Аўтаномія Беларусі
Аўтаномія Беларусі Публіцыстыка Аўтар: Язэп Лёсік |
Лёсік Я.
Аўтаномія
Беларусі
Мінск, 1917ВЫДАНЬНЕ «ВОЛЬНАЕ БЕЛАРУСІ».
АУТАНОМІЯ
БЕЛАРУСІ.
МІНСК.
Друкарня Н. М. Нахумова
1917.
Гэтую кніжачку вы ня знойдзеце ні ў воднай бібліятэцы на Беларусі, нават у «спецхранах» «Ленінкі» і «Акадэмкі». Тыраж зьнішчаны яшчэ ў 1922 годзе. «Книга Лесика „Аўтаномія Беларусі“ была запрещена к распространению как „шовіністіческого характера“ 26/XII-22 г.» — паведамляў чэкіст Апанскі сакратару ЦК КПБ/б/ Крыніцкаму.
Артыкул «Аўтаномія Беларусі» быў напісаны Язэпам Лёсікам у верасні 1917 г. і выйшаў асобнай брашурай праз месяц, у кастрычніку… Думаю, што гэтая праца аднаго з буйнейшых дзеячоў нашага Адраджэньня будзе гучаць даволі актуальна зараз, калі праблемы незалежнасьці, суверэнітэту Беларусі хвалююць усё наша грамадзтва. Трэба толькі памятаць, што артыкул пісаўся тады, калі ў беларускіх нацыянальных колах пераважала ідэя аўтаноміі, а не поўнай незалежнасьці. Яшчэ не адбылася Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя і разгон Усебеларускага Кангрэсу ў сьнежні 17-га, яшчэ ня было Берасьцейскага мірнага дагавору, дзе ўлічваліся любыя інтарэсы, апроч беларускіх…
І яшчэ адна каштоўнасьць кнігі. У 17-м годзе яшчэ не існавала агульнапрынятага беларускага правапісу. Гэты варыянт быў створаны самім Я. Лёсікам і ім выдавалася газэта «Вольная Беларусь».
З-за кепскага захаваньня арыгіналу немагчыма было факсімільнае ўзнаўленьне выданьня. Падабенства захоўвае толькі вокладка. Тэкст жа перабраны на машыне з супадзеньнем старонак, радкоў, пераносаў і правапісу. Толькі грубыя наборныя памылкі былі выпраўлены пры апрацоўцы.
Алесь Жынкін I.
Магутным рухам народаў Расіі зруйнованы муры маскоўскага царызму. Апалі кайданы пякельнай пакуты, паламаны ёрма няволі й нядолі і усе народы Расіі вышлі на вольны шлях жыцьця. Празваніў звон волі і ўстае з руін заняпаду наша айчына, наша бацькаўшчына Беларусь. Заруніцца яна жытам-пшаніцаю і заквітнея цьветам-калінаю!
Але ні ўсе яшчэ разумеюць у нас, на што здаліся нам новыя парадкі. Ні кожнаму зразумелы інтарэсы народа. Ні ўсім відна выгода ад самабытнасьці і аўтаноміі. Шмат ёсьць і да гэтага часу прыхільнікаў адсталасьці і русіфікацыі Беларусі. Шмат каму ні пад густ наша адраджэньне, і часта можна чуць, як верадуюць ворагі нашы і крычаць хвальшывыя заступнікі долі народнай, пратэстуючы проці нацыанальнай нізалежнасьці нашай і асьветы народа у яго роднай, спрадвечнай мові. Але гісторыя сьведчыць, што ня было тае справы, ня было такой ідэі, якая-б не нажыла сабе ворагаў. Гэта яны, гасіцелі праўды, распіналі Хрыста, палілі Гуса і білі прарокаў…
Заўважыўшы гэта, мы павінны памятаць і заўсюды трымаць на увазі, што беларусы — народ асобны і ніпадобны ні да расійцаў, ні да палякоў, а, значынца, і патрэбы мы маем асобныя, свае беларускія, адметныя і нават нізгодныя с патрэбамі расійцаў, палякоў ці якога іншага народу. Кожны разважае свае справы па-своему, на карысьць свайго уласнага жыцьця, дзеля гэтага і мы павінны мяркавацца о тым, што вымагаецца варункамі нашага жыцьця, што карысна нам і што спрыяе нашаму нацыанальнаму, культурнаму і гаспадарскаму дабрабыту.
Але што ж будзе, калі мы забудзямся аб сваіх беларускіх патрэбах і сапраўды згодзімся с тымі, каторыя кажуць, што ў дзяржаві Расійскай трэба зрабіць адзін парадак, аднакі для усіх народаў Расіі? А будзе тое, што маскоўцы пабудуюць гэты парадак на свой густ, дапасуюць яго да патрэб свайго жыцьця і зямлю, напрыклад, падзеляць так, як яны звыклі карыстацца ёй спакон веку. Усё гэта трапіцца з намі, калі мы станем слухаць тых "дабрадзеяў", што ня прызнаюць нас за асобны народ, ня лічаць нас за беларусаў, каторыя кажуць, што у нас свае мовы німа і нам ніпатрэбна яна, што мы павінны парабіцца расійцамі або палякамі, дзеля чаго, моў, будуйце у сябе школы расійскія ці польскія, а ні свае, беларускія. Іншыя кажуць гэта наўмысьля, а другія, проста, па нідавумству і глупству. А то бывае і так, што чалавек, як расійскі сацыаліст, напрыклад ня ведае ні нас, ні жыцьця нашага, Ен нават і шчыра хацеў-бы зрабіць нам дабро, дык ня можа і сваёю фатыгай толькі псуе нам і нарабляе шкоды, бо, ня ведаючы ні нас, ні жыцьця нашага, шые абутак для нас на свой уласны, маскоўскі капыл. Разумеяцца, такі абутак будзе заусюды муляць нам і дапекаць пры ужыванні.
Ніхто лепяй ня ведае нашых патрэб як мы самі: ніхто ні завядзе лепшага парадку у гаспадарцы, як сам гаспадар. Калі мы папусьцімся і аддамо развагу сваіх патрэб у рукі чужынцаў, або сваіх вырадкаў, што адракліся і нас і мовы нашае, дык яны усё зробяць так, як гэта добра для жыцьця на Маскоўшчыні, або дзе небудзь у Польшчы. Канец канцом мы сьцямім і схамяномся па часі, што нарабілі сабе бяды, але будзе позна. Нас заўсюды запыняць і скажуць: "Ня вярадуй, васпан, - скачы, уражэ, як пан кажэ!.."
Вось дзеля таго, каб ухіліцца ад усіх гэтых прыкрых зьявішч, каб ня папасьціся пад загад і кіраўніцтва чужынцам, каб потым ні скардзіцца, ні вярадаваць, праклінаючы жыцьцё сваё па часі, каб ні клялі нас дзеткі нашы, апыніўшыся праз нас, праз нідавумства і нідбаласьць нашу, у нацыанальным палоні у чужынцаў - маскоўцаў або палякоў, - дзеля ўсяго гэтага мы і павінны дамагацца аўтаноміі для свайго краю, аўтаноміі Беларусі. У вольнай дзяржаві ніхто ні мае права забараняць жыць так, як народ сам таго хоча, абы ня перашкаджала гэта вольнаму жыцьцю другога народу, бо кажуць, што кожны народ мае права на самаадзначэньне, т.-е. мець свае парадкі, вучыцца і гаварыць сваёю моваю, словам, жыць уласным жыцьцём, развіваючы сваю культуру і свой гаспадарскі дабрабыт. І калі народ у дзяржаві жыве сваім уласным жыцьцём, калі ён мае свае парадкі, свае законы і установы у сваём родным краю і ніхто яму ні перашкаджае, дык і кажуць, што гэты народ жыве аўтаномна. Аўтаномна жыве Ірляндыя, Трансваль/буры/ у Англіі, на грунці аўтаноміі пабудавана жыцьцё усіх краёў у Амэрыцы. Усе культурныя, асьвечныя людзі дамагаюцца аўтаноміі, а гэта знача, што і мы, беларусы, ні павінны прыставаць ад іх, каб ня заблудзіць, ды ня згінуць у цемры. Хто хоча сабе дабра, той ня скажа, што яму ні патрэбна аўтаномія. Толькі цёмны, забіты народ можа гэта сказаць...
Нашы селяне на зьездах выслаўляліся у тым сэнсі, што ім ні патрэбна аўтаномія, але-ж рабілі яны гэта па нідавумству і цямнаце сваёй, а найбольш па падашуканству, бо разам з гэтым яны казалі, што і мова іх ім ні патрэбна. Ніхто на сьвеці ні адрэкаецца ад свае мовы, — і немцы, і пранцузы, і палякі, і расійцы, чэхі і баўгары шануюць і любяць сваю мову, а нашы селяне — адрэкаюцца. Значыць, — робяць яны гэта па нідавумству і цемнаце. Ведаючы, што наша селянства забіта і цёмна, ворагі Беларусі карыстаюць з гэтага і кажуць: «запытайце у народу». А хіба, спытаем мы іх, рэвалюцыанэры пыталіся у народу, як ушчыналі рэбалюцыю? Хіба яны ні ведалі, што народ, па цемнаце сваёй мог спалохацца, ды выславіцца за тое, каб цара ні чапалі? Яны гэта ведалі і рабілі так, як яно па разумнаму дасьледу выходзе лепяй і карысней.
Яшчэ ворагі беларушчыны кажуць, на што будаваць беларускія школы, калі народ іх ні хоча? Народ... Як жа народ запатрэбуе сваіх беларускіх школаў, калі ён іх ніколі ні бачыў і нічагутка у гэтай справі ні цяміць? Дзіўная гэта звычка у людзей пасылацца на народ там, дзе яно саўсім ні да рэчы. У ваўсіх іншых пытаннях мы зьвяртаемся да знаўцаў і спэцыялістаў, а вот пры дзяржаўным адбудаванні здавальняемся думкамі такіх майстраў, як цёмны, нікультурны народ, каторы у халерны год забіваў дактароў, а у час рэакцыі лавіў ды выдаваў царскай паліцы рэвалюцыанэраў, паламаўшы ім рэбры… Народ добрая рэч, але яму трэба расказаць, растлумачыць, яго трэба спачатку асьвяціць, навучыць, а ўжо потым клікаць да сябе на параду…
II.
Да гэтага часу Расія была і покі што застаецца дзяржаваю ні хаўруснаю, або, як кажуць, ні фэдэратыўнаю. Ні водзін народ у Расіі ня меў аўтаноміі, а жыў так, як загадвалі яму з Петраграду цар і яго служкі. Манархічная Расія ўяўляла с сябе вялізарную казарму, дзе павінны былі жыць адным парадкам, слухаць аднае каманды. Усе народы і краі Расіі былі цесна зьвязаны паміж сабою, але ні добрахвотным пярэвяслам братэрскага пачуцьця, а прымусам і прынукаю, ланцугамі царскага самадзяржавія, на кшталт таго, як зьвязывалі колісь катаржнікаў, заганяючы іх у Сібір.
Німа чаго казаць, што такое супольнае жыцьцё народаў ні мае жаднай вартасьці, і пры першай прыгодзі рвецца, як гнілая нітка. Толькі дабрахвотная, палюбоўная супольнасьць моцна зьвязвае людзей і стварае грунтоўную і магутную дзяржаву. Гэта мы бачым на прыкладзі Англіі, Амэрыканскіх Злучаных Штатаў і самой Гэрманіі, з каторай мы цяпер ваюем. У гэтых дзяржавах ні толькі кожны асобны народ, але і кожная асобная па жыцьцёваму укладу частка дзяржавы мае свае парадкі, свае законы і установы. Раней за ўсіх зразумела патрэбу і ніухільнасьць аўтаноміі Англія. Праўда, дорага гэта ёй каштавала, - за сваю навуку яна заплаціла стратаю багатае калёніі - Паўночн. Амэрык. Злучаных Штатаў, але раз дасьведчыўшыся, што сіламоц нікога утрымаць нельга, яна павярнула на іншую дарогу і цяпер сама спрыяе і дапамагае завядзэнню аўтаномнага ладу. Сваёю разумнаю палітыкай яна утрымала за свабою Канаду, частка якой хацела прылучыцца да суседніх Злучаных Амэрыканскіх Штатаў і умацавала прыхільнасьць прылучаных да сябе вайною бураў у Афрыцы. За цяперашнюю вайну гэтыя калёніі многа дапамаглі Англіі грашмі, людзьмі і ваеннымі прыладамі, хоць маглі і ня рабіць гэтага.
Усе гэтыя прыклады сьведчуць пра тое, што аўтаномны лад дзяржавы ня аслабляе і ня разлучае дзяржаву, а, наадварот, спрыяе таму, каб яна узмацнялася ды зноў злучалася нават тагды, калі распад ужо пачаўся. Значэ, тыя людзі, што палохаюць распадам дзяржавы пры завядзэнні аўтаномнага ладу, ня маюць пад сабою жаднага грунту. Яны або кепска дасьведчаны у гэтым пытанні, або наўмысьля, маючы на увазі уласную карысьць і рахуючы выкарыстаць чужую нідасьведчнасьць, пускаюць байкі пра шкадлівы уплаў аўтаномнага ладу. Гэта трэба запамятаць і, адхіліўшы ўсялякія нагаворы, як мага дамагацца аўтаномнага ладу для свайго роднага краю. Мы павінны мець свой беларускі парлямэнт, сваю Беларускую Краёвую Раду, цалкам нізалежную у межах свайго краёвага законадаўства ад цэнтральнага, агульнадзяржаўнага ураду. Толькі такія справы, як зносіны з загранічнымі дзяржавамі, мытна, грашавая сыстэма, вярхоўнае кіраўніцтва ваеннымі сіламі, важнейшыя залезныя дарогі, - павінны знаходзіцца пад загадам агульнадзяржаўнай уласьці, каторая, гэтак сама, павінна складацца с прэдстаўнікаў усіх нацый і краёў. Агульнадзяржаўная уласьць павінна быць прэдстаўніцай усіх людзей, усіх народаў і краёў і іх аб'еднаць.
Мала дабіцца рэспублікі, трэба дамагацца яшчэ і таго, каб рэспубліка была і фэдэратыўнай, або хаўруснай па латыні, кожны край, кожны асобны народ каб меў сваю аўтаномію. У Францыі рэспубліка істнуе ужо больш соткі год, але яна цэнтралістычна. Там, як і у нас цяпер і як было гэта пры царызму, усім загадваюць міністры с Парыжу, а міністраў вызначае агульна-дзяржаўны парлямэнт. Пры кожнай перамені большасьці у парлямэнці, зьмяняюцца і міністры. Жыцьцэ валтузіцца кожны раз пры зьмені загадчыкаў-міністраў. У самых дробных мейсцовых справах трэба чакаць дазволу і ласкі цэнтральнага правіцельства. Такая рэспубліка нас ня здавольняе. Мы усе патаміліся страшным і прыкрым цэнтралізмам старога, скінутага рэжыму і ня хочам, каб ён жыў даляй, хоць бы і пад рэспубліканскім чырвоным сьцягам. Мы хочам, каб у нашым краю будавалі сваё жыцьцё нашы людзі і каб у нашы беларускія справы не мешалася цэнтральная уласьць з Масквы ці с Петраграду. Мы хочам, каб зьнікла нарэсьці тая абрыдлая, да сьмерці шкадлівая, розьніца паміж дзяржаўнаю і нідзяржаўнаю нацыяй, каторая высмоктвала з нас усе нашы сілы. Мы хочам, каб усе народы былі дзяржаўнымі на сваёй зямлі.
Усе ў адзін голас кажуць, што Беларусь самы бедны край, а народ наш самы цёмны пасярод народаў Расіі, але ніхто даладне ня расказаў, чаму гэта так, чаму Беларусь, колісь складаўшая магутнае Літоўска-Рускае гасударства, ня ведаўшая татаршчыны, дыктаваўшая сваю волю Маскве, прылучыўшая да сябе усю багатую Украіну, - чаму цяпер дайшла да такога занепаду? Беларусь наша бедна, а народ наш цёмны ні за тым, што ён горшы за другіх, або ня мае здатнасьці да навукі і прасьветы. Нядоля наша у тым, што мы, страціушы сваю нізалежнасьць, па цяжкім умовам гісторыі, ня здолялі адстаяць сваю нацыанальную самабытнасьць і сталі папасам для суседзяў, спажыткоўнаю ніваю для чужынцаў. Яны высмоктвалі з нас апошнія сокі, адбіралі у нас нашых лепшых людзей /Міцкевіч, Касьцюшка, Дастаеўскі/: зруўнавалі краіну нашу да сучаснага становішча. Але гэта мінулася, ні дарма настала свабода. Мы павінны дабіцца сабе аўтаноміі і стварыць у сябе свае уласныя беларускія парадкі і зажыць сваім уласным беларускім жыцьцём. Годзі быць пашаю для чужынцаў, годзі карміць чужынцаў сабе на згубу і пастаянную пакуту. Аўтаномія для нас — пытанне жыцьця і сьмерці. Калі мы любім свой край, калі жадаем сабе лепшае долі, калі абрыдзела нам парабецтва, калі мы ня страцілі да шчэнту свайго нацыанальнага гонару і ня рашыліся чалавечнай вартасьці, — дык мы павінны стаць на ўласныя ногі. Мы павінны дамагацца самакіравання, бо цэнтралізм маскоўскі і уплыў польскі заесьць нас дазвання. Цэлыя соткі год нас апалячвалі, больш ста год нас амаскалівалі, але ні палянізм, ні русіцызм ня крануўся народу нашага ані звання. Народ ў істоці сваёй застаўся ніпарушаным. У гэтым наша сіла, наша збавенне і залог сьветлай будучыны.
III.
Утварыўшы аўтаномны лад на Беларусі, мы станем поўнамоцнымі гаспадарамі на сваёй зямлі і адтрымаем поўную магчымасьць павернуць усе скарбы нашага краю на карысьць свайго народу, на свае нацыанальныя патрэбы, дзеля разьвіцьця культуры і гаспадарскага дабрабыту. Тагды беларускія працоўныя масы, которыя на працягу цэлых вякоў абдзіраліся і выкарыстовываліся дзеля росту і панавання багатых станаў, чужых ім як па нацыанальнасьці, так і па культуры, — і дзеля развіцьця гэтай чужой культуры, — дастануць змогу выйсьці на вольны шлях эканамічнага і культурнага развіцьця і збавяцца ад свайго занепаду матэрьяльнымі і духоўнымі скарбамі свае зямлі. Тагды можна будзе ужыць усіх багатых заходаў дзеля развіцьця усёй поўнаты беларускага культурнага і палітычнага жыцьця, далучыўшы да гэтага шырокія народныя масы, увесь працоўны народ, коштам каторага да гэтага часу вырасталі толькі чужакультурныя станы і іх эканамічныя і палітычныя уплывы.
З эканамічнага боку вельмі важна, каб дастаткі беларускае зямлі і людзкая сіла нашага краю ня марнаваліся дарэмна ды ня перацягваліся наўмысьля на чужы бок рознымі штучнымі і прыватнымі эканамічнымі рахункамі з вялікаю шкодаю для краю і дарэмнаю стратаю для усяго нашага народу, а каб ужываліся мудра, маючы на увазі інтарэсы свайго краю і дабрабыт свайго народу. Беларусь уяўляе с сябе асобную краіну, с сваім уласным выразным тварам і жыцьцёвым укладам. Яна, як трэба, абдарована уселякімі прыроднымі умовамі для эканамічнага разьвіцьця і поступу. Яна мае свае рэчкі, горы, радзючы грунт, многа лугоў для гадоўлі гавяды, вялікія запасы лесу, а — перш за ўсё і важней за ўсё — народ працавіты, старанны, крэпкі, здольны і цямушчы, што пры самых цяжкіх умовах свае гістарычнае долі здолаў паставіць сваё земляробства вышэй за ўсіх у Расіі. Ня гледзючы на свой пешчаны грунт, зямля наша родзіць добра і, дзякуючы разумнай працавітасьці народу нашага, Беларусь ня бачыла павальнай галадоўлі, - гісторыя ня ведае такога здарэньня, каб дзяржаўная казна прыходзіла да нас на дапамогу сваімі коштамі, як гэта рабілася на Маскоўшчыні і па іншых куткох Расіі. Зямля там бадай што і лепшая, ураджайнейшая за нашу, але народ маскоўскі/вялікарусы/ да таго нікультурны, нідбалы і ніумелы, што галадаў амаль ня кожнае пакаленьне. Пры самых цяжкіх варунках беларус ні траціў датэнпнасьці і быў гаспадаром свайго патрэбнае, каб зрабіцца краем цьвітучым і багатым, а ні такім занепалым і занедбаным, якім стаўся ён пад загадам маскоўскай дзяржаўнасьці. І мы усе грамадзяне зямлі беларускай павінны далажыць усіх сіл, каб скінуць с сябе апякунства чужынцаў і збавіць край наш ад кіраўніцтва маскоўцаў. Гэта мы павінны зрабіць, бо грубое, нікультурнае ўладарства Масквы зьнішчыць край наш да шчэнту і прывядзе яго да загібелі, як яно вынішчыло і загубіло дзяржаву Расійскую. нам трэба дабіцца, каб кіраўніцтва эканамічнымі і грамадзянскім справамі належыла да самага краю, да яго аўтаномнага краёвага Сойму. Тагды Краёвая Рада, кіруючыся інтарэсамі і дабрабытам свайго народу, ні дазволіць, каб цэнтральны урад рознымі тарыфнымі штукамі і мытнаю палітыкай калечыў разьвіцьцё нашае прамысловасьці і гандлю; тагды краёвы урад ні папусьціцца, каб нашу эканамічную энэргію і сыровы прадукт перацягвалі штучна да розных поза-краёвых фабрычна-прамысловых районаў; тагды ня будзе таго, каб цэлы край, заселены народам с сьветлай і вялікай гісторыяй, пазбаўлен быў вышэйшых навучных інстытуцый і праз соткі год ня мог вярнуць таго, што у яго адабралі гвалтоўна /Віленскі унівэрсітэт/. Дзеля ўсяго гэтага нам патрэбна аўтаномія. Нам патрэбна аўтаномія, каб запэўніць беларускаму хлебаробу як найбольшы прыбытак, а беларускаму пралетарыю — як найвышэйшы заработак, каб даць сваім людзям работу дома, на мейсцы, на грунці ўласнай беларускай прамысловасьці і каб нашы людзі ня вандравалі, шукаючы заработкаў, у сьвет на чужыну, дзе і сам работнік і яго рабочая сіла прападалі для нашага краю. І мала таго, што наш работнік, трапіўшы у чужы край, пераймаўся чужыншчынаю і навекі гінуў для роднага краю, але, апарт таго, вярнуўшыся да дому, ён нарабляў шмат шкоды, пашыраючы дэнацыаналізатарскую заразу.
С погляду на культурнае становішча нашага краю становіцца ясна, што толькі пры аўтаномным ладзі пачне расьці і квітнець культура, навука, літэратура і умеласьць здольнага і багата абдараванага нашага народу. Толькі пад загадам аўтаномнага ладу народ наш, с прышчэпу да агульнадзяжаўнага будаўніцтва, вырасьце ў магутную асобную расьліну - заваюе сабе пачэснае мейсца у сьвеці, стаўшы поплеч з народамі Эўропы. Узгадаваўшы культуру багатую, моцную і арыгінальную,