Перайсці да зместу

Бусел і бусляняты

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Бусел і бусляняты
Аўтар: Язэп Лёсік
Крыніца: http://old.knihi.com/losik/busiel.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ведама, што часта бацькі даюць сваім дзецям такое выхаванне, каб яны былі карыснымі ім, а не сабе.

Вось дзеля такіх бацькоў раскажу я байку аднаго нябошчыка-беларуса.

Ляціць бусел па-над морам і нясе пад сваімі крыллямі трох буслянят. Як стала цяжка несці, дык ён пытае ў першага дзіцяці: «Ці будзеш ты мяне несці, як я састарэюся?» Бусляня спалохалася, каб бацька не кінуў яго ў мора, дый кажа: «Буду». Бусел кінуў яго ў мора.

Паляцеў ён далей з двума буслянятамі. Зноў стала цяжка. Пытае ён тагды ў другога бусляняці: «Як састарэюся я, ці ты будзеш несці мяне таксама, як я цябе нясу?» — «Буду!» — са страху адказала і другое бусляня. Бусел кінуў яго ў мора, бо й яно сказала няпраўду.

Паляцеў ён цяпер з апошнім дзіцем. Пасярэдзіне мора ізноў стала цяжка несці. Бусел пытае ў свайго трэцяга бусляняці, ці будзе яно несці бацьку, як ён зробіцца старым. «Не, не буду, — адказала бусляня, — бо тагды я буду мець свае дзеці, і мне трэ будзе насіць іх».

Трэцяе бусляня сказала праўду, і бацька перанёс яго цераз мора.