Нязнаны верш Мігановіча
Нязнаны верш Мігановіча Артыкул Аўтар: Антон Луцкевіч Крыніца: БДАМЛМ: ф. 3, воп. 1, адз. захав. 275, арк. 8—13 |
У рукапіснай кніжыцы з надпісам на першай страніцы імя ўласьніка і перапішчыка: «Petersburg 16 grudnіa 1882. St. Nіeścіuszko-Bujnіckіego», — сярод перапісаных твораў Дуніна-Марцінкевіча («Гапон», «Павіншаваньне войта Навума», адрывак перакладу паэмы «Пан Тадэвуш», «Шчароўскія дажынкі», верш Навума Прыгаворкі на прыезд у Менск А. Концкага, Уладыслава Сыракомлі і Станіслава Манюшкі), а такжа прыпісыванага Д.-Марцінкевічу вершу «Вот свабоду дадуць скора» і баляды Рыпінскага «Нячысьцік», — зьмешчаны нязнаны дагэтуль у беларускай літаратуры «акалічнасьцёвы» верш Мігановіча пад назовам «Ігнат Сьліўка». Хоць верш гэты мастацкае цаны ня маець і ў мове яго шмат русіцызмаў, усё ж ён цікаўны тым, што ў пэўнай меры адбівае настроі шляхты ў Дзісьненшчыне (— на паходжаньне зь Дзісьненшчыны паказуе і мова, і ўспамін Дзьвіны, і факт, што Нясьцюшкі-Буйніцкія паходзяць з гэтага павету). Цікаўна і тое, што акалічнасьцёвыя вершы каля [18]80-х гадоў шляхта ўсё яшчэ пісала па-беларуску, а выражэньне, што імяніньнік справіў гучныя імяніны «каб уславіць Беларусь», паказуе на выразнае пачуцьцё яе прыналежнасьці да беларускае нацыянальнасьці.