыды, Сам затужыў духам і ўзварушыўся,
34 ды сказаў: дзе́ вы палажылі яго? Адказалі Яму: Госпадзе! пайдзі й паглядзі.
35 Ісус заплакаў.
36 Тады Жыды казалі: глядзі, як Ён любіў яго.
37 А некато́рыя з іх сказалі: ці ня мог Ён, расчыніўшы вочы сьляпо́му, зрабіць, каб і гэты ня ўмёр?
38 Ісус жа, ізноў ту́жачы ў душы, ідзе́ да магілы; была-ж гэта пячо́ра, зава́леная ка́мнем.
39 Кажа Ісус: вазьміце ка́мень! Сястра ўме́ршага, Марта, кажа Яму: Госпадзе, ўжо сьмярдзіць, бо ўжо чацьве́рты дзе́нь.
40 Ісус кажа ёй: ці не казаў Я табе́, што, калі будзеш ве́рыць, угле́дзіш славу Божую?
41 І вось узялі ка́мень, дзе́ ляжаў нябожчык. Ісус жа ўзьвёў вочы ўве́рх і сказаў: Ойча, дзякую Табе́, што пачуў Мяне́.
42 Я ве́даў, што Ты заўсёды чуеш Мяне́, але сказаў дзе́ля народу, што тут стаіць, каб паве́рылі, што Ты паслаў Мяне́.
43 І, сказаўшы гэтае, крыкнуў моцным голасам: Лазар! выйдзі!
44 І выйшаў уме́ршы з абкручанымі палатном нагамі й рукамі, і аблічча яго было абвязана хусткаю. Ісус кажа ім: разьвяжыце яго і дайце хадзіць.
45 Тады многія з Жыдоў, што прыйшлі да Марыі, бачучы, што ўчыніў Ісус, уве́равалі ў Яго.
46 А іншыя з іх пайшлі да фарысэяў і сказалі ім, што зрабіў Ісус.
47 Тады архірэі й фарысэі склікалі раду і кажуць: што нам рабіць? Гэты чалаве́к робіць многа цудаў.
48 Калі пакінем Яго гэтак, дык усе́ ўве́руюць у Яго, і прыйдуць Рымляне й забяруць ме́сца нашае і народ.
49 Адзін жа з іх, не́хта Кайяфа, які быў той год архірэем, сказаў ім: вы нічога ня ве́даеце
50 і не падумаеце, што ле́пей нам, каб адзін чалаве́к паме́р за людзе́й, чымся каб уве́сь народ загінуў.
51 Гэтае-ж ён сказаў не ад сябе́, але, быўшы той год архірэем, прарочыў, што Ісус памрэ за людзе́й,
52 дый ня толькі за людзе́й, але каб і расьцярушаных дзяце́й Божых сабраць у вадно.
53 Ад гэтага дня пастанавілі забіць Яго.
54 Дык Ісус ужо не хадзіў яўна між імі, а пайшоў адтуль у краіну ля пустыні ў ме́ста, званае Эфраім, і там аставаўся з вучнямі сваімі.
55 Блізка-ж была Пасха жыдоўская, і з усяго краю многа папрыходзіла ў Ерузалім перад Пасхай, каб ачысьціцца.
56 Дык шукалі Ісуса і, стоючы ў царкве́, гаварылі між сабою: як вы думаеце, ці ня прыйдзе Ён на сьвята?
57 Архірэі-ж і фарысэі далі загад, каб кожны, хто даве́даецца, дзе́ Ён, данасіў бы, каб Яго ўзяць.
Разьдзе́л 12
[правіць]
1 За шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў Ісус у Віфанію, дзе́ быў Лазар умёршы, якога Ён ускрасіў.
2 Там прыгатавалі Яму вячэру, і Марта паслугоўвала, Лазар жа быў сярод супачываўшых з Ім за сталом.
3 Марыя-ж, узяўшы хунт дарагога чыстага нардовага але́ю памазала ногі Ісусавы і выцерла валасамі сваімі ногі Яго, і дом напоўніўся па́хам ад міра
4 Тады адзін з вучняў Яго, Юда Сымонаў Іскарыёт, які маніўся прадаць Яго, сказаў:
5 чаму не прадалі гэтага але́ю за трыста дынараў і не раздалі ўбогім?
6 А сказаў жа гэта не дзе́ля таго, што клапаціўся аб убогіх, але дзеля таго, што быў зло́дзей і ме́ў пры сабе́ скарбонку і насіў, што туды кідалі.
7 Ісус жа сказаў: пакінь яе́; яна захавала гэта на дзе́нь пахаваньня Майго,
8 бо ўбогіх заўсёды ма́еце з сабою, а Мяне́ не заўсёды.
9 І шмат хто з Жыдоў даве́даўся, што Ён там, і прыйшлі ня толькі дзеля Ісуса, але каб і Лазара пабачыць, што Ён ускрасіў.
10 Архірэі-ж пастанавілі забіць і Лазара,
11 бо дзеля яго многа Жыдоў прыходзілі і ўве́равалі ў Ісуса.
12 Наза́ўтрае множства народу, які прыйшоў на сьвята, пачуўшы, што Ісус ідзе́ ў Ерузалім,
13 узялі пальмовае ве́цьце і выйшлі на спатканьне Яму і крычэлі: Оса́нна, багасла́ўлен, што йдзе́ ў імя Госпада, Цар Ізраіляў!
14 Ісу́с жа, знайшоўшы асьлятка, се́ў на яго, як напісана:
15 ня бойся, дачка́ Сыонская! вось Цар твой ідзе́, се́дзячы на маладым асьле́.
16 Вучні Яго сьпярша не разуме́лі гэтага, толькі, як уславіўся Ісус, тады ўспомнілі, што гэтак было напісана аб Ім, і гэтае зрабілі Яму.
17 Народ жа, які быў з Ім ране́й, сьве́дчыў, што Ён выклікаў з магілы Лазара і ўскрасіў Яго.
18 Вось чаму спаткаў Яго народ, бо чуў, што Ён зрабіў гэты цуд.
19 Фарысэі-ж гаварылі між сабою: глядзіце, нічога не даб'емся! Уве́сь сьве́т ідзе́ за Ім.
20 Былі-ж і Грэкі сярод прыйшоўшых дзеля адпу́сту ў сьвята.
21 Яны падыйшлі да Піліпа, што быў з Віфсаіды Галіле́йскае, і прасілі яго, кажучы: па́не, нам хочацца бачыць Ісуса.
22 Піліп ідзе́ і кажа аб гэтым Андрэю; і Андрэй з Піліпам наказалі Ісусу.
23 А Ісус сказаў ім у адказ: нрыйшла гадзіна ўславіцца Сыну Чалаве́чаму.
24 Запраўды, запраўды кажу вам: калі пшанічнае зе́рне, упаўшы ў зямлю, не замрэ, то астане́цца адно, а калі замрэ, то дасьць багаты плён.
25 Хто любіць душу сваю, загубіць яе́; і той, што ненавідзіць душу сваю на гэтым сьве́це, захавае яе́ ў жыцьцё ве́чнае.
26 Хто Мне́ служыць, няхай ідзе́ Маім шляхам; і дзе́ Я, там і слуга Мой будзе; і хто Мне́ служыць, будзе ў пашане ў Айца Майго.
27 Цяпе́р душа Мая ўзварушана; і што Мне́ сказаць? Ойча, збаў Мяне́ ад гэтае гадзіны; але-ж дзеля гэтае гадзіны Я і прыйшоў.
28 Ойча, услаў імя Тваё! І зыйшоў з не́ба голас: і ўславіў, і яшчэ ўслаўлю.
29 Народ, які стаяў і чуў гэтае, казаў: гэта быў гром. Другія казалі: Ангел прамовіў да Яго.
30 І адказаў Ісус і сказаў: не дзеля Мяне́ быў гэты голас, але дзеля вас.
31 Цяпе́р суд сьве́ту гэтаму; цяпер князь гэтага сьве́ту выгнаны будзе вон.
32 І Я, як буду падняты з зямлі, усіх прыва́блю да Сябе́.
33 Гаварыў жа Ён гэтае, паказуючы, якою сьме́рцяй ме́ўся паме́рці.
34 Народ адказаў Яму: мы чулі з закону, што Хрыстос істнуе ве́чна; дык як жа Ты кажаш, што мусіць быць падняты Сын Чалаве́чы? Хто гэты Сын Чалаве́чы?
35 І сказаў ім Ісус: яшчэ на кароткі час з вамі сьвятло́; хадзіце, пакуль ма́еце сьвятло́, каб не агарнула вас це́мра; бо хто ходзіць у це́мры, той ня ве́дае, куды йдзе́.
36 Пакуль сьвятло́ з вамі, ве́рце ў сьвятло́, каб сына́мі сьвятла́ сталіся. Сказаўшы гэтае, Ісус адыйшоў і ўкрыўся ад іх.
37 І, хоць гэтулькі цудаў зрабіў Ён перад імі, яны ня ўве́равалі ў Яго:
38 каб збылося слова Ісаі прарока, які казаў: Госпадзе! хто паве́рыць пачутаму ад нас, і каму адкрылася рука́ Гасподня? (Ісаі 53, 1).
39 Дзеля таго не маглі ўве́раваць, што, як ізноў сказаў Ісая:
40 Асьляпіў вочы іх і сэрца іх абярнуў у ка́мень, каб ня бачылі вачыма і не зразуме́лі сэрцам і не навярнуліся, каб Я аздаравіў іх.
41 Гэта сказаў Ісая, калі бачыў сла́ву Яго і гаварыў аб Ім.
42 Аднак і з начальнікаў многія ўве́равалі у Яго, але дзеля фарысэяў не вызнава́лі Яго, каб ня вылучылі іх з школы,
43 бо ўлюбілі бале́й сла́ву людзку́ю, чым сла́ву Бо́жую.
44 Ісус жа крыкнуў і сказаў: хто ве́руе ў Мяне́, не ў Мяне́ ве́руе, але ў Паслаўшага Мяне́
45 І хто бачыць Мяне́, бачыць Паслаўшага Мяне́.
46 Я сьвятло́м прыйшо́ў у сьве́т, каб кожны, хто ве́руе ў Мяне́, не астаўся ў це́мры.
47 І калі хто пачуе Мае́ словы і не паве́рыць, Я ня суджу́ яго: бо Я прыйшоў ня судзіць сьве́т, але спасаць сьве́т.
48 Хто адкідае Мяне́ і ня прыймае слоў Маіх, ма́е судзьдзю для сябе́: сло́ва, што Я сказаў, яно будзе судзіць яго ў апошні дзе́нь;
49 бо не ад Сябе́ казаў Я, але Аце́ц, што паслаў Мяне́, Ён даў Мне́ загад, што́ казаць і гаварыць.
50 І ве́даю, што прыказа́ньне Яго ёсьць жыцьцё ве́чнае. Дык тое, што Я гавару, гавару, як сказаў Мне́ Аце́ц, каб гаварыў.
Разьдзе́л 13
[правіць]
1 Перад сьвятам жа Пасхі Ісус, ве́даючы, што прыйшла Яго гадзіна перайсьці з гэтага сьве́ту да Айца, палюбіўшы сваіх, што на сьве́це, даканца́ ўзьлюбіў іх.
2 І ў час вячэры, калі д'ябал улажыў ужо ў сэрца Юды Сымо́навага Іскарыёта прадаць Яго,
3 Ісус, ве́даючы, што Аце́ц усе аддаў у рукі Яго, і што Ён ад Бога выйшаў і да Бога йдзе́,
4 устаў ад стала, скінуў з Сябе́ ве́рхнюю вопратку і, узяўшы рушнік, падпераза́ўся.
5 Пасьля наліў вады ў умывальніцу і пачаў абмываць ногі вучням сваім і выціраць рушніком, якім быў апераза́ны.
6 І падыходзіць да Сымона Пятра, і той кажа Яму: Госпадзе! ці-ж Табе́ абмываць мае́ ногі?
7 І адказаў Ісус і сказаў яму: што Я ро́блю, ты цяпе́р ня ве́даеш, але даве́даешся пасьля.
8 Пе́тр кажа Яму: ня ўмыеш ног маіх даве́ку. Ісус адказаў яму: калі ня ўмыю цябе́, ня ма́еш часьці са Мною.
9 Сымон Пётр кажа Яму: Госпадзе, ня толькі ногі мае́, але й рукі і галаву.
10 Ісус кажа яму: абмытаму трэба толькі ногі абмыць, бо ўвесь чысты, і вы чыстыя, але ня ўсе́.
11 Бо ве́даў, хто прадасьць Яго, дый затым і сказаў: ня ўсе́ вы чыстыя.
12 Калі-ж абмыў ім ногі і апрануў Сваю вопратку, дык, супачыўшы ізноў, спытаўся: ці ве́даеце, што́ гэта Я зрабіў вам?
13 Вы называеце Мяне́ Вучыцелем і Го́спадам і справядліва кажаце, бо Я і ёсьць такі.
14 Дык вось, калі Я, Госпад і Вучыцель, абмыў вам ногі, дык і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму,
15 бо Я даў вам прыклад, каб, як Я зрабіў вам, рабілі і вы.
16 Запраўды, запраўды кажу вам: слуга ня большы за гаспадара свайго, і паслане́ц ня большы за таго, хто яго пасылае.
17 Калі гэтае ве́даеце, шчасьлівыя вы, калі гэтае рабіць будзеце.
18 Не аб усіх вас гавару. Я ве́даю, каго выбраў. Але няхай ста́нецца, што напісана: Той, хто е́сьць са Мною хле́б, падняў на Мяне́ пяту сваю (Пс. 40, 10).
19 Цяпе́р кажу вам, ране́й, чым гэта ста́лася, каб, як ста́нецца, вы паве́рылі, што гэта Я.
20 Запраўды, запраўды кажу вам: хто прыймае таго, каго Я пашлю, Мяне́ прыймае, а хто Мяне́ прыймае, прыймае Паслаўшага Мяне́.
21 Сказаўшы гэтае, Ісус узварушыўся духам і засьве́дчыў і сказаў: запраўды, запраўды кажу вам, што адзін з вас прадасьць Мяне́!
22 Тады вучні аглядаліся адзін на аднаго, ня ве́даючы, аб кім гаворыць.
23 Быў жа за сталом адзін з вучняў Яго на ўлоньні Ісуса, якога Ісус любіў.
24 Яму Сымон Пе́тр кіўнуў, каб папытаўся, хто гэта, аб кім гаворыць.
25 І той, прыпаўшы да грудзе́й Ісуса, кажа: Госпадзе! хто гэта?
26 І адказвае Ісус: той, каму Я падам абмачыўшы кусок хле́ба. І, абмачыўшы кусок, падаў Юдзе Сымонаваму Іскарыёту.
27 І за куском увайшоў у яго шата́н. І кажа яму Ісус: што робіш, рабі хутчэй.
28 Але ніхто з прысутных таго не зразуме́ў, дзеля чаго гэтае сказаў яму.
29 А як у Юды была скарбонка з грашыма, дык іншыя думалі, быццам Ісус кажа яму: купі, што трэба нам на сьвята, ці каб даў не́шта ўбогім.
30 Той жа, узяўшы кусок, зараз жа выйшаў; а была ноч.
31 А як выйшаў, кажа Ісус: цяпе́р уславіўся Сын Чалаве́чы, і Бог уславіўся ў Ім.
32 Калі Бог уславіўся ў Ім, то Бог уславіць і Яго ў Сабе́, і ў хуткім часе ўславіць Яго.
33 Дзе́ці! яшчэ нядоўга Мне́ быць з вамі: будзеце шукаць Мяне́ і, як Я сказаў Жыдом: куды Я іду, вы ня можаце йсьці, — так гавару цяпе́р і вам.
34 Даю вам новае прыказа́ньне: каб любілі адзін аднаго; як Я палюбіў вас, так і вы любе́це адзін аднаго.
35 Па гэтым пазна́юць усе́, што вы Маі вучні, калі будзеце ме́ць любоў адзін да аднаго.
36 Кажа Яму Сымон Пётр: Госпадзе, куды Ты йдзе́ш? Ісус адказаў яму: куды Я йду, ты ня можаш цяпе́р за Мною йсьці; пазьне́й жа пойдзеш за Мною.
37 Пе́тр сказаў Яму: Госпадзе! чаму я не магу ісьці за Табою цяпе́р? Я душу маю палажу за Цябе́.
38 Ісус адказаў яму: душу тваю за Мяне́ паложыш? запраўды, запраўды кажу табе́: не прапяе́ пе́вень, як тройчы адрачэшся ад Мяне́.
Разьдзе́л 14
[правіць]
1 Няхай не сумляваецца сэрца вашае; ве́руйце ў Бога і ве́руйце ў Мяне́.
2 У доме Айца Майго многа сьвятліц; каб жа ня гэтак было, сказаў бы Я вам: іду прырыхтаваць вам ме́сца.
3 І, калі пайду і прыгатую вам ме́сца, прыйду ізноў і вазьму вас да Сябе́, каб і вы былі, дзе́ Я.
4 І куды йду, ве́даеце, і дарогу ве́даеце.
5 Кажа Яму Хама́: Госпадзе! ня ве́даем, куды йдзе́ш; дык як можам ве́даць дарогу?
6 Ісус сказаў яму: Я і дарога, і праўда, і жыцьцё. Ніхто ня прыходзе да Айца, калі не цераз Мяне́;
7 калі-б вы пазналі Мяне́, пазналі-б і Айца Майго; і ад сяньня ве́даеце Яго і бачылі Яго.
8 Кажа яму Піліп: Госпадзе! пакажы нам Айца, і годзе з нас.
9 Кажа яму Ісус: гэтулькі часу я з вамі, і ты не пазнаў Мяне́, Піліп? Хто бачыў Мяне́, бачыў Айца; як жа ты кажаш: пакажы нам Айца?
10 Ці ж ты ня ве́рыш, што Я ў Айцу і Аце́ц у-ва Мне́? Словы, што кажу вам Я, ад Сябе́ не кажу. Аце́ц, што ў-ва Мне́, Ён робіць дзе́лы.
11 Ве́рце Мне́, што Я ў Айцу, і Ён у-ва Мне́; каліж не́, ве́рце Мне́ па самых учынках.
12 Запраўды, запраўды кажу вам: хто ве́руе ў Мяне́, будзе рабіць учынкі, якія Я ро́блю, дый большыя за іх зробіць: бо Я да Айца Майго іду.
13 І чаго папросіце ў імя Маё, тое зро́блю, каб уславіўся Аце́ц у Сыне.
14 Чаго папросіце ў імя Маё, Я зроблю.
15 Калі любіце Мяне́, спо́ўніце Мае́ за́паведзі.
16 І Я ўпрашу Айца, і Ён дасьць вам другога Пацяшыцеля, каб быў з вамі даве́ку,
17 Духа праўцы, Якога сьве́т ня можа прыняць, бо ня бачыць Яго, а вы ве́даеце Яго, бо Ён з вамі ёсьць і ў вас будзе.
18 Не пакіну вас сіротамі: прыйду да вас.
19 Яшчэ трохі, і сьве́т ужо ня ўбачыць Мяне́, а вы ўбачыце Мяне́, бо Я жыву, і вы жыць будзеце.
20 У той дзе́нь даве́даецеся, што Я ў Айцу, і вы ў-ва Мне́, і Я ў вас.
21 Хто ма́е за́паведзі Мае́ і выпаўняе іх, той любіць Мяне́, а таго, хто любіць Мяне́, любіцімець Аце́ц Мой, і Я палюблю Яго і зьяўлюся яму Сам.
22 Кажа Яму Юда (не Іскарыёт): Госпадзе, чаму гэта Ты хочаш зьявіць Сябе́ нам, а ня сьве́ту?
23 І адказаў яму Ісус і сказаў: хто любіць Мяне́, той спаўняе слова Маё; і Аце́ц Мой палюбіць яго; і Мы прыйдзем да Яго і зробім сялібу ў Яго.
24 Хто ня любіць Мяне́, не выпаўняе слоў Маіх; слова-ж, якое вы чуеце, ня ёсьць Маё, але Айца, што паслаў Мяне́.
25 Гэтае сказаў Я вам, пакуль Я з вамі.
26 Пацяшыцель жа, Дух Сьвяты, Якога пашле́ Аце́ц у імя Маё, навучыць вас усяго і напомніць вам усё, што Я казаў вам.
27 Мір пакідаю вам, мір Мой даю вам; даю-ж вам ня так, як сьве́т дае́: няхай не сумлява́ецца сэрца вашае І не баіцца.
28 Вы чулі, што Я сказаў вам: іду ад вас і прыйду да вас. Калі-б вы любілі Мяне́, то ўце́шыліся бы, што Я сказаў: іду да Айца, бо Аце́ц Мой большы за Мяне́.
29 І сказаў Я вам цяпе́р — пе́рш, чым ста́лася, каб вы паве́рылі, як ста́нецца.
30 Ужо нямнога Мне́ гаварыць з вамі; бо йдзе́ князь гэтага сьве́ту і ў-ва Мне́ ня ма́е нічога.
31 Але, каб сьве́т ве́даў, што Я люблю Айца і, як загадаў Мне́ Аце́ц, так ро́блю, — устаньце, пойдзем а́дгэтуль.
Разьдзе́л 15
[правіць]
1 Я ёсьць запраўдная вінаградная лаза́, а Аце́ц Мой вінаградар.
2 Усякую галіну ў Мяне́, якая не дае́ плоду, Ён адсякае; і ўсякую, што дае́ плод, абчышчае, каб больш пладоў давала.
3 Вы ўжо ачышчаны праз слова, што Я гаварыў вам.
4 Будзьце-ж у-ва Мне́, і Я ў вас. Як галіна ня можа даваць плоду сама сабою, калі ня будзе на лазе́, так і вы, калі ня будзеце ў-ва Мне́.
5 Я лаза́, а вы галіны; хто прабывае ў-ва Мне́ і Я ў ім, той прыносіць багата пладоў; бо без Мяне́ ня можаце рабіць нічога.
6 Хто ня будзе ў-ва Мне́, будзе выкінены вон, як галіна, і засохне; а гэткія галіны зьбіраюць і кідаюдь у вагонь, і яны згараць.
7 Калі будзеце ў-ва Мне́, і словы Мае́ ў вас будуць, то, чаго хо́чаце, прасе́це, і ста́нецца вам.
8 Гэтым усла́віцца Аце́ц Мой, калі вы прынясецё багаты плод і будзеце Маімі вучнямі.
9 Як палюбіў Мяне́ Аце́ц, так Я палюбіў вас; аставайцеся-ж у любві Маёй.
10 Калі выпаўніце за́паведзі Мае́, будзеце ў любві Маёй, як і Я выпаўніў прыказаньні Айца Майго і астаюся ў Яго любві.
11 Гэтае сказаў Я вам, каб ра́дасьць Мая ў вас была, і каб радасьць вашая была поўная.
12 Вось за́паведзь Мая: любе́це адзін аднаго, як Я палюбіў вас.
13 Ніхто ня ма́е любві большае за тую, калі хто аддасьць душу сваю за дру́гаў сваіх.
14 Вы дру́гі Маі, калі спаўняеце тое, што Я загадваю вам.
15 Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга́ ня ве́дае, што робіць гаспадар яго, а Я назваў вас дру́гамі, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, сказаў вам.
16 Ня вы Мяне́ выбралі, але Я вас выбраў і наставіў вас, каб ішлі і прыно́сілі плод, і каб плод ваш трываў; каб, што папросіце ў Айца ў імя Маё, даў вам.
17 Гэтае зага́дваю вам: любе́це адзін аднаго.
18 Калі сьве́т вас ненавідзіць, ве́дайце, што Мяне́ ране́й за вас зьненавідзіў.
19 Калі-б вы былі із сьве́ту, то сьве́т любіў бы сваё, але, як вы не із сьве́ту, дык за гэта ненавідзіць вас сьве́т.
20 Памятайце слова, якое Я сказаў вам: слуга́ ня большы за гаспадара свайго. Калі Мяне́ перасьле́давалі, будуць перасьле́даваць і вас; калі Маё слова захавалі, і вашае слова захаваюць.
21 Але ўсё гэтае зробяць вам дзеля іме́ньня Майго, бо ня ве́даюць Таго, хто паслаў Мяне́.
22 Калі б Я ня прыйшоў і не гаварыў ім, то ня ме́лі-б грэху; а цяпе́р ня маюць адгаворкі ў грэху сваім.
23 Хто Мяне́ ненавідзіць, ненавідзіць і Айца Майго.
24 Калі-б Я не зрабіў сярод іх таго, чаго ніхто не рабіў, то ня ме́лі-б грэху, а цяпе́р і бачылі, і зьненавідзелі і Мяне́, і Айца Майго.
25 Але няхай спо́ўніцца слова, напісанае ў законе іх: зьненавідзелі Мяне́ дарэмна (Псал. 68, 5).
26 Калі-ж прыйдзе Пацяшыцель, якога Я пашлю вам ад Айца, Дух Праўды, Які ад Айца зыходзіць, Ён будзе сьве́дчыць аба Мне́.
27 Ды й вы будзеце сьве́дчыць, бо вы ад пачатку са Мною.
Разьдзе́л 16
[правіць]
1 Гэтае сказаў Я вам, каб ня былі спаку́шаны.
2 Выключаць вас із школаў; дый ідзе́ гадзіна, калі кожны, хто заб'е́ вас, будзе думаць, што гэтым служыць Богу.
3 І гэтак будуць рабіць вам, бо не пазналі ні Айца, ні Мяне́.
4 Але сказаў Я вам гэтае дзеля таго, каб вы, калі прыйдзе той час, прыпомнілі, што́ Я вам гаварыў аб гэтым; не гаварыў жа вам гэтага спачатку, бо быў з вамі.
5 Цяпе́р жа йду да Паслаўшага Мяне́, і ніхто з вас ня пытаецца ў Мяне́: куды йдзе́ш?
6 Але ад таго, што Я сказаў вам гэтае, сум напоўніў сэрца вашае.
7 Але Я праўду кажу вам: ляпе́й для вас, каб Я пайшоў; бо, калі Я не пайду, Пацяшыцель ня прыйдзе да вас, калі-ж пайду, пашлю Яго да вас,
8 і Ён, прыйшоўшы, карыцімець сьве́т у грэху, пра́ўдзе і судзе́;
9 у грэху, што ня ве́раць у Мяне́;
10 у праўдзе, што Я йду да Айца Майго, і ўжо ня ўбачыце Мяне́;
11 у судзе́-ж, што князь сьве́ту гэтага засуджаны.
12 Яшчэ многа ма́ю сказаць вам, але вы цяпе́р ня здолееце перане́сьці.
13 Калі ж прыйдзе Ён, Дух Праўды, то навучыць вас усякае праўды, бо не ад Сябе́ гаварыць будзе, але гаварыцімець, што́ пачуе, і абве́сьціць вам, што́ ма́е прыйсьці.
14 Той уславіць Мяне́, бо з Майго возьме і вам абве́сьціць.
15 Усё, што ма́е Аце́ц, ёсьць Маё; дык Я і сказаў, што ад Майго возьме і абве́сьціць вам.
16 Хутка ня будзеце бачыць Мяне́; дый ізноў хутка ўгле́дзіце Мяне́, што йду́ да Айца.
17 І гаварылі некато́рыя з вучняў Яго паміж са́бою: што́ гэта Ён гаворыць нам: хутка ня будзеце бачыць Мяне́ і зноў хутка ўгле́дзіце Мяне́, дый: Я йду да Айца?
18 І гаварылі: што́ гэта знача, што кажа Ён: хутка? Ня ве́даем, што гаворыць.
19 І пазнаў Ісус, што хочуць спытацца ў Яго, і сказаў ім: аб тым пытаецеся адзін у аднаго, што Я сказаў: хутка ня будзеце бачыць Мяне́ і зноў хутка ўгле́дзіце Мяне́?
20 Запраўды, запраўды кажу вам: вы запла́чаце і загало́сіце, а сьве́т уце́шыцца; вы су́мныя будзеце, але сум ваш у радасьць зьме́ніцца.
21 Жанчына, калі родзіць, ту́жыць, што прыйшла яе́ гадзіна, але, калі ўродзіць дзіця, дык ужо ня помніць аб го́ры ад радасьці, бо нарадзіўся чалаве́к на сьве́т.
22 Так і вы цяпе́р ту́жыце, але Я ўбачу вас ізноў, і ўзра́дуецца сэрца вашае, і радасьці вашай ніхто не адбярэ ў вас.
23 І ў той дзе́нь ня будзеце пытацца ў Мяне́ ні аб чым. Запраўды, запраўды кажу вам, што, аб чым папросіце Айца ў імя Маё, дасьць вам.
24 Да сяньня вы нічога не прасілі ў імя Маё; прасіце і дастанеце, каб радасьць ваша была поўная.
25 Гэтае Я гаварыў вам прыповесьцямі; але надходзіць гадзіна, калі ўжо ня буду гаварыць прыповесьцямі, але проста абвяшчу вам аб Айцу.
26 У той дзе́нь будзеце прасіць у імя Маё, і не кажу вам, што Я буду прасіць Айца за вас,
27 бо Сам Аце́ц любіць вас, бо вы палюбілі Мяне́ і паве́рылі, што Я зыйшоў ад Бога.
28 Я зыйшоў ад Айца і прыйшоў у сьве́т і зноў пакідаю сьве́т ды йду да Айца.
29 Вучні Яго сказалі Яму: вось Ты цяпе́р проста гаворыш і прыповесьці ня кажаш ніводнае.
30 Цяпер бачым, што Ты ве́даеш усё і ня маеш патрэбы, каб хто пытаўся ў Цябе́. Дзеля гэтага ве́рым, што Ты ад Бога зыйшоў.
31 Ісус адказаў ім: цяпе́р ве́рыце?
32 Вось надыхо́дзіць гадзіна, дый ужо прыйшла, калі вы рассе́ецеся кожын у свой бок і пакінеце Мяне́ аднаго. Але Я не адзін, бо Аце́ц са Мною.
33 Гэтае сказаў Я вам, каб мір ме́лі ў-ва Мне́. На сьве́це го́ра ме́ць будзеце, але спадзява́йцеся: Я перамог сьве́т.
Разьдзе́л 17
[правіць]
1 Гэтае сказаў Ісус і падняў вочы свае́ да не́ба і мовіў: Ойча! прыйшла гадзіна: усла́ў Сына Твайго, каб і Сын Твой усла́віў Цябе́;
2 бо Ты даў Яму ўладу над усякім це́лам, каб Ён усяму, што Ты даў Яму, даў бы жыцьцё ве́чнае.
3 Гэнае-ж жыцьцё ве́чнае ў тым, каб пазналі Цябе́, адзінага праўдзівага Бога, і Ісуса Хрыста, якога Ты паслаў.
4 Я ўславіў Цябе́ на зямлі: завяршыў дзе́ла, што Ты даў Мне́ зрабіць.
5 Дык цяпе́р услаў Мяне́ Ты, Ойча, у Цябе́ Самога тэй сла́ваю, якую Я ме́ў у Цябе́ ране́й істнаваньня сьве́ту.
6 Я абвясьціў імя Тваё людзям, якіх Ты Мне́ даў ад сьве́ту; яны былі Тваі, і Ты іх даў Мне́, і яны захавалі слова Тваё.
7 Цяпе́р зразуме́лі яны, што ўсё, што даў Ты Мне́, гэта ад Цябе́.
8 Бо словы, якія Ты даў Мне́, Я аддаў ім, і яны прынялі і запраўды зразуме́лі, што Я ад Цябе́ зыйшоў, і паве́рылі, што Ты Мяне́ паслаў.
9 За іх прашу, не за ўве́сь сьве́т прашу, але за тых, якіх Ты даў Мне́, бо яны Тваі.
10 І ўсё Маё Тваё, і Тваё Маё; і ў іх Я ўславіўся.
11 Я ўжо не на сьве́це, але яны на сьве́це, Я-ж да Цябе́ іду. Ойча сьвяты! захавай іх у імя Тваё, тых, якіх Ты Мне́ даў, каб яны былі адно, як і Мы.
12 Калі Я быў на сьве́це з імі, Я захаваў іх у імя Тваё; тых, якіх Ты Мне́ даў, Я захаваў, і ніхто з іх ня згінуў, апрача сына пагібелі, каб выпаўнілася пісаньне (Пс. 108, 17).
13 Цяпе́р жа да Цябе́ іду і гэтае кажу на сьве́це, каб яны ме́лі радасьць Маю ў сабе́ поўную.
14 Я аддаў ім слова Тваё, і сьве́т зьненавідзіў іх, бо яны не із сьве́ту, як і Я не із сьве́ту.
15 Не прашу, каб Ты ўзяў іх із сьве́ту, але каб захаваў іх ад зла.
16 Яны не із сьве́ту, як і Я не із сьве́ту.
17 Асьвяці іх праўдаю Твае́ю: слова Тваё праўда.
18 Як Ты паслаў Мяне́ ў сьве́т, так і Я пасылаю іх у сьве́т.
19 І за іх Я пасьвячаю Сябе́, каб і яны былі асьве́чаны праўдаю.
20 Не за іх жа толькі малю, але й за тых, што ўве́равалі ў Мяне́ па слову іх.
21 Няхай будуць усе́ адно: як Ты, Аце́ц, у-ва Мне́, і Я ў Табе́, так і яны няхай будуць адно, каб паве́рыў сьве́т, што Ты паслаў Мяне́.
22 І славу, якую Ты даў Мне́, Я даў ім, каб былі адно, як Мы адно.
23 Я ў іх, і Ты ў-ва Мне́; каб былі злу́чаны ў вадно, і няхай пазна́е сьве́т, што Ты паслаў Мяне́ і палюбіў іх, як палюбіў Мяне́.
24 Ойча, каго Ты Мне́ даў, хачу, хай і яны будуць са Мною там, дзе́ Я, каб бачыць сла́ву Маю, якую Ты Мне́ даў, бо палюбіў Мяне́ ране́й заснава́ньня сьве́ту.
25 Ойча справядлівы! сьве́т Цябе́ не пазнаў, але Я пазнаў Цябе́, і яны пазналі, што Ты паслаў Мяне́.
26 І Я абвясьціў ім імя Тваё і абвяшчаю, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне́, у іх была, і Я ў іх.
Разьдзе́л 18
[правіць]
1 Сказаўшы гэтае, Ісус выйшаў з вучнямі Сваімі за́ ручэй Кедрон, дзе́ быў сад, у які ўвайшоў Сам і вучні Яго.
2 Ве́даў жа гэтае ме́сца і Юда, што прадаў Яго, бо Ісус і вучні Яго там часта зьбіраліся.
3 Вось Юда, узяўшы роту ды слуг ад архірэяў і фарысэяў, прыходзіць туды з ліхтарамі, сьве́тачамі і аружжам.
4 Ісус жа, ве́даючы ўсё, што з Ім будзе, выйшаў і сказаў ім: каго шукаеце?
5 Яму адказалі: Ісуса Назарэя! Ісус кажа ім: гэта Я. Стаяў жа з імі і Юда, што прадаў Яго.
6 І, калі сказаў ім: гэта Я, яны адступіліся назад і ўпалі на зямлю.
7 І ізноў спытаўся ў іх: каго шукаеце? Яны сказалі: Ісуса Назарэя.
8 Ісус адказаў: Я сказаў вам, што гэта Я; дык вось, калі Мяне́ шукаеце, дайце ім адыйсьці,
9 каб споўнілася слова, сказанае Ім: з тых, якіх Ты даў Мне́, Я не загубіў нікога.
10 Сымон жа Пётр, маючы ме́ч, выняў яго і ўдэрыў слугу́ архірэявага і адсе́к яму правае вуха; слуга́-ж той зваўся Малх.
11 Але Ісус сказаў Пятру: палажы ме́ч у ножны. Няўжо-ж я ня вып'ю чары, што даў Мне́ Аце́ц?
12 Тады жаўне́ры і тысячнік і слугі жыдоўскія ўзялі Ісуса, зьвязалі Яго
13 і павялі Яго сьпярша да Анны, бо ён быў це́сьцем Кайяфы, які быў на той год архірэем.
14 Гэта быў той Кайяфа, які пара́дзіў Жыдом, што ле́пш, каб адзін чалаве́к пагіб за народ.
15 За Ісусам ішоў Сымон Пётр і другі ву́чань; ву́чань гэны быў знаёмы з архірэем, дык ён увайшоў з Ісусам на архірэйскі падворак,
16 а Пётр стаяў за варотамі. І вось той другі ву́чань, знаёмы з архірэем, выйшаў і сказаў прыдзьве́рніцы і ўвёў Пятра.
17 Тут служанка прыдзьве́рніца кажа Пятру: ці і ты ня з вучняў гэтага чалаве́ка? Ён сказаў: Не́!
18 Рабы-ж і слугі, распаліўшы аго́нь, бо было сьцюдзёна, стаялі й грэліся. Пётр таксама стаяў з імі і грэўся.
19 Архірэй жа спытаўся ў Ісуса аб вучняў Яго і аб вучэньне Яго.
20 Ісус адказаў яму: Я ясна гаварыў сьве́ту; Я заўсёды навучаў у царкве́ і школе, дзе́ звычайна зьбіраюцца Жыды, і ўкрадкам не гаварыў нічога.
21 Чаму пытаешся ў Мяне́? Папытайся ў тых, хто слухаў, што Я гаварыў ім. Вось яны ве́даюць, што Я казаў.
22 Як жа Ён сказаў гэтае, адзін із слуг, што блізка стаяў, удэрыў Ісуса па абліччу і сказаў: так Ты адказваеш архірэю?
23 Ісус адказаў яму: калі Я сказаў бла́га, дакажы, што бла́га, а калі добра, за што б'е́ш Мяне́?
24 Анна паслаў Яго зьвязанага да архірэя Кайяфы.
25 А Сымон Пётр стаяў і грэўся. Тут кажуць яму: ці і ты не з Яго вучняў? А той адрокся і сказаў: не́!
26 Кажа адзін із слуг архірэйскіх, сваяк таго, якому Пётр адсе́к вуха: ці-ж ня ба́чыў я цябе́ з Ім у садзе?
27 Пётр ізноў адрокся; і зараз жа прапяяў пе́вень.
28 Ад Кайяфы павялі Ісуса да прэторыі. Была раніца, і яны не ўвайшлі ў прэторыю, каб не занячысьціцца, ды каб можна было е́сьці пасху.
29 Пілат выйшаў да іх і сказаў: у чым вінаваціце чалаве́ка гэтага?
30 Яны адказалі і сказалі яму: калі-б Ён ня быў такі злачынца, мы ня выдалі-б Яго табе́!
31 Пілат сказаў ім: вазьме́це Яго вы і па вашаму закону судзіце Яго. Жыды сказалі яму: нам нікога ня гожа забіваць.
32 Каб споўнілася слова Ісуса, якое Ён сказаў, абвяшчаючы, якою сьме́рцяй ма́е паме́рці
33 Дык Пілат ізноў увайшоў у прэторыю і, паклікаўшы Ісуса, сказаў Яму: Ты Цар Жыдоўскі?
34 Ісус адказаў яму: ці ад сябе́ ты гаворыш гэтае, ці другія сказалі табе́ аба Мне́?
35 Пілат адказаў: ці-ж я Жыд? Цябе́ твой народ і архірэі выдалі мне́; што́-ж Ты зрабіў?
36 Ісус адказаў: Царства Маё ня з гэтага сьве́ту; калі-б з гэтага сьве́ту было царства Маё, то слугі Маі бароліся бы, каб Жыды ня выдалі Мяне́. Але царства Маё ня згэтуль.
37 Пілат сказаў Яму: дык Ты Цар? Ісус адказаў: ты кажаш, што Я цар. Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў на сьве́т, каб сьве́дчыць аб праўдзе. Кожын, хто ад праўды, слухае голасу Майго.
38 Кажа Яму Пілат: Што такое праўда? І, сказаўшы гэтае, ізноў выйшаў да Жыдоў і сказаў ім: я ніякае віны ў Ім не знаходжу.
39 Ёсьць жа ў вас звычай, каб я не́кага звальняў вам на Пасху. Хочаце, пушчу вам Цара Жыдоўскага?
40 Тады ізноў закрычэлі ўсе́, кажучы: не Яго, але Варавву! А Варавва быў душагуб.
Разьдзе́л 19
[правіць]
1 Тады Пілат узяў Ісуса і бічаваў Яго.
2 І жаўне́ры, сплёўшы вянок з цярніны, узьдзе́лі Яму на галаву і апранулі Яму чырвоны плашч
3 і гаварылі: радуйся, Цар Жыдоўскі! І білі Яго па абліччу.
4 Пілат ізноў выйшаў і сказаў ім: вось я выводжу Яго да вас, каб вы ве́далі, што я не знаходжу ў Ім ніякае віны.
5 Тады выйшаў Ісус у цярновым вянку й чырвоным плашчу. І сказаў ім Пілат: вось чалаве́к!
6 Як убачылі Яго архірэі і слугі іх, дык пачалі крычэць, кажучы: распні, распні Яго! Пілат кажа ім: вазьме́це Яго і ўкрыжуйце вы, бо я не знаходжу ў Ім ніякае віны.
7 Жыды адказалі яму: мы маем закон; і па закону нашаму мусіць паме́рці, бо́ зрабіў Сябе́ Сынам Божым.
8 Пілат, пачуўшы гэтае слова, яшчэ больш спужаўся.
9 І ізноў увайшоў у прэторыю і сказаў Ісусу: адкуль Ты? Але Ісус не адказаў яму нічога.
10 Пілат кажа Яму: Ты мне́ не адказваеш? Ці ня ве́даеш, што магу ўкрыжаваць Цябе́ і магу звольніць Цябе́?
11 Ісус адказаў: ты ня ме́ў бы ніякае ўлады нада Мною, калі-б Табе́ ня было да́дзена з вышыні; дзеля гэтага больш грэху на тым, хто Мяне́ прадаў табе́.
12 З таго мамэнту Пілат стараўся звольніць Яго. Жыды-ж крычэлі, кажучы: калі звольніш Яго, ты ня друг Ке́сару; кожны, хто робіць сябе́ царом, вораг ке́сара.
13 Пілат, пачуўшы гэтае слова, вывеў вон Ісуса і се́ў на судовым паса́дзе, на ме́сцы, што называлася літо́стратон а па жыдоўску Гаввафа.
14 Была-ж тады пятніца перад Пасхай, і гадзіна шостая. І сказаў Пілат Жыдо́м: вось Цар ваш!
15 Але яны закрычэлі: вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго! Пілат кажа ім: як я распну Цара́ вашага? Архірэі-ж адказалі: няма ў нас цара́, апрача Ке́сара.
16 Тады ён аддаў Яго на ўкрыжава́ньне. І ўзялі Ісуса й павялі.
17 І, нясучы крыж Свой, Ён выйшаў на ўрочышча Чарапоў, што пажыдоўску называецца Галгофа,
18 дзе́ і ўкрыжавалі Яго і з Ім двух другіх наабапал Яго, а ў сярэдзіне Ісуса.
19 Пілат жа і надпіс напісаў і паставіў на крыжу. Напісана было: Ісус Назаранін, Цар Жыдоўскі.
20 Гэты надпіс чыталі многія з жыдоў, бо ме́сца, дзе́ быў укрыжаваны Ісус, было недалёка ад ме́ста, дый напісана было пажыдоўску, пагрэцку і парымску.
21 Архірэі-ж жыдоўскія сказалі Пілату: ня пішы: "Цар Жыдоўскі", але напішы, што Ён Сам казаў: "Я цар жыдоўскі."
22 Пілат адказаў: што я напісаў, тое напісаў.
23 Жаўне́ры-ж, як расьпялі Ісуса, узялі вопратку Яго і падзялілі на чатыры часткі — ко́жнаму жаўне́ру частка, дый хітон; хітон жа быў ня шыты, але ўве́сь вытканы ад ве́рху;
24 дык сказалі адзін аднаму: ня будзем разьдзіраць яго, а кінем жэрабе: чый будзе; каб збыло́ся сказанае ў Пісаньні: Падзялілі адзе́жу Маю між сабою і аб вопратку Маю жэрабе кідалі (Пс. 21, 19). Так і ўчынілі жаўне́ры.
25 Стаялі-ж ля крыжа Ісусавага Маці Яго і сястра Маткі Яго, Марыя Кляопава, і Марыя Магдаліна.
26 Ісус жа, угле́дзіўшы Матку і стаяўшага побач вучня, якога любіў, кажа Матцы сваёй: Жанчына, вось сын твой!
27 Пасьля кажа вучню: вось Маці твая! І з таго часу вучань гэты ўзяў яе́ да сябе́.
28 Пасьля таго Ісус, ве́даючы, што ўжо ўсё збылося, каб споўнілася Пісаньне, кажа: піць хачу!
29 Тут стаяла судзіна, поўная воцату. Жаўне́ры, набраўшы воцату губкай і ўзьдзе́ўшы яе́ на трысьціну, паднялі да вуснаў Яго.
30 Ісус жа, як узяў воцату, сказаў: Збылося! і, нахіліўшы галаву, аддаў дух.
31 А як была пятніца, дык жыды, каб не пакінуць це́лаў на крыжу ў суботу, (бо той дзе́нь суботні быў вялікі), прасілі Пілата, каб перабіць у іх гале́ні і зьняць.
32 І вось прыйшлі жаўне́ры і ў пе́ршага перабілі гале́ні, і ў другога ўкрыжаванага з Ім.
33 Прыйшоўшы-ж да Ісуса, як убачылі, што Ён ужо ўмёр, дык не перабівалі ў Яго гале́няў;
34 толькі адзін з жаўне́раў прабіў Яму бок рагатынаю, і ўраз жа пацякла кроў і вада.
35 Той, хто бачыў, пасьве́дчыў, і сьвядоцтва яго праўдзівае; і ён ве́дае, што кажа праўду, каб вы паве́рылі.
36 Бо ўсё гэтае ста́лася, каб збылося Пісаньне: Косьць Яго няхай не пераломіцца (Выхад. 12, 46).
37 Дый ізноў жа ў другім ме́сцы гаворыць Пісаньне: Угле́дзяць, каго прабілі (Захар. 12, 10).
38 Пасьля гэтага Язэп з Арыматэі (ён быў вучнем Ісуса, але тайным дзеля страху перад жыдамі) папрасіў Пілата зьняць це́ла Ісуса; і Пілат дазволіў. Дык пайшоў і зьняў це́ла Ісуса.
39 Прыйшоў такжа й Нікадэм (ён прыходзіў ране́й да Ісуса ўначы) і прынёс ме́шаніну з сьмірны і алёэ літраў каля ста.
40 І ўзялі яны це́ла Ісуса і абярнулі Яго ў палатно з пахнідламі, як звычайна хароняць жыды.
41 На тым ме́сцы, дзе́ Ён быў укрыжаваны, быў сад, і ў садзе новая магіла, у якой яшчэ ніхто ня быў паложаны.
42 Вось тутака дзеля пятніцы жыдоўскай (бо магіла была блізка) і палажылі це́ла Ісуса.
Разьдзе́л 20
[правіць]
1 У пе́ршы-ж дзе́нь тыдня Марыя Магдаліна прыходзіць раніцай да магілы і бачыць, што ка́мень ад магілы адва́лены.
2 Дык бяжыць і прыходзіць да Сымона Пятра і другога вучня, якога любіў Ісус, і кажа ім: узялі Го́спада з магілы, і ня ве́даем, дзе́ палажылі Яго.
3 І выйшаў Пётр і другі вучань і пайшлі к магіле.
4 Бе́глі-ж абодва разам, і другі вучань баржджэй абагнаў Пятра і прыйшоў да магілы пе́ршы
5 і, нахіліўшыся, бачыць ляжучы палатніну, але не ўвайшоў.
6 І прыходзіць за ім Сымон Пётр і ўваходзіць у магілу ды бачыць ляжучы адну палатніну
7 і хустку, што была на галаве́ Яго, ды ня разам з палатнінай, але асобна скручаную на другім ме́сцы.
8 Тады ўвайшоў і другі вучань, што ране́й прыйшоў да магілы, і ўбачыў і паве́рыў.
9 Бо яны яшчэ ня ве́далі напісанага, што Ён мусіць уваскрэснуць.
10 Дык вучні ізноў пайшлі да сябе́.
11 А Марыя стаяла ля магілы і плакала; і плачучы нагнулася да магілы.
12 І бачыць двух ангелаў у бе́лым адзе́ньні, се́дзячы адзін угало́вах, другі ўнага́х, дзе́ ляжала це́ла Ісуса.
13 І яны кажуць ёй: жанчына! чаго плачаш? Яна адказвае: забралі Госпада майго, і ня ве́даю, дзе́ палажылі Яго.
14 Сказаўшы гэтае, аглянулася назад і ўбачыла, што стаіць Ісус, але не пазнала, што гэта Ісус.
15 І кажа ёй Ісус: жанчына! чаго ты плачаш? каго шукаеш? Яна, думаючы, што гэта садоўнік, кажа яму: Госпадзе! калі ты вынес Яго, скажы мне́, дзе́ ты палажыў Яго, і я вазьму Яго.
16 Ісус кажа ёй: Марыя! Яна, аглянуўшыся, кажа Яму: Раввуні! г. зн. Вучыцель!
17 Ісус кажа ёй: не дакрана́йся да Мяне́, бо Я яшчэ ня ўзыйшоў да Айца Майго, але йдзі да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, і Бога Майго і Бога вашага.
18 Марыя Магдаліна ідзе́ й абвяшчае вучням, што бачыла Госпада, і што Ён гэта сказаў ёй.
19 І ўве́чары таго-ж пе́ршага дня тыдня, калі дзьве́ры дому, дзе́ зьбіраліся вучні Яго, былі замкнёны ад страху перад Жыда́мі, прыйшоў Ісус і стануў пасярэдзіне і сказаў ім: мір вам!
20 І, сказаўшы гэтае, паказаў ім рукі й бок свой. І ўзрадаваліся вучні, убачыўшы Госпада.
21 Ісус жа сказаў ім ізноў: мір вам! Як паслаў Мяне́ Аце́ц, так і Я пасылаю вас.
22 Сказаўшы гэтае, дыхнуў і кажа ім: прыйміце Духа Сьвятога.
23 Каму адпусьціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым астануцца.
24 А Хама́, адзін з дванаццацёх, званы Блізьнюк, ня быў тут з імі, калі прыходзіў Ісус.
25 Другія вучні сказалі Яму: мы бачылі Госпада. Але ён сказаў ім: калі ня ўбачу на руках Яго ранаў ад цьвякоў і не́ уткну́ пальца Майго ў раны ад цьвякоў, і не ўлажу рукі маёй у бок Яго, не паве́ру.
26 І цераз восем дзён ізноў былі ў доме вучні Яго і Хама́ з імі. Прыходзе Ісус пры замкнёных дзьвярох, стануў пасярэдзіне і сказаў: мір вам!
27 Потым кажа да Хамы: дай сюды палец твой і паглядзі рукі Мае́; дай руку тваю і ўлажы ў бок мой; і ня будзь няве́руючым, але ве́руючым.
28 Хама́ адказаў Яму і сказаў: Госпадзе мой і Божа мой!
29 Ісус кажа яму: ты, Хама́, паве́рыў, бо бачыў Мяне́; шчасьлівыя ня бачыўшыя і паве́рыўшыя.
30 І многа зрабіў Ісус перад вучнямі Сваімі другіх цу́даў, аб якіх не напісана ў гэтай кнізе;
31 а гэтае-ж напісана, каб вы паве́рылі, што Ісус ёсьць Хрыстос, Сын Божы, і, ве́руючы, ме́лі жыцьцё ў імя Яго.
Разьдзе́л 21
[правіць]
1 Пасьля гэтага ізноў зьявіўся Ісус вучням Сваім ля мора Тывэрыядзкага. Зьяві́ўся вось як:
2 былі разам Сымон Пётр і Хама́, званы Блізьнюк, і Натанаіл з Каны Галіле́йскай, і сыны Завядзе́явы, і двое другіх з вучняў Яго.
3 Сымон Пётр кажа ім: іду лавіць рыбу. Кажуць яму: ідзе́м і мы з табою. Пайшлі і зараз увайшлі ў човен і не злавілі ў тую ноч нічога.
4 Калі-ж ужо наста́ла раніца, Ісус стаяў на бе́разе, але вучні не пазналі, што гэта Ісус.
5 Ісус кажа ім: дзе́ці! Ці ёсьць у вас якая-не́будзь ядоміна? Яны адказалі Яму: няма.
6 Ён жа сказаў ім: закіньце се́ці па правы бок чаўна і зло́віце. Яны закінулі, ды ўжо не маглі выцягнуць се́ці ад масы рыбы.
7 Тады вучань, якога любіў Ісус, кажа Пятру: гэта Госпад. Сымон жа Пётр, пачуўшы, што гэта Госпад, падпераза́ўся (бо быў голы) і кінуўся ў мора;
8 а другія вучні прыплылі ў чоўне (бо недалёка былі ад зямлі, локцяў каля двухсот), цягнучы се́ць з рыбаю.
9 Калі-ж выйшлі на зямлю, бачаць раскладзены агонь і на ім рыбу ды хле́б.
10 Ісус кажа ім: прынясе́це рыбы, якую вы цяпе́р злавілі.
11 Сымон Пётр пайшоў і выцягнуў на зямлю се́ць, поўную вялікіх рыбаў; іх было сто пяцьдзесят тры, і пры гэткім множстве се́ць не прарвалася.
12 Ісус кажа ім: ідзіце абе́дайце. З вучняў жа ніхто не адва́жыўся папытацца ў Яго: хто Ты? бо ўсе́ ве́далі, што гэта Госпад.
13 Ісус прыходзіць, бярэ хлеб і дае́ ім; таксама й рыбу.
14 Гэта ўжо трэці раз зьявіўся Ісус вучням Сваім пасьля ўваскрасе́ньня Свайго.
15 Калі-ж яны абе́далі, Ісус кажа Сымону Пятру: Сымон Іонін, ці любіш ты Мяне́ больш, чым яны? Пётр кажа Яму: так, Госпадзе! Ты ве́даеш, што я люблю Цябе́. Ісус кажа яму: пасі аве́чкі Мае́.
16 Яшчэ кажа яму другі раз: Сымон Іонін! ці любіш ты Мяне́? Пётр кажа Яму: так, Госпадзе, Ты ве́даеш, што я люблю Цябе́. Ісус кажа яму: пасі аве́чкі Мае́.
17 І кажа яму трэці раз: Сымон Іонін! Ці любіш ты Мяне́? Пётр засмуціўся, што трэці раз спытаўся ў Яго: ці любіш ты Мяне́? і сказаў Яму: Госпадзе! Ты ўсё ве́даеш; Ты ве́даеш, што я люблю Цябе́! Ісус кажа яму: пасі аве́чкі Мае́!
18 Запраўды, запраўды кажу табе́: калі ты быў малады, дык падпяра́зваўся сам і хадзіў, куды хаце́ў; а як састарэеш, то выцягнеш рукі твае́, і другі́ цябе́ падперажэ і павядзе́, куды ня схочаш.
19 Гэтае-ж сказаў, пака́зуючы, якою сьме́рцяю Пётр уславіць Бога. І, сказаўшы гэтае, кажа яму: ідзі за Мною.
20 Пётр жа, аглянуўшыся, бачыць за ім вучня, якога любіў Ісус, ды што на вячэры, прыпаўшы да грудзе́й Яго, сказаў: Госпадзе! хто прадасьць Цябе́?
21 Убачыўшы яго, Пётр кажа Ісусу: Госпадзе! а ён што?
22 Ісус кажа яму: калі Я хачу, каб ён ператрываў, пакуль прыду, што́ табе́ да гэтага? Ты йдзі за Мною!
23 І праняслося тое слова між братоў, што вучань той не памрэ. Але Ісус не сказаў яму, што не памрэ, а: калі Я хачу, каб ён ператрываў, пакуль прыду, што табе́ да гэтага?
24 Гэты вучань і сьве́дчыць аб гэтым і напісаў гэтае. І мы ве́даем, што праўдзівае сьвядоцтва яго.
25 Ёсьць і многа другога, што ўчыніў Ісус, але, каб напісаць гэтае асобна, дык, думаю, і самому сьве́ту не зьмясьціць бы напісаных кнігаў. Амін.